Ботяновские из имения Прилепы, 2026. Бел. язык
АСНОЎНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ
Бацяноўскія – беларускі баярска-зямянскі род. Першая згадка аб іх пражыванні ў вёсках Аношкі, Рудня і Калодзежы ў межах мітрапаліцкага маёнтка Прылепы Менскага павета Менскага ваяводства (цяпер – вёскі Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь) датуецца 1744 годам.
Краіна паходжання рода: Вялікае Княства Літоўскае, Беларусь.
Статус да 1917 года: баяры, зямяне, стральцы, вольныя, чыншавыя сяляне, мяшчане, дзяржаўныя сяляне.
Веравызнанне: грэка-каталіцтва (да 1839), праваслаўе (пасля 1839).
Варыянты напісання прозвішча:
Па-расейску: Ботяновские, Батяновские, Боцяновские;
Па-беларускі: Бацяноўскія;
Па-польску: Bocianowski.
ГІСТОРЫЯ РОДУ
Прозвішча Бацяноўскі паходзіць ад слова «бацян», якое ў некаторых рэгіёнах Беларусі з’яўляецца распаўсюджанай назвай бусла. Слова «бацян» сугучна польскаму “боцен”, што таксама азначае «бусел». Нядзіўна, што прозвішча «Бацяноўскі» мае шмат носьбітаў і ў Польшчы.
Першыя вядомыя прадстаўнікі роду сустракаюцца ў інвентары царкоўнага маёнтка Прылепы, які датуецца 1744-м годам. Паводле яго ў вёсцы Аношкі на цяглай зямлі пражывалі Хведар, Аўхім і Ярмак Бацяноўскія. Пры гэтым Ярмак з'яўляюся памагатым войта (падвойскім) і быў вольным ад паншчыны (аб гэтым сведчаць інвентары 1744, 1747, 1748, 1747-48 гг.). А Хведар Бацяноўскі (ці яго цёзка) у інвентары 1779-га года сустракаецца сярод баяраў вёскі Цна.
Што датычыцца Аўхіма Бацяноўскага, то ў інвентары 1747 года згадваецца, што ў 1744 годзе ён жыў «на слабадзе», гэта значыць асвойваў новы зямельны надзел і быў вольны ад павіннасцяў. У інвентары 1747-48 гг. Аўхім сустракаецца ўжо сярод жыхароў вёскі Рудня Баярская, а ў інвентары 1748 года згадваецца як баярын.
У суседняй вёсцы Калодзезі таксама ўзгадваецца зямянін Грышка Бацяноўскі.
У інвентары 1779-га года многія былыя баяры і зямяне атрымліваюць новы статус: вялікачыншавыя (або: Вялікі Чынш). Гэтая навіна закранула і Бацяноўскіх.
У інвентары сяла Смалявічы за 1781 год, уладаром якога быў князь Радзівіл, мы сустракаем імёны падданых вёскі, вольных ад паншчыны: гэта Міхась Бацян, стралец, з сынамі Кандратам і Паўлюком, і брат Міхася – Ясь Бацян, вольны чалавек. Варта заўважыць, што і Міхась, і Ясь сустракаюцца ў метрыках Прылепскай царквы (1787, 1797 гады), але не як Бацяны, а Бацяноўскія.
Паводле інвентара маёнтка Зыкава, Манчакі, Машталерышкі паноў Адыняцоў (Іосіфа Адынеца), стражнікаў рэчыцкіх (23.03.1782 г.), у вёсцы Машталерышкі сярод сялян сустракаюцца наступныя асобы: Марцін Бацяноўскі, жонка яго Маланья, сын Якуб, дачка Наста; згадваецца таксама пустка Янкі Бацяноўскага.
А ў інвентары дзедзічнага маёнтка Зембінскае Іаахіма Храптовіча, падканцлера ВКЛ, у засценку Мароз згаданы Раман Бацяноўскі; павіннасць валасцян (сялян) воласці Зембінскай: чынш; такім чынам, жыхары дадзенага маёнтка – чыншавыя сяляне.
Аднак невядома, ці сваякі гэтыя людзі "прылепскім" Бацяноўскім, нас жа найперш цікавяць апошнія.
