Христианство и предпринимательство

VI. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

«Ня будзеш красьці. Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым. Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!» (Вых 20:15-17).

Каб не хрысьціянства, наўрад ці зьявіўся б капіталізм і сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, якая прынесла дабрабыт мільярдам людзей у гэтым сьвеце. Гэта відавочны факт, бо нават агульнавядомы дыктатар Фідэль Кастра, аднойчы і неахвотна, прызнаў тое, што, пэўным чынам, захапляецца кубінскімі пратэстантамі, якія ніколі не лайдачаць, не спазняюцца на працу і ніколі не падманваюць. Такім чынам адзін з самых адыёзных дыктатараў-камуністаў прызнаў практычную каштоўнасьць працоўнай этыкі хрысьціянаў. Якая, дарэчы, прывяла да разьвіцьця многіх заходніх краінаў і іхняга матэрыяльнага дабрабыту.

Але чаму гэтыя краіны дасягнулі такога высокага матэрыяльнага ўзроўню? І чаму многія азіяцкія краіны ўзбагаціліся, калі прынялі эканамічныя ідэі Захаду? Беднасьць у краінах трэцяга сьвету пацьверджвае словы Бібліі: «Якія думкі ў душы чалавека, такі і ён» (Прып 23:7). Паглядзем на Індыю, якая тысячагоддзямі жыве ў галечы. Індуізм заахвочвае беднасьць, вучачы таму, што рэальнасьць ёсьць катэгорыяй ілюзорнай і замест умяшальніцтва ў гэты сьвет, трэба не зьвяртаць на яго увагі. Ці многія ісламскія краіны, дзе фаталізм іслама закрывае шлях да прагрэсу. Мусульмане лічаць тое, што ўсе чалавечыя высілкі марныя, бо ўсё ў гэтым сьвеце прадвырашана Алахам, а таму пасіўнасьць і адсутнасьць пераменаў ёсьць нормай жыцьця. Усходні буддызм, напрыклад, вучыць таму, што гэты сьвет ёсьць зло і зьмяніць нешта ніяк нельга, а лепшым выйсьцем з гэтага – гэта скарыцца і жыць так, як ёсьць. Мэта буддызму не ў паляпшэньні жыцьця чалавека, але ў скарэньні і ў яднаньні з сусьветнай душой, што ніяк не спрыяе сацыяльнаму разьвіцьцю грамадзтва. І толькі там, дзе знаходзяцца хрысьціяне маецца магчымасьць для прагрэсу, бо менавіта хрысьціяне імікнуліся будаваць эканоміку па Божаму вучэньню.

Што ж кажа Біблія, дзе пра грошы ўзгадваецца больш за 700 разоў, пра эканоміку? Калі мы паглядзем на Дзесяць запаведзяў, дык пабачым ухваленьне прыватнай маёмасьці – аснову здаровай эканомікі. «Ня будзеш красьці» - гэта азначае тое, што Біблія абараняе прыватную ўласнасьць, бо калі нейкая рэч нікому не прыналежыць, ды яе ўкрасьці не магчыма. «Ня жадаць дому блізкага твайго» - азначае тое, што нават самая думка пра прысваеньне чужой маёмасьці ёсьць грахом. Біблія забараняе фальшыва сьведчыць і чужаложыць, што азначае выкананьне абяцаньняў і забарону падмана. У Дзесяці запаведзях мы знаходзім усё для нармальнага жыцьця грамадзтва: права на жыцьцё, права на свабоду і маёмасьць, што дае падставу для годнага існаваньня свабоднай сям’і, якая, захоўваючы любоў і шанаваньне бацькі ды маці, становіцца асновай для разьвіцьця здаровай эканомікі.
Але трэба сказаць і тое, што некаторыя так ня лічаць. Такія людзі ўпэўнена сьцьвярджаюць тое, што Біблія вучыць сацыялізму і асуджае прыватную маёмасьць, прыводзячы ў прыклад урывак з кнігі Новага Запавету «Дзеі»: «А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю, і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў. А Пётр сказаў: “Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле? Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу”. Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта» (Дзеі 5:1-5). Многія ліберальныя багасловы і эканамісты прыводзяць прыкладам і іншыя ўрыўкі з Пісаньня, дзе ўпамінаецца сумеснае валоданьне маёмасьцю ў раньніх хрысьціянаў. Але ці гэта адмаўляе прыватнай маёмсьці? Зусім не, бо Пётр не абвінавачвае Ананію ў тым, што той захаваў частку грошай ад продажу сваёй зямлі, але за тое, што Ананія, аддаўшы частку грошай апосталам, зрабіў выгляд на тое, што гэта былі ўсе грошы ад продажу. Ніхто не забараняў яму пакінуць сабе частку грошай, каб другую частку, у шчырасьці сваёй, пакласьці перад апосталамі. Але Ананія схлусіў і схлусіў ня людзям, але Богу. За што і быў пакараным.

