Христианство и образование
«Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёньня, няхай будуць у сэрцы тваім. Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся. Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, няхай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі. Выпішы іх сабе на дзьвярах тваіх і на брамах тваіх» (Другазак 6:6-9).
Любая краіна сьвету займаецца, у той ці іншай ступені, адукацыяй сваіх грамадзянаў. Існуюць школы, сярэднія і вышэйшыя адукацыйныя ўстановы рознага статусу ці прызначэньня: дзяржаўныя, прыватныя і рэлігійныя. Сучасны сьвет мала задумваецца на тое, што адукацыя, даступнае звычайным людзям, - гэта заслуга хрысьціянства. Але гэта так і гісторыя разьвіцьця чалавецтва ўпарта пра гэта сьцьвярджае, а таму гэта ёсьць факт. Зразумела тое, што розныя школы для выбраных існавалі і да прыходу хрысьціянства, але толькі дзякуючы хрысьціянству ўзьнікла ідэя навучыць пісьменнасьці ўсіх. Але, ўсё па парадку.
Вядома тое, што школы існавалі задоўга да нараджэньня хрысьціянства, бо недарма вышэй прыведзены словы Майсея ад Бога, выкладзеныя ім у Другазаконьні. Гэта прамое ўказаньне на хатнюю адукацыю і тычылася гэта Ізраіля. Пазьней, пры распаўсюджваньні сынагогаў, зьявіліся і школы, дзе навучалі пісьменнасьці і настаўлялі ў слове Божым. Разгледзем сістэму навучаньня старажытнага Ізраіля на прыкладзе самога Ісуса Хрыста ў галілейскім Назарэце. Увогуле, па гебрайскай трыдыцыі, першапачатковым выхаваньнем хлопчыка ў сям’і займался маці, але з пяці гадоў выхаваньне пераходзіла ў рукі бацькі, які і павінен быў выконваць сказанае Майсеем у Другазаконьні. Так было і з Ісусам, Які слухаў ды навучаўся ад Язэпа, а ў сем гадоў пайшоў у школу пры сынагозе, дзе навучаўся юдэйскай і грэцкай мовам, старанна, пры гэтым, вывучаючы Пісаньне. Зразумела і тое, што Ісус быў лепшым вучням у школе, а калі нечакана памёр Язэп, дык Ісус, як старэйшы ў сям’і, выхоўваў Сваіх малодшых братоў і сёстраў так, як і патрабаваў закон Майсея.
Пасьлядоўнікі Хрыста заўсёды надавалі асобнае значэньне вывучэньню Слова Божага. Як гэта рабіў і Ісус, бо хрысьціянства выйшла з юдэйства, якое вызначалася пэўнай адукацыяй, а таму і хрысьціянаў заўсёды называлі «народам Кнігі», маючы на ўвазе тое, што яны зьяўляюцца людзьмі адукаванымі. Ужо даўно заўважана тое, што ад часоў свайго ўзьнікненьня біблійная вера, як і хрысьціянства, рэлігія асьветніцкая. Гісторыя разьвіціця хрысьціянства ёсьць разьвіцьцё і сістэмы адукацыі.
Шмат якія мовы ўзьніклі дзякуючы імкненьню хрысьціянаў даць магчымасьць іншым народам чытаць Біблію на роднай мове. І пачалося гэта ў IV стагодзьдзі, калі вядомы гісторыкам Вульфіла прынёс готскім плямёнам вестку пра Хрыста. Ягоныя намаганьні былі даволі пасьпяховымі, але Вульфіла пайшоў далей, калі распрацаваў алфавіт для готаў, якія ня мелі пісьменнасьці. Вынікам гэтага стаўся пераклад Пісаньня на мову готаў. Готы, для даведкі,- гэта старажытныя германскія плямёны з верагодным скандынаўскім паходжаньнем. Далей мы пераносімся ў IX стагодзьдзе, калі хрысьціянскія місіянеры, браты Кірыл і Мефодзі, прыйшлі ў чэскую Маравію, стаўшыя апосталамі паўднёвых славянаў. Каб перакласьці для іх Біблію яны распрацавалі для іх азбуку, якая да сёняшняга часу называецца кірыліцай. Гэты Кірыл аднойчы сказаў: «Ці вам не шкада іншыя народы, якіх вы робіце глуханямымі, дазваляючы толькі лацінскую, грэцкую і гебрайскую?» Мы бачым пачатак разьвіцьця пісьменнасьці іншых народаў, вызнаўшы тое, што хрысьціянства сапраўды спрыяла і спрыяе распаўсюджваньню пісьменнасьці ды асьветы ў-ва ўсім сьвеце.