***
З інвентароў мітрапаліцкага маёнтка Прылепы за розныя гады, а таксама з метрычных кніг Прылепскай уніяцкай царквы вядома, што ў XVIII стагоддзі Бацяноўскія пераважна пражывалі ў такіх вёсках, як Рудня, Усяжа, Аношкі, Малыя Калодзезі, Вялікія Калодзезі, Ляды, Смалявічы (вёска), Раўбічы, Глодаўка, Цна, Манчакі, Правы Лог...
Большая частка гэтых паселішчаў належала уніяцкай мітраполіі, у прыватнасці, уваходзіла ў склад царкоўнага маёнтка Прылепы. З рэвізскіх сказак і метрык нам становіцца вядома, што ў наступным, XIX стагоддзі многія Бацяноўскія засталіся пражываць у тых жа самых вёсках, але некаторыя прадстаўнікі роду пачалі актыўнае перасяленне ў бліжэйшыя вёскі, сёлы і засценкі.
Так, у XIX стагоддзі Бацяноўскія ўжо жылі ў наступных месцах: Казённая Рудня (Рудня Прылепская), Казённая Усяжа, Аношкі, Тадуліна (Калодзезі), Ляды, Смалявічы (вёска), Раўбічы, Глодаўка, Цна, Манчакі, Правы Лог, Усяжка, Багута, Задомля, Сутокі, Кавалеўшчына, Шпакоўшчына, Верхняя Бярозавіца, Емельянава, Дамашаны, Владзінава, Трубічын; да гэтых вёсках варта таксама дадаць сяло Прылепы, урочышча Курганы, а таксама засценкі Батурынка, Рудамейка, Рутовіна і Дубовікі.
У пачатку XX-га стагоддзя акрамя гэтых паселішчаў Бацяноўскія сустракаюцца таксама ў наступных вёсках: Загор'е, Залужжа, Пагарэльцы, Ізбіцкае, Уборкі...
Варта заўважыць, што каля Рудні ў XIX стагоддзі знаходзілася ўрочышча Бацянаўка, якое перастала існаваць пасля Вялікай Айчыннай вайны. Назва ўрочышча сугучна прозвішчу Бацяноўскі. Ёсць думка, што некалі яно магло належыць Бацяноўскім, але ці было такое ўрочышча ў XVIII стагоддзі, дакладна невядома.
***
На момант рэвізіі 1795 года ў вёсцы Рудня было 15 двароў (пяць з іх засялялі гаспадары з прозвішчам Бацяноўскія). На падставе дадзенага дакумента можна вылучыць тры галіны роду Бацяноўскіх, прадстаўнікі якіх пражывалі ў Рудні:
Першая: ад Самуіла, сына Аўхіма;
Другая: ад Стэфана (верагодна, таксама сына Аўхіма);
Трэцяя: ад Нікадзіма, сына Базыля (Базыль, верагодна, з’яўляўся братам Аўхіма).
У рэвізскай сказцы 1795 года ўсе Бацяноўскія, якія пражывалі на тэрыторыі царкоўнага маёнтка Прылепы, былі запісаныя сялянамі, пры гэтым у дакуменце зафіксавана, што Бацяноўскія, якія родам з Рудні, трымалі парабкаў.
Захаваўся дакумент, які датычыцца Нікадзіма Бацяноўскага і яго сроднікаў. Гэта «Лібертацыя, выдадзеная 7 жніўня 1769 года Феліцыянам Піліпам Валадковічам, мітрапалітам кіеўскім, Нікадзіму Бацяноўскаму, зямяніну царкоўнага ўладання Прылепы, аб вызваленні апошняга разам з сям’ёй ад чыншу і ўсялякіх павіннасцей, а таксама аб дазволе весці гандаль у Прылепах пянькой, прывезенай з-за межаў воласці».
Дзякуючы гэтаму дакументу нам становяцца вядомы зямянскае званне Нікадзіма і яго новыя правы.
У 1816 годзе прадстаўнікі трох ліній роду (Базыль Нікадзімаў, Ян Стефанаў і Аляксандр Самуйлаў Бацяноўскія) адшуквалі дваранства, аб чым ёсць запіс у рэвізскай сказцы.
Сярод дакументаў Казённай палаты сустракаецца «Аб'ява, пададзеная ў Мінскае Губернскае Праўленне ад Мінскага павета шляхціца Базыля Бацяноўскага», якая датуецца 1822 годам. Разам з Аб'явай захаваўся і Дваранскі Спіс таго ж 1822 года, дзе прадстаўлены сем'і Бацяноўскіх, якія пражывалі ў Рудне Прылепскай і былі запісаныя як чыншавая шляхта.