У аснове разьвіцьця капіталізму ляжала яшчэ адна біблійная праўда: праца ёсьць запаведзьдзю ад Бога. Праца – гэта не праклён, і бегчы ад яе ня трэба, як гаворыцца ў прымаўцы бязбожных людзей: «Што б не рабіць, абы нічога не рабіць». Вернемся да Адама і Евы, калі Бог запаветаваў Адаму працаваць, калі той павінен быў апрацоўваць сад у Эдэме. І гэта не было праклёнам. Нават і пасьля грэхападзеньня праца, па ранейшаму, застаецца важнай часткаю нашага жыцьця, хаця зараз яна стала нашмат цяжэй у выніку грэхападзеньня Адама і Евы.

Да ўзьнікненьня хрысьціянства многія народы адносіліся да працы грэбліва, лічачы гэта справаю рабоў. Як мы ўжо ведаем, палова насельніцтва рымскай імперыі складалася з рабоў, якія і былі прызначаныя для ўсялякай працы. Калі апостал Павал прыйшоў у Атэны, дык, на той момант, там налічвалася да дзьвух трацін рабоў і недарма Лука кажа ў Дзеях пра атэнцаў: «Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя туды чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае» (Дзеі 17:21). І толькі пасьля распаўсюджваньня хрысьціянства сітуацыя пачала перамяняцца. Калі рабы пачалі пераўтвараца ў свабодных працоўных людзей. Пачатак жа гэтаму для паганскіх краінаў даў Ісус Хрыстос і хрысьціяне. Сам Ісус, нарадзіўшыся ў Ізраілі, даў асабісты прыклад адносінаў да працы, калі добра валодаў цясьлярскім, ды і ня толькі, майстэрствам, што ў Ізраілі не было пагардлівым. Бог Сам працаваў і даў нам працу для ўладкаваньня ды забясьпячэньня жыцьця, а чалавек, які грэбуе працай ня можа вытрымаць тых выпрабаваньняў, якія дае нам Бог.

Мала хто ведае тое, што сістэма падвойнага запісу і бухгалтарскі ўлік зноў жа былі падарункамі сьвету ад хрысьціянства. Францысканскі манах Фра Лука Пачолі, які жыў у Італіі, выдаў у 1494 годзе кнігу «Сума арыфметыкі, геаметрыі, дробаў, прапорцый і прапарцыянальнасьці», дзе, між тым, быў разьдзел пра сістэму падвойнага запісу, што стала асновай сучаснага бухгалтарскага ўліку. Дарэчы, знакаміты Гётэ назваў гэта адным з найвялікшых адкрыцьцяў чалавечага розуму. Кніга Пачолі была напісанай у славу Бога і мела сваёй мэтаю паказаць матэматыку з навуковай і багаслоўскай кропкі погляду. Распрацаваная ім метадалогія назаўжды зьмяніла будучыню эканомікі і паспрыяла зьяўленьню фінансавых аналітычных табліцаў. Гэта Пачолі вызначыў балансавае раўнаньне пра тое, што актывы ёсьць пасівы плюс асабісты капітал і гэтае раўнаньне выкарыстоўваецца зараз у-ва ўсім сьвеце.

