Христианство и личность человека

IX. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І АСОБА ЧАЛАВЕКА

«Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае» (2 Кар 5:17).


З першага веку і па наш час Ісус Хрыстос кожны дзень пераўтварае жыцьці людзей. Апостал Мацьвей, будучы мытнікам, зьбіраў падаткі для рымлянаў і быў, з гэтага, заможным чалавекам, выклікаючы гідлівасьць, а нават і нянавісьць, з боку жыхароў Галілеі. Бачыцца і тое, што сам Левій Мацьвей, у сэрцы сваім, ня быў задаволены такім сваім жыцьцём і таму з радасьцю адгукнуўся на прапанову Ісуса ісьці за Ім, тым больш, як бачыцца, Мацьвей ведаў Ісуса па ранейшаму жыцьцю ў Капернауме. Вось гэтая гісторыя: «І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: “Ідзі за Мною”. І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім. І зрабіў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і была шматлікая грамада мытнікаў і іншых, якія ўзьлягалі з імі. І наракалі кніжнікі і фарысэі вучням Ягоным, кажучы: “Навошта вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі і грэшнікамі?” І, адказваючы, Ісус сказаў ім: “Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я прыйшоў клікаць да навяртаньня ня праведных, але грэшных”» (Лук 5:27-32). Усе мы хворыя на грэх да сустрэчы з Ісусам Хрыстом і толькі Ён дае нам магчымасьць новага стварэньня, калі старое мінуе і станецца ўсё новае.
«І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам. І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго. І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: “Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім”. І той пасьпешна зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю. І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: “Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра». Ісус жа сказаў яму: “Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы”» (Лук 19:1-10). Так, гэта пра Закхея, які, як і іншыя мытнікі, нажыў вялікі скарб вымагальніцтвам, але ён кардынальна перамяніўся ў той момант, калі Ісус абвесьціў пра тое, што ўвойдзе ў ягоны дом для адпачынку. Няхай жа Ісус будзе прысутным у кожным нашым доме.

«Саўл жа, яшчэ дыхаючы пагрозай і забойствам на вучняў Госпадавых, падыйшоў да першасьвятара і прасіў у яго лісты ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе некага, хто ёсьць на гэтым шляху, як мужчынаў, так і жанчынаў, зьвязаўшы, весьці ў Ерусалім. А калі ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба. І, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які гаварыў яму: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?” Ён жа сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” А Госпад сказаў: “Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”. І ён, дрыжучы і жахаючыся, сказаў: “Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?” І Госпад кажа да яго: “Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць” (Дзеі 9:1-6). Саўдзельніка забойстваў Ісус Хрыстос зрабіў адным з самых вядомых людзей у сусьветнай гісторыі, які з ворага пасьлядоўнікаў Хрыста пераўтварыўся ў вернага служыцеля хрысьціянства. І зусім недарма ягоныя словы вынесены ў пачатак гэтага разьдзелу: «Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае». Гэтыя словы прыналежаць апосталу Паўлу, але яны тычацца ўсіх тых, хто, аднойчы, сустрэў Ісуса Хрыста і Які зьмяніў іхняе жыцьцё да лепшага.

Марыя Магдалена была жанчынай з вельмі дрэннай рэпутацыяй, але, сустрэўшы Ісуса Хрыста, яна перамянілася, зрабіўшыся вернай пасьлядоўніцай Госпада і Збаўцы. І вельмі паказальным бачыцца тое, што менавіта Марыя Магдалена першай убачыла ўваскросшага Ісуса Хрыста. Яе ранейшае жыцьцё было пустым і антыграмадзскім, але дзякуючы Хрысту яна паслужыла многім і многім людзям, даючы ім Эвангельле Хрыста.
 
Аўгустын Гіпонскі (354-430), адзін з найвялікшых хрысьціянскіх філосафаў і багасловаў. Сваё жыцьцё ён вельмі шчыра апісаў у сваёй кнізе «Cповедзь», дзе кажа пра грахі свайго мінулага жыцьця: «Я жадаю прыпамятаць мінулыя мярзоты свае і цялесную сапсаванасьць душы маёй не таму, што я люблю іх, але каб палюбіць Цябе, Божа мой». Пачынаючы з шастнаццаці гадоў Аўгустын выкарыстоўваў любую магчымасьць для зьдзяйсьненьня грэху. Яму не было і дваццаці гадоў, калі ў яго зьявіўся незаконнанароджаны сын. Але, з цягам часу, ён усьвядоміў усю заганасьць сваіх паводзінаў і ў 386 годзе прыняў Хрыста. Адбылося гэта ў садзе сябра непадалёк ад Рыма, калі ён пачуў дзіцячы голас, які казаў: «Вазьмі і прачытай». Каля Аўгустына апынуўся Новы Запавет, які ён разгарнуў наўгад і пачаў чытаць урывак з Пасланьня да Рымлянаў: «Як у дзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п’янстве, не ў юрлівасьці і бессаромнасьці, не ў сварцы і зайздрасьці, але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажаданьнях» (Рым 13:13-14). Гэтыя словы кранулі ягонае сэрца настолькі, што ён, у гэтую ж хвіліну, прыняў у сэрца Ісуса Хрыста. Будучае ж служэньне Аўгустына аказала вялікі ўплыў на разьвіцьцё багаслоўскай думкі ў многія наступныя стагодзьдзі.