Разуменьне ці ідэя агульнадаступнай адукацыі ўзьнікла дзякуючы Рэфармацыі XVI стагодзьдзя, хаця гісторыя ведае няўдалыя спробы зьдзейсьніць адукацыйныя пытаньні. Так было ў-ва Францыі на працягу IX стагодзьдзя пад час кіраваньня Карла Вялікага, але ўсё гэта сталася марным. І толькі тады, калі хрысьціянская вера вярнулася да вяршэнства Бібліі, адукацыя для народаў пачало быць рэальнасьцю. Папярэднічала ж намаганьням Рэфармацыі вынаходства друкарскага станка Ёганам Гутэнбергам у XV стагодзьдзі, калі мастацтва кнігадрукарства падгатавала аснову для Рэфармацыі і сталася вельмі моцным інструмантам рэфармацыйнага руху і сучаснай культуры. Сучаснасьць мала задумваецца на тое, што дзяржаўная адукацыя ўсім абавязана сваім існаваньнем Рэфармацыі і асабіста Жану Кальвіну. Чаму? Таму што дзеячы Рэфармацыі лічылі тое, што адукацыя ёсьць адзіным спосабам даць магчымасьць простым людзям чытаць і спазнаваць Пісаньне, каб аўтарытэт Пісаньня быў вышэй за аўтарытэт папы. Кніга Кальвіна «Настаўленьне ў хрысьціянскай веры» і сталася той надзейнай асновай для разьвіцьця народнай асьветы. Усё гэта пачалося ад Лютара, але менавіта Кальвіна лічаць пачаткам сучасных формаў і методык асьветы ў розных краінах гэтага сьвету, бо самое існаваньне кальвінізма прадугледжвае адукаванасьць. Кальвін пакінуў за сабою вялічэзную спадчыну ў выглядзе тэорый адукацыі і іхняга практычнага ўжываньня. Апошняе вельмі яскрава праявілася ў заснаваньні Акадэміі Жэневы, якая, у наступныя часы, сталася прыкладам для заснаваньня універсітэтаў ды коледжаў па ўсяму хрысьціянскаму сьвету.
Кальвін сьцьвярджаў тое, што мэта адукацыі ёсьць cпазнаньнем Бога і разуменьнем Ягонае славы, каб нашае cпазнаньне Госпада праяўлялася як у нашым пакліканьні, так і нашым штодзённым жыцьці. Вось словы Кальвіна: «Сапраўдная чалавечая мудрасьць складаецца з веданьня Бога Творцы і Адкупіцеля». Дык з чаго ж складаецца сутнасьць адукацыі? Адукацыя пачынаецца з першай кнігі, якая дадзена Богам, - Пісаньня. Кальвін зразумеў тое, што ўсякая праўда зыходзіць ад Бога, а таму зразумеў і тое, што трэба вывучаць праўду, якая выкладзена ў другой кнізе Бога,- у Сваім стварэньні, што сталася пачаткам разьвіцьця навукі і розных навуковых дасьледваньняў.
Кальвін даводзіў да людзей ідэю асьветы, якая будзе даступнай усім і менавіта з гэтага часу агульнадаступнасьць лічыцца асновай адукацыі ў-ва ўсім сьвеце. Менавіта таму вядомы дзеяч Рэфармацыі Джон Нокс, калі вярнуўся з Жэневы ў Шатландыю, засьведчыў тое, што ад часоў апосталаў Хрыста не было школы хрысьціянства больш моцнай чым тая, што была заснаванай у Жэневе, бо ўсё рабілася строга па Бібліі. Менавіта такую спадчыну і прывезлі з сабою ў Амерыку каланісты і пурытане. Кальвін настойліва падкрэсьліваў тое, што адукацыя непарыўна зьвязаная з маральлю. Ён быў далёкім ад наіўнасьці Сакрата, які лічыў тое, што веданьне ёсьць дабрадзейнасьцю. Кальвін вельмі добра разумеў глыбіню чалавечай грахоўнасьці і не лічыў таго, што веданьне, самое па сабе, здольнае зрабіць чалавека больш лепшым. Каб гэтае адбылося, веданьне павінна быць цесна зьвязаным з вучэньнем Ісуса Хрыста, з аднаўляючай сілай Божай ласкі, з адкупленьнем, якое дадзена чалавеку праз укрыжаваньне Госпада. Калі ж гэтага ничога няма, дык адукацыя пачынае нараджаць «франкейштэйнаў»,- жывых істотаў з нежывой матэрыі. XX стагодзьдзе яскравае таму пацьверджаньне, калі ў 1941 годзе Германія лічылася найбольш адукаванай краінай у Эўропе, але гэта не перашкодзіла стварэньню Бухенвальду ды Асьвенцыму.