Якія ж карані ў прадпрымальніцтва, а дакладней – у свабоднага прадпрымальніцтва? Так, првільна – гэта працоўная этыка пратэстантаў, якая канчаткова сфармавалася пад уплывам Жана Кальвіна і ягоных пасьлядоўнікаў. Менавіта ім абавязана зьяўленьне свабоднага прадпрымальніцтва. І таму ёсьць прыклады. Менавіта ў краінах, дзе калівінізм пэўным чынам укараніўся, і адбыўся найбольшы прамысловы рост прадпрымальніцтва. Гэта Нідэрланды, дзе вельмі актыўна дзейнічалі прамыслоўцы-пратэстанты. Гэта Англія, дзе назіраўся найвялікшы пад’ём разьвіцьця прамысловасьці. Гэта, у значнай ступені, і Францыя, дзе кальвіністы-гугеноты займалі першыя месцы сярод фінансавых і прамысловых колаў тагачаснай каталіцкай Францыі. Пералік можна працягваць і заўсёды, пры гэтым, будзе гучаць слова кальвінізм, а гэта азначае толькі тое, што менавіта Жан Кальвін ёсьць сапраўдным заснавальнікам капіталізму. Менавіта ён стаў першым багасловам, які разглядзеў сутнасьць рэчаў і здолеў адмовіцца ад поглядаў, якія стагодзьдзямі дамінавалі ў каталіцкай царкве. Але што гэта былі за погляды?

У тыя часы каталіцкая царква знаходзілася пад безумоўным уплывам багаслоўскага вучэньня Тамаша Аквінскага (1225-1274), які сумяшчаў хрысьціянскае вучэньне з філасофіяй Арыстоцеля, які вучыў таму, што грошы непрадуктыйныя і ўвогуле некарысныя. Каталіцкая царква і прыняла гэтае вучэньне Арыстоцеля, які вучыў гэтаму каля 400 года да Р.Х. Больш таго, каталіцкая царква вучыла таму, што пазыка пад працэнты кваліфікуецца як ліхвярства. Існуе думка пра тое, што царква выконвала ролю заслоны, якая абараняла чалавека ад небясьпекі таго часу. Таму і натуральна тое, што царква процістаяла ліхвярству, бо ў тыя часы не існавала інструмантаў, якія дазвалялі б атрымліваць узаемную карысьць як пазыкадаўцу, так і пазычальніку. У адсутнасьці прамысловасьці запазычаныя грошы не працавалі, як працуюць пры капіталізьме, а таму вельмі хутка расходваліся, не даючы ніякага прыбытку. Тамаш Аквінскі, як, дарэчы, і іншыя каталіцкія філосафы абураліся тым, што пазычальнік павінен быў плаціць працэнты з таго, чаго ўжо даўно не існуе.
Але Кальвін зразумеў тое, што грошы здольныя прыносіць немалую карысьць, лічачы тое, што няма ніякіх біблійных падставаў лічыць любую пазыку як ліхвярства. Зыходзячы з гэтага Кальвін даў новае вызначэньне ліхвярству, згодна якога налічэньне працэнтаў ёсьць нармальным. Але Кальвін лічыў таксама і тое, што ня сьлед браць працэнты з бедных. Ён вучыў таму, што ў любых эканамічных зьдзелках трэба кіравацца залатым правілам: «У-ва ўсім, як хочаце, каб з вамі чынілі людзі, так чыніце і вы з імі». Працытуем, з гэтай нагоды, самога Кальвіна: «Разважлівасьць не дазваляе нам сьцьвярджаць, што ўсякае ліхвярства, без выключэньня, павінна быць асуджаным…У адказ скажу, што пытаньне пра тое, у якіх выпадках трэба забараняць ліхвярства, тычыцца толькі бедных, а таму, калі мы маем справу з багатым, ліхвярства цалкам дазвольнае. Ліхвярства не зьяўляецца беззаконным – хіба што ў тых выпадках, калі яно разбурае справядлівасьць і братэрскія адносіны. Такім чынам, няхай кожны, памятаючы пра Божы судны пасад, ня робіць близкаму таго, чаго не пажадаў бы сабе і гэта станецца падставай для прыняцьця разумных і правільных рашэньняў». Кальвін разглядаў крэдыт як нармальную і непазьбежную зьяву ў жыцьці грамадзтва. Прыклады з Старога Запавету ён лічыў неактуальнымі, бо напісанымі яны былі ў іншых эканамічных умовах. Ён настойваў на тым, каб выплата працэнтаў з капіталу была такой жа натуральнай, як і плата за арэнду зямлі. Але вызначаючы ж памер працэнтаў, чалавек павінен быў кіравацца сумленьнем і залатым правілам.