Джон Беньян (1628-1688), вядомы ангельскі хрысьціянскі пісьменьнік. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Міласьць Божая» Беньян апісвае тое, як ён меў распуснае жыцьцё ў маладосьці і як ставіўся да маралі. Ён быў заўзятым блюзьнерам настолькі, што нават самыя вялікія нахабнікі казалі пра тое, што Беньян быў самым бязбожным брыдкасловам з тых, каго яны ведалі. Але сэрца прасіла пазбаўленьня ад гэтага і вось аднойчы ён пачуў голас, які запытаў: «Ты адрачэшся ад сваіх грахоў і пападзеш у рай ці працягнеш грашыць і пападзеш у пекла?» Джон зразумеў тое, што гэта ёсьць голасам Божым, але ня ўсё было простым і ён, духоўна адрадзіўшыся, меў барацьбу як з пачуцьцем сваёй віны і няўпэўненасьцю ў сабе, так і з сваёй верай у біблійнае абяцаньне асуды на вечныя мукі і збаўленьне хрысьціянаў. Служэньне Беньяна Хрысту вызначылася ў напісаньні каля 60 ліаратурных твораў і галоўнымі з іх сталіся «Вандроўка Пілігрыма» і «Духоўная вайна», дзе яскрава вызначалася вучэньне хрысьціянскага Эвангельля.

Джон Ньютан (1725-1807), які напісаў хрысьціянскі гімн «О ласка! Збаўлены табою» і які добра ведаў ласку Божую, якая дае чалавеку новае сэрца, а Хрыстос прабачае нават і самыя агідныя грахі. Да сустрэчы з Хрыстом Ньютан быў гандляром рабамі і зарабляў на марскіх перавозках жывога тавару. Пад час моцнага шторму у 1747 годзе ён маліў Госпада пра збаўленьне і цудоўным чынам застаўся жывым. З гэтага часу ён стаўся хрысьціянінам, усьвядоміўшы тое, што гандль рабамі супярэчыць хрысьціянскім прынцыпам. Стаўшы пастарам ён, праз свайго палітыка-вучня, вельмі моцна паўплываў на парламент Англіі ў пытаньні гандлю рабамі, што, у рэшце рэшт, дало свае плады і рабства было адмененым. Вось некалькі словаў з гімну Ньютана: «О ласка! Збаўлены табою я з віхуры бедаў. Быў мёртвы я, і цудам стаў жывым. Быў я сьляпы, і бачу я сьвятло». У гэтых словах адлюстрованы шлях кожнага хрысьціяніна, незалежна ад таго, наколькі «грэшным» ці «праведным» здаваўся ён да сустрэчы з Хрыстом. Збавіць жа нас можа толькі цудоўная Божая ласка. 

Клайв Льюіс (1898-1963), адзін з найлепшых пісьменьнікаў XX стагодзьдзя, быў выкладчыкам у Оксфардзе і Кембрыджы. Ён нарадзіўся ў пратэстанскай сям’і, але пасьля сьмерці маці і пад уплывам настаўніка-скептыка, ён ператварыўся, стаўшыся атэістам, які крытычна ставіўся да існаваньня Бога. Будучы ўдзельнікам Першай сусьветнай вайны ён быў паранены, што яшчэ больш умацавала яго ў тым, што ў сьвеце няма нічога больш каштоўнага, акрамя цялесных і інтэлектуальных задавальненьняў. Але, з цягам часу, пад узьдзеяньнем сяброў і знаёмых ён прыняў хрысьціянскую веру, хаця гэты шлях быў вельмі няпростым. Льюіс стаўся адным з найвялікшых хрысьціянскіх пісьменьнікаў XX стагодзьдзя, а ягоная знакамітая кніга «Проста хрысьціянства» прывяла да Хрыста мноства людзей у-ва ўсім сьвеце. Хрысьціянская вера надала ягоным літаратурным творам вечную важнасьць, бо менавіта ў хрысьцянстве Льюіс чэрпаў большасьць сваіх узвышаных тэмаў.