З рэвізскай сказцы 1833 года нам становіцца вядома, што Указам Казённай палаты ў 1823 годзе Бацяноўскія былі прылічаныя да дзяржаўных сялян. У метрыках і далейшых рэвізскіх сказках (1850, 1858-х гадоў) яны так і пісаліся: дзяржаўнымі (казённымі) сялянамі.
Але ў XIX стагоддзі сярод «мінскіх» Бацяноўскіх можна знайсці ня толькі дзяржаўных сялян. Так, у метрычных кнігах Смалявіцкай Мікалаеўскай царквы (Барысаўскі павет, 1885-1892, 1894-1897 гады) сустракаецца «барысаўскі мешчанін вёскі Шпакоўшчына» Ісідар Іліеў Бацяноўскі (пасля «барысаўскі мешчанін засценка Дубовікі»). І Шпакоўшчына, і Дубовікі знаходзіліся параўнальна недалёка ад паселішча Рудні, але дакладна невядома, ці меў якое-небудзь дачыненне «барысаўскі мешчанін» да «прылепскіх» Бацяноўскіх.
Наконт веравызнання Бацяноўскіх трэба адзначыць, што яны былі прыхаджанамі Прылепскай уніяцкай царквы, якая з 1839 года стала праваслаўнай.
***
Невядома, ці былі Бацяноўскія адгалінаваннем шляхецкага роду Бацяноўскіх герба «Любіч», прадстаўнікі якога пражывалі ў Ашмянскім павеце і былі прызнаны ў дваранстве рашэннем Мінскага ДДС, але ўказам Сената не зацверджаны. Таксама невядома, ці ёсць сваяцкая сувязь паміж Бацяноўскімі з Мінскага павета з Бацяноўскімі, якія пражывалі на тэрыторыі сучасных Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей.
Цікава адзначыць, што Бацяноўскія з маёнтка Прылепы неаднаразова бралі шлюбы з прадстаўнікамі шляхецкага стану.
Так, 9 студзеня 1785 года Тэадора Бацяноўская з Рудні стала жонкай шляхціца Пятра Гарэцкага з Каралёвага Стану, а 29 кастрычніка 1794 года шляхціц Мануэль Скуратовіч з Дамашан узяў у жонкі Кацярыну Бацяноўскую з Рудні (шлюбы адбыліся ў Прылепскай уніяцкай царкве).
Прозвішча Бацяноўскія неаднаразова сустракаецца ў дакументах, якія датычацца шляхты Мінскага ваяводства.
З рэвізскай сказцы 1795 года вядома, што жонкай чыншавага шляхціца Стэфана Заблоцкага, які жыў у маёнтку Бяларучы, была Мар’яна Бацяноўская. У ХІХ стагоддзі жонкай шляхціца Яна Валаховіча, які арандаваў зямлю ў ваколіцы Емяльянава Барысаўскага павета (1833 – 1837), была Тэкля Бацяноўская.
У «Гербоўніку беларускай шляхты» (літара «Д») згадваецца Марыяна Бацяноўская, жонка шляхціца Лявона Данейкі (герба «Сас»), які ў розныя гады пражываў у засценках Студзёнка, Грады, Дубовікі Барысаўскага павета і рабіў шляхецкі вывад ў 1843 годзе.
У ХІХ стагоддзі сустракаюцца выпадкі, калі “прылепскія” Бацяноўскія ажаніліся на дваранках. Гэта шлюб у 1865 годзе казённага селяніна Франца Бацяноўскага з дваранкай Кацярынай Рыдлеўскай, а таксама шлюб ў 1869 годзе Язэпа Бацяноўскага з дваранкай Міхалінай Загорскай (абодва шлюба – ў Прылепскай царкве).
Бацяноўскія ажаніліся таксама і на мяшчанках, чыі прозвішчы былі наступныя: Яблонская, Яцкевіч, Лашкевіч, Фрэйман.
Трэба сказаць, што з чатырох мяшчанак толькі адна (Фрэйман) жыла ў горадзе, астатнія ж былі жыхаркамі вёсак і засценкаў. Хутчэй за ўсё, гэтымі «мяшчанкамі» з'яўляліся нашчадкі шляхты, бо існавала практыка запісу ня зацверджанай шляхты ў падатнае саслоўе, у прыватнасці, у мяшчане.