Жан Кальвін вызваліў грошы з рабства і даў ім свабоду, якія, ў свой час, пры ўмове свабоднага прадпрымальніцтва, стварылі высокі ўзровень жыцьця чалавека, бо нават бедныя ў разьвітых прамысловых краінах жывуць нашмат лепш, чым у краінах трэцяга сьвету. Кальвін ухваляў права на прыватную маёмасьць, але, у той жа час, заўсёды ўзгадваў біблійны прынцып распарадніцтва, дзе мы выступаем толькі ў ролі кіраўнікоў, якім Бог даручыў Свае грошы, а таму, рана ці позна, нам прыдзецца адказаць перад Ім за тое, як мы распарадзіліся гэтымі грашыма.

Мы ўжо даведаліся пра тое, што менавіта хрысьціяне-пратэстанты і сталіся тым першапачатковым рухавіком, які пачаў раскручваць разьвіцьцё капіталізму ў Эўропе і Амерыцы. Але што паўплывала на тое, каб гэты рухавік запрацаваў на поўную моцу? Так, правільна і гэта ёсьць пратэстанская (хрысьціянская) працоўная этыка, якая нясе ў сабе шэраг хрысьціянскіх прынцыпаў, якія трымае ў Сваіх руках Бог. Калі чалавек прыходзіць да Хрыста, дык Бог, вызваляючы чалавека ад грэху, здымае з нас непакой і дае раскрыцца нашым здольнасьцям. Бог дае нам сілы для сумленнага выкананьня нашых абавязкаў, бо становіцца нашым апірышчам. Мы атрымліваем ад Бога мудрасьць і новыя ідэі, а таксама і сілы для іх выкананьня. І галоўнае тое, што, ўсё, што мы робім, мы павінныя рабіць у славу Божую, ідучы за дэвізам: «Імкнуцца да дасканаласьці ў-ва ўсім, робячы ўсё ў славу Божую».

Бог шчодра адорвае Сваіх адкупленых рознымі дарамі, творча рскрываючы розум і здольнасьці, якія Ён даў ім пры нараджэньні. І гэта вельмі моцна адбіваецца на выніках працы, што грунтуецца на высокай прадукцыйнасьці, дысцыплінаванасьці і творчым падыходзе. У выніку ж яны вырабляюць нашмат больш, чым маюць у тым патрэбу. Так і складаецца прыбытак, які можна накіраваць на набыцьцё новых сродкаў вытворчасьці, яшчэ больш прадукцыйных і эфектыўных. Такім чынам і дасягаецца найвышэйшы ўзровень жыцьця ў сьвеце. Сёньня ж мы бачым падобнае ў тых краінах, дзе сур’ёзна ўкараняецца эвангельскае хрысьціянства і яскравым прыкладам гэтага зьяўляецца Паўднёвая Карэя, дзе узровень жыцьця вельмі і вельмі павялічыўся, а антыпрыкладам служыць Паўночная Карэя, дзе, амаль што кожны год, ідзе барацьба з голадам. І ўсё гэта тлумачыцца прысутнасьцю ці непрысутнасьцю ў гэтых краінах хрысьціянства. Касьмічныя здымкі Карэйскай паўвыспы ўражваюць, бо частка Паўднёвай Карэі, у начы, уся ў сьвятле, а гэтае сьвятло зыходзіць ад нэонавых крыжоў шматлікіх хрысьціянскіх цэркваў краіны. Што ж тычыцца Паўночнай Карэі, дык на гэтым месцы ёсьць адна суцэльная чорная пляма.

