Христианство и наука

V. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І НАВУКА

«І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой, на вобраз Божы стварыў яго, мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і мейце ўладу над рыбамі марскімі, і над птушкамі паднебнымі, і над усякім зьверам, які рухаецца па зямлі» (Быц 1:28).

Нашае грамадзтва, як і ўвесь сьвет, знаходзіцца пад уладаю навукі, якая прыносіць вельмі важныя дасягненьні ў-ва ўсе сферы нашага жыцьця. XVIII стагодзьдзе, пад уплывам Рэфармацыі, дало сьвету прамысловую рэвалюцыю і, у сувязі з гэтым, разьвіцьцё навуковых дасьледваньняў. Той час называюць векам паравога рухавіка і электрычнасьці, тады як мы жывем у часе электронікі, кампутараў, інфармацыйных тэхналогіяў і дасьледваньняў космасу. І безумоўна тое, што наш век – гэта век навукі. Як гэта ня дзіўна, але рэлігія, ад пачатку, варагавала з навукай і толькі Рэфармацыя запаліла зялёнае сьвятло разьвіцьцю навукі і, як сьледства, разьвіцьцю прамысловасьці. Навуковая рэвалюцыя адбылася ўжо ў XVII стагодзьдзі, але пачатак яе паклаў матэматык і астраном часоў Адраджэньня Капернік, а скончыў гэтую рэвалюцыю хрысьціянін Ісаак Ньютан, які апісаў тры законы руху. Далей навука разьвівалася не рэвалюцыйна, але ў добрым тэмпе, даючы, пры гэтым, моцныя падставы для разьвіцьця прамысловасьці.

Падумаем пра тое, што добрага прынесла ў нашае жыцьцё навуковая рэвалюцыя. Можна упэўнена сказаць пра тое, што калі б не Хрыстос, мы б зараз чыталі гэтыя радкі, самае большае, пры сьвятле прымітыўнай лямпачкі, а можа і пры сьвятле сьвечкі. У нас бы не было ні газавай пліты, ні тэлевізара. Калі б Хрыстос не прыйшоў на зямлю, не было б ні кампутараў, ні мікрасхем, ні самалётаў і сучаснага медыцынскага абсталяваньня. Не было б і навуковай рэвалюцыі, якая адбылася толькі таму, што людзі перанялі ход думак Бога. Што ж такое навука і як да яе ставіцца? Ангельскае слова science (навука) паходзіць ад лацінскага scientia (веданьне). Адзін жа з атрыбутаў Бога, усёведаньне (omniscientia), а гэта кажа пра тое, што навука ёсьць часткаю даручэньня Бога на спазнаньне Яго і Ягонага стварэньня.
Але ў якіх адносінах знаходзяцца навука і хрысьціянства? Скептыкі і атэісты, на працягу апошніх стагодзьдзяў, сьвярджалі і сцьвярджаюць тое, што навука і рэлігія несумяшчальныя, бо яны ёсьць рэчамі процілеглымі: ці ты невуцкі рэлігійны фанатык, ці вучоны, а іншага і быць ня можа. Менавіта так і ўяўляюць сабе неверучыя вучоныя адносіны паміж рэлігіей і навукай. Вынікі ж гэтага процістаяньня сталіся вельмі нярадаснымі, бо навука бяз Бога – гэта прамы шлях да нанясеньня шкоды Божаму стварэньню, што і адбываецц ў выглядзе сур’ёзных экалагічных праблемаў на ўсёй нашй планеце. Як нехта добра заўважыў тое, што сучасная навука стала падобнай на слана ў пасуднай лаўцы, які бурыць усё на сваім шляху, а эколагі абвінавачваюць навуку ў-ва ўсіх бедах чалавецтва. І вось парадокс. Няверуючыя аўтары кажуць пра тое, што навука зьявілася дзякуючы хрысьціянству, а значыць хрысьціянства і вінаватае ў экалагічных праблемах, але ніхто з іх не дадумаўся да таго, што навука ў няверуючых руках і ёсьць крыніцый усіх гэтых праблемаў.