Тое, што Ісус стварыў у жыцьці гэтых людзей, Ён стварыў і стварае ў жыцьці многіх і многіх людзей, хто паверыў у Яго, як у свайго Госпада і Збаўцу. Калі б Хрыстос не прыйшоў у гэты сьвет, усе гэтыя людзі ніколі б не перамяніліся, як і аўтар гэтых радкоў, які і ня меў бы ніякіх падставаў пісаць пра нешта падобнае. Калі б не было Ісуса Хрыста, дык жыцьцё чалавека, у большай сваёй частцы, было б пазбаўлена сэнсу, як сказаў шэксьпіраўскі Макбэт: «У жыцьці шмат шуму і жарсьцяў, але сэнсу няма». Калі няма вечнага Бога, дык хто можа напоўніць жыцьцё чалавека сапраўдным сэнсам? Але Хрыстос дзеля гэтага і прыйшоў, каб зьмяніць нашае жыцьцё так, каб мы змаглі выканаць волю Бога – праслаўляць Яго і быць з Ім навякі вякоў. Дзеля гэтага Бог і стварыў чалавека, даўшы яму розум і здольнасьці. Сэнс жыцьця і заключаны ў тым, каб служыць Богу, але мы ня зможам служыць Яму да таго часу, пакуль Ісус Хрыстос ня ўвойдзе ў нашае сэрца. Без Хрыста ня можа быць ні сапраўднага прабачэньня грахоў, ні пазбаўленьня пачуцьцяў віны чалавека. Хрыстос ня толькі прабачае мінулыя грахі, але і дае сілы перамагаць грэх тут і зараз. Ён разбурае ланцугі грэху і адпускае грэшнікаў на свабоду. Калі ня Ён, дык на што, ці на каго, спадзявацца чалавеку, які прыкаваны ланцугамі да калясьніцы заганы? Так, на Крыж Хрыста, дзе былі разарваныя ланцугі грэху, каб свабода ад Хрыста сустрэла грэшнікаў. Калі б не Хрыстос, дык у нас не было б і надзеі на вечнае жыцьцё, але менавіта Ён даў нам гэтую надзею: «Я жыву і вы жыць будзеце» (Ян 14:19). Толькі ў Ісусе Хрысьце мы набываем упэўненасьць у жыцьці вечным і гэта ёсьць найвялікшым абяцаньнем.

Эвангельле дае нам зьвесткі пра тое, што нас чакае будучая слава, бо, калі скончыцца нашае зямное жыцьцё, мы апынемся ў прысутнасьці Госпада, дзе ўжо ня будзе пакутаў, смутку і сьлёзаў. Усё старое пройдзе, а Госпад адновіць увесь сьвет. У гэтым сьвеце, у нашым цяперашнім жыцьці, мы ўжо вызваленыя ад улады грэху і ад пакараньня за яго, але калі апынемся ў славе Госпада, мы вызвалімся і ад самой прысутнасьці грэху. І ў гэты момант мы набудзем дасканаласьць. Гэта будзе дзіўны час. Тыя, хто пакаяліся ў грахах, навярнуўшыся да Бога, і паверылі ў тое, што толькі Ён дае нам збаўленьне, атрымаюць новыя целы і будуць жыць у дасканаласьці вечна. І ўсё гэтае магчыма толькі дзякуючы Ісусу Хрысту, бо калі б Хрыстос не нарадзіўся, дык усіх нас чакалі б цемра, сьмерць і безнадзейнасьць. Але Хрыстос нарадзіўся і ўсё перамянілася. Ён прыйшоў і мы ведаем тое, што Ён нас любіць. Таксама і мы, у шчырасьці сэрца, можам сказаць тое, што і мы любім Яго. Мы ўжо ведаем тое, што ў нашым жыцьці ёсьць сэнс і мэта і мы, разам з Ісусам Хрыстом, удзельнічаем у збаўленьні сьвету. Мы ведаем тое, што нашыя грахі прабачаныя і гэта не прывядзе нас да асуды. Мы ведаем і тое, што Бог дае нам сілы для перамогі над грэхам у нашым жыцьці. І мы ведаем тое, што аднойчы настане дзень, калі ўсё зьменіцца і мы станемся дасканалымі, каб вечна быць з Госпадам у раі.