Ці маглі даць сьвету навукова-технічны прагрэс іншыя хрысьціянскія канфесіі? Гэта наўрад ці, бо той жа Тамаш Аквінскі, акрамя негатыўнага стаўленьня да грошай, лічыў манархію найлепшай формай кіраваньня грамадзтвам, а дэмакратыя ставілася ў адзін рад з найхужэйшымі формамі. Сучасная каталіцкая царква прымае пратэстанскі капіталізм і, па меры магчымсьці, удзельнічае ў рзьвіцьці грамадзства. Праваслаўная ж царква ніколі не вучыла таму, што нясе ў сабе працоўная этыка пратэстантаў, бо і сёньня лічыць гэта крокамі ў паганскае мінулае. Што ніяк не перашкаджае людзям, якія адносяць сябе да праваслаўнай культуры, актыўна карыстацца набыткамі капіталізму, а сьвятарам, усіх рангаў, разьяджаць на шыкоўных аўто і карыстацца інтэрнэтам. Але доля праўды ў пазіцыі праваслаўнай царквы ўсё ж ёсьць і вось чаму.

«Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і багатыя, якіх ты не будаваў, дамы, поўныя усякіх багацьцяў, якіх ты не зьбіраў, выкапаныя студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся, сьцеражыся, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі» (Друг 6:10-12). Дабрабыт і багацьце народа можа ператварыцца і ў праблему, бо людзі часта забываюцца пра крыніцу багацьця – пра Бога. Вялікі ангельскі прапаведнік Джон Уэсьлі (1703-1791) яшчэ ў тыя часы папярэджваў: «Баюся, што памнажэньня багацьця непазьбежна прыводзіць да ўпадку рэлігіі. Таму я ня думаю, што сапраўднае адраджэньне сапраўднай рэлігіі можа працягвацца доўга – такая прырода рэчаў. Бо рэлігія абавязкова цягне за сабою працавітасьць і беражлівасьць, што, у сваю чаргу, прыводзіць да павялічэньня багацьця. Але па меры памнажэньня багацьця пачынаюць таксама квітнець гордасьць, злосьць і любоў да ўсяго сьвецкага ў-ва ўсіх яе праявах». Другі ж вядомы пурытанін выказаўся на гэты конт вельмі коратка: «Рэлігія нарадзіла працьвітаньне, але дачка праглынула сваю маці». Гэтыя папярэджваньні накірованы на ўсіх, хто лічыць сябе хрысьціянінам, каб ніхто не забыўся, што ўсе іхнія багацьці ад Бога, а яны пастаўленыя каля іх добрымі распарадчыкамі.
Імя вялікага шатланца Адама Сьміта шануецца ўсімі сучаснымі вучонымі-эканамістамі, нягледзячы на розныя кропкі погляду, якіх яны прытрымліваюцца. Кніга «Дасьледваньне пра прыроду і прычынах багацьця народаў» (1776 г.) каштавала яму дзевяці гадоў адзіноцтва і прынесла яму славу «бацькі эканамічнай навукі». Многія прынцыпы, на якіх будавалася свабоднае прадпрымальніцтва, мелі пад сабою біблійную падставу, але пакуль што ніхто іх не сістэматызаваў, у тым ліку і рэфарматары на чале з Кальвінам. І вось нарэшце, Адам Сьміт, прафесар хрысьціянскай этыкі ўніверсітэта горада Глазга, сфармуляваў гэтыя прынцыпы ў сваёй кнізе. Такім чынам, з гэтага і пачалося разьвіцьцё сучаснага капіталізму. Вельмі вядомым стала ягонае выказваньне пра «нябачную руку»: «Кожны асобны чалавек абавязкова садзейнічае таму, каб гадавы даход грамадзтва быў максімальна вялікім. Так, ён глядзіць толькі на сваю асабістую выгаду, прычым у гэтым выпадку, як і ў многіх іншых, ён нябачнай рукою накіроўваецца да мэты, якая зусім і не ўваходзіла ў ягоныя намеры. Пры гэтым грамадзства не пакутуе ад гэтага. Бачачы свае асабістыя інтарэсы, ён часта больш дзейсным чынам служыць інтарэсам грамадзтва, чым тады, калі сьвядома імкнецца гэтае зрабіць. Мне ні воднага разу не прыходзілася чуць тое, што многа добрага было зроблена тымі, якія рабілі выгляд, што вядуць гандль дзеля дабра ў грамадзтва». Так так, апошнія радкі – гэта пра планавую эканоміку.

