Христианство и брак
«Сужонства няхай будзе шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзіць Бог» (Геб 13:4)
Уся гэтая тэма мае свой пачатак у Старым Запавеце, бо ўжо ў першым разьдзеле кнігі Быцьця Бог кажа наступнае: «І сказаў Бог: «Зробім чалавека на вобраз Наш, як падабенства Нашае, і няхай ён мае уладу над рыбамі марскімі і над птушкамі паднебнымі, і над скацінай, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, які поўзае па зямлі». І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой, на вобраз Божы стварыў яго, мужчыну і жанчыну стварыў іх» (Быц 1:26-27). А вось і словы, якія і ўсталёўваюць інстытут шлюбу: «Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам» (Быц 2:24). Далей мы бачым тое, як праз грэх Евы першая сям’я пазбавілася ідэяльных эдэмскіх умоваў: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэм, каб абрабляў зямлю, з якой быў узяты» (Быц 3:24). Далей пайшоў дапатопны час, дзе грэх пладзіўся ды размнажаўся разам з людзьмі: «І бачыў Госпад, што вялікае зло сярод людзей на зямлі, і што ўсе намеры думак сэрца іхняга — толькі на зло ўсякі дзень» (Быц 6:5). Грэх настолькі ўкараніўся ў тагачаснае грамадзтва, што нават Бог пашкадаў на тое, што зрабіў чалавека на зямлі і няма ніякага сумненьня ў тым, што сэксуальны грэх быў значнай складаючай тагачаснага сьвету. Адразу ж, пасьля патопу, Бог даў запавет на тое, што такога рабіць, у далейшым, ня будзе: «Ня буду больш праклінаць зямлю з-за чалавека, бо настаўленьне сэрца чалавечага злое ад маладосьці яго. І больш ня буду забіваць усяго жывога, як гэта зрабіў» (Быц 8:21).
Ці скончыўся на гэтым грэх? Зусім не і пачаткам гэтаму быў сын Ноя Хам, які стаўся пачаткам разбэшчанага Ханаана. Далей болей. Бабілонская вежа і расцярушэньне гэтага амаральнага народу, з зьмяшаньнем моваў, па ўсёй зямлі. Садом і Гамора – прыклад найвышэйшай разбэшчанасьці людзей, якія лакальна былі вынішчаныя Богам. Усе памятаюць біблійную гісторыю Язэпа, якога браты прадалі ў эгіпецкае рабства за тое, што той прыносіў да бацькі Якуба ліхія весткі пра іх. Але вось ён убачыў і эгіпецкую мараль: «І сталася пасьля гэтых падзеяў, і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж са мною». Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне ні пра што ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у руку маю. Няма нікога, важнейшага за мяне, у доме гэтым; і ён не забараняе мне нічога, акрамя толькі цябе, бо ты — жонка ягоная. І як я магу ўчыніць такое вялікае злачынства і зграшыць супраць Бога» (Быц 39:7-9). Але Біблія не паказвае ўсёй глыбіні разбэшчанасьці эгіпецкага грамадзтва, а толькі нейкія эпізоды. Сітуацыя ж была нашмат хужэйшай: «Сэксуальная разбэшчанасьць прыняла самыя выродлівыя формы і распаўсюдзілася паўсюль, паказваючы розныя вычварэнствы. Блізкія сваякі спакушаюць адзін аднога. Існуюць сувязі паміж бацькам і дачкой, а сына з маці. Хапае выпадкаў, калі адзін мужчына мае палавыя адносіны з дзьвума сёстрамі ці з маці і дочкай адначасова. Хапае выпадкаў пералюбства, гвалту і прастытуцыі, а гомасэксуалізм стаўся звычайнай справаю. Людзі, як быццам бы, атрымліваюць нейкую асалоду, калі пераказваюць выпадкі гвалту, процінатуральных сувязяў і нават садаміі». Знаёма і сучасна? Але гэтыя радкі былі напісанымі чатыры з паловай тысяч гадоў таму. Старое, як сьвет і агіднае, як грэх.
