Праклён
Не ведаю, у каго як, але першыя «выявы свету» з’явіліся ў маім маленстве. Гэтым «талентам» немагчыма кіраваць. Увогуле яно пагражае і здароўю, і жыццю: вось ідзеш сабе па вуліцы, нікога не чапаеш, а потым пачынаеш бачыць, якім усё навокал будзе праз нейкі час. Можа прымроіцца «выява» мясцовасці праз месяц, а можа і праз тысячу гадоў. Ды што тысяча, калі я бачыў нашу вёску і праз мільён гадоў апасля!..
Хтосьці скажа, што мне з магчымасцю ведаць будучыню трэба працаваць на ўрад ці спецслужбы. Памыляецеся. Не ўсё так проста. Па-першае, «выявы» не з’яўляюцца па майму жаданню. Па-другое, я бачу толькі месца, на якое гляджу зараз. Чалавека адсочваць я не здольны, хіба што ён будзе стаяць насупраць мяне і праз пэўны час. Але такая імавернасць невысокая. Канешне, я магу прыйсці ў патрэбны кабінет і ўбачыць мясцовую будучыню праз нейкі адрэзак часу. Калі дырэктар фірмы літаральна будзе сядзець у сваім крэсле і праз год, то я яго ўбачу – жывым ці здаровым. Але, як я ўжо казаў, можна цэлы тыдзень, а то і месяц, стаяць перад сталом начальніка, каб штосьці ўгледзець. І не факт, што з’явіцца «выява» месячнай ці гадавой далечыні. Мала каму будзе цікава слухаць мой аповед пра выгляд кабінета высокага начальніка праз два дні. Або праз мільён гадоў.
Як жа я ведаю, колькі часу прайшло? А хто вам сказаў, што я ведаю? Гэта і для мяне таямніца. Калі вакол мора-акіян, горы і чырвоны гігант замест сонца, то маю смеласць сказаць – прайшло шмат часу.
Як бачыце, такі сабе дар. Шчыра кажучы, я не трапіў у вар’яцкі дом толькі таму, што навучыўся не распавядаць пра свае вобразы на кожным рагу. Хаця ў дзяцінстве мяне спрабавалі «вылечыць», але тады і выпадкаў было значна больш. Вельмі страшна апынуцца ўнутры гары ці вулкана, а я там ужо пабываў. Хаця такія жахі адбываюцца нячаста і нядоўга. Нават дзіўна, як дагэтуль я захаваў цвярозы розум, бо столькі пабачыў…
Напрыклад, калісьці перад маімі вачыма знік наш цудоўны гарадскі парк, а замест яго з’явілася бязмежнае мора. І сонца было ярчэйшым. Насланнё цягнулася не болей за дзесяць секунд, але хапіла, каб я атрымаў моцную дэпрэсію. Калі вы чыталі твор «Машына часу» Герберта Ўэлса, то можаце ўявіць мае пачуцці. Хіба што я не сустрэў тых жахлівых пачвар, якія жылі ў акіяне будучыні. Але ж які сэнс у цывілізацыі, калі ў выніку яе паглыне бяздушны акіян?
Прызнаюся, адзін час я спадзяваўся, што бачу і мінулае, але пасля доўгіх разважанняў вырашыў, што ніколі не назіраў таго, што ўжо адбывалася. Такую выснову можна было зрабіць толькі таму, што мне ніколі не прымроіліся старажытныя часы, продкі чалавекаў, крыжакі ці іншыя прыкметы Сярэднявечча. А вось бясспрэчныя падзеі будучыні часцяком перад маімі вачыма. Гэта і трыццаціпавярховікі замест знаёмых хрушчовак, і футурыстычныя аўтамабілі, і іншая дзіўная тэхніка. Мяркую, ужо праз колькі дзясяткаў гадоў наш горад будзе свяціцца так, што і зорак ноччу не знойдзеш. Для вас такая развага ў спісе гіпатэтычнага, а для мяне – спраўджаная падзея. Але… было і больш сумнае, чым моцнае засвятленне і звужэнне ходнікаў.
Вёскі... Колькі разоў вуліца, па якой я ішоў, знікала. Яе рэшткі яшчэ назіраліся, але ўсё навокал паглынаў лес. Ці ралля. А хаты… Гэта самае балючае. Як жа было сумна спачатку глядзець на прыгожую хатку, а праз хвіліну бачыць яе занядбанай ці зруйнаванай. Або зусім жахлівыя карціны, як замест шыльды перад вёскай з’яўлялася папярэджанне, што доступ забаронены ў сувязі з моцным радыеактыўным забруджваннем. Спачатку я вельмі здзіўляўся, бо меркаваў, што прырода павінна з цягам часу ачышчацца – паўраспад і ўсё такое. Але потым прачытаў у Сеціве, што праз колькі гадоў адны ізатопы могуць пераўтварацца ў іншыя, больш шкодныя. І… ніхто ж не выключае імавернасці новых тэхнагенных аварый, так?
Прызнацца, я не заўсёды бачу толькі кепскае. Было і адваротнае. Аднойчы я падарожнічаў па закінутых вёсках, і мне пашанцавала паназіраць, як на іх месцы будаваліся новыя вуліцы і цэлыя паселішча. Не, гэта не было вандроўкай у мінулае, бо нашыя продкі не ведалі ні шклопакетаў, ні электрамабіляў.
Я рэдка падарожнічаю за межы сваёй краіны. Мне хапае і таго, што я бачу. Але шмат гадоў таму, яшчэ студэнтам, я вырашыў паехаць на мора ў суседнюю краіну. Курортны горад мне вельмі спадабаўся. Але ў апошні дзень адпачынку здарылася вельмі непрыемная падзея. Прыгажосць перад маімі вачыма змянілася на руіны і могілкі. Гэтая «выява» цягнулася даволі доўга – цэлую хвіліну. Я адчуў да глыбіні душы ўсю роспач і жах гора, пра якое раней чытаў толькі ў кніжках ці бачыў у ваенных фільмах. Увесь шлях дадому я супакойваў сябе думкай, што падзеі могуць адбывацца і праз тысячу гадоў пасля сённяшняга дня.
Я памыляўся.
11-12 кастрычніка 2025, Гомель;
13 кастрычніка 2025, Гомель (рэдактура).
Свидетельство о публикации №225101301226