Христианство и цивилизация
«Падобнае Валадарства Нябеснае да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё» (Мац 13:33)
Тры меры мукі сымбалізуюць тры душэўныя сілы: розум, волю і пачуцьці, якія Божая ласка зьменьвае. Яна адукоўвае розум, адкрываючы яму духоўную праўду. Яна ўмацоўвае волю ў добрых справах і ўлагоджвае ды ачышчае пачуцьці, усяляючы ў чалавека сьвятло радасьці. Нічога на зямлі ня можа параўнацца з Божай ласкай: зямное сілкуе цела чалавека, а ласка Божая сілкуе і ўмацоўвае несьмяротную чалавечую душу. Менавіта так Бог і зьменьвае гэты сьвет.
Шмат хто з нас добрае ведае імёны знакамітых людзей, якія зрабілі вельмі важныя адкрыцьці ў галіне навукі ці зрабілі нешта такое, што істотна зьмяніла чалавечае жыцьцё ў тым ці іншым асьпекце. Але мала хто ўсьведамляе тое, што Ісус Хрыстос, найвялікшы Чалавек на зямлі, зьмяніў чалавечае жыцьцё цалкам і вельмі кардынальна. На жаль людзі, у сваёй большасьці, разглядаюць сьвята Раства як час распродажу і зьніжак ў супермаркетах ды час узаемных падарункаў. Гэты час успрымаецца як нешта звыклае на прыканцы кожнага году і гэта ня можа радаваць, бо людзі забыліся Таго, Каму яны абавязаныя ўсім.
«І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: “Вось, Я раблю ўсё новае”. І кажа мне: “Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя”» (Адк 25:5). Гэта словы Ісуса, Які цалкам зьмяняў усё, да чаго дакранаўся. Нарадзіўшыся ў гэты сьвет, Ён крануўся часу і зьмяніў яго, бо сам Ягоны дзень народзінаў – Раство Хрыста – зьмяніў адлік часу ў гэтым сьвеце. Нехта заўважыў тое, што Ён павярнуў раку часу ў новае рэчышча і цалкам зьмяніў ход стагодзьдзяў, а таму ўвесь сьвет вядзе адлік часу да Раства Хрыста (да Р.Х.) і пасьля яго (ад Р.Х.). На жаль, сучаснае недасьвечанае пакаленьне нават і не задумваецца над гэтым глабальным гістарычным фактам. Цікавым і нават іранічным выглядае той факт, што нават самы заўзяты атэіст, калі піша каму-небудзь ліст ці піша заяву для ўладкаваньня на працу, прызнае Ісуса Хрыста, бо ставіць дату напісаньня менавіта з таго новага часу, які пачаўся ад нараджэньня Ісуса. Няхай кожны паглядзіць на сваю хатнюю бібліятэку, дзе кожная кніга, нават і бязбожная, дае нам напамін пра Хрыста, бо на кожнай з іх стаіць дата новага часу, якая ідзе ад Раства Хрыстова.
«Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім. Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго» (Мац 13:31-32)
На Ўсходзе гарчычная расьліна дасягае буйных памераў, хаця зерне яго надзвычайна малое. Гэтае параўнаньне Божага Валадарства з гарчычным зернем цалкам пацьвердзілася хуткім распаўсюджваньнем Царквы Хрыста ў краінах паганскага сьвету. Царква, будучы спачатку малым ды непрыкметным рэлігійным грамадзтвам, якое складалася з апосталаў Ісуса, распаўсюдзілася, цягам дзьвух стагодзяў, па ўсёй рымскай імперыі ды і ня толькі. Людзі самых розных рас, моваў і культур набывалі ў Царкве збаўленьне і духоўнасьць падобна таму, як птушкі знаходзяць бясьпеку і дом у галінах вялікага дрэва. Гэтая прыповесьць Ісуса тычыцца ня толькі тых людзей, якія прынялі Хрыста, але і узьдзеяньня хрысьціянства на ўвесь сьвет у цэлым.