У гістарычным рамане «Апошнія дні Пампеі адзін з героеў раману кажа пра адну дзяўчыну: «У Ёны толькі адна загана - цнота». У гэтых словах і выяўлены тагачасныя адносіны да сэксу. Але ці ня бачым мы тое ж і ў наш сучасны век – век адраджэньня паганства? Бацькі спакойна глядзяць на дашлюбныя палавыя адносіны сваіх дзяцей, дапамагаючы тым толькі парадамі, якія дапамогуць пазьбегнуць цяжарнасьці. І так, зацікаўленым на заметку, самы разбэшчаны тагачасны горад горад Пампеі раптоўна загінуў 24 жніўня 79 года новага часу, як загінулі да гэтага Садом і Гамора. Тэлевізар і кіно робяць усё, каб пазбавіць чалавека такой вось заганы - цноты і прымусіць яго вярнуцца ў старажытны паганскі сьвет разбэшчанасьці ды распутнасьці. Але што хрысьціянства?
Хрысьціянства ўплывае на сэксуальнае жыцьцё чалавека вельмі станоўча, бо ў вачах хрысьціяніна сэксульныя адносіны паміж мужам і жонкай маюць характар сьвятасьці. Любое злоўжываньне сэксам апаганьвае іх. Так, у гісторыі царквы былі і погляды, якія цалкам выключалі сэкс, а некаторыя лічылі адзінай каштоўнасьцю сэкса – працьгваньне роду. Але ў цэлым, адносіны хрысьціянства да сэксу былі і застаюцца ў вышэйшай ступені пазітыўнымі. Увогуле хрысьціянства, па сваёй сутнасьці, накірована на захаваньне сям’і як асновы грамадзтва. Адмаўленьне ад дашлюбных і пазашлюбных сэксуальных адносінаў захавала многіх ад розных непрыемнасьцяў, у тым ліку і медыцынскіх. Біблія вучыць таму, што палавая любоў асьвячаецца толькі ў шлюбе. Мы павінны захоўваць у чысьціні нават і думкі. Хрысьціянская этыка адмаўляе дашлюбны сэкс, гвалт, гомасэксуалізм і іншыя праявы палавой разбэшчанасьці. Гэтыя прынцыпы былі дадзеныя Богам, Які стварыў увесь сьвет і калі мы адкідваем іх, дык самі наклікаем на сябе пакуты ня толькі ў гэтым жыцьці, але і пагібель у жыцьці вечным.
Мы добра ведаем тое, што далёка ня ўсе сучасныя людзі пагадзяцца з хрысьціянскім поглядам на сэксуальныя адносіны, бо жывуць па прынцыпу: «Любоў заўсёды правая». Ім падаецца тое, што чалавецтва нарэшце вырвалася з цемры сэксуальных забаронаў і над ім зазьзяла сьвятло свабоды. Ім падаецца тое, што гэтая свабода нешта больш новае, чым нават тэхнічны прагрэс у грамадзтве. Але ці гэта так? Мы ўжо зьвярталі ўвагу на тое, што падобная свабода была заўсёды ў дахрысьціянскім сьвеце, а апісаньне гэтых сэксуальных свабодаў у старажытным Эгіпце, ёсьць яскравым таму пацьверджаньнем. Усё гэта было і было ад пачатку, калі грэх крануўся першых людзей у Эдэме. За ўсім гэтым стаіць д’ябал, які заўсёды кажа людзям: «Крочце маім парадам – і будзе вам шчасьце». Ці ня ён упэўніў Еву не баяцца Божай забароны? Абяцаньне д’ябла падалося Еве прывабным і яна ела плод, спазнаўшы, як сьледства, сорам, прыніжэньне, віну, хваробы і сьмерць. Ці атрымала яна пэўнае задавальненьне? У першыя моманты гэтага дзеяньня – так. Але што потым? Так і з сэксам, бо гэта і ёсьць тымі першапачатковымі граблямі, на якія, з зайздроснай упартасьцю, наступаюць усе далейшыя пакаленьні аж да сёняшняга часу. Д’ябал пляскае ў далоні, калі бачыць гэты самападман, які прыводзіць да грэху і сьмерці.