Як жа ўзьнікла навука? Усё пачалося нашмат раней да ўзьнікненьня хрысьціянства, калі філосафы Грэцыі пачалі шукаць адказы на пытаньні пра існаваньне жыцьця і усталяванага парадку сьвету. Гэтыя пошукі і сталі прататыпам навуковых дасьледваньняў. Але навукі ў Грэцыі ня здарылася, бо калі б ня так, дык чалавецтва мела кампутары яшчэ да нараджэньня Хрыста. Але чаму так? Грэцкія філосафы разглядалі сьвет, як пляцоўку для практыкаваньняў цудоўнай грэцкай філасофіі, дзе нічога ня трэба зьмяняць ці выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Сьвет проста трэба разумець, а гэта ёсьць гімнастыка для розуму. Выкарыстоўваючы метад дэдукцыі філосафы заўважылі мноства цікавых фактаў, але да фактычнай навукі яшчэ было вельмі і вельмі далёка. Але шмат стагодзьдзяў пасьля ўнікальнае яднаньне грэцкай філасофіі з рэфармацыйным накірункам хрысьціянства і нарадзіла сучасную навуку.

Але як гэта адбівалася на іншых рэлігійных плынях? Калі ў грэкаў з навукай ня выйшла нічога, дык у гебраяў не было на гэтае нават і намёкаў. І вось чаму. Створаны Богам сьвет ёсьць нагодаю для праслаўленьня Творцы: «Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных. Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне. Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іх. Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца, і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю» (Пс 19:2-6). Навошта дасьледваць дасканалае Божае, калі гэта і так дадзена Богам.
Мусульманскае вучэньне таксама не спрыяла ўзьнікненьню навукі. Чаму? Прычынай гэтаму ёсьць фаталізм гэтага веравызнаньня. Мусульмане вераць таму, што ўсё ў гэтым сьвеце прадвызначана, а таму спробы кіраваньня прыродай ёсьць вялікай марнасьцю. Пацьверджаньнем таго ёсьць цікавы факт. Пісьменныя дасьледваньні Арыстоцеля з 500 па 1100 год захоўваліся ў арабаў паўночнай Афрыкі, будучы вельмі каштоўным матэрыялам, бо індуктыўны метад Арыстоцеля адкрываў прамы шлях для ўзьнікненьня прыкладной навукі. Але гэтае ня здарылася і толькі вяртаньне працы Арыстоцеля ў Эўропу вызначыла шлях да навуковых дасьледваняў, бо недарма ж філасофія Арыстоцеля вывучалася ў эўрапейскіх універсітэтах. У паганаў-анімістаў гэта таксама не было рэальным, бо яны бачылі ў любым камяні ці дрэве прысутнасьць багоў ці духаў продкаў. Не магла навука ўзьнікнуць і ў Індыі, Кітае ці Манголіі, бо згодна іхняму вучэньню індуізму ці буддызму матэрыяльны сьвет – гэта толькі ілюзія, а ў рэальнасьці існуе толькі сусьветная душа, а таму найбольшае спазнаньне складаецца з таго, што чалавек можа ўсьвядоміць толькі тое, што матэрыяльнага сьвету, на самой справе, няма. Дык навошта растрачваць жыцьцё на нейкія вышукі таго, чаго няма.

Але навука ўзьнікла і выйшла яна з хрысьціянства, калі ў XVI рэфармацыйным стагодзьдзі выпала сплесьці ў адно некалькі накірункаў жыцьця. У аснову навукі былі пакладзенымі некалькі хрысьціянскіх дактрынаў і першыя з іх казалі пра тое, што існуе разумны Бог, што ёсьць пачаткам праўды, а таксама і тое, што наш сьвет разумны і спазнаваемы. Адсюль і выходзіць магчымасьць спазнаньня навуковых законаў гэтага сьвету. Але вось яшчэ цікавае назіраньне. Так здарылася, што на працягу шасьцісот гадоў, з 500 па 1100 год, усе філасофскія дасьледваньні Арыстоцеля захоўваліся арабамі ў Паўночнай Афрыке, але гэта ніяк не паспрыяла разьвіцьцю навукі ў арабскім сьвеце, акрамя медыцыны і матэматыкі. А вось потым, калі філасофская спадчына Арыстоцеля вярнулася ў Эўропу, індукцыйны погляд Арыстоцеля ды хрысьціянская думка і сталіся той асновай, на якой і зьявілася сучасная навука. Але пойдзем далей.