Хрысьціянства мела сьціплы пачатак, калі Ісус, на працягу трох гадоў, прапаведаваў і зьдзяйсьняў цуды ў Ізраілі, які падпарадкоўваўся Рыму. Але сёньня пра сваю веру ў Яго сьведчаць больш за два мільярда чалавек па ўсёй зямлі, а дзясяткі мільёнаў пасьвячаюць сваё жыцьцё служэньню Хрысту. Уладныя асобы сьвету маюць гістарычны ўспамін і некаторы пералік іхніх дзеяў: добрых і ня добрых. Але ў іх не засталося, за нейкім выключэньнем, прыхільнікаў і пасьлядоўнікаў, а тым больш служыцеляў, якія б выконвалі іхнія загады. Усё ня так з Ісусам Хрыстом, Які ёсьць нашым Госпадам і Збаўцам і Які кіруе намі ў-ва ўсім нашым жыцьці. Калісьці імператар Напалеон, які меў вялікую зямную ўладу, неяк заўважыў тое, што было б дзіўным, калі б рымскі цэзар кіраваў з магілы і, у сувязі з гэтым, ён казаў: «Я безпасьпяхова шукаю ў гісторыі падобнага Ісусу Хрысту ці нешта, хаця б аддалена, падобнае на Добрую Вестку. Народы зьнікаюць, пасады разбураюцца, але царква стаіць».
Нягледзячы ж на свой сьціплы пачатак, хрысьціянства зрабіла для дабра чалавецтва больш, чым любы іншы рух ці нейкая гістарычная сіла ў гісторыі. Мы маем такую цудоўную магчымасьць пералічыць некаторыя прыклады ўнёску хрысьціянства ў гісторыю на працягу часу ад зямнога служэньня Ісуса Хрыста.
• Бальніцы, што ўзьніклі ў Сярэднявечча.
• Універсітэты, якія ўзьніклі ў той жа час і якія былі заснаваныя хрысьціянамі ў мэтах хрысьціянства.
• Адукацыя і асьвета народу, усеагульная пісьменнасьць.
• Капіталізм і вольнае прадпрымальніцтва.
• Прадстаўнічае кіраваньне дзяржавай, якое пачалося ў Злучаных штатаў Амерыкі.
• Падзел уладных паўнамоцтваў.
• Грамадзянскія правы і свабоды.
• Скасаваньне рабства ў сьвеце.
• Эмансіпацыя жанчын і набыцьцё імі правоў.
• Навука ў яе сучасным выглядзе.
• Дабрачыннасьць і міласэрнасьць, як этыка добрых самарыцянаў.
• Высокія стандарты правасудзьдзя.
• Набыцьцё правоў простымі людзьмі.
• Высокая каштоўнасьць чалавечага жыцьця.
• Прыўнясеньне цывілізацыі ў жыцьцё паганскіх народаў і плямёнаў першабытнай культуры.
• Стварэньне пісьменнасьці мноства моваў сьвету.
• Росквіт выяўленчага мастацтва і музыкі, стварэньне найвялікшых шэдэўраў сьвету.
• Ператварэньне вялікага мноства жыцьцяў дзякуючы Добрай Вестцы, бо тыя, хто быў цяжарам для грамадзтва, пачалі служыць гэтаму грамадзтву.
• Незьлічымая лічба душаў, якія набылі вечнае збаўленьне.
Менавіта вось гэты апошні пункт, які кажа пра збаўленьне і ёсьць галоўнай мэтаю хрысьціянскага вучэньня, а ўсё астатняе ў гэтым пераліку – гэта другасныя вынікі хрысьціянства ў штодзённым жыцьці. Аднойчы стаўшы Чалавекам Ісус надаў чалавеку годнасьць і ўнутраную каштоўнасьць, пра што раней нават і ня марылі. Усё, да чаго кранаўся Ісус, усе тое, што Ён казаў і рабіў, зьмяняла ўяўленьне пра чалавечае жыцьцё. Але, нават чытаючы пра розныя эпізоды з жыцьця Ісуса, многія людзі не ўсьведамляюць тое, што дзеі Хрыста зьмянілі ўсю гісторыю чалавецтва. Узьдзеяньне Ісуса Хрыста на гэты сьвет сапраўды невымяральнае, але паспрабуем і мы паглядзець на тыя асноўныя бакі нашага жыцьця, якія зьмяніліся, дзякуючы Госпаду нашаму Ісусу Хрысту. Але ці ўсе згодныя з гэтым? Зусім не.