У дахрысьціянскім сьвеце кіравалі маральлю распуснасьць і скрыўленьне, калі квітнелі ня толькі блуд, групавы сэкс і лесбіянства, але і забойствы дзяцей у розных формах. Культуры, якія вызначаліся палавымі скрыўленьнямі, існавалі нашмат раней існаваньня старажытных грэкаў ці рымлянаў. Вярнемся да хананеяў, бацькам якіх і стаўся Хам, сын біблійнага Ноя. Храмы хананеяў прапаведавалі скрыўлены сэкс, кульмінацыяй якога было прынясеньне ў ахвяру дзяцей. Нагадаем чытачу пра тое, што хананеі і сталіся тым народам, якога Бог даручыў гебраям выгнаць з Зямлі Абяцанай. Хананеі не адзіны старажытны народ, які культываваў палавыя скрыўленьні. Сірыйцы ды фінікійцы, напрыклад, шанавалі багіню, якой служылі храмавыя прастытуткі і ня толькі з ліку жанчын, а гомасэксуалізм быў часткай рэлігійнага культу старажытных эгіпцянаў. Пакланяючыся багіне Ісідзе, эгіпецкія жрацы, якія былі храмавымі прастытуткамі, уступалі ў палавую сувязь з тымі, хто прыходзіў пакланіцца гэтаму боству. Гэтае, дарэчы, пакланеньне было шырока распаўсюджана ў розных краінах Міжземнамор’я, дзе багіня была вядомай пад імёнамі Іштар, Міліта, Афрадыта і Венера.
Дык вось Грэцыя. У старажытныя часы гомасэксуалізм быў звычайнай зьявай, а для тагачаснай рэлігіі характэрнай рысай была мужчынская прстытуцыя. На Мурмурнай вуліцы Эфеса была высечана ступня, якая паказвала шлях да публічнага дому. Пакланеньне Дыяне ў храме было бесперапынным сьвятам распусты. Прастытуцыя квітнела і ў Карынце, дзе такое адбывалася ў храме Афрадыты. Гомасэксуалізм Грэцыі меў асобны статус, бо многія грэкі бачылі аднаполую любоў як адзіны спосаб эратычных адносінаў, дзе ёсьць сапраўдная сталасьць, чысьціня і духоўнсьць. Тагачасны законадаўца Салон лічыў гомасэксуалізм настолькі ўзвышанай праявай эратычных пачуцьцяў, што забараніў яго рабам, а пісьменьнікі складалі рамантычныя оды героям-любоўнікам.
І вось Рым, дзе разбэшчансьць і распуста лічыліся звычайнай справай, а сувязі з Грэцыяй і ўсходнімі часткамі імперыі прыносілі сюды і гомасэксуалізм. Многія багатыя рымляне плацілі за любоўніка цэлы талент, які раняецца 3600 сучасным далярам, а калі гэта юнак, дык плата за яго павялічвалася ў разы. Гісторыкі кажуць тое, што прастытуцыя ў старажытным Рыме была настолькі звыклай справаю, што галасы палітыкаў Сената давадзілася зьбіраць непасрэдна з бардэляў. Шлюбная здрада была настолькі звычайнаю справай, што на яе зьвярталі ўвагу толькі ў сувязі з палітычнымі матывамі. Рымляне, як дарэчы і грэкі, паблажліва ставіліся да прастытуцыі, бо гэтая прафесія была ўзаконенай і знаходзілася пад дзяржаўным кантролем. Такая вось дахрысьціянская мараль.