Кальвін добра разумеў і тое, якія высокія патрабаваньні павінны быць да тых, хто вучыць дзяцей. Біблія ясна кажа пра тое, што менавіта бацькі, але не дзяржава ці Царква, нясуць асноўную адказнасьць за сваіх дзяцей. Менавіта яны павінны паклапаціцца пра тое, каб дзеці, як Божы дар, былі навучанымі шанаваць Госпада. Мы ж памятаем пра тое, як выхоўваўся Сам Ісус і выхоўваў Сваіх малодшых братоў і сёстраў. Верш за вершам, запаведзь за запаведзьдзю павінны мы вучыць нашых дзяцей Божай праўдзе.
А зараз трошкі статысьцікі ў галіне адукацыі і асьветы. У краінах, дзе укаранілася вучэньне Лютара і Кальвіна, што падкрэсьлівае важнасьць слова Божага, узровень адукаванасьці людзей заўсёды быў нашмат большым. На пачатку XX стагодзьдзя праводзіліся даследваньні ўзроўню адукацыі ў розных народаў. І вось вынікі. У краінах, дзе асноўная частка насельніцтва складалася з паганаў, узровень пісьменнасьці складаў ад 0 да 20%. Каталіцкія краіны паказалі ўзровень адукаванасьці больш высокі: ад 40 да 60%. Заўважым тое, што ў гэтых краінах доўгі час чытаньне Бібліі не лічылася абавязковым, што, у рэшце рэшт, было прызнана памылковым. І вось трэцяя група краінаў, дзе адзначаўся вялікі ўплыў пратэстантызму і дзе падкрэсьлівалася вялікая важнсьць Бібліі, узровень адукаванасьці склаў ад 94 да 99,9%.
А зараз перанясемся ў XVI «залатое стагодзьдзе Беларусі,- у Вялікае Княства Літоўскае», калі Рэфармацыя, на дваццаціпяцігадовы час, кранула нашую дзяржаву, што, безумоўна, паўплывала і на сістэму адукацыі. А да таго, цягам некалькіх стагодзьдзяў, тысячы юнакоў-ліцьвінаў выпраўляліся ў эўрапейскія універсітэты, каб атрымаць вышэйшую тагачасную адукацыю. Большасьць з іх вярталася на Бацькаўшчыну, каб служыць ёй здабытымі ведамі. Прыкладам гэтага зьўляецца Францішак Скарына, які набываў веды ў Кракаўскім унівесітэце, стаўшы першадрукаром Княства, даўшы яму друкаваны пераклад Пісаньня на беларускай мове. Вядомы тагачасны асьветнік Сымон Будны, дарэчы, таксама набываў свае веды ў гэтым універсітэце. Вынікам гэтай навуковай экспансіі і пад уплывам Рэфармацыі, сталася імкненьне ўсіх адукаваных людзей на заснаваньне свайго нацыянальнага універсітэту. Найлепшым месцам для заснаваньня вышэйшай навучальнай установы, вядома, была сталіца Вялікага Княства, даўні цэнтр беларускай культуры і дзяржаўнасьці. У Вільні ўжо дзейнічаў калегіум, дзе займаліся каля двухсот студэнтаў і які даваў неблагую адукацыю, але ня меў універсітэцкіх правоў. І вось, у 1579 годзе, тагачасны кіраўнік дзяржавы Стэфан Баторы (Сьцяпан Батура) выдаў прывілей на пераўтварэньне Віленскага калегіума ў Акадэмію – першую ў-ва Ўсходняй Эўропе. Прывілей гаспадара быў зацьверджаны пячаткай, якую прыклаў падканцлер Астафей Валовіч і адмысловай пастановай папы рымскага Рыгора XIII. Да заснаваньня Акадэміі прычынілася і Таварыства Ісуса, якое давала ў сваіх навучальнях найлепшую, на той час, адукацыю. Трэба заўважыць і тое, што сам Баторы атрымаў вышэйшую адукацыю ў Падуанскім універсітэце, а таму добра разумеў неабходнасьць вышэйшай школы для сваёй дзяржавы. Напачатку Акадэмія складалася з двух факультэтаў: філасофскага і тэалагічнага. Потым жа, паводле прывілея вялікага князя Ўладзіслава Вазы, дадаліся медыцынскі і юрыдычны факультэты. І гэта яшчэ ня ўсё, бо пазьней зьявіліся фізічны і астранамічны факультэты. Мовай выкладаньня, як і ў-ва ўсіх тагачасных эўрапейскіх універсітэтах, тады была лаціна. Стварэньне Акадэміі шырока адзначалася ў краіне, калі, гэта сьвяткаваўшы, паўсюдна гучала: «Vivat Academia! – Слава Акадэміі».