Далёка ня ўсе радыя таму, што Ісус Хрыстос прыйшоў у наш сьвет. Філосаф-атэіст XIX стагодзьдзя Фрыдрых Ніцшэ, аўтар выказваньня: «Бог памёр», параўноўваў хрысьціянства з атрутай, якая атруціла ўвесь сьвет. Пра Ісуса Ніцшэ казаў: «Ён памер вельмі рана і сам бы адрокся ад свайго вучэньня, калі б дасягнуў сталых гадоў». Ніцшэ лічыў тое, што гісторыя ёсьць бітвай паміж паганскім Рымам і юдэя-хрысьціянскім Ізраілем. Ён вельмі сумаваў на той факт, што хрысьціянства і крыж атрымлівае і сьвяткуе перамогу над больш высакароднымі дабрадзейнасьцямі. У сваёй кнізе «Антыхрыст» Ніцшэ напісаў: «Я асуджаю хрысьціянства, я вылучаю супраць хрысьціянскай царквы самыя жахлівыя абвінавачваньні, якія калі-небудзь бывалі ў вуснах абвінавацеля. Хрысьціянская царква нічога не пакінула некранутым у сваёй псуце, яна абясьцэніла ўсякую каштоўнасьць, з усякай праўды яна зрабіла ілжу, з усяго шчырага – душэўную ганебнасьць».
Героямі Ніцшэ было «племя беласкурых драпежникаў», раса заваёўнікаў і спадароў. Па словах філосафа, якія пазней паўтараў Гітлер: «Хто прывёў цеўтонскіх рыцараў да разбэшчваньня? Так, хрысьціянства». Калі б не было Ісуса, галасіў Ніцшэ, чалавечую расу не напаткала б разбэшчваньне «маральлю рабоў». Шмат якія ідэі філасофіі Ніцшэ знайшлі сваё практычнае прымяненьне ў дзейнасьці Адольфа Гітлера, а гэта, у сваю чаргу, прывяло да сьмерці шаснаццаці мільёнаў чалавек. Сталін і Мао падтрымалі свайго адзінадумца Гітлера, калі намагаліся зьнішчыць хрысьціянства. Менавіта па іхняму загаду былі забітыя дзясяткі мільёнаў хрысьціянаў, якія сьведчылі пра сваю веру, але сваёй галоўнай мэты яны так і не дасягнулі. Не дасягнуць і іншыя змагары з хрысьціянствам, як у мінулым, так і ў сучаснасьці, бо нараджэньне і жыцьцё Ісуса Хрыста несла і нясе ўсяму сьвету ўсё добрае, але ня шкоду. Добрае ўзьдзеяньне Хрыста адчуваецца паўсюдна і ў-ва ўсім: ад усьведамленьня каштоўнасьці чалавечага жыцьця да яе пераўтварэньня.
Сын простай, але адукаванай, жанчыны нарадзіўся ў Бэтлееме. Дзяцінства, юнацтва і частка дарослага жыцьця Ісуса былі зьвязанымі з невялікім Назарэтам і прыморскім Капернаумам. Ён быў старэйшым у вялікай сям’і пасьля сьмерці Язэпа, выхоўваючы малодшых братоў і сёстраў. Ён старанна вучыўся ў школе пры мясцовай сынагозе і добра ведаў слова Божае. Ён добра ведаў грэцкую мову, што надавала магчымасьці вывучаць і разумець паганскі сьвет. Ён добра працаваў у Сваёй цясьлярскай сямейнай майстэрні, перадаючы майстэрства Сваім братам. Ён вызначыўся творчай і плённай працай у Капернауме, калі ствараў прынцыпова новую форму рыбацкага чаўна ды ветразнага рыштунку. Ён вандраваў у паганскім сьвеце, пабачыўшы Александрыю, Рым і нават Карынт, каб пачаць Сваё служэньне ў Галілеі. Ён не рабіў нічога такога, каб мы зьвязвалі ўсё гэта з веліччу. У гэтым сьпісу дзеяў жыцьця мы бачым Яго самога і Ягоныя адносіны да сьвету.
Калі грамадзкая думка павярнулася супраць Яго, Яму было толькі трыццаць тры гады. Вучні пакінулі Яго, а адзін з іх і ўвогуле адрокся ад Яго. Ён быў аддадзены ў рукі ворагаў, падвергнуты ганебнаму суду і ўкрыжаваны сярод двух злодзеяў. Калі Ён паміраў, Ягоныя каты кідалі жэрабя, дзелячы Ягонае адзеньне, адзіную маёмасьць, якую Ён меў на той момант. Яго паклалі ў чужую магілу пасьлядоўніка, бо Сваёй у Яго не было. З тых часоў прайшло ўжо дзьве тысячы гадоў і сёньня Ён – галоўная асоба ў чалавечай гісторыі. Усе наземныя і марскія войскі, якія тапталі сушу і баразьнілі мора, усе кіраўнікі народаў – усе яны разам не аказалі такога ўплыву на лёсы чалавецтва, чым адно-адзінае Ягонае жыцьцё.
Свидетельство о публикации №225120900840
Сергей Плетнев 12.12.2025 05:20 Заявить о нарушении