Лясны госць

                ***

     З надыходам зімы цялок Аксаміт пасля школьных заняткаў амаль што кожны дзень спяшаўся ў лес. Там ён знайшоў сабе новых сяброў, сярод якіх былі не толькі зайцы і вавёркі, але таксама ласі і рысі. Птушак, якія засталіся зімаваць недалёка ад вёскі Коцікі, таксама заўжды было шмат у лесе, і яны імкнуліся трымацца зімой разам.
 
     Зусім нядаўна ў мясцовай лясной гаспадарцы змяніўся ляснік. Замест былога, даволі адказнага Андрэя Ўладзіміравіча Мамаева, прыступіў да сваіх новых абавязкаў былы невук сельскагаспадарчага тэхнікума Толя Гузікаў.

     Толік любіў паспаць даўжэй, і яго мала клапаціла тое, што кармушкі лясных жыхароў доўгі час маглі пуставаць. Ласі, якія вось-вось павінны былі развітацца са сваімі рагамі, па звычцы шлі да месца, дзе раней Андрэй Уладзіміравіч гатаваў для сахатых гурманаў саланцы. Але зараз там было пуста, бо соллю ласаваліся не толькі ласі, але і іншыя прадстаўнікі мясцовай фаўны.

                ***

     У той дзень лось Сцёпка разгублена шукаў соль, але акрамя некалькіх сухіх асінавых галінак нічога не знайшоў. У гэты самы час у лес завітаў гарэзлівы цялок Аксаміт.

— Чаму ты такі сумны? — спыталася цяля ў Сцёпкі.

— Новы наш ляснік зноў забыўся пакласці соль для нас. А мы без яе адчуваем сябе кволымі і няшчаснымі, — скардзіўся Сцяпан цікаўнаму цяляці.

— Гэта ўсё дробязі, — аптымістычна заявіў Аксаміт. — У нашай сядзібе шмат солі. Я з бацькамі заўсёды ўдоваль магу паласавацца гэтым карысным мінералам. Пабеглі разам у «Міцькіну сядзібу», і я цябе пачастую не толькі соллю, але і другімі прысмакамі. У нас сёння на абед — духмянае сена з бурачкамі ды напой з зёлак.
 
— Як ты смачна ўсё абмаляваў, добры цялок! Але я баюся, что мне не будуць рады ў сядзібе, дзе ў асноўным жывуць дамашнія жывёлы. Мне б не хацелася напалохаць каго-небудзь сваімі рагамі, — сумна апраўдваўся лось.
 
     Але Сцёпцы было дужа прыемна атрымаць запрашэнне ў «Міцькіну сядзібу».

— Ведаеш, тады ёсць іншая ідэя! — падскочыў ад радасці ініцыятыўны Аксаміт. — Давай ты завітаеш да мяне ноччу, калі ўсе будуць спаць. Я цябе сустрэну, адчыню брамку і ціхенька завяду да саланцоў. А потым ты пойдзеш у лес.

— Вельмі буду табе ўдзячны! — абрадаваўся лось.

     Як і дамовіліся, ноччу Аксаміт ціхенька выбег з сямейнага хлеўчыка і выканаў усе свае дадзеныя Сцёпцы абяцанні. Лось шчаслівы і сыты вярнуўся ў лес.

     З таго дня, калі Толік безадказна ставіўся да сваіх леснікоўскіх абавязкаў, Сцёпка прыходзіў у госці да свайго сябра Аксаміта.

     Праз некаторы час маці цяляці, карова Геаргіна, заўважыла, што запасаў сена і солі засталося значна менш, чым было разлічана дагэтуль. Тады цялку прыйшлося ўсё расказаць бацькам і пра свае паходы ў лес, і пра сябра Сцёпку, якога карміў начамі. Старэйшыя Мумукіны з добрай усмешкай успрынялі нечаканую інфармацыю, пахвалілі малога за добры ўчынак і дазволілі сыну запрашаць свайго сябра не толькі да саланцоў, але і да іншай смакаты.

     У хуткім часе Андрэй Уладзіміравіч даведаўся пра тое, што адбываецца ў яго лесе, і вырашыў аставіць новую пасаду, з радасцю вярнуўшыся да сваіх лясных пестуноў.


Рецензии