Іншымі словамі Сьміт паказвае нам тое, што рынкавая эканоміка нашмат лепш за планавую. Сучасны чалавек, які застаў яшчэ Савецкі Саюз, а потым пабачыў і заходнія краіны, аддаў бы перавагу Адаму Сьміту. Планавая эканоміка аказваецца зусім неэфектыўнай, бо ніяк не ўлічвае грахоўную прыроду чалавека, які ня будзе працаваць там, дзе можна не працаваць ці недапрацоўваць. Недарма ж, па савецкім часе, хадзіла ў народзе прымаўка: «Ад працы коні дахнуць ды трактары ламаюцца». Але, у той жа час, права прыватнай уласнасьці і свабоднае прадпрымальніцтва не павінны быць самамэтаю, як лічаць многія ў нашыя часы. Мы ня можам распараджацца маёмасьцю так, як нам заманецца. Наадварот, мы заўсёды павінныя памятаць тое, што аднойчы нам прыдзецца даць справаздачу Богу – за кожны патрачаны ці аддадзены рубель.

Якія ж плады атрымаў сьвет ад свабоднага прадпрымальніцтва? Яшчэ некалькі стагодзьдзяў таму, у краінах заходняй Эўропы, насельніцтва гэтых краінаў аддавалі на ежу дзевяноста адсоткаў свайго даходу, а астатнія дзесяць адсоткаў прызначаліся на астатнія патрэбы. Такое і было жыцьцё на працягу тысячагодзьдзяў, але ўсё зьмянілася з прыходам капіталізму. Прывядзем, як прыклад, сярэднястатычную тагачасную краіну – Германію. З пачаткам разьвіцьця капіталізму (прывітаньне Адаму Сьміту) у Германіі было ня больш за 1000 чалавек, якія мелі гадавы даход каля 1000 даляраў. Але  паступова пачалі зьдзяйсняцца ў жыцьцё біблійныя прынцыпы, якія разглядаліся рэфарматарамі і сфармуляваныя Адамам Сьмітам. І вось яны плады. З 1800 па 1850 гады рэальны заробак павялічыўся ў чатыры разы. З 1850 па 1900 гады рэальны заробак павялічыўся яшчэ ў чатыры разы, а гэта азначае тое, што ў XIX стагодзьдзі дабрабыт і даход павялічыўся ў шаснаццаць разоў. Сьвет такога яшчэ ня бачыў. Гэта адбывалася ў Эўропе і, асаблівым чынам, у Амерыцы, дзе свабоднае прадпрымальніцтва разьвівалася без абмежаваньняў. Нельга не сказаць і пра скандынаўскія краіны, дзе вельмі трывала ўкаранілася лютаранства. На сёняшні дзень – гэта найбольш шчасныя краіны ў сьвеце, бо хрысьціянская працоўная этыка працуе тут і сёньня.

А зараз павернем свой погляд на Афрыку – у паўночную яе частку. Яшчэ ў XX стагодзьдзі асновай транспартнай часткі эканомікі былі жывёлы – гужавы транспарт, на якіх і перавозіліся розныя грузы. Сярэдняя цана такой жывёліна складала каля 85 даляраў, а гадавы даход сярэдняга гарамадзяніна не перавышаў 100 даляраў. Адчуем жа тое, якой трагедыяй была згуба такой жывёліны для сям’і такой краіны. Зноў жа, як і ў Эўропе, на пачатку XIX стагодзьдзя, большасьць даходу сям’і ішло на харчаваньне, а рэшта ад даходу не дазваляла павялічваць прылады вытворчасьці. А калі б ня так і чалавек меў магчымасьць зьмяніць вярблюда на аўто, дык сітуацыя зьмянілася б, бо значнае павышэньне даходу паўплывала б на далейшае ўкладаньне ў сродкі вытворчасьці, і, як вынік, паслужыла б далейшаму павышэньню дабрабыту грамадзтва.