Гісторыкі вызначаюць дзьве асноўныя стадыі амаль што ўсіх вялікіх цывілізацый, дзе першая стадыя вызначаецца пад'ёмам, калі цывілізацыя дасягае сваё вышыні і некаторы час знаходзіцца ў гэтым становішчы. А потым пачынаецца другая стадыя – стадыя ўпадку, калі цывілізацыя выраджаецца. Пералічым некаторыя з іх: старажытныя валадарствы Эгіпту, Бабілон, Асірыя, Персія, старажытныя Грэцыя і Рым. Гісторыя сьведчыць пра тое, што стадыя пад’ёму характарызуецца строгай маральлю, калі распуста асуджаецца і нават забараняецца законамі краіны. Маральныя нормы робяць людзей больш моцнымі і народ дасягае квітненьня. Але вось наступае час дабрабыту і, як сьледства, нормы маралі паступова слабнуць, а потым і цалкам адкідваюцца. Усё ж гэта прыводзіць да ўпадку і гісторыя ня ведае выключэньняў з гэтага правілу.
І вось, у гэты грахоўны сьвет прыходзіць Ісус Хрыстос і нясе вучэньне пра сьвятасьць Бога і чалавека, а апосталы Ісуса панесьлі ў паганскі сьвет Добрую Вестку. Яны прапаведавалі сьвятасьць Бога і для многіх гэта было рэвалюцыйным адкрыцьцём, бо паганскіх багоў ніяк нельга было назваць сьвятымі, але наадварот тымі, хто станоўча ставіўся да розных заганаў. У такім вось грамадзстве і пачаў прапаведаваць апостал Павал пра тое, што Бог сьвяты, а таму і мы ўсе павінны быць сьвятымі і цурацца заганаў сьвету. Многія сучасныя людзі, з нехрысьціянскага асяродзьдзя, не спасылаюцца на паганскіх багоў, але сур’ёзна сьцьвярджаюць тое, што хрысьціянства зьнішчае праявы людзей да сэксуальнасьці. Але гэта ня так, бо хрысьціянства зьнішчае не праявы сэксуальнасьці, а заганы, якія праяўляюцца ў гэтых праявах. З чаго ж зыходзяць хрысьціяне, калі адстойваюць чысьціню шлюбу і сэксуальных адносінаў?
Запаведзь «не чужалож» абараняе сьвятасьць шлюбу, на узроўні запаведзі, якая абараняе сьвятасьць жыцьця «не забівай», бо самыя сьвятыя з чалавечых адносінаў, што ёсьць шлюбам паміж мужчынай і жанчынай. Бог клапоціцца пра чысьціню адносінаў, якія вядуць да працягу чалавечага роду. Шлюб ёсьць самым сьвятым з усіх чалавечых зьвязаў. Усё ж астатняе – і Царква, і дзяржава – заснаваныя на шлюбе. Менавіта таму і трэба берагчы шлюб больш за ўсё іншае. Гэта тое, што павінна быць, але, на жаль, зараз, калі грамадзтвы сьвету ўсё больш скатваюцца назад у паганства, самое існаваньне сям’і знаходзіцца пад пагрозай. Запаведзь Божая «не чужалож» вельмі простая і зразумелая. Да яе не прыкладваецца ніякіх тлумачэньняў ды нейкіх доказаў, бо для гэтага нічога не патрабуецца, бо грэх, зьдзяйсьняемы пры парушэньні запаведзі, прыводзіць да такіх жахлівых наступстваў, якія кажуць самі пра сябе. Што ж тычыцца Ісуса, дык Ён павялічыў сферу прымяненьня гэтай запаведзьдзі, калі вучыў таму, што пералюб зьдзяйсьняецца ня толькі ў-ва ўчынках, але і ў думках: «А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім» (Мац 5:28). Юрлівы погляд – гэта грэх, які зьдзяйсьняецца ў сэрцы, а зло, як нам вядома, зыходзіць менавіта з сэрца. Таму Бог і вучыць нас захоўваць чысьціню сэрца ды свае думкі.
