Нямала слоу...

Нямала слоў гучала пра матулю,
Нямала шчырых і прыгожых слоў...
Хто бескарысліва да сэрца туліць?
Што грэе лепш, чым роднай маці, кроў..?

А рукі маці? Колькі ў іх пяшчоты!
А вочы маці? Ты ў іх зазірні...
Як пчолка запаўняе летам соты,
Так поўняцца любоўю маці дні...

Дзяцінства час, гарэзлівы і хуткі,
Яго без маці не ўяўляю я,
І тонкі стан яе, і голас чуткі...
Бясконца памяць і любоў мая...

Ніколі ланцужок той не парвецца,
У сэрцы ад пачатку да канца,
Са мною разам плача і смяецца...
Цяпер да маці дзе знайсці ганца..?

Яе мне сёння вельмі не хапае,
Хаця сама ўжо на зыходзе дня,
Ніхто мяне так шчыра не вітае,
Глыбока ў сэрцы матчына ралля...

Што ў раллю матуля захавала,
Узышло ва мне, расло, яшчэ цвіце,
Усяго ў маім жыцці было намала,
У раллі жывое тое, што расце...

Усё, што кожны мае, - ад матулі,
Мы ўсе ўдзячны маці за жыццё...
Вы столькі слоў аб ёй прыгожых чулі,
Вам пра сваё сказала пачуццё...


Рецензии