Назапашаны капітал, ці прыбытак, як мы ўжо ўявілі, пераўтвараецца ў сродкі вытворчасьці і менавіта ў гэтым ёсьць розьніца паміж тэхналагічнымі дасягненьнямі сучаснасьці і галечай Сярэднявечча. XX стагодзьдзе, між тым, выявіла вялікую розьніцу паміж капіталізмам Заходніх краінаў і эканомікай сацыялізму краінаў на Ўсходзе, дзе прымусовай працай бедных людзей будаваўся камунізм. Не атрымалася і, па вызначэньню, атрымацца не магло, бо, вяртаючыся да Сьміта, неэфектыўнае заўсёды прайграе эфектыўнаму. Дададзім да гэтага толькі тое, што планавая эканоміка, як беднасьць, ёсьць абавязковай складаючай любой дыктатарскай улады, бо капіталізм – гэта асабістая свабода чалавека, што непрымальна для дыктатуры.
XX стагодзьде замацавала ліберальную думку, якая мае відавочны антыхрысьціянскі характар, калі чалавек ёсьць асноўным творцам свайго жыцьця. Менавіта гэтае стагодзьдзе і нарадзіла думку пра тое, што дзяржава, а не царква, павінна дапамагаць бедным, якія ёсьць у кожным грамадзтве. Такім чынам зьявіліся дзяржаўныя праграмы сацыяльнай дапамогі маламаёмасных грамадзянаў. Мы маем на ўвазе тут Заходнія краіны і, у першую чаргу, Злучаныя Штаты Амерыкі. Гэтая памылка укаранілася і па сёняшні дзень, значна гальмуючы разьвіцьцё эканомікі. Чаму? Гэтыя праграмы, як і планавая эканоміка, не ўлічваюць грахоўную прыроду чалавека, якая імкнецца не працаваць, але атрымліваць. Імкненьне ўрада вырашыць праблему беднасьці патрабуе велізарных матэрыяльных сродкаў, якія аказваюцца зусім неэфектыўнымі, нягледзячы на тое, што мэта гэтага мерапрыемства мае дабрачынны характар. Грахоўны характар чалавека імгненна рэагуе на гэта, бо атрымліваць матэрыяльныя сродкі не працуючы, чаму і не. Многія людзі не жадаюць ахвяраваць сваімі грашыма на карысьць абяздоленых і таму ім больш падабаецца тое, калі гэта бярэ на сябе дзяржава, якая, у выглядзе падаткаў, забірае ў забясьпечаных і аддае бедным. Гэтакі сучасны Робін Гуд, які не разумее таго, што большасьць гэтых сродкаў асвойваецца шматлікімі чыноўнікамі, якія гэты працэс рэгулююць.

Але ці не павінны мы клапаціцца пра бедных? Павінны. І гэта павінны рабіць цэрквы, прыватныя і грамадзскія дабрачынныя арганізацыі, а таксама і грамадзяне, якія праяўляюць клопат пра іншых. Зараз жа заходнія краіны маюць іншы падыход да гэтай праблемы, калі дзяржава бярэ на сябе зусім неэфектыўны спосаб дапамогі бедным, бо большасьць з тых, хто атрымлівае такую дапамогу, простым чынам ня хоча працаваць. Заклікаючы да шчодрасьці ў адносінах да бедных, Біблія заўсёды кажа пра дабраахвотныя ахвяравяньні ў царкве, але не пра выплаты праз спаганяемыя падаткі. На жаль сучаснае грамадзтва гэта не падтрымлівае і большасьць людзей шчыра лічыць тое, што клопат пра бедных – гэта клопат дзяржавы. Але, спрабуючы процістаяць гэтаму, зьвярнемся да першакрыніцы - Бібліі.

