Удзячныя пацыенты

Удзячныя пацыенты

Участковага ўрача-тэрапеўта заўсёды можна пазнаць па аб’ёмнай кайстры, з якой ён (часцей – яна) ніколі не растаецца.

Зараз такую сумку (сакваяж) назвалі б шматфункцыянальнай. У адным з аддзяленняў майго “участковага” партфеля знаходзіўся мінімальны набор медыцынскіх інструментаў для забяспячэння візітаў на дом: танометр, фанендаскоп, парачка тэрмометраў. Меркавалася яшчэ наяўнасць невялікай колькасці этылавага спірту для апрацоўкі ў хатніх умовах тэрмометраў і мембраны фанендаскопа.

Шчыра кажучы, я ніколі не бачыла, каб маімі калегамі выконвалася законнае патрабаванне службы санітарна-эпідэміялагічнага нагляду. Што і не дзіўна: месячны нарматыў этанолу для ўчастковага тэрапеўта – сто пяцьдзесят мілілітраў. Для ўчастковай медсястры, незалежна ад колькасці прызначаных ін’екцый, – чатырыста пяцьдзесят мілілітраў.

Старэйшая медсястра паліклінікі Людміла Ш. – асоба, адказная за ўлік і захоўванне спірту, ператварала пасрэдную працэдуру яго выдачы ў цырымонію. Наўмысна павольна налівала ў мерны посуд усталяваную міністэрскім загадам, як мы тады лічылі, колькасць дэзінфектанта. Пераліўшы яго ў невялікую ёмістасць, з нескрываемым шкадаваннем перадавала яе лекару, усім сваім выглядам дэманструючы ўласную значнасць. У мяне складалася ўражанне, што медсястра Ш. аддае ўласную маёмасць, “нажытую непасільнай працай”.

Пару гадоў таму, у дарэчнай для гэтага выпадку абстаноўцы, я расказала калегам аб сваім успрыняцці працэдуры атрымання спірту. І завяршыла пераказ адчуваннямі саракагадовай даўнасці:

– Кожны месяц трэба было праходзіць такую зневажальную працэдуру з-за нейкіх ста пяцідзесяці мілілітраў спірту!

– Чаму ста пяцідзесяці? У нас, у медсанчасці вытворчага баваўнянага аб’яднання, урачам выдавалі па чатырыста пяцьдзесят мілілітраў, – уклініўся ў размову Сяргей Трукшын, урач-фізіятэрапеўт радзільнага дома.

– Так-так, – падтрымаў калегу Аляксандр Стэцко, галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі – органа галіновага кіравання Баранавіцкага рэгіёна. – Я ў той час працаваў галоўным урачом медыка-санітарнай часткі і добра памятаю тагачасныя нарматывы. І дадаў:

– Для працы медыцынскіх сястёр выдзялялася яшчэ большая колькасць спірту, якая менавіта, ужо і не скажу.

– Верагодна, такія нарматывы ў медсанчасці зацвердзілі з улікам апрацоўкі не толькі медыцынскага інструментарыя, але і аб’ектаў яго прыкладання – саміх тэкстыльшчыц, – завяршыла я абмеркаванне “спіртавой” тэмы.

 Такое адступленне ад апісання змесціва аднаго з аддзяленняў кайстры ўчастковага тэрапеўта – уступнае слова да пераказу невялікага эпізоду часоў пачатку маёй працы.

 У другім аддзяленні сумкі – ручкі і дакументы. Для зручнасці карыстання бланкі лісткоў непрацаздольнасці, вучнёўскія даведкі, простыя рэцэптурныя бланкі і формы для ільготных катэгорый грамадзян, капіркі для выпісвання ільготных рэцэптаў, накіраванні на аналізы і іншае, складаліся ў асобную тэчку. У гэтае ж аддзяленне, пры неабходнасці, дадаваліся амбулаторныя карты: для ўнясення ў іх звестак аб выпісаных ільготных рэцэптах, бальнічных лістках і гэтак далей.

 Трэцяе, асабістае аддзяленне, прызначалася для касметычкі, парасона, ключоў і іншых жаночых дробязяў.

 Так-так, справядліва заўважыў чытач: ніякіх медыкаментаў для аказання экстранай дапамогі, ніякіх укладак для правядзення рэанімацыі на даму ў доктара не было. У выпадку неабходнасці выклікалася брыгада хуткай дапамогі “на сябе”; дачакаўшыся яе прыезду і паляпшэння стану хворага, участковы лекар адпраўляўся на наступны візіт.

 Правільнай была такая арганізацыя працы ўчастковай службы ці не – тэма для іншай размовы.

Зараз жа вярнуся да пытання напаўнення “асабістага” аддзялення сумкі ўчастковага тэрапеўта.

Два дні на тыдзень мне выпадаў прыём у паліклініцы з 14.30 да 17.45 гадзін. Пасля яго заканчэння трэба было праз палову горада дабірацца ў дзіцячы садок за сынам Дзянісам; муж часта ездзіў у камандыроўкі. Прыход за дзіцём пазней пазначанага правіламі ўнутранага распарадку часу, не вітаўся  супрацоўнікамі дзіцячай дашкольнай установы. Вось і даводзілася неяк выкручвацца.

