Христианство и исскуство

X. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І МАСТАЦТВА

«І зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў Сялібе, дзесяць палотнаў з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і херувімаў умелай работай зрабілі на іх» (Вых 36:8).

Самыя ўзвышаныя тэмы ў мастацтве падказаныя Ісусам Хрыстом. Усьведамленьне таго, што Бог аддаў Свайго Сына дзеля нашага збаўленьня, накіроўвала мастакоў, архітэктараў, паэтаў і пісьменьнікаў на вяршыні мастацтва. Многія сусьветныя шэдэўры грунтуюцца на хрысьціянскіх тэмах. Пра Хрыста складзена больш вершаў, напісана больш прозы, намалёвана больш карцінаў і сьпета больш сьпеваў, чым пра каго іншага ў гісторыі чалавецтва. І ўсё гэта таму, што менавіта мастацтва, ярчэй за ўсё, выказвае глыбокія імкненьні чалавечага сэрца. Царква спрыяла разьвіцьцю мастацтва, калі ствараліся архітэктурныя шэдэўры – каталіцкія саборы Эўропы. Музыка Баха, вернага хрысьціяніна, кожнай сваёй нотай праслаўляла Ісуса Хрыста, а сам Бах назаўсёды зьмяніў музыку заходняй Эўропы. Так і з мастакамі, якія, дзякуючы Ісусу, пачалі адлюстроўваць на сваіх палотнах Бясконцае. Калі б не Ісус, мастацтва і музыка у гэтым сьвеце былі б нашамат бяднейшымі.

Стары і Новы Запаветы сталі крыніцамі найвялікшых тэмаў у мастацтве. З адлікам ад Ісуса, бо ў дахрысьціянскі час юдэі настолькі строга разглядалі другую запаведзь, што выяўленчае мастацтва разьвівалася вельмі слаба ці зусім не разьвівалася. З нараджэньнем хрысьціянства нарадзілася і жаданьне суаднесьці словы з біблійнымі вобразамі і, з таго часу, старазапаветныя тэксты прыйшлі ў выяўленчае мастацтва. Нараджэньне Ісуса дало магчымасьць нарадзіцца і мастацтву, якога амаль што не было. Божае адкрыцьцё ў Хрысьце адрозьніваецца ад любога рэлігійнага іншага. Грозны юдэйски Бог, які выклікае трапятаньне, становіцца чалавекам у вобразе Ісуса Хрыста. Бясконцае часова становіцца канчатковым і бачным чалавечаму воку. Увасабленьне ёсьць тым цудоўным цудам, якое назаўсёды зьмяніла мастацтва.

Але, якім быў пачатак хрысьціянскага мастацтва? Зьвестак пра гэтае вельмі няшмат, але відавочна тое, што ўвесь Новы Запавет ёсьць шэдэўрам мастацтва слова. Мацьвей, Марк, Лука, як і Ян – адукаваныя людзі, якія зрабілі неверагодны ўнёсак у фармаваньне гэтага шэдэўру. Марк, напрыклад, пісаў сваё Эвангельле першым з усіх эвангелістаў у супрацоўніцтве з Пятром, а Дзеі апосталаў пісаў Лука, будучы каля Паўла. Сам жа Павал, маючы адукацыю рабіна, зьяўляецца аўтарам сямнаццаці кніг Новага Запавету, кожная з якіх зьяўляецца пэрлінай у складзе гэтага шэдэўру. Што тычыцца выяўленчага мастацтва, дык гісторыкі вызначаюць зноходкі насьценных росьпісаў у рымскіх катакомбах пад час ганеньняў хрысьціянаў, пачынаючы ад Нэрона. Трэба адзначыць і тое, што першыя ганеньні пасьлядоўнікаў Хрыста распачаў сам фарысэй Павал, калі будучыя хрысьціяне разыйшліся па абшарах рымскай імперыі. Чаму будучыя? Таму што на той момант яны хрысьціянамі яшчэ не называліся і гэтая назва замацуецца за імі крыху пазьней, у Антыёхіі Сірыйскай. Выяўленчага мастацтва гэты час ніяк ня даў, бо першыя хрысьціяне былі, у асноўным, з юдэяў, якія стаялі на пазіцыях выкананьня другой Божай старазапаветнай запаведзі. Што ж тычыцца Паўла, які стаўся апосталам Хрыста, дык менавіта ягоная місіянерская дзейнасьць прынесла хрысьціянства ў паганскі сьвет, а з ім і росьцікі выяўленчага мастацтва.

