Христианство и медицина
«Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх» (Мац 12:15).
Пачатковая медыцына вырастае з прымiтыўных манiпуляцый, звязаных з лячэннем ран, дапамогай жанчынам пры родах. Паступова гэты занятак у прадстаўнiкоў старажытных цывiлiзацый становiцца таiнствам, якому навучалiся толькi найбольш дастойныя і абраныя жрацы. Трэба адзначыць, што ў старажытных народаў лячэнне хворых дасягнула вельмi высокага ўзроўню: практыкавалiся ампутацыi, лячэнне вачэй, аперацыi на ўнутраныя органы i нават прафiлактычныя меры. Але самага высокага ўзроўню медыцына старажытнасцi дасягнула ў так званы антычны перыяд (VIII ст. да н. э. – V ст. н. э.). Гэта час icнавання старажытнагрэчаскай, элiнiстычнай, старажытнарымскай цывiлiзацый, а таксама пачатак фармавання новай сiстэмы поглядаў i каштоўнасцяў, звязаных з распаўсюджваннем хрысцiянства.
Гэтыя радкі ўзятыя з публікацыі беларускай цыфравой бібліятэкі LIBRARI. Гэта і ёсьць пачатакам разважаньня пра тое, што хрысьціянства ўнясло вельмі значны ўклад у разьвіцьцё аховы здароўя. Сам па сабе хрысьціянскі лад жыцьця вельмі карысны для здароўя і карані гэтага ляжаць у Старым Запавеце, калі Бог даў гебраям вельмі ясныя правілы гігіены цела, здаровага харчаваньня, акушэрства і здароўя дзяцей, забараняючы пры гэтым любыя чараўніцкія дзеяньні. Хрысьціянства згуляла важнейшую ролю ў разьвіціці больніцаў як такіх. У-ва ўсім сьвеце вучэньне Хрыста і Ягоны прыклад жыцьця і служэньня захаплялі многіх прапаведнікаў, сьвятароў, манахаў, місіянераў і мноства простых веруючых на клопат медыцынскай дапамогі бедным людзям. Зьяўленьне нармальнай медыцыны ў многіх краінах так званага «трэцяга сьвету», было вынікам дзейнасьці хрысьціянскіх місіянераў. Можна ўпэўнена сьцьвярджаць тое, што калі б Ісус не прыйшоў у наш сьвет, дык медыцынскія ўстановы не атрымалі б такога шырокага распаўсюджваньня – ды і міласэрнасьці ў медыцыне было б нашмат меней.
У Эвангельлях мы чытаем пра тое, як Ісус аздараўляў хворых людзей. Ён рабіў гэта як у непасрэдным кантакце і так і на адлегласьці: «Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго і кажучы: “Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца”. І кажа яму Ісус: “Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго”. І, адказваючы, сотнік прамовіў: “Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць”. Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: “Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры. Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным, а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”. І сказаў Ісус сотніку: “Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе”. І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну» (Мац 8:5-13). Усе гэтыя выпадкі аздараўленьня былі бачным доказам сапраўднасьці Ягонага вучэньня і кожнае з іх было паказальнай пропаведзьдзю, якая паказвала Ягоную ўладу над хваробай і сьмерцю. Ісус Хрыстос загадаў і ўсім нам клапаціцца пра бедных хворых людзях і мы бачым з гісторыі тое, што мноства і мноства хрысьціянаў, у-ва ўсе вякі, крочылі і крочаць Ягонаму прыкладу.
Хрысьціяства, вернае вучэньню Ісуса Хрыста, заўсёды разглядала медыцыну як справу міласэрнасьці і на практыцы было зроблена вельмі шмат дзеля таго, каб палегчыць становішча тых, хто пакутуе. Але ня ўсё так проста і першыя хрысьціяне ня вельмі вызначаліся прагрэсіўнымі поглядамі на медыцыну, бо, як і ншыя рэлігіі, забаранялі выкарыстоўваньне мёртвых целаў для вывучэньня анатоміі. І гэта сапраўды запавольвала разьвіцьцё медыцыны на працягу стагодзьдзяў, аж да часоў Адраджэньня. У выніку ж сярэднявечча карысталася безумоўным аўтарытэтам рымскага доктара Галена, у працах якога было зьмешчана шмат недакладнага ды памылковага. Але нават у тыя часы распаўсюджвалася хрысьціянская міласэрнасьць, якая істотна зьмяніла адносіны людзей да хворых. Акрамя таго, як мы ўжо ведаем, менавіта хрысьціянства заклала асновы сучаснай навукі, а гэта азначае толькі тое, што разьвіьцё навукі цалкам узьдзейнічала на разьвіцьцё медыцыны.