Цэнтральная і паўдзённая Афрыка, зямля паганаў-анімістаў, дзе існавала вера ў тое, што ў любым камяні ці дрэве жывуць богі і духі продкаў. Ці магло быць магчымым правядзеньне якіх-небудзь эксперыментаў над прыродай? Бачыцца тое, што не. Далей Кітай, Індыя, Манголія ды і падобныя краіны. Ці магло стацца ўзьнікненьне навукі ў гэтых краінах? Давайце разважаць. Згодна індуізму і буддызму матэрыяльны сьвет ёсьць ілюзіяй, а ў рэальнасьці існуе толькі душа сьвету і найбольшае веданьне чалавека будзе заключанай у тым, што матэрыяльнага сьвету ўвогуле няма. А гэта азначае тое, што зусім безсэнсоўна марнаваць час на тое, чаго ўвогуле не існуе.

На пачатку гэтага разьдзелу мы прывялі словы Быцьця пра адданьне Божага стварэньня чалавеку ў кіраваньне. Для чаго гэта зрабіў Бог? Ці не для таго, каб чалавек, як мага глыбей, спазнаваў працу ўсемагутнага Бога. Не ўсё адразу, але ў XVI стагодзьдзі хрысьціяне, ўпершыню ў гісторыі, сур’ёзна і сістэматычна падыйшлі да асэнсаваньню гэтага Божага загаду. Калі Хрыстос валадарыць над усёй зямлёю, калі Ён ёсьць Валадаром валадароў, калі Ягонае Валадарства ёсьць галоўным у жыцьці чалавека, дык чалавек абавязаны усім гэтым ня толькі кіраваць, але і спазнаваць тое, што яму даручана. Чалавек павінен усё ўзяць ад Бога у свае рукі, трымаць у парадку і выкарыстоўваць на добрае сабе ды блізкім, узносячы славу Богу. Сьвет дадзены нам ня толькі для таго, каб разумець гэты сьвет, як гэта разумелі грэкі і не для таго, каб толькі праслаўляць Госпада, як пра тое казалі гебраі. Наш сьвет – гэта стварэньне вялікага Творцы, якое было створана Яму ў славу і нам на добрае.

Рэфармацыя. Гэты час і стаўся тым часам, які падгатаваў глебу для узьнікненьня навукі. Пасьлядоўнікі Лютара, напрыклад, прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы выданьня і распаўсюджваньня кнігі Каперніка «Пра рух нябесных сфераў». XVI стагодзьдзе і адзначылася тым, што лютэране, у тым ліку і Ёган Кеплер, падгатавалі глебу для кальвіністкага XVII стагодзьдзя, якое і дало сьвету значныя навуковыя адкрыцьці. У 1660 годзе адкрываецца Лонданскае Каралеўскае навуковае таварыства, дзе большасьцю яго чальцоў былі веруючыя хрысьціяне пурытанскага накірунку. Сямёра з дзесяці асноўных вучоных гэтага таварыства былі пурытанамі, у той час калі пурытане, увогуле, складалі нязначную меньшасьць у Англіі. А зараз прыпамятаем некалькі знакамітых імёнаў тагачаснага вучонага сьвету.

