Кацяня Боня i КАТАстрофа
Бонечка занепакоена паглядаў у вакно. Неахайна адхінутая ўбок фіранка, разбіты гліняны гаршчок з паламанай кветкай, рассыпаная навокал гэтага нядобрага “нацюрморта” зямля – усё гэта красамоўна гаварыла ад нейкай маленькай трагедыі, што адбылася тут. І віноўнікам гэтага вэрхалу была, канечне ж, гэта нахабная муха! Яна дражніла Бонечку, лятала акурат каля яго носа, гула, нібы самалёт – а Бонечка неаднойчы чуў, як гудуць самалёты, часцяком шлях якіх пралягаў над іх гарадской ускраінай. Канечне ж ён, Боня, не мог вытрываць такога нахабства і ўзяўся злавіць парушальніцу спакою. Ён жа, Боня, хацеў толькі, каб у хаце было ціха і ўтульна. А яна… Яна, як на злосць яму, Боні, паляцела на вакно, стала біцца аб шкло, гудзець яшчэ мацней. Боня хацеў злавіць яе, спрытна скокнуў на падваконнік, ён жа дужы дарослы кот, амаль што тыгр! Хто ж вінаваты, што гаршчок з кветкай папаўся яму пад лапы якраз тады, калі ён ужо упаляваў гэту нахабную муху?! А вазон з такім грукам ляпнуўся аб падлогу! Гаршчок разляцеўся на кавалкі, зямля пырснула ва ўсе бакі, кветка – здаецца, бабуля называла яе геранню – хрустка пераламалася, нібы трэсачка. Мухі самой нябачна, і гэта зусім не дзіўна. Боня, як сапраўдны паляўнічы, адразу ж з’еў сваю здабычу. Не сказаць, каб яна была смачнай, не. Ружовая каўбаска, якой частуе яго гаспадыня, намнога смачней. Аднак жа не ў смаку тут справа. З’есці здабычу, упаляваную ўласнымі лапамі і зубамі – справа гонару кожнага паважаючага сябе ката! Адно дрэнна. Цяпер нічым не дакажаш бабулі з дзядуляй, што гэты вэрхал учынены дзеля палявання. Ахвяры ж – сапраўднай улікі – няма. Зноў скажуць, што ён, Боня, загуляўся. А ён жа…
Боня скрушана апусціў галоўку. Вось так заўсёды. Хочаш, як лепш, а атрымоўваецца…
Ляпнулі весніцы. У двор зайшоў дзядуля. Гэта не вельми добра. Лепш бы бабуля. Тая, вядома ж, наругалася б на Боню, аднак хутка б пашкадавала свайго ўлюбёнца. Яшчэ і да прыходу дзядулі схавала б вынікі яго палявання. Вядома ж, выключна дзеля таго, каб дзед лішні раз не нерваваўся.
Думкі ў галоўцы Боні закруціліся вельмі хутка – адна за другой. Што ж зрабіць? Прыбраць за сабой (не за сабой, а за нахабнай мухай – упарта падумалася Боні) ён не можа – лапкі не дазваляюць. Бабулі няма, каток заставаўся ўсю раніцу ў хаце адзін, таму і перакінуць віну няма на каго.
Тым часам грукнулі дзверы ў сенцах. Вось-вось дзядуля зойдзе ў хату. Трэба тэрмінова нешта прыдумаць! Ідэя, нібы маланка, сполахам мільганула ў галаве. Абдумваць не было часу і Боня вырашыў дзейнічаць.
Імгненна каток апынуўся на падлозе. Рассоўваць рассыпаную зямлю не было часу. Таму Боня лёг спінкай прама на яе, пры гэтым скрывіўшы на імгненне незадаволеную грымасу. Было не вельмі прыемна, сырая зямля была халаднаватай і ляжаць на ёй было некамфортна. Ды выбару не заставалася. Так, правая задняя лапка якраз пад самым буйным чарапком, гэта добра, ён з гэтага боку не мае вострых краёў, значыць яму, Бонечцы, не прычыніць аніякай шкоды.
Карціна, якая адкрылася дзядулі, ледзь той пераступіў парог хаты, была даволі страшнай. Абарваная фіранка, заляпаны брудны падваконнік, зламаная кветка і рассыпаная па падлозе зямля. Але самае жудаснае: сярод гэтага разгрому ляжаў нерухома іх з бабуляй улюбёнец Боня. Закінутая ўверх галоўка крыху завернута ўбок, лапы раскінуты ўбакі, на задняй – вялікі чарапок ад цяжкага глінянага гаршка. Адкрыты жывоцік высока ўздымаецца пры дыханні. Вочкі закрытыя…
Дзядуля хуценька накіраваўся да месца катастрофы, не адрываючы вачэй ад катка. Хоць і ругаў ён яго часта – вельмі ж спесціла яго бабуля, што, натуральна, сумуе па Танечцы, унучцы, якую вельмі рэдка прывозяць да іх у госці, аднак і сам усёй душой любіў малога гарэзу, якога разам з бабуляй выпеставалі за зіму з зусім маленькага камячка, што ледзь жывы папіскваў, калі яны знайшлі яго ў бліжэйшым пералеску. Нейкія нелюдзі выкінулі цэлы вывадак кацянят. Калі яны выпадкова выйшлі на іх, жывым быў толькі чорненькі малы з шыкоўнымі белымі вусамі і беленькай манішкай. Іх Бонечка, Боня, Баніфацый.