У дахрысьціянскі час адпаведныя месцы для лячэньня хворых існавалі ў невялікай колькасьці і ў некаторых краінах. У Рыме, напрыклад, існавалі вайсковыя шпіталі, дзе лячылі, адпаведна, жаўнераў. Былі таксама месцы для лячэньня гладыятараў і, як гэта ня дзіўна, рабоў. У старажытнай Грэцыі лячэньнем хворых займаліся храмы бога Асклепія. Асноўная ж частка насельніцтва – рамесьнікі, сяляне ды іншыя бедныя людзі,- заставаліся сам насам з сваімі хваробамі і мала хто дапамагаў адзін адному, бо, як казаў тагачасны філосаф Плаўт пра дэвіз таго часу: «Чалавек чалавеку воўк».
Больніцы, як мы гэта разумеем, зьявіліся толькі дзякуючы хрысьціянству. Любоў і прыклад Ісуса Хрыста нарадзілі новыя адносіны да хворых. Першапачатковыя больніцы прызначаліся ня толькі для лячэньня, але і зьяўляліся прыстанішчамі для бедных людзей. IV стагодзьдзе прынесла ў разьвіцьцё медыцыны вельмі якасныя зьмены, калі імператар Канстанцін абвесьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй. Хрысьціяне пачалі будаваць у розных месцах, няхай і прымітыўныя, больніцы, якія клапаціліся ня толькі пра хворых, але і пра пілігрымаў. Нікейскі сабор 325 году прыняў ня толькі пачатак стварэньня дагмата пра Тройцу, але і прыняў пастанову, якая адкрывала новую старонку ў гісторыі больніцаў. Епіскапам, згодна гэтай пастановы, належала будаваць больніцы ў кожным горадзе, дзе ёсьць кафедральны сабор. Далей болей. Васіль Вялікі (329-379) лічыцца заснавальнікам першай хрысьціянскай больніцы, дзе галоўным было выключна лячэньне. Гэтая больніца была медыцынскай установай стацыянарнага тыпу з ложкамі, калі іншыя больніцы ствараліся па тыпу амбулаторыіі. Колькась пакояў у гэтай больніцы была роўнай колькасьці хваробаў. Больніца існавала як самастойны гарадок, дзе было нават і месца для пракажоных, бо любоў да хворых распаўсюджвалася і на іх.
У сярэднія вякі разуменьне абавязку і міласэрнасьці былі непарыўна зьвязанымі, бо міласэрнасьць успрымалася як выкананьне абавязку. Паўсюдна было распаўсюджана ўяўленьне пра бедных у Хрысьце, якое грунтавалася на прыповесьці Эвангельля паводле Мацьвея: «І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне, быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі? Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі? Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?” І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”. І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае» (Мац 25:33-46). Бедныя ў Хрысьце успрымаліся як тыя, на каго ў першую чаргу павінны быць накірованымі справы міласэрнасьці. Увесь рух міласэрнасьці быў заснаваны на атаясамленьні Хрыста з беднымі. І хаця катэгорыя бедных у Хрысьце ўяўлялася даволі ўмоўнай і складалася з многіх людзей, тым ня меньш больніцы стаялі на першым месцы для атрыманьня дапамогі міласэрнасьці.
А зараз перанясемся ў Вялікае Княства Літоўскае, дзе разьвіцьцё медыцыны было цесна зьвязана з разьвіцьцём агульнаэўрапейскага грамадзтва. Першая гісторыка-медыцынская падзея ўзгадваецца ў летапісу аб бубоннай і лёгачнай формах чумы на тэрыторыі Беларусі ў 1424 годзе. Ужо да пачатку XIV стагодзьдзя нашым продкам былі вядомыя элементы санітарыі і грамадзкай гігіены, якая развілася з народнай. Гэта выяўлялася ў звычаях, калі хату імкнуліся будаваць на сухім, узвышаным месцы, распарадку дня, апрацоўцы ежы і яе якасьці (рыба, малочныя прадукты, садавіна, гародніна, грыбы і ягады займалі вялікае месца ў рацыёне беларусаў), вопратцы і абутку, абароне ад хваробаў, калі будавалі лазні. Часта гэтыя меры датычыліся пэўных забаронаў, калі нельга было хваляваць парадзіх і хворых, а пад час эпідэмій прымаліся ўказы пра забарону да ўезду людзей з заражаных тэрыторый. Побач з папераджальна-гігіенічнымі мерамі далейшае развіццё атрымала і лячэбная справа. Трэба адзначыць, што правобраз лячэбнай установы з’явіўся яшчэ на пачатку XI стагоддзя. Часьцей за ўсё лячэбніцы адкрываліся пры манастырах, якія змагаліся з паганствам, садзейнічалі пашырэнню хрысьціянства і былі носьбітамі ды праваднікамі тагачаснай культуры. У канцы XV стагодзьдзя пачалося станаўленьне сістэмы лячэбных установаў, якія называліся «шпіталямі». З XVI па XVIII стагоддзе на тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 350 шпіталяў – спецыяльных установаў для прытулку інвалідаў, састарэлых, убогіх, бяздомных, хворых і сіротаў. Увогуле, XIV-XV стагодзьдзі былі часам значнага пералому ў медыцыне, якая пачала раўняцца на заходнеэўрапейскія ўзоры.
