Сiмулянтка
Аднойчы сусед Генадзь Кашлаты завітаў да Міці Моціна і прапанаваў таму купіць у яго спраўную, гарэзлівую кабылку. Міцька нават не спытаў, чаму Генадзь вырашыў прадаць кабыліцу, не пратрымаўшы тую і паўгода.
— Аддаю табе, Зміцер, такую каштоўнасць амаль што дарам. Лічу, што гэтай прыгажуні будзе лепей у тваіх надзейных гаспадарчых руках, — хітра гледзяцы ў вочы фермеру, заліваў салаўём Генадзь.
Знайшлося месца і для гэтай прыгажуні ў Міцькінай сядзібе. Сусед шчыра распавёў, што некалі жывёла, яшчэ да таго як трапіць на падворак Генадзя Кашлатага, працавала ў сталічным цырку. Але век цыркавых артыстаў кароткі, таму кабыліцу адправілі на заслужаны адпачынак. Па цыркавых мерках яна ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту, а для гаспадаркі была ў самым росквіце конскіх сіл.
На наступны дзень Міцька запрог кабылку і вырашыў адвезці мех бульбы сваяку. Паклаў наш фермер мяшок на воз і скамандаваў:
— Но-о, паехалі!
Але кабылка быццам не пачула.
Міцька працягваў панукаць свой жывы транспарт, а той пачаў раптоўна кульгаць. Пашкадаваў тады Міця жывёліну і адвёз бульбу сваёй радні на больш рахманым Летуценніку.
Наступны раз захацеў Міця ўзараць невялічкі кавалак зямлі за сядзібай. Зноў былая цыркачка пачала цягнуць нагу. І так паўтарылася некалькі разоў. Вельмі хацелася вярнуць гультайку суседу Кашлатаму. Міцька знерваваўся, але нічога ўжо не мог зрабіць.
Напярэдадні Калядаў пра новую жыхарку ў сядзібе даведаліся мясцовыя дзеці. Яны дружна папрасілі дазволіць ім пакатацца ў вазку на прыгожым коніку. Міцька быў не супраць. Малыя радасна заскочылі ў вазок, і кабыліца з лёгкасцю вазіла іх амаль што дзень вакол двара.
І тут фермер усё зразумеў: ён набыў сабе сапраўдную артыстку — не толькі прыгожую, але і вельмі хітрую істоту. Яна дагэтуль працавала ў цырку і таму вельмі адрознівалася ад тых коней, што прывыклі да работы на зямлі.
Гаспадар нарэшце знайшоў адпаведнае імя для новай пастаяліцы. Кабылку так і назвалі — Сімулянтка, ці скарочана — Сіма. Гаспадар дазволіў Сіме займацца толькі тым, што той падабалася і да чаго яна прывыкла ў мінулым: вазіла ў вазку малых дзяцей; танцавала, стоячы на задніх нагах, і абмахвалася хвосцікам, упрыгожанным кветкамі.
Свидетельство о публикации №225092801803