Усё гэта мільганула ў галаве, пакуль зрабіў некалькі крокаў і нахіліўся над катком. Той не варухнуўся. Дзядуля асцярожна дакрануўся да шчакі кацяняці – цёплая. Жывы, ужо добра. Што з лапкай? Ад дотыку коцік зноў не варухнуўся. Краем вока дзядуля адзначыў нешта, што зачапіла яго ўвагу, аднак адразу не зразумеў што. Перавёў вочы на мордачку ката. Вочы закрытыя, але… На імгненне адно вочка прыадкрылася і з позіркам дзядулі сустрэўся хуткі, як маланка, насцярожана-хітры позірк Боні. І тут жа вочка хуценька закрылася.
Дзеля таго, каб пацвердзіць сваю здагадку, дзядуля мацней дакрануўся да прыжатай чарапком лапкі. Калі цяжкі з вострымі краямі асколак насамрэч пашкодзіў катку, той абавязкова адрэагуе на боль. Дык пры бліжэйшым разгледжанні лапка проста ляжыць побач з ім, а зусім не прыціснута! Каток не варухнуўся, старанна робячы выгляд, што ён ў бяспамяцтве.
Дзед пасмінуўся ў вусы, адыйшоў на некалькі крокаў, дастаў з кішэні тэлефон. Сфатаграфаваў “карціну маслам” з некалькіх ракурсаў і, націснуўшы некалькі кнопак, адправіў фатаграфіі бабулі. Затым ціхенька выйшаў з хаты.
У хаце зноў устанавілася цішыня. Боня задкрыў вочкі, занепакоена аглядзеўся.
З’явілася жаданне пакрыўдзіцца на дзядулю. Як жа так, ён, Бонечка, тут ледзь жывы ляжыць, паранены ўвесь, а дзядуля проста пакінуў яго! Боня за гэты час і сам паспеў паверыць у тое, што ён пацярпелы. Аднак паводзіны дзядулі не ўкладваліся ў намаляваную самім катком карціну здарэння. І цяпер Боня не ведаў, што яму рабіць далей. Вось бабуля – тая абавязкова б кінулася да Бонечкі, схапіла б яго на рукі, насілася б з ім. Можа, нават заплакала б. І тады ён, Бонечка, пасля таго, як на яго колькі разоў упалі б тыя слёзы, ачуняў бы і на радасць бабулі прыпесціўся б да той.
Каток устаў, грэбліва абтрос бліскучае чорнае футра ад зямлі. Адыйшоўся на чыстую падлогу, усеўся вымывацца. У хаце стаяла цішыня.
Да вечара Боня паспеў яшчэ і выспацца. Ён не ведаў, што дзядуля забег дамоў перад абедам за забытым дакументам. Першай вечарам, як звычайна, вярнулася дамоў бабуля. Днём, атрымаўшы фота, яна першай справай занепакоена патэлефанавала дзеду і той расказаў ёй аб тым, што ўбачыў і падзяліўся сваёй версіяй “КАТАстрофы”, як ён, пасміхаючыся, абазначыў сітуацыю.
К гэтаму часу Боня і думаць забыўся пра ранішні выпадак і на ўчынены разгром не звяртаў ужо аніякай увагі.
Гаспадыня ж, цяжка ўздыхнуўшы, тым часам узяла ў рукі венік, шуфлік і падыйшла да вакна. Боня, як ні ў чым не бывала, сядзеў на свабодным, хоць і брудным, падваконніку і назіраў за птушкамі на вішні.
Нагнуўшыся, каб падмесці смецце, гаспадыня выгаворвала Боні за ўчыненае. Той глядзеў на яе сваімі вялікімі выразнымі жоўтымі вачыма і павольна маргаў. Бабуля яшчэ нейкі час пабурчала, сварачыся на Боню за загубленую кветку, за разбіты гаршчок і за бруд у хаце, але з кожным словам голас яе станавіўся лагаднейшым. Прыпыніла работу, гледзячы на Боню, выгаворвала пра тое, што той вельмі кепска зрабіў. Ды Боня тут жа падаўся наперад, абцёрся аб бабуліны рукі, падняўшы мордачку ўверх, заглянуў той прама ў вочы. І спрактыкаваным рухам імгненна апынуўся ў гаспадыні на ручках.
Тая некалькі секунд разгублена глядзела на хітруна, дзержачы ў руках адначасова і венік, і катка. Боня тым часам, нібы нічога не здарылася, зручней уладкоўваўся на занятым плацдарме.
Праз хвіліну бабуля сядзела на канапе, дзержачы катка на руках, і гладзіла яго, прыгаворваючы такія знаёмыя і важныя для Боні словы: “Ты мой харошы каток. Ты мой ласкавы каток”. І дабаўляла таксама ўжо звыклае: “Ты мой хуліган малы”.
Свидетельство о публикации №225062501237