У 1409 годзе была арганізавана (бурса) калонія у Кракаве для навучаньня медыцыне выхадцаў з Вялікага Княства Літоўскага. У 1504 годзе Францыск Скарына паступіў у Кракаўскі універсітэт. Менавіта ў гэты час пачынаецца перыяд узвялічэньня, развіцьця медыцынскай навукі на тэрыторыі ВКЛ. Скарына быў адным з першых сярод усходніх славянаў, хто атрымаў званьне доктара медыцыны. Ён спрабаваў зацікавіць чытача вывучэннем прыроды, ганарыўся сваёй вучонай ступеньню доктара медыцыны і згадваў пра яе ў-ва ўсіх сваіх прадмовах да выданняў кніг. Адна з першых медыцынскіх установаў на тэрыторыі Беларусі з’явілася ў Камянцы ў 1534 годзе. А праз 45 год (1579) была створана першая ў Літве і Беларусі вышэйшая ўстанова адукацыі – Віленская акадэмія, з 1835 года – Віленскі ўніверсітэт. Беларускую медыцыну стваралі ня толькі беларусы, але і іншаземцы. Калі на пачатку XV ст. лекары з універсітэцкай адукацыяй прыязджалі ў Літву зрэдку, дык у XVI ст. на літоўскіх землях пастаянна пражываў шэраг дактароў медыцыны. Часцей яны жылі ў гарадах і пры дварах вялікіх князёў ды буйных магнатаў. У 1775 - 1781 гадах у Гародні дзейнічала першая на тэрыторыі Беларусі медыцынская школа (акадэмія). Значная ўвага аддавалася паляпшэньню аховы здароўя. Практыка найму замежных лекараў, якая існавала раней, не магла задаволіць усё большую патрэбу ў іх. Узьнікла неабходнасьць адкрыцьця лекарскай школы, для чаго быў запрошаны з Францыі вядомы вучоны і лекар Жан Эмануэль Жылібэр (1741 – 1814). Але і беларускія медыкі рабілі свой унёсак у медыцьшскую навуку іншых краінаў, асабліва Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі. Беларусь служыла своеасаблівым мостам паміж Захадам і Расіяй, па якому перадаваліся новыя, прагрэсіўныя ідэі і веды.
Многія больніцы сярэднявечнай Эўропы былі прызначанымі ня толькі для лячэньня, але і служылі прыстанкам для бедных. Так было ў буйных гарадах і гэтая тэндэнцыя прасочваецца да XVII стагодзьдзя. Выдадзены ў 1680 годзе слоўнік Рышэлье дае такое вызначэньне больніцы (прытулку): «Месца, куды накіроўваюць на ўтрыманьне бедных, ня маючых сродкаў да існаваньня і дзе прадпрымаюцца асаблівыя высілкі для іхняга збаўленьня». Аж да XIX стагодзьдзя больніцы прызначаліся толькі для бедных. Людзі ж заможныя лячыліся дома з дапамогаю вядомых і прафесійных лекараў. Умовы ўтрыманьня ў больніцах былі жахлівымі, але з разьвіцьцём медыцынскай навукі сітуацыя паступова зьмянялася ў станоўчы бок і зараз мы ведаем ды бачым узровень сучасных больніцаў.
І вось Амерыка. Амаль што ўсе больніцы ў Злучаных Штатах былі заснаванымі хрысьціянамі, а да гэтага важную ролю згуляла існаваньне прытулкаў, каб дапамагчы бедным і хворым. Першыя медыцынскія ўстановы Амерыкі вельмі нагадвалі сярэднявечныя больніцы Эўропы і толькі час, з разьвіцьцём навукі, ператвараў гэтыя прымітыўныя больніцы ў сучасныя клінікі. У першых амерыканскіх больніцах клапаціліся пра здароўе ня толькі цела, але і душы. У многіх больніцах, у кожнай палаце была Біблія, а ў некаторых больніцах прысутнасьць хворых на нядзельных богаслужэньнях была абавязковай. Роля хрысьціянства ў стварэньні больніцаў Амерыкі бяспрэчна. Як казаў адзін амерыканскі пастар пра адну мясцовую больніцу: «Штодзённыя справы, зьдзяйсьняемыя ў гэтай больніцы ёсьць ня што іншае, як увасабленьне хрысьціянскай думкі і веры».