Вядомы хрысьціянскі пісьменьнік Клайв Льюіс даводзіў пра тое, што д’ябал заўсёды намагаецца зацягнуць нас з адной крайнасьці ў другую. Так было заўсёды і гэты прынцып добра прасочваецца і ў гісторыі сэкса. Паганскі сьвет пакланяўся распусьце, а хрысьціянскі час вызначыў асобных людзей, якія прапаведывалі поўнае ўстрыманьне ад сэксу. На працягу ўсёй сваёй гісторыі царква сутыкалася з такімі людзьмі, якія адпрэчвалі сэкс. Першая царква ведала секты, такія як энкратыты, катары, маніхеі, якія адпрэчвалі нават і шлюбныя адносіны. Але гэтыя крайнасьці цалкам процістаяць біблійнаму вучэньню. Заўсёды ў сьвеце існавалі людзі, і наш час ня ёсьць выключэньнем, якія лічылі і лічаць заганымі любыя сэксуальныя адносіны. Але яны забываюць ці проста ня ведаюць пра тое, што сэксуальныя адносіны стварыў сам Бог, калі стварыў мужчыну і жанчыну, загадаўшы ім пладзіцца. Маніхеі, як і іншыя сектанты, мысьлілі паганскімі катэгорыямі, лічылі тое, што ўсё матэрыяльнае ёсьць злом. Таму цела чалавека, як матэрыяльнае з сэксуальнымі функцыямі, трэба лічыць заганым ды мярзотным. Яны вучылі таму, што цела – гэта магіла душы, а сэкс ёсьць крыніцай сораму і замяшаньня. Гэта адна крайнасьць. Але ёсьць і яшчэ адна.
Сучасныя людзі думаюць пра тое, што цела чалавека ня ёсьць магілай, але нейкай забаўляльнай установай, дзе сэкс і іншыя заганыя зьявы зьяўляюцца асноўнымі. Але Біблія ня вучыць гэтым крайнасьцям, бо кажа пра тое, што нашае цела ёсьць храмам Сьвятога Духа. Як казаў Марцін Лютар, цела ня можа быць злом, таму што адзіны бязгрэшны чалавек, Ісус Хрыстос, жыў у целе, а д’ябал, самае грахоўнае з усіх істотаў, цела ня мае. Таму хрысьціяне, якія асуджаюць усе праявы сэкса, ня толькі шкодзяць сваёй сям’і, але і несьвядома дапамагаюць перакрутам, якія распаўсюджваюць самыя розныя матэрыялы сэксуальнага характару. А вось яшчэ адзін прыклад. У XIX стагодзьдзі сэкс быў тэмай забароненай і таму людзі атрымлівалі веданьне пра гэта з вельмі сумнёўных крыніаў. З другой жа паловы XX cтагодзьдзя мы ўпалі ў іншую крайнасьць, калі патрабуем адкрытага абмяркаваньня ўсяго, што тычыцца сэксу. Пры гэтым, і гэта відавочна, толькі абмеркаваньня ўжо мала, а таму тэлебачаньне, кінатэатры, кнігі ды журналы перапоўненыя сцэнамі адкрытага сэксу. І гэта ёсьць крайнасьці. А дзе ж выйсьце? Дзе тая залатая сярэдзіна? У Богу. Біблія часта і дастаткова адкрыта кажа пра інтымныя адносіны, у чым можа ўпэўніцца любы чытач. Бог ніяк не саромеецца Свайго стварэньня, бо сэкс ёсьць неад’емнай часткай нашай прыроды, якая ад Бога. Прачытайце кнігу Старога Запавету «Сьпеў сьпеваў», дзе паказана сьвятасьць сэксу. Бог ня супраць сэксу, але Ён патрабуе бязгрэшнасьці ў сэксе і шлюбе.