Трэба дадаць, што сярод сведкаў на вяселлях у Бацяноўскіх часам сустракаліся дваране. Гэта дваранін з вёскі Каралёў Стан Іван Мацвеяў Баброўскі (падчас шлюбу Франца Бацяноўскага на мяшчанцы Ангеле Яблонскай, які адбыўся 22 жніўня 1866 года ў Прылепскай царкве). І гэта дваранін з Верхняй Бярозавіцы Канстанцін Восіпаў Валіцкі (падчас шлюбу Стэфана Бацяноўскага на мяшчанцы Феафіле Яцкевіч, які адбыўся 22 траўня 1906 года ў Смалявіцкай Мікалаеўскай царкве).
***
Сярод Бацяноўскіх, што пражывалі ў Менскім павеце, у ХІХ стагоддзі сустракаюцца два унтэр-афіцэра. Гэта Франц Іванавіч Бацяноўскі (1827–1897), які служыў у грэнадзёрскім палку малодшым палкавым пісарам; у дакументах быў таксама запісаны як унтэр-афіцэр і адстаўны фельдфебель; жыў у вёсках Рудня, Багуты, затым – ва ўрочышчы Курганы. І гэта Аляксей Ігнацьевіч Бацяноўскі (1849 –?), капральны унтэр-афіцэр.
Унтэр-афіцэры Бацяноўскія сустракаюцца і ў гады Першай сусветнай вайны (1914-1918): гэта старэйшы унтэр-афіцэр Бацяноўскі Якаў Ігнатавіч, які служыў у 119-й пяхотным Каломенскім палку, і старэйшы унтэр-афіцэр Сяргей Пятровіч Бацяноўскі.
Кажучы пра першую палову ХХ стагоддзя, хацелася б вылучыць двух прадстаўнікоў роду Бацяноўскіх: гэта Сямён Ігнацьевіч Бацяноўскі (1877–?), які некаторы час з’яўляўся царкоўным старастай Прылепскай праваслаўнай царквы, за што быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады. А таксама Дарафей Кіпрыянавіч Бацяноўскі, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся камандзірам партызанскага атрада «Баец» у Вілейскай вобласці.
***
У XVIII стагоддзі Бацяноўскія парадніліся з прадстаўнікамі наступных родаў:
Шляхта: Заблоцкія, Скуратовічы, Гарэцкія;
Хлебаробы (многія з іх былі запісаны ў інвентарах баярамі і зямянамі): Ануфрэвічы, Абмёткі, Батуры, Дзядовічы, Казлоўскія, Карповічы, Касьпяровічы, Кішчанкі, Кузякі, Кішкі, Ліхтаровічы, Мурашкевічы (Мурашкі), Міхалевічы, Няхайчыкі, Свянціцкія, Сабалеўскія (Сабалевічы), Яскевічы;
Саслоўе невядома: Берскія, Акулічы, Радзіеўскія, Рачкевічы.
У наступны перыяд (XIX – пачатак XX стагоддзя) Бацяноўскі парадніліся з прадстаўнікамі наступных родаў:
Шляхта: Валаховічы, Данейкі;
Дваранкі: Загорскія, Рыдлеўскія;
Мяшчанкі: Яблонскія, Яцкевічы (Яскевічы), Лашкевічы, Фрейманы;
Сяляне: Адамовічы, Абмёткі, Арцішэўскія, Асташкевічы, Бацяноўскія, Бруханскія, Букацічы Баяцевічы, Бялевічы, Высоцкія, Вярцінскія, Герасімовічы, Дзядовічы, Купрэйчыкі, Касцяневічы, Крупскія, Качаны, Крукоўскія, Казлоўскія, Міхалевічы, Мурашкі, Мархелі, Маслоўскія, Няхайчыкі, Навіцкія, Паўлоўскія, Петрашэўскія, Падбярозкі, Пазнякі, Ракіцкія, Росы, Стэльмахі, Супрановічы, Стаброўскія, Свянціцкія, Шараметы, Шымановічы, Яскевічы, Ядзіновічы…
У XX-м – пачатку XXI стагоддзях Бацяноўскія парадніліся з прадстаўнікамі наступных родаў: Касцяневічы, Няхайчыкі, Журомскія, Макрыцкія, Грудзінскія, Дзядковы, Сташэўскія...
2026
Свидетельство о публикации №225070901738