Мала хто з нас, аднойчы, не жадаў бы пачаць «новае жыцьцё» з панядзелка. У каго гэта атрымалася няхай напіша, у аўтара ж гэтых радкоў не атрымалася ні воднага разу. Кінуць дрэнныя звычкі, рабіць ранішнюю гімнастыку, абмежаваць сябе ў ежы і, увогуле, весьці сябе паказальна прыстойна ды не грашыць. Дасягальна гэта? Так дасягальна, але толькі з Ісусам Хрыстом. Падобна мытніку Мацьвею, Марыі Магдалене, Аўгустыну, Джону Беньяну, Джону Ньютану, КлайвуЛьюісу і шмат, шмат якіх яшчэ людзей, якім Ісус Хрыстос даў сілы і магчымасьці пачаць новае жыцьцё. Ісус палюбіў нас настолькі, што пайшоў дзеля нас на Крыж, узяўшы на Сябе ўсе нашыя грахі і тое пакараньне, якое заслугоўвалі мы. Ісус цалкам заплаціў за нас і зараз Ён прапануе нам збаўленьне. Па Сваёй ласцы, якую немагчыма заслужыць, Ісус прапануе нам дар вечнага жыцьця з лишкам. Тым, хто перастае спадзявацца на сябе і асабістую праведнасьць ды ускладзе ўсю надзею на Хрыста і Ягонае адкупленьне, адразу ж адкрываецца ласка Ягоных нябёсаў. Калі ў нашае сэрца прыйшоў Ісус Хрыстос, дык гэта можа зьмяніць усё нашае жыцьцё. На жаль, мае месца і тое, што многія людзі маюць упэўненасьць у тым, што добрыя справы ды маральнае жыцьцё і ёсьць дастатковым для збаўленьня і вечнага жыцьця. Безумоўна тое, што гэта добра, але самі па сабе яны не заменяць асабістых зносінаў з Ісусам Хрыстом і не вядуць да жыцьця вечнага. Апостал Павал у пасланьні да Рымлянаў кажа: «А цяпер, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся слугамі Бога, вы маеце плод свой на сьвятасьць, а канец — жыцьцё вечнае. Бо плата за грэх — сьмерць, а дар ласкі Божай — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6:22-23). Мы бачым тое, што нябёсы даюцца дарма, калі зьвярнуцца да Хрыста, прыняўшы Яго сваім Госпадам і Збаўцам.

Калі ж вечнае жыцьцё даецца дарма, дык яго нельга зарабіць. Ніхто ня можа заслужыць збаўленьне самастойна, таму што ніхто не дасканалы. Толькі Ісус змог пражыць дасканалае зямное жыцьцё. Мы грахоўныя людзі, а грэх аддзяляе нас ад Бога і колькі б мы не рабілі добрых справаў, яны не дапамогуць нам пераскочыць гэтую прорву. І калі мы спадзяемся толькі на свае сілы, дык ня маем ніякай надзеі на вечнае жыцьцё. Але Бог вырашыў гэтую праблему з дапамогаю Ісуса Хрыста. Дзеля нас з вамі Ён перанёс пагарду, пакуты і сьмерць, расплаціўшыся на Крыжы за нашыя грахі. Ён нічога ня быў павінным, але заплаціў за нас Сваім жыцьцём, каб пазбавіць нас пазыкі, якую ніхто з нас ніяк ня здольны аплаціць. Ісус Хрыстос ёсьць адзіным шляхам у нябёсы, як і кажа Біблія: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой» (Дзеі 16:31). Новы Запавет кажа пра тое, што мы павінны прыняць Ісуса як Госпада і Збаўцу, падпарадкаваўшыся Яму як свайму Валадару. Прыняць жа Яго як Збаўцу – гэта азначае прызнаць тое, што толькі дзякуючы Ягонай крыжовай сьмерці мы збаўленыя ад грэху. Ісус жа абяцае нам тое, што калі мы паверым у Яго, дык Ён будзе з намі назаўсёды. Тыя ж хто паверыў у Ісуса Хрыста, дзякуюць Яго за збаўленьне і служаць Яму ўсё сваё астатняе жыцьцё. А добрыя справы стануцца натуральным плодам іхняга жыцьця, падобна таму, як добрае дрэва дае добрыя плады.

Толькі дзякуючы Ісусу Хрысту зьмянілася жыцьцё мільёнаў людзей. Яны так бы і жылі ў грахах, наступствы якіх адбіліся б ня толькі на іх саміх, але і на грамадзтва ўвогуле. Калі б Хрыстос не зьмяняў бы жыцьці людзей, не было б і іншых дасягненьняў хрысьціянства: навукі, медыцыны, адукацыі, мастацтва, свабоднага прадпрымальніцтва і іншых дасягненьняў чалавецтва. І ўсё гэта таму, што ўсе зьмененьні ў грамадзтве пачынаюцца з зьмяненьня ў чалавечым сэрцы, а дзеля гэтага і прыйшоў Ісус Хрыстос. Калі ж мы ведаем Хрыста і сьведчым пра Яго іншым людзям, дык мы прымаем удзел у найвялікшай дзеі ў гісторыі чалавецтва – умацоўваем і пашыраем Божае Валадарства.


Рецензии