Сёньня часта можна чуць пра тое, што біблійнае вучэньне пра сэксуальныя адносіны прыводзіць да незадаволенасьці, душэўнай і фізічнай засмучанасьці. І, каб гэтага пазьбегнуць, трэба быць уважлівым да «сваіх жаданьняў», якім нельга адмаўляць. Існуе думка пра тое, што нежанатыя людзі, якія стрымліваюць свае сэксуальныя патрэбы, пакутуюць ня толькі ад розных комплексаў, але і ад розных хваробаў, у тым ліку і псіхічных. Але гэты міт абвяргаюць дасьледваньні навукоўцаў пра тое, што менавіта тыя людзі, якія маюць дашлюбныя сэксуальныя сувязі, вызначаюцца высокімі паказчыкамі дэпрэсіі і вызначаюцца эмацыйнай неўраўнаважанасьцю. Дасьледваньні паказваюць тое, што такі вобраз жыцьця зусім не ўмацоўвае душэўнае здароўе, але вельмі складана вызначыць той момант, дзе прычына гэтага, а дзе сьледства: ці вызначана гэта іхнім псіхічным станам ці наадварот, псіхічная неўраўнаважанасьць падштурхоўвае іх да ўступленьне ў дашлюбныя сэксуальныя сувязі. Усе памятаюць старажытную дылему: «Што было раней – яйцо ці курыца?» Але ў любым выпадку відавочна тое, што дашлюбны сэкс – гэта зусім не прэрагатыва здаровых і незакамплексаваных людзей, насуперак думцы, якая навязваецца маладому пакаленьню.
Чужаложства ёсьць вялікім грахом супраць чалавечага духа, бо наносіць вялікую шкоду духоўнаму жыцьцю. Гэта вялікі грэх супраць сям’і, што падрывае асновы грамадзтва. Ад усяго гэтага, у першую чаргу, пакутуюць дзеці. Чужалоства ёсьць асноўнай прычынай для разводаў, а вынікам гэтага ёсьць тое, што мільёны дзяцей растуць бяз бацькі ці маці, што вельмі дрэнна адбіваецца на іхнім псіхічным стане. Чужалоства, як і спадарожныя яму грахі, суръёзным чынам разбураюць грамадзтва. Усе мы памятаем біблійную гісторыю Давіда, які чужаложыў з жонкай Урыі Хетыта, загубіўшы апошняга. Якія былі вынікі? Акрамя вельмі сур’ёзных праблемаў у сям’і Давіда, у рэшце рэшт, развалілася і самое валадарства Давіда. Біблія вучыць нас вернасьці і зусім недарма Бог даў нам гэтую запаведзь: «Не чужалож».
Пра гомасэксуалізм вельмі шмат кажуць ды пішуць і менавіта дзеля гэтага існуе міжнародны рух «За правы гомасэксуалістаў». Адзначым адразу ж, што Біблія, адназначна, асуджае гомасэксуалізм, але трэба сказаць і тое, што прыхільнікі гэтага руху намагаюцца сказіць Пісаньне, адмаўляючы відавочнае. Першы аргумент заключаны ў тым, што Ісус нічога пра гомасэксуалізм ня кажа. Але мы чытаем у Мацьвея: «Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць» (Мац 5:17),- той Закон, у якім гомасэксуалізм забараняецца самым адназначным чынам. Прыклады? Калі ласка. Кніга Быцьця: «І паклікалі яны Лёта, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што прыйшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, і мы спазнаем іх» (Быц 19:5). Так, гаворка пра Садом і пра гомасэксуальныя намаганьні ў адносінах да анёлаў Божых. Чым гэта скончылася вядома ўсім,- Садом быў зьнішчаны. Яшчэ прыклад з кнігі Лявіт: «Не набліжайся да мужчыны так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда» (Ляв 18:22). Каментар залішні. І вось Новы Запавет: «А мы ведаем, што Закон добры, калі хто законна карыстаецца ім, ведаючы тое, што Закон не пастаўлены для праведніка, але для беззаконьнікаў і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў, нячыстых і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў, распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, хлусьлівых, крывапрысяжнікаў і для іншых, што супрацівяцца здаровай навуцы, паводле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана» (1 Цім 1:8-11).
