Навальнiца

Люблю навальніцу. Дзіўна, што такая небяспечная з’ява прыроды выклікае ў мяне захапленне, асабліва, калі прыгадаць тыя жахлівыя сны з яе ўдзелам. Але з дзяцінства навальніца, то-бок маланка з громам, мяне вабіла і працягвае вабіць. Лепш за ўсё, канешне, назіраць за нябеснымі баталіямі з бяспечнай адлегласці. Калі ў хаце ці кватэры ёсць маланкаадвод, то зусім цудоўна. Як сёння памятаю: мяне адцягвалі ад акна, калі я заварожана глядзеў на стыхію, сачыў за бліскавіцамі, адлічваў секунды ад выбліску да выбуху. А яшчэ дарослыя пужалі шаравымі маланкамі, існаванне якіх навука прызнала толькі ў 2012 годзе. Маўляў, раней гэта з’яўлялася толькі калектыўным псіхозам, масавымі галюцынацыямі і містыфікацыямі. Вучоныя нават здымачам і відэакамерам не верылі, тлумача вогненныя шары аптычнымі скажэннямі. Упэўнены, кожны з нас чуў ад сваіх бабуль і дзядуляў гісторыі пра тое, як шаравая маланка залятала ў фортку ці ганялася за хатняй жывёлай. Але навукоўцы стаялі на сваім – гэта падман зроку. Толькі дзякуючы кітайскім метаэпрыборам вучоная супольнасць была вымушана пагадзіцца з тым, што прыродная з’ява насамрэч існуе.

Вось і зараз я прачнуўся сярод ночы і стаю каля акна – паглядаю на неба, праз якое час ад часу праходзяць расколіны. Чалавек і ў дваццаць першым стагоддзі не здолеў утаймаваць сілы прыроды. Колькі электрычнасці губляецца ў паветры! А эканамічныя страты? Ад шкоды і наступстваў навальніцы не заўсёды ратуе і маланкаадвод, які раней мне падаваўся гарантаваным паратункам ад грознай і небяспечнай пані Маланкі. У расійскай мове “навальніца” так і называецца – “гроза”. Яна нікога не шкадуе, можа ляснуць і два разы ў адно і тое ж месца, выклікае ні з чым не параўнальны жах, але ў той жа час і зачароўвае сваім хараством і грандыёзнасцю...


План – 09 чэрвеня 2025, Гомель, Шведская Горка;
04-05 ліпеня 2025, Гомель, Шведская Горка;
06 ліпеня 2025, Яроміна (дробныя праўкі).


Рецензии
Цікава напісалі, Аляксандр, і сапраўды навальніца адначасова і захапляе, і выклікае жах.

Марина Павлинкина   09.07.2025 17:47     Заявить о нарушении
Дзякуй за водгук, Марына)

Александр Чепа   11.07.2025 14:46   Заявить о нарушении