Ёган Кеплер (1571-1630). Нямецкі матэматык, астраном і оптык, які вынайшаў тэлескоп, вядомы свім знакаміты выказваньнем: «Я хацеў стаць тэолагам, але зараз я бачу, як Бог праслаўляецца праз маю працу ў астраноміі, бо нябёсы абвяшчаюць славу Божую». У сваёй працы «Тайна сьвету» Кеплер пісаў: «Бог-Творца, калі скончыў працу, перадаў ход Прыродзе, якую Ён стварыў на свой вобраз». Думкі і адкрыцьці Кеплера нашмат апярэдзілі час. Ёган аддана працаваў і верыў у тое, што ягоная праца працуе на будучыню. Наш навуковы час пацьвердзіў усе адкрыцьці і сфармуляваныя законы Кеплера, а таму можна толькі захапляцца ўпартасьці і ўяўленьню вучонага, з якой дакладнасьцю ён выказаў іх.

Блэз Паскаль (1623-1662). Французкі матэматык, фізік і філосаф, які стаяў у вытокаў матэматычнага аналізу, тэорыі верагоднасьці і праектыўнай геаметрыі, сфармуляваў асноўны закон гідрастатыкі і стварыў першую падліковую машыну – прататып сучаснага калькулятара. За сваё нядоўгае жыцьцё ён зрабіў у навуцы столькі, колькі некаторым выпадае зрабіць на працягу доўгага жыцьця. Трыумф Паскаля ў навуцы быў вельмі громкім, але вучоны ставіўся да гэтага абыякава і ўдасканальваўся, пазнаючы сьвет у хрысьціянскім вучэньні. Ён напісаў кнігу: «Апалогія хрысьціянскай рэлігіі», у якой выступіў з разгромнай крытыкай поглядаў атэістаў. У далейшым жа выйшаў ягоны зборнік пад назвай : «Думкі пра рэлігію і іншых рэчах», дзе Паскаль крануўся першароднага грэху і асобы Ісуса Хрыста.

Ісаак Ньютан (1642-1727). Ангельскі фізік, матэматык, механік і астраном, адзін з стваральнікаў класічнай фізікі і сучаснай оптыкі. У матэматыке ён распрацаваў дыферыцыяльны і інтэгральны падлік і яшчэ шэраг іншых матэматычных правілаў. У 1703 годзе Ньютан быў абраны прэзідэнтам Каралеўскага навуковага таварыства і быў ім да канца свайго жыцьця. Будучы глыбока веруючым чалавекам, Ньютан разглядаў Біблію (як, дарэчы, і ўсё астатняе) з рацыяналістычных пазіцыяў і менавіта з гэтым і зьвязанае непрыяцьце Ньютанам Тройцы Бога, але гэта не было прынцыповай пазіцыяй, бо існуючае законадаўства тагачаснай Англіі рашуча стаяла на баку Божай трыадзінасьці. Дасьледчыкі багаслоўскай працы Ньютана зьвярталі ўвагу на тое, што рэлігійныя погляды Ньютана вельмі блізкія да арыянства, хаця і ў гэтым ёсьць спрэчкі, бо існуюць погляды на тое, што Ньютан прымаў Тройцу, але бліжэй да ўсходняга (праваслаўнага) яе разуменьня. Але, як бы тое не было, Ньютан прапанаваў свой варыянт біблійнай храналогіі, пакінуўшы пасьля сябе працы па біблійнай герменэўтыке і напісаў каментар на Янава Адкрыцьцё. Ён вывучыў дзеля гэтага старажытную гебрайскую мову і дасьледваў Біблію па навуковай методыцы, карыстаючыся астранамічнымі разьлікамі. І вось, у сувязі з гэтым, цікавае назіраньне. Ньютан разьлічыў тое, што канец сьвету настане не раней 2060 году. Пра нявер’е ў Бога Ньютан казаў: «Атэізм пазбаўлены ўсякага сэнсу. Калі я гляжу на сонечную сістэму, я бачу тое, што зямля знаходзіцца на такой адлегласьці ад сонца, каб атрымліваць неабходную колькасьць цяпла і сьвятла. Гэта атрымалася не выпадкова».