Зьвярнемся ж мы да апостала Паўла, які пісаў тэсалонцам наступнае: «Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць» (Тэс 3:10). Для многіх сучасных людзей гэтыя словы Паўла ня ёсьць прыемнымі, бо вельмі многія жадаюць есьці не працуючы. Але Павал добра ведаў тое, што ў чалавеку жыве зло і што ён схільны да бязьдзейнасьці і ляноты. Ёсьць людзі, якія пазьбягаюць працы, але Павал рашуча абвяшчае тое, што лайдак не заслугоўвае харчаваньня. Безумоўна і тое, што гэта ня тычыцца тых, хто працаваць ня здольны. Біблія адназначна заклікае да клопату пра параліжаваных, сьляпых, хворых, старых і немаўлятах, але чалавек, які ня проста ня хоча працаваць, не заслугоўвае і харчаваньня. Не зусім прыемныя словы, бо выглядаюць негуманнымі, але гэта самы гуманны з усіх эканамічных прынцыпаў, бо калі б ня так, дык сьвет даўно б апынуўся на мяжы галоднай сьмерці, а таму словы апостала Паўла ёсьць актуальнымі ў-ва ўсе вякі.

А зараз, у пацьверджаньне ўсяго вышэйсказанага, прывядзем адзін гістарычны прыклад, пра які мала хто ведае. Гаворка пойдзе пра тое, як пачыналася Амерыка, якая пачыналася з эксперыменту пад назваю «сацыялізм». У гэтым назіраецца іронія, бо краіна вольнага прадпрымальніцтва пачыналася з сацыялістычных прынцыпаў. Але гэта было і было наступным чынам. Гісторыя першага Плімуцкага паселішча кажа пра тое, што першыя перасяленцы вымушаны былі пачаць з сацыялістычных прынцыпаў. Чаму? Так пажадалі людзі, якія ахвяравалі грошы на гэтую экспедыцыю. Было вырашана тое, што на новым месцы ўсё будзе агульным і кожны з перасяленцаў будзе імкнуцца, ў шчырасьці сваёй, прыносіць карысьць агульнай гаспадарцы. Лічылася тое, што такім вось чынам і прыйдзе сапраўднае шчасьце. Было гэта ў 1620 годзе.
У выніку ж першы год сумеснай працы апынуўся вельмі няўдалым, калі быў атрыманы вельмі бедны ўраджай, у выніку чаго жыхары былі ў галечы, а многія памерлі ад голаду і хваробаў. Наступны год даў тыя ж вынікі, а Плімутскае паселішча згубіла палову свайго насельніцтва. І вось, у 1623 годзе было вырашана гэтую гульню ў сацыялізм спыніць. Кожнаму даросламу мужчыне быў дадзены пэўны надзел зямлі, які ён павінен быў апрацоўваць, каб забясьпечыць сваю сям’ю. У выніку ўсе з вялікім надхненьнем узяліся за працу. Працавалі жанчыны, якія раней гэта не рабілі, а нават і дзеці дапамагалі дарослым. Рабілі ўсе. Вынікам гэтай працы стаўся неверагодна вялікі ўраджай і Амерыка сьвяткавала Дзень падзякі. У выніку ўсе зразумелі тое, што калі б не дазвол прыватнай маёмасьці, напэўна ўсе перасяленцы, з вялікай верагоднасьцю, памёрлі б. Заўважым тое, што адмаўленьне ад сацыялізму прывяло да сьвяткаваньня Дню падзякі. Вось гістарычны ўрок, а калі Амерыка вернецца да сацыялізму, дык дзякаваць ня будзе за што. Гэта тычыцца і іншых краінаў, дзе існуе вольнае прадпрымальніцтва, бо трэба памятаць словы апостала Паўла: «Калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць».

Сёньня многія мільёны людзей на Захдзе карыстаюцца мноствам матэрыяльнх набыткаў, нават не ўсьведамляючы таго, што іхняя эканамічня сістэма заснаваная на хрысьціянстве. Калі б не Ісус, мы, хутчэй за ўсё, заставаліся б ў галечы. Усходнія ж краіны, хаця і карыстаюцца здабыткамі капіталізму, але будучы носьбітамі розных дыктатураў і ня маючы свабоды прадпрымальніцтва, далёка ня маюць таго дабрабыту, што маюць краіны, дзе пануе свабоднае прадпрымальніцтва. Дзе Хрыстос там і свабода, і дабрабыт.


Рецензии