Візіты на дом ў гэтыя два дні выконваліся мною да пачатку прыёму. У адзін з такіх дзён па дарозе ў паліклініку я купіла сякія-такія прадукты. Сапраўды, сякія-такія: у пачатку васьмідзесятых гадоў якасных прадуктаў у вольным продажы не было; іх трэба было “даставаць” у працаўнікоў гандлю.

Я змясціла правізію ў “асабістае” аддзяленне сумкі, наверх паклаўшы дзясятак яек у паліэтыленавым пакеце. Зайшла ў рэгістратуру паліклінікі для ўнясення запісаў у журнал выклікаў, успомніўшы пры гэтым выраз “прайсці праз строй”.

У рэгістратуры была “перазменка”: ранішнюю брыгаду работнікаў падмянялі іх калегі; участковыя лекары афармлялі журналы візітаў на дом.

За ўсёй гэтай мітуснёй назірала старэйшая медыцынская сястра Людміла Ш., якая да таго часу ўжо выканала свой прафесійны абавязак – выдачу супрацоўнікам спірту.

 Камуніст, член групы народнага кантролю* паліклінікі, давераная асоба кіраўніка, медсястра Ш. доўгім і шматзначным поглядам праводзіла змесціва маёй кайстры.

Быў зразумелы сэнс лагічнага ланцужка, у думках пабудаванага “палымянай камуністкай Ш.”, ахоўнікам прафесійнай і маральнай чысціні маладых беспартыйных дактароў. Прамяніста ўсміхнуўшыся, я гучна вымавіла:

– Усё-ткі, як добра працаваць участковым тэрапеўтам! Прайшоўся па ўчастку – і ў краму заходзіць не трэба! Хворыя самі ўсё прынясуць доктару!

Два-тры ўчастковых тэрапеўта, якія знаходзіліся ў рэгістратуры, не стрымаўшыся, грымнулі смехам і выбеглі з памяшкання. Строга падціснуўшы вусны, адышла і старэйшая медыцынская сястра Ш.

Участковы лекар-пачатковец Таццяна Стэцко, відавочца падзеі, распавяла калегам сутнасць эпізоду. БОльшая частка ўрачоў мяне падтрымала:

– Ну, дзякуй Богу, паставіла гэтую выскачку на месца!

 Наступны дзень, як і ўвесь тыдзень, чакала выкліку да кіраўніцтва. Ну, як жа, хабарства, ліхаімства**, карупцыя і іншыя перажыткі мінулага.

Не дачакалася.

Аказалася, што акрамя пільнага члена групы народнага кантроля, у калектыве меліся і іншыя недрэмныя супрацоўнікі. Адзін са зоркіх медыцынскіх рэгістратараў звярнуў увагу на маркіроўку яек і смела выказаў меркаванне, што дамашняя птушка не можа несці яйкі з ужо нанесенымі абазначэннямі іх таварнай прыналежнасці. Аб чым і далажыў кіраўніку паліклінікі.

***

На многія гады гэтая даўняя гісторыя выпала з маёй памяці.

У двухтысячным годзе мы з Таццянай Стэцко, сведкай таго даўняга прадстаўлення, практычна адначасова перайшлі з гарадской ў раённую сістэму аховы здароўя. Трынаццаць гадоў працуючы маім намеснікам па амбулаторна-паліклінічнай частцы работы, калега бездакорна выконвала свае абавязкі. Пры гэтым, маючы цудоўнае пачуццё гумару і выдатную памяць, расказвала смешныя гісторыі з нашага гарадскога ўрачэбнага жыцця. Першы час імя аўтара не называла; затым, асвоіўшыся, папярэджвала апавяданне:

– А памятаеце, што Вы тады сказалі, Нэлі Гаўрылаўна?

Ужо на другім месяцы нашай сумеснай працы ў раённай сістэме аховы здароўя, слухаючы пачатак чарговай гісторыі-успаміна намесніка, мне на розум прыходзіў Шурык з “Каўказкай палонніцы” з яго бессмяротнай фразай:

– “Прабачце, капліцу я таксама разваліў?”

*Народны кантроль – адзін з органаў сістэмы Дзяржаўнага кантроля ў СССР. У масштабах краіны выконваў функцыі кантроля выканання планаў, захавання дысцыпліны, выяўлення гаспадарчых рэзерваў, расходавання рэсурсаў.

**Ліхаімства – празмерная сквапнасць да набыцця матэрыяльных даброт за кошт абірання людзей.


Рецензии
Здравствуйте, уважаемая Нелли!
Да, в каждой профессии есть свои неприятные стороны, да и бывают разборки в отношениях между сотрудниками. Что же касается выдачи спирта врачам и медсестрам, то ответственный за учёт этой горючей смеси, всегда чувствует себя на высоте. И отпускает спирт, словно свой собственный.
Но очень жаль, что у врача, который приходит к больному, нет нужного лекарства для оказания неотложной помощи, да и приспособлений для реанимации на дому. Очевидно, что лекарства не выдаются терапевтам.
Был такой случай в поликлинике, когда женщине стало плохо, а врачи не могли ей помочь, лишь вызвали скорую помошь. И она ожидала её в регистратуре.
Здоровья Вам и удачи во всём!
С уважением и теплом, Валентина

Валентина Валентова   08.09.2025 06:02     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Валентина!

Искренне благодарю за отзыв!

Вы правы: у особ, "приближенных к спирту", постепенно формируется мания величия, как в описанном мною случае.

Вот и приходится периодически "спускать их с небес".

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   08.09.2025 14:41   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.