Прыхільнікі гомасэксуалізму, магчыма пагадзіўшыся з нашымі довадамі, маюць яшчэ нешта ў адказа на гэта. І мы чуем тое, што Біблія забараняе аднаполае пахацінства, але не любоў. Але гэтае падзяленьне абсалютна неабгрунтаванае і вось чаму. У пасланьні апостала Паўла да рымлянаў мы чытаем пра жанчынаў, якія маюць між сабою процінатуральныя сувязі, дзе пра пахацінства ніякай гаворкі ня ідзе: «Дзеля гэтага аддаў іх Бог у ганебныя жарсьці, бо жанчыны іхнія замянілі прыродныя зносіны на супрацьпрыродныя» (Рым 1:26). Таксама мы чытаем пра тое, што мужчыны распаляюцца пахацінствам адзін на аднога: «Падобна і мужчыны, пакінуўшы прыродныя зносіны з жанчынамі, распаляліся ў пажадлівасьці сваёй адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі непрыстойнасьць робячы і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за свой падман» (Рым 1:27). Адназначна тое, што Біблія асуджае любыя праявы заганага жыцьця: «Або вы ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Божага ня возьмуць у спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані збачэнцы, ані мужаложнікі, ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані абмоўнікі, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Валадарства Божага» (1 Кар 6:9-10).
Нейкую злую іронію можна ўбычыць у тым, што ў адносінах да гомасэксуалістаў ужываецца ангельскае слова «гей» у азначэньні «вясёлы». Вясёлае такое грамадзства. Але ці гэта так? Псіхолагі адзначаюць тое, што, у большасьці сваёй, гомасэксуалісты зусім не выглядаюць вясёлымі ды безтурботнымі. Хутчэй наадварот, бо многія адчуваюць сябе ізгоямі грамадзтва, часта маючы нянавісьць да саміх сябе і намагаючыся нейкім чынам апраўдваць свае паводзіны. І гэтае апраўданьне тыповае: два аргументы. Па-перашае, яны сьцьвярджаюць тое, што такімі нарадзіліся, а па-другое тое, што з гэтым нічога зрабіць нельга і «гей заўсёды застаецца геям». З гэтым катэгарычна ня згодныя многія вельмі вядомыя сучасныя псіхолагі. Дастаткова прамовіць імя каліфарнійскага псіхолага Джозэфа Нікалозі, які, у 1991 годзе напісаў кнігу «Аднаўнальная тэрапія і лячэньне мужчынскага гомасэксуалізма». Гэты вучоны абвяргае аргументы гомасэксуалістаў сваімі практычнымі дзеяньнямі, калі тысячы гомасэксулістаў вярнуліся да традыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Геі-актывісты не пагаджаюцца з гэтым, ствараючы нават і нейкія «цэрквы», намагаючыся, нейкім чынам, апраўдацца перад Богам. Усе мы разумеем тое, што гэта ёсьць безсэнсоўным. Але, як хрысьціянам ставіцца да гомасэксуалістаў?
Мы павінны адносіцца да гэтага так, як адносіцца да гэтага Бог. Бог ёсьць любоў і Ён любіць кожнага чалавека, але вельмі ня любіць грэх чалавека. Таму і хрысьціяне павінны праяўляць любоў да гомасэксуалістаў ды і ня толькі. Але любоў да іх зусім не азначае тое, што мы павінны заплюшчваць свае вочы на іхнія грахі. Мы павінны паказаць ім тое, што мы жадаем ім добрага і прапанаваць ім збаўленьне, якое магчыма толькі праз веру ў Хрыста, якая здольная цалкам зьмяніць іхняе жыцьцё. Але такое зьмяненьне немагчымае без пакаяньня, як Ісус і казаў; «Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце» (Лук 13:3).
