Ружы для лекара
Пераважная колькасць урачоў-інтэрнаў, якія праходзілі ў той год паслядыпломную падрыхтоўку, – выпускнікі Гродзенскага, чатыры – Віцебскага і два – Мінскага медыцынскага інстытутаў. Базавымі для праходжання інтэрнатуры ў 1979 годзе з’яўляліся кардыялагічнае, рэўматалагічнае, гастраэнтэралагічнае і тэрапеўтычнае аддзяленні гарадской бальніцы, а таксама эндакрыналагічнае і пульманалагічнае аддзяленні Баранавіцкай раённай бальніцы.
Маё паслядыпломнае навучанне пачалося ў кардыялагічным аддзяленні, якім кіравала заслужаны ўрач Беларускай ССР Сахарава Нона Іванаўна. Яна мела моцны характар і валодала глыбокімі прафесійнымі ведамі; ніколі не цацкалася и не “выцірала слязінкі” врачам-інтэрнам, якія акунуліся ў яшчэ нязвыклае для іх асяроддзе.
– Гэта – кардыялогія, і ад хуткасці і правільнасці прынятага Вамі рашэння залежыць жыццё чалавека, – паўтарала яна.
Некаторыя маладыя дактары спрабавалі перавесці “стрэлкі” – ёсть жа аддзяленне рэанімацыі, урачы якога ў складанай сітуацыі “падстрахуюць”. Нона Іванаўна дапытліва глядзела на смяльчака і, зрабіўшы паўзу, удакладняла:
– А што, у гэтым годзе ўсе ўрачы-інтэрны размеркаваны ў абласныя і цэнтральныя раённыя бальніцы, дзе ёсць аддзялення рэанімацыі?
Не атрымаўшы адказу на рытарычнае пытанне, заўважала:
– У любой сітуацыі ўрач нясе адказнасць, у тым ліку маральную, перад сваім сумленнем, за непрыняцце ўсяго комплексу мер па рэанімаціі чалавека. Запомніце гэта, калегі!
Я ўдзячна лёсу, што мае першыя крокі ў прафесіі адбыліся менавіта ў гэтым аддзяленні і пад такім кіраўніцтвам. За два месяцы былі і першая смерць карыстанага мною хворага, і інфаркт у дваццацівасьмігадовага маладога трэнірованага чалавека, і падзякі, і адкрыта хамскія адносіны да лекара эмацыйна неўстойлівых пацыентаў.
Аб выпадку некарэктных адносін да мяне я і раскажу. Ранішні абыход у адной з палат кардыялогіі я заўсёды завяршала аглядам хворага Ф., ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Мы з ім добра ладзілі, акрамя хвароб ён мне расказваў эпізоды свайго ваеннага мінулага, сёе-тое з сямейнага жыцця. Суседзі па палаце пасмейваліся з яго:
– Вельмі ўжо доўга ў цябе, Іван, малады доктар заседжваецца. Нас толькі паглядзіць, а з табой паўгадзіны, а то і даўжэй сядзіць!
Адным словам, ідылія, як у цяперашніх шматлікіх серыялах на медыцынскую тэматыку.
У адзін не самы добры дзень у адказ на мае прывітанне хворы Ф. ледзь буркнуў і адвярнуўся да сцяны. Не жадаючы пагаршаць сітуацыю, сказала, што для правядзення агляду зайду пазней.
Сысці “без страт” не атрымалася. Рэзка прыўзняўшыся і прысеўшы ў ложку, з белымі ад гневу вачамі, на падвышаных танах, з жэстыкуляцыяй, годнай самага тэмпераментнага італьянца, хворы даў мне самыя “пахвальныя” характарыстыкі як доктару, жанчыне і чалавеку. Мне раней не даводзілася чуць такой выкручастай ненарматыўнай лексікі, якой пацыент валодаў у дасканаласці.
Суседзі па палаце замерлі: ніхто не чакаў такого павароту падзей. Я ўнутрана сабралася і пакінула памяшканне, “захаваўшы пры гэтым твар”.
“Твара” хапіла толькі да размешчанай насупраць ардынатарскай. Прысеўшы на канапу, закрыла твар рукамі і ціхенька расплакалася.
Нона Іванаўна, праглядаючы гісторыі хваробы выпісаных хворых, пацікавілася, што здарылася. У агульных рысах я расказала ёй аб здарэнні. На што, не задумваючыся, загадчык аддзялення заявіла:
– А Вы думалі, калега, што ўрачэбны шлях будзе ўсеяны толькі ружамі? Бываюць і шыпы, і невядома, чаго больш!
Словы кіраўніка падзейнічалі як халодны душ – я супакоілася. Счакаўшы нейкі час, доктар Сахарава патлумачыла, што такія эмацыйныя зрывы часта бываюць у людзей, “надзейнымі” спадарожнікамі якіх з’яўляюцца нікатын і алкаголь. А тым больш, перажыўшых цяжкую непад’ёмную вайну. І дадала:
– А на будучыню – заўсёды трымайце дыстанцыю з пацыентамі, не дазваляйце ім маніпуляваць Вамі!
Загадчык аддзялення праз нейкі час сама аглядзела хворага Ф., які ўжо прыйшоў у адэкватны стан. Я ўпотай спадзявалася, што дачакаюся ад яго выбачэнняў – на жаль, не адбылося. Неўзабаве хворы быў выпісаны і выпаў з майго поля зроку.
