Новы год. Каляды
Мне было дванаццаць, калі бацька завёз мяне на Палессе , у глухую вёску, дзе ўсе свае, цяжкія людзі, і кожны знае пра кожнага ўсё. Гумар такі цяжкі, усрацца за eine Sekunde можна, калі не ведаеш палешукоў.
Мы з хлопцамі і дзеўкамі пайшлі ў лес выбраць елачку. Надзелі, што было: мне дасталі якісь старажытны кажушок, валёнкі пяцьдзесят шостага памеру, смешна было, але цёпла. Лес мы ведалі з маленства, але ўсё адно заблукалі. Пакуль елачку ссякалі, пайшоў ледзяны дождж. Халадэча такая, што пальцы драўнелі.
Пасля гэтага я і захварэў.
Амаль месяц валяўся ў бОльніцы пасёлку лесапрамгасу Хваенск, які у мясцовых як Майдан завецца, не інакш.
БОльніца старая, сырая. Пах карболкі, лізола і чалавечага гомна стаяў у калідоры, як туман, ад якога слёзы цеклі. У пакоі ляжаць старыя: кашляюць, енчаць, стогнуць, перакочваюцца, як закінутыя з восені снапы.
Я слухаў іхнія размовы.
Цёткі ўспаміналі пра вайну. Як немцы палілі вёску разам з людзьмі, за ракой, за Туравам. Казалі, што горш за немцаў былі вугорцы , тыя рабілі такое, што нават старыя перарываюцца і замаўкаюць.
Мужыкі ёсць мужыкамі, свае тэмы: пра баб, пра рыбалку, пра сплавы. Аб маторы Вецярок 8М. Адзін памятаў, як на сплаўной грузавік з людзьмі з’ехаў у раку. Капут . Усе ад панікі пайшлі на дно. Практычна ўсе. Ён гаворыць гэта ціха, без эмоцый, як пра нешта, даўно аселае ў костках. Не паспелі, кажа. Толькі бурбалкі пайшлі.
У кожнага пры сабе была самагонка. Выпівалі паціху, не хаваючыся ад медсясцёр.
Калі куранты па радыё адбівалі Новы год, стары машыніст Мурашка ,сівы, з дзіркай у горлі, з вочамі як попел , наліў мне ў слоіка маленькую чарку.
-Не хварэй, хлопча. Будзь здаровы, сіпеў ён, закрыўшы вялікім пальцам дзірку на горлі.
І я каўтнуў. Горка, моцна, але па-свойму цёпла.
А галоўны ўрач, Сівуха ,з комэдным прозвішчам, але чалавек жорсткі , усё назначаў і назначаў мне ўколы.
Мяне ўжо трэсла: жывое месца не засталося.
Каб яго качкі стапталі, думаў я, бо мая срака была ўжо ўся сіняя ад гэтых уколаў. Бурчалі палешукі на Сівуху. Ніхто не ведае , колькі ён выратаваў на самой справе палешукоў. Людцаў ганарлівых.
Такі Новы год быў у мяне.
1976-ы. Палессе.
Холад, лес, хвароба.
Старыя галасы, што гаварылі ноччу.
І тая чарка самагонкі ад Мурашку, маленькі агеньчык маёй памяці у вялікім цёмным сьвеце.
Свидетельство о публикации №225121001440