Што ж даў сьвету адыход ад хрысьціянства ў бок паганства? Сэксуальную рэвалюцыю, якая патакае гомасэксуалізму і, увогуле, распуснасьці. Пра псіхалагічныя і сацыяльныя наступствы мы ўжо казалі, але ёсьць яшчэ і іншыя наступствы. Якія? Дваццаць шэсьць хваробаў, якія перадаюцца палавым спосабам, маюць тут месца быць у поўнай меры. Сто мільёнаў чалавек у-ва ўсім сьвеце хварэе на ганарэю, акрамя гэтага ў сьвеце лютуюць сіфіліс, хламідыя, СНІД і яшчэ шмат чаго. Трэба быць наўпрост шаленцам, каб у наш час імкнуцца да бязладных палавых сувязяў. Сярэдняя працягласьць жыцьця гомасэксуалістаў, па статыстыцы, удвая меньш за людзей нармальнай арыентацыі. Да такіх вось вынікаў прыводзіць вобраз жыцьця, які асуджае Бог. Таму час задумацца і задаць сабе такое пытаньне: «Можа Бог і сапраўды хоча нам добрага?» У Новым Запавеце мы чытаем: «Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя: усякі дар добры і ўсякі дарунак дасканалы зыходзяць з вышыні, ад Айца сьвятла, у Якога няма рознасьці, ані ценю зьменлівасьці» (Як 1:17). Заўважым яшчэ раз тое, што ўсякі добры дар прыходзіць ад Бога, але не ад д’ябла. Да добрага дару не прывязаны кручок, якім д’ябал намагаецца зацягнуць чалавека ў пекла. Падман д’ябла ў тым і ёсьць, што ён намагаецца ўпэўніць нас у тым, што Божыя запаведзі абмяжоўваюць свабоду чалавека і пазбаўляюць нашае жыцьцё радасьці. Вынікі ж гэтага кажуць самі за сябе: пакуты праз хваробы, расчараваньне ў жыцьці і пачуцьце віны. На жаль многія сучасныя людзі ня бачаць розьніцы паміж юрлівасьцю і любоўю. Юрлівасьць імкнецца выкарыстаць іншага чалавека, а любоў – наадварот аддаць яму як мага болей. Любоў ёсьць асноваю шлюбу і імкнецца да таго, каб зрабіць жыцьцё другога чалавека па сапраўднаму шчаснай. Божая любоў да нас усіх таму прыкладам: «Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:16).
Бог жадае, каб у нашым жыцьці было як можна болей добрага. У процівагу гэтаму сучасныя атэісты сьцьвярджаюць тое, што хрысьціяне пакутуюць ад адсутнасьці сэксуальнай свабоды, якая душыцца рэлігіей. І ўвогуле лепш будзе жыць бяз Бога і Ягоных запаведзяў. Вынікі такога жыцьця відавочныя і мы пра гэта ўжо казалі вышэй, бо гэта і ёсьць тэрыторыя дзейнасьці д’ябла, дзе атэісты гуляюць немалую ролю ў-ва ўпадку маралі ў грамадзтве. А ці можа быць інакш? Але зьвернемся да хрысьціянства і да сьвятасьці шлюбу, на якую хрысьціянства і аказвае станоўчы ўплыў. Хрысьціянскі вобраз жыцьця ўмацоўвае сям’ю і гэтую відавочную праўду пацьверджваюць нават і бязьбожныя людзі, якія Бібліі не краналіся. У Бібліі ж сказана пра тое, як дасягнуць сямейнага шчасьця і менавіта хрысьціянства захоўвае сем’і – тыя сем’і, якія ўсьвядомілі самае важнае, што важнейшым за сям’ю ёсьць Хрыстос, Які трымае і захоўвае іх. Калі б Хрыстос не прыйшоў на зямлю, абсалютная большасьць людзей сьвету і надалей вялі б паганскі вобраз жыцьця, ня стрымліваючы свае пажады. Цяжка ўявіць тое, што б сталася з чалавецтвам за гэтыя вякі? Зусім магчыма тое, што аўтар гэтых радкоў не пісаў бы іх, а чытачы іх бы ніколі не прачыталі. Чаму? Таму што нас проста б не было.
Свидетельство о публикации №225121001809