А наказ Ноны Іванаўны аб узаімаадносінах доктара і пацыента я запомніла на ўсё жыццё і імкнулася прытрымлівацца яго на практыцы. На думку калег, у большасці выпадкаў мне гэта ўдавалася.
***
Успомніўся яшчэ адзін цікавы выпадак з кардыялагічнага аддзялення.
Начныя дзяжурствы ў прыёмным пакоі, тэрапеўтычных і інфекцыйных аддзяленнях бальніцы забяспечваліся вопытным урачом-тэрапеўтам і ўрачом-інтэрнам. На адным з такіх дзяжурстваў стажыраваны доктар сышоў у прыёмны пакой, пакінуўшы на мяне кардыялагічнае аддзяленне.
Літаральна праз хвіліну паставая медсястра запрасіла мяне ў палату. У жанчыны пенсійнага ўзросту з’явіліся моцныя болі ў грудной клетцы без выразна выяўленай лакалізацыі. У момант запісу электракардыяграмы на паперы з’явілася прамая лінія – сэрца пакутніцы спынілася.
Імгненна адключыўшы апарат, мы з медыцынскай сястрой пачалі правядзенне мерапрыемстваў па ажыўленні. Вельмі хутка падаспелі рэаніматолагі і хворая “вярнулася” у гэты свет з добрымі гемадынамічнымі паказчыкамі; перавод у аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі не спатрэбіўся.
Добрасумленная дзяжурная медсястра падклеіла запісаную ёю кардыяграму ў гісторыю хваробы і, разам з медыцынскай дакументацыяй хворых, якія паступілі за суткі, перадала іх мне для даклада галоўнаму ўрачу (стажыраваныя дактары пры найменьшай магчымасці стараліся перакласці ганаровую місію (даклад) на плечы сваіх маладых калег). Галоўны ўрач гарадской бальніцы Сіцько Генадзь Уладзіміравіч усяляк падтрымліваў гэтую ініцыятыву: яму, арганізатару аховы здароўя, па вельмі празаічных прычынах, неабходна было скласці ўяўленне аб кожным лекары-інтэрне.
У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя самым прэстыжным для выпускнікоў медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў было размеркаванне ў арганізацыі аховы здароўя гарадоў Беларусі; пераважней – у стацыянарныя ўстановы. Бо кожны лекар-пачатковец упэўнены, што ён ведае пра хваробы чалавека ўсё і, не ў прыклад стажыраваным дактарам, хутка і эфектыўна вылечыць усіх сваіх пацыентаў! А лепшае месца для маладога спецыяліста паказаць сябе ва ўсёй “прафесійнай красе” – стацыянар буйной гарадской установы аховы здароўя.
Зразумела, што вакантныя пасады ўрачоў-ардынатараў стацыянараў практычна заўсёды адсутнічалі; прэтэндэнты на пасаду, якая вызвалялася ў перспектыве, праходзілі папярэдні дбайны адбор. Таму галоўныя ўрачы бальніц, якія з’яўляліся базавымі для праходжання інтэрнатуры, праводзілі своеасаблівы кастынг, “прыглядаючы” маладое ўрачэбнае папаўненне для даручаных ім лячэбных устаноў.
Паклаўшы перад галоўным лекарам стос медыцынскіх дакументаў, падрыхтаваных медсястрой, я пачала дакладваць аб начным дзяжурстве. У гэты час Генадзь Уладзіміравіч раскрыў гісторыю хваробы згаданай вышей пацыенткі і, перапыніўшы мяне, спытаў:
– А дзе цела хворай Т.?
– У палаце нумар пяць кардыялогіі, – адказала я.
Не атрымаўшы правільнага адказу: “У моргу”, галоўны лекар са здзіўленнем паглядзеў на мяне і падрыхтаваўся да абуранай тырады. На дапамогу, як і ноччу, прыйшлі рэаніматолагі. Зразумеўшы, што я няправільна расцаніла слова “цела”, растлумачылі сітуацыю.
Тут ужо прыйшоў час разгубіцца кіраўніку бальніцы. Як сапраўдны тэрапеўт, ён перш за ўсё паглядзеў кардыяграму з зарэгістраваным прыпынкам сэрца, а запісы ў гісторыі хваробы чытаць не спяшаўся. Узаемна папрасіўшы прабачэння, прыйшлі, што называецца, да “агульнага назоўніка”.
А ружы мне, сапраўды, часта дарылі і пацыенты, і калегі, не ведаючы, што мае самыя любімыя кветкі – чырвоныя гваздзікі.
Свидетельство о публикации №225082900775
Да, приступив к самостоятельной работе после получения диплома, молодой специалист всегда "спотыкается". И это относится к любой профессии. Но врачи - это совсем другое. Ведь в их руках жизнь человека.
Всего Вам самого доброго!
С уважением, Валентина
Валентина Валентова 31.08.2025 12:00 Заявить о нарушении
Сердечно благодарю за отзыв!
Много лет прошло, а я помню все интересные случаи первого года работы врачом.
И очень важно, чтобы рядом с начинающим специалистом был Учитель.
С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.
Нелли Фурс 01.09.2025 11:38 Заявить о нарушении