А зараз перанясемся ў больш позьні гістарычны час, калі ў 1620 годзе першыя каланісты высадзіліся на беразе паўночнай Амерыкі, а ў 1630 годзе да іх дадаліся і пурытане. Менавіта з гэтых перасяленцаў і пачалася гісторыя ўсеагульнай адукацыі Злучаных Штатаў. У 1642 годзе быў прыняты закон, пра абавязковае навучаньне ўсіх дзяцей без выключэньня, а ў 1647 годзе быў прыняты закон, які абавязваў гарадзкія ўлады адкрываць сярэднія школы і аплочваць працу настаўнікаў. Гэты закон негалосна называлі законам супраць хлуса д’ябла, бо лічылася тое, што д’яблу атрымоўваецца замацавацца ў жыцьці людзей з-за іхняга няведаньня Бібліі. Гэта быў першы закон на тэрыторыі ангельскіх калоніяў, дзе пачаў дзейнічаць закон пра абавязковую адукацыю. Менавіта так і нарадзілася дзяржаўная адукацыя.
Для навучаньня дзяцей пісьму і чытаньню, пурытане, вядома, карысталіся Бібліяй, а таму чытанка-азбука была пабудавана на біблійных сюжэтах. Вось прыклад гэтага на некалькіх літарах: A і B.
A – In Adam’s Fall We sinned all. (Адам зграшыў і мы разам з ім).
B - Heaven to find, The Bible mind. (Веданьне Бібліі – прамы шлях у Божае Валадарства).
Сувязь паміж хрысьціянствам і пісьменнасьцю доўгі час захоўвалася ў Амерыцы. Кангрэс ЗША першага скліканьня ў 1787 годзе прыняў наступнае законапалажэньне, дзе гаворыцца наступнае: «Паколькі вера, мараль і веды неабходны для належнага кіраваньня і дабрабыту чалавека, усякаму і вечнаму заахвочваньню падлягаюць школы і іншыя сродкі адукацыі». Ад 1620 па 1837 год адукацыйная сістэма Амерыкі была хрысьціянскай, што дало надзвычайна высокія вынікі адукацыі ў краіне, калі цалкам усё дарослае насельніцтва было адукаваным і толькі чатыры чалавека з тысячы ня мелі адукацыі, што складала 0,4%! Высокі паказчык адукаванасьці і стымуляваў пабудову сістэмы дзяржаўнага кіраваньня, якая існуе і сёньня.