Майкл Фарадэй (1791-1867). Ангельскі фізік і хімік, чалец Каралеўскага навуковага таварыства, адкрыў электрамагнітную індукцыю і стварыў першую мадэль электрарухавіка. Пералічваць навуковыя заслугі Фарадэя можна яшчэ і яшчэ, але гэта не ўваходзіць у фармат нашага разважаньня, бо мы павінныя засяродзіцца на хрысьціянстве Фарадэя, які жыў па прынцыпу: «Дзе Пісаньне кажа, кажам і мы, дзе Пісаньне маўчыць, маўчым і мы». Фарадэй прымаў актыўны ўдзел у жыцьці сваёй царквы, заснаванай на Бібліі і быў вядомым сваёй непарушнай верай у Божае слова і малітву, выконваючы, дарэчы, абавязкі дыякана.

Сьпіс вучоных, якія прытпымліваліся хрысьціянскага вучэньня можна працягваць і працягваць. Дастаткова прывесьці яшчэ некалькі імёнаў, каб адчуць тое, што менавіта хрысьціяне стаялі ў вытоках сучаснай навукі: Джозэф Лістэр, Уільям Гершэль, Грэгор Мендэль, Роберт Бойль, Джон Флемінг, лорд Кельвін і іншыя, іншыя, іншыя. Усе гэтыя вучоныя давяралі Бібліі і верылі ў Стварэньне. Навуку стварылі хрысьціяне, а хрысьціянства, у адрозьненьні ад тэорыі эвалюцыі, не процістаіць ні воднаму навуковаму закону і знаходзіцца ў поўнай згодзе з імі.

Жан Кальвін казаў пра тое, што Біблія – гэта адкрыцьцё ад Бога – гэта акуляры, з дапамогаю якіх мы маем магчымасьць дакладна прычытаць кнігу прыроды. Але, на жаль, з цягам часу многія вучоныя наўпрост адкладвалі гэтыя акуляры ў бок і гэта не магло не адбіцца на становішчы навукі. Да чаго гэта прывяло? Да таго, што сучасная навука, амаль што, цалкам адвярнулася ад Хрыста, пачаўшы грунтавацца на тэорыі эвалюцыі і пачаўся гэты разварот у XIX стагодзьдзі. А да гэтага большасьць самых вядомых вучоных былі хрысьціянамі і ні ў каго не было здзіўленьня на той факт, што Ісаак Ньютан прысьвяціў багаслоўю ня меньш часу і працы, чым навуковым дасьледваньням. Але потым навука ператварылася ў зброю супраць хрысьціянства. Вельмі паказальным прыкладам гэтага можа служыць значнае паслабленьне хрысьціянства ў Англіі, дзе ідэя эвалюцыі грунтоўна ўкаранілася ў розуме большасьці людзей. Вынік ёсьць вельмі трагічным, бо некалі хрысьціянскую Англію зьмяніла пакаленьне, сярод якога толькі 5% наведвае царкву Ісуса Хрыста. Такая ж сітуацыя, як бачыцца, існуе ў большасьці краінаў Эўропы і нічога іншага няма і ў Беларусі.

Многія сучасныя людзі, асабліва маладыя, на пытаньне пра хрысьціянства абвяшчаюць тое, што, быццам бы, навука мае доказы таго, што Бога не існуе. Таксама ж яны не прызнаюць Біблію на той падставе, што безгрунтоўнасьць Бібліі ўжо даўно даказана і ні адзін вучоны ў стварэньне сьвету і Біблію ня верыць. Як жа нам, веруючым у Хрыста, глядзець на ўзаемаадносіны навукі і Бібліі? Ці супярэчаць яны адно адному? Не, не супярэчаць, але трэба добра разумець і тое, што поўнай гармоні паміж навукай і Бібліяй быць і ня можа. І вось чаму. Навука, у адрозьненьні ад адкрыцьця Бібліі, ніколі не стаіць на месцы, бо заўсёды рухаецца ў накірунку праўды. Яна ніколі не даходзіць да закончанай ці абсалютнай кропкі і заўсёды імкнецца да новых адкрыцьцяў. Яна высоўвае новую гэпотэзу, але потым замяняе яе наступнай і так да бясконцасьці. Прыклады? Калі ласка. Сучасная навука разбурыла міт пра тое, што атам, як часьціца, непадзельны. Дарэчы, слова атам, па грэцкі, азначае «нерасьсечны», але зараз усе мы ведаем тое, што гэта зусім ня так. Такім жа чынам сучасныя дасьледваньні абвяргаюць і многія іншыя ранейшыя тэорыі. І гэта нармальна, а інакш і быць ня можа.