Усеагульна вядома тое, што прафілактыка хваробы нашмат лепш за лячэньне. Хрысьціянства і ёсьць той самай прафілактыкай, бо прапануе здаровы вобраз жыцьця. Менавіта хрысьціянства навучыла і вучыць людзей беражліва ставіцца да асабістага арганізму, адмаўляючыся, напрыклад, ад курэньня, алкагольных напояў і бязладнага сэксуальнага жыцьця. Хрысьціянскі вобраз жыцьця вельмі карысны для здароўя. Біблія кажа пра тое, што нашыя целы ёсьць бажніцай Сьвятога Духу: «Або вы ня ведаеце, што цела вашае ёсьць бажніца Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і што вы не свае? Бо вы купленыя дарагою цаною. Таму слаўце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя» (1Кар 6:19-20). Гэта словы апостала Паўла, з якіх выходзіць тое, што мы заслугоўваем беражлівых адносінаў да сябе. Калі ж мы думаем менавіта так, дык наш вобраз жыцьця будзе зусім не такім як у тых, хто лічыць сваё цела памыйніцай.
У-ва ўсім сьвеце першае месца сярод прычынаў сьмерці займае курэньне, якое кожнадзённа забівае мільёны чалавек ад розных жахлівых захворваньняў. Ніякія катастрофы з гэтым параўнацца ня могуць і гэта ёсьць жахлівая сітуацыя. Але тыя людзі, хто прыходзіць да Хрыста і крочыць Ягонаму вучэньню, адмаўляецца ад курэньня і іншых шкодных звычак на карысьць здароўя, памятаючы тое, што цела ёсьць Божаю бажніцай. І гэта ёсьць адным з прыкладаў таго, як хрысьціянства зьмяняе вобраз жыцьця чалавека. Таксама і духоўная практыка карысная для чалавека, бо нясе ў сабе фізічнае і душэўнае здароўе і гэта ня проста думка прапаведніка, але ёсьць фактам многіх навуковых дасьледваньняў. Менавіта хрысьціяства нясе сьвету здароўе, як і сказаў адзін знкаміты вучоны: «Шукайце здароўе ў царкве».
А зараз пра хрысьціяніна, які зрабіў вельмі і вельмі шмат для разьвіцьця сучаснай медыцыны. Прафесар Луі Пастэр (1822-1895). Бактэрыялагічныя дасьледваньні Пастэра прывялі да зьяўленьня пастэрызацыі, стэрылізацыі і вакцынацыі, калі былі створаны прышчэпкі ад многіх сьмяротных хваробаў, у тым ліку шаленства, дыфтэрыі і сібірскай язвы. Пастэр быў, па прызнаньню сучасных вучоных, найвялікшым біёлагам усіх часоў, хаця пры жыцьці яму прыходзілася сутыкацца з цяжкім процістаяньнем тых, хто стаяў на пазіцыі тэорыі Дарвіна. Але настойлівасьць Пастэра, у сукупнасьці з навуковай абгрунтаванасьцю, упэўніла большасьць навукоўцаў і медыкаў адмовіцца ад асабліва матэрыялістычнага ўяўленьня жыцьця і заснаваных на гэтым уяўленьняў пра метады лячэньня хваробаў. Пастэр быў чалавекам вельмі рэлігійным і нават паміраючы, ён адной рукой трымаў за руку жонку, а ў другой руцэ знаходзіўся крыж.
Ідучы за Ісусам Хрыстом, Які аздараўліваў хворых, хрысьціяне зрабілі вельмі шмат для разьвіцьця медыцыны, у сучасным яе разуменьні. Нават няверуючыя людзі захапляюцца сілай веры хрысьціянаў, якая ператварае п’яніцаў і амаральных людзей у нармальных. Яны бачаць здаровы лад жыцьця і іхнюю міласэрнасьць у адносінах да бедных і абяздоленых людзей. У хрысьціянах яны бачаць Ісуса Хрыста, Які і прыходзіў дзеля таго, каб паказаць усім нам шлях да сапраўднага жыцьця з любоўю і праўдай Хрыста.
Свидетельство о публикации №225121100568