Калі мы разважаем пра разьвіцьцё адукацыі ў Амерыцы, нельга не сказаць пра хрэстаматыю Макгафі, служыцеля прэсьвітэрыянскай царквы, які распрацаваў і надрукаваў «Зборнік Макгафі для чытаньня», які разыйшоўся па краіне, ды і ня толькі, у колькасьці 120 мільёнаў экзэмпляраў. Гэты падручнік шмат гадоў служыў асновай пачатковай школы і быў цалкам хрысьціянскім. Па сваёй сутнасьці гэты зборнік накіроўваў чалавека да збаўленьня – вечнага жыцьця з Богам у іншым сьвеце, вызначаючы яго мэтаю жыцьця, а таму заклікаючы чалавека да праведнасьці. Спачатку вера, потым мараль і, у рэшце рэшт, веды – на гэтым і будаваўся зьмест зборніка Макгафі, які быў больш падобны на хрэстаматыю багаслоўя, чым на кнігу для дзіцячага чытаньня. Хаця мы нараджаемся ў грэху і асуджаныя на праклён, Бог у Хрысьце прымірае з Сабою тых, хто пакаяўся і дае такім дар вечнага жыцьця з Богам. Таму збаўленьне і праведнасьць – гэта мэта жыцьця тых, хто верны Хрысту. Менавіта такое разуменьне сьвету і такую сістэму каштоўнасьцяў і прапануюць нам зборнікі Макгафі.
Праз шэсьць гадоў пасьля сьмерці Макгафі зборнік атрымаў новую рэдакцыю, дзе кальвіністскае багаслоўе і этыка былі замененымі рэлігійнымі поглядамі і каштоўнасьцямі амерыканцаў сярэдняга класу. Гэта здарылася ў 1857 годзе і хаця зборнік быў істотна перагледжаны, тым ня меньш ён захоўваў у сабе пэўныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Але як бы тое не было, на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў зборнікі Макгафі служылі асновай адукацыі амаль што ўсіх амерыканскіх дзяцей. Прамысловец Генры Форд, у 1928 годзе, асабіста фінансаваў перавыданьне хрэстаматыі ў рэдакцыі 1857 года, напісаўшы пры гэтым: «Большасьць падлеткаў майго пакаленьня выхоўваліся на зборніке Макгафі. Мы даўно вырасьлі, але па-ранейшаму адчуваем глыбокую павагу да аўтара хрэстаматыі». Дык вось, на стадыі нараджэньня амерыканскай дзяржаўнасьці адукацыя была хрысьціянскай і надзвычайна пасьпяховай. Іншая справа тое, што яна збочыла з правільнага Божага шляху, але пра гэта крыху ніжэй.
Узьнікненьне універсітэтаў, таксама як і сярэдняя адукацыя, цалкам абавязана хрысьціянскай супольнасьці. Яны ўпершыню зьявіліся ў другой палове сярэднявечча. Каля 1200 года зьявіліся Оксфардзкі, Парыжскі і Балонскі універсітэты. У Оксфардзе і Парыжы вывучалі хрысьціянскае багаслоўе і філасофію Арыстоцеля, а ў Балонскім універсітэце вывучалі кананічнае (царкоўнае) і грамадзянскае права. Праз некаторы час зьявіўся і універсітэт у Кембрыджы, а яшчэ, у больш позьні час, зьявіліся і іншыя эўрапейскія універсітэты, у тым ліку і віленская Акадэмія. І ці ня дзіўна тое, што універсітэты ўсяго хрысьціянскага сьвету абавязаныя сваім існаваньнем імкненьню сістэматызаваць і паглыбіць веданьне чалавецтва пра Бога, тады як сёньня, у большасьці з іх, навучаюць сьветапогляду, процілегламу хрысьціянству, забываючы тое, што сама ідэя вышэйшай адукацыі ўзрасла з веры ў Ісуса Хрыста.
Амаль шт ўсе коледжы і універсітэты Амерыкі, таксама, як і эўрапейскія, маюць хрысьціянскае паходжаньне. Яны былі заснаваныя хрысьціянамі і з хрысьціянскімі мэтамі. Гардвард, Ельскі універсітэт, універсітэт Брауна, Прынстан і многія іншыя навуковыя ўстановы маюць выключна хрысьціянскае паходжаньне. Перад уваходам у Гарвард на камяні высечаны нступныя словы: «Пасьля таго як Бог дапамог нам шчасна дасягнуць Новай Англіі; пасьля таго як мы адбудавалі сабе дамы, забясьпечылі сябе ўсім неабходным для жыцьця, пабудавалі належныя месцы пакланеньня Богу і заснавалі грамадзянскі ўрад, наступным нашым жаданьнем і імкненьнем было распаўсюдзіць веданьні і перадаць іх нашчадкам, каб царква не засталася без адукаваных служыцеляў, калі служыцелі сёняшнія ператворацца ў прах». Але. Амаль што ўсе вучэбныя ўстановы нашых часоў сталі цалкам сьвецкімі і зараз нават і ня верыцца ў тое, што яны былі створанымі дзеля Божай славы і распаўсюджваньня веры ў Хрыста. Вельмі сумна тое, што большасьць гэтых установаў адступіліся ад веры і сталі на шлях пагарды хрысьціянства.