Вельмі часта прыходзіцца чуць тое, што Біблія – гэта не падручнік, а простая рэлігійная кніга, а таму ёй можна давяраць у пытаньнях веры і маралі, але толькі не ў пытаньнях навукі. Але ці гэта так? На наш погляд навука, багаслоўе і гісторыя – гэта зусім ня розныя крыніцы веданьня. Гэта ёсьць тры розных спосабы паглядзець на наш сьвет так, як нам вядомыя даўжыня, шырыня і вышыня, якія немагчыма падзяліць. Разгледзем, дзеля гэтага, асноўную дактрыну хрысьціянства – уваскрасеньне Ісуса Хрыста. Што гэта: багаслоўскае вучэньне, гістарычнае ці навуковае? Ня трэба глыбокіх разважаньняў, каб зразумець тое, што гэта ёсьць разам і першае, і другое, і трэцяе. Уваскрасеньне Хрыста кранае ўсе сферы прыродазнаўчых навук – ад анатоміі і біялогіі да фізікі і хіміі. Відавочна і тое, што гэта ёсьць гістарычным фактам і фактам самым важным у сьвеце. Калі ж мы прыбярэм навуковы ды гістарычны асьпекты з гэтага пытаньня, дык што ж застанецца? Толькі міт і нічога больш. Менавіта такі погляд і разбурыла веру ў Біблію, як разумную крыніцу веданьня. Але мы добра ведаем тое, што адзіна сапраўдны падыход да Бібліі – гэта той, якога прытрымліваўся Ісус Хрыстос, бо Біблія ёсьць словам Божым, якое вызначае і гісторыю, і навуковыя пытаньні.

Асноўная прычына, па якой многія ня бачаць сувязі паміж хрысьціянствам і зьяўленьнем навукі – гэта няправільнае ўяўленьне пра паходжаньне сусьвету. На жаль тэорыя эвалюцыі даволі хутка завалодала розумам навукоўцаў ды і ня толькі, бо сістэма адукацыі прыняла тэорыю, як даказаны факт. Але тэорыя – гэта толькі тэорыя, якая, калі казаць пра Дарвіна, мае дастаткова белых плямаў і таму ня можа лічыцца навуковым фактам. Людзі забыліся пра асноўныя прынцыпы навуковага метада – назіраемасьць, пацьверджаньне, паўторнасьць і аспрэчваньне. Справа ў тым, што ні тэорыя эвалюцыі, ні слова Бібліі пра стварэньне сьвету не ўмяшчаюцца ў рамкі навукі, ў строгім яе разуменьні. Таму гэтыя погляды ня ёсьць катэгорыяй аб’ектывна-навуковай. Таму ёсьць пэўныя доказы і яны кажуць пра адсутнасьць пераходных формаў паміж, напрыклад, птушкай і паўзуном ці малпай і чалавекам. Ніякага зьвяна, якога не хапае для пацьверджваньня эвалюцыі, увогуле не існуе. А таму тэорыя эвалюцыі так і застаецца тэорыяй, але ня фактам і да навукі ніякага дачыненьня ня мае.

Сучасная навука, як і раней, нясе ў нашае штодзённае жыцьцё мноства карысных вынвходніцтваў. Але без Ісуса ўсяго гэтага не магло і быць. Паглядзім вакол сябе і пабачым розную бытавую, аўтамабільную і іншую тэхніку. Ці магло стацца гэта рэальнасьцю, каб не Ісус? Можна бясконца пералічваць усемагчымыя плады навукі, якімі мы б ніколі не скарысталіся, каб не было Ісуса.


Рецензии