Якія ж вынікі гэтага адступленьня ад хрысьціянскае адукацыі ў параўнаньні з двухсотгадовай гісторыяй адукацыі хрысьціянскай, якая мела вынікі адукаванасьці ў памеры 99,9%? Ці зьмянілі да лепшага амаль што трыльён даляраў, які быў дадзены дзяржавай на патрэбы дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Гэта прыклад Амерыкі, дзе узровень пісьменнасьці паменьшыўся ў 32 разы, якая сёньня набліжаецца да ўзроўню Замбіі. Наколькі ж сумнае сёняшняе становішча дзяржаўнай сьвецкай адукацыі? Пра гэта і сказана ў справаздачы Дэпартамента адукацыі ЗША за 1980 год: «Калі б якая-небудзь несяброўская краіна паспрабавала навязаць Амерыке той невысокі ўзровень адукацыі, які ў нас існуе сёньня, па ўсёй верагоднасьці, мы б палічылі гэта як ваенныя дзеяньні… Па сутнасьці справы мы ўжо доўгі час бяздумна праводзім аднабаковае разбраеньне ў сферы адукацыі». Вынікам жа такога ўзроўню адукацыі з антыхрысьціянскім ухілам зьяўляюцца сур’ёзныя маральныя праблемы, з якімі сутыкаюцца сучасныя школы: забойствы і самазабойствы, гвалт, падлеткавая цяжарнасьць, рабаваньні і гэтак далей. Але ўсё гэта мы паказваем для параўнаньня з хрысьціянскай адукацыяй, якая была на працягу двухсот гадоў ад пачатку існаваньня дзяржавы.
І вось дваццадае стагодзьдзе.На абшарах расейскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, адукацыя сярэд насельніцтва вызначалася існваньнем школаў пры прваслаўных ці каталіцкіх прыходаў, дзе, акрамя агульнай першапачатковай адукацыі, выкладаліся асновы Божага слова. Зьяўленьне бальшавіцкай улады, а потым Савецкага Саюзу вызначыла кардынальную перамену ў сістэме адукацыі. Існаваньне прыватных школаў было забаронена, школа аддзялялася ад царквы, а царква ад дзяржавы. Забаранялася выкладаньне ў вучэбных установаў якіх-небудзь веравучэньняў і выкананьне абрадаў рэлігійнага культу. Адукацыя станавілася інструмантам для стварэньня новага савецкага чалавека. Вялікая Савецкая Энцыклапедыя так вызначала ролю школы ў камуністычнай дзяржаве: «Савецкая школа паклікана ня толькі вырашаць агульнаадукацыйныя задачы, навучаючы вучняў веданьнем законаў разьвіцьця прыроды, грамадзтва і мысьленьня, працоўнымі навыкамі і ўменьнямі, але і фармаваць на гэтай аснове камуністычныя погляды і перакананьні вучняў, выхоўваць вучняў у духе высокай маралі, савецкага патрыятызму і пралетарскага інтэрнацыяналізму». Пасьля распаду Савецкага Саюзу, на прыкладзе Беларусі, мала што зьмянілася і школа засталася глыбока атэістычнай з цяжарам рэштаў савецкай маралі. Гэта сумна, але гэта так. Але, усё ж, парасткі хрысьціянскай адукацыі прабіваюцца срозь цемру атэістычнай адукацыі ў выглядзе нядзельных школаў пры хрысьціянскіх цэрквах, а нават і ўніверсітэтаў пры царкоўных аб’яднаньнях, дзе дзеці і дарослыя вывучаюць Хрыста і ўдасканальваюцца ў Ім.
Не нарадзіся Хрыстос, людзі так бы і засталіся ў цемры грэху і невуцтва. І наўрад ці у простых людзей была б магчымасьць атрымаць нейкую дукацыю, але зараз людзі зноў ідуць у бок цемры і грэху.
Свидетельство о публикации №225121000907