І вось прыйшоў час, калі Канстанцін абвесьціў хрысьціянства як дзяржаўную рэлігію. Наступны час вядомы незвычайным росквітам царкоўнай архітэктуры, калі тагачасныя базілікі адыйшлі ад ідэі грэцкага храму. Грэцкі храм лічыўся домам канкрэтнага бога ці багіні, а ў хрысьціянскім будынку знаходзіліся толькі веруючыя ў бясконцага Бога, Якога ня могуць зьмясьціць ні зямля, ні нябёсы. З гэтага часу і пачаўся росквіт царкоўнай архітэктуры, калі пачалі стварацца будынкі, дзе «зьзяючае сьвятло і каштоўны мурмур» абуджаюць хараство Божага Валадарства. Самыя знакамітыя архітэктурныя шэдэўры царкоўнага будаўніцтва пачынаюць свой адлік ад 1000 году нашага часу, калі пачаўся раманскі перыяд гатычнай архітэктуры. Наступныя чатыраста гадоў прынесьлі сьвету ўнікальныя ўзоры хрысьціянскай архітэктуры, сярод якіх, між тым, стаіць і Сабор Парыжскай Богамаці.

Адраджэньне, Рэнэсанс, лічыцца залатым часам мастацтва, калі галоўным рухавіком выяўленчага мастацтва былі біблійныя сюжэты. Дастаткова прыгадаць некалькі тагачасных творчых імёнаў, каб усьвядоміць тое, што знакамітыя людзі таго часу імкнуліся зьвязаць класічную філасофію з хрысьціянскім вучэньнем. Знакаміты Мікеланджэла (1475-1564) акрамя выяваў біблійных персанажаў, напрыклад Давіда і Майсея, быў аўтарам роспісу столі і сьценаў Сікстынскай капэлы ў Рыме па біблійных сюжэтах. Рафаэль (1483-1520), нягледзячы на сваё кароткае жыцьцё, даў сьвету сотні мастацкіх твораў біблійнага складу, у тым ліку выяву Маці Божай, як ён гэтае бачыў. І хаця гэтае пытаньне вельмі спрэчнае, але сучасныя людзі так і ўспрымаюць Марыю. Леанарда да Вінчы (1452-1519), адзін з самых разнастайных людзей у гісторыі чалавецтва, пакінуў пасьля сябе вялікія творы выяўленчага мастацтва, кіруючыся хрысьціянскім вучэньнем: «Тайная вячэра», «Ян Хрысьціцель», «Дабравесьце», «Мадона з Немаўляткам», «Пакланеньне мудрацоў» і іншыя творы. Можна называць яшчэ шмат тагачасных імёнаў, творы якіх грунтаваліся на біблійных сюжэтах і вучэньні Ісуса Хрыста.
 
Далейшы час, уключаючы XIX стагодзьдзе не вызначаецца яркімі выразамі героеў Бібліі, але тагачасныя мастацкія карціны нясуць у сабе хрысьціянскія ідэі дабра і перамогу над злом. XX стагодзьдзе прынесла людзям паступовы адыход ад хрысьціянства, а з гэтым і мастацтва пачало прымаць нехрысьціянскія формы творчасьці. Авангардызм і ёсьць той формай выяўленчага мастацтва, якое ніяк не кіруецца Хрыстом. У 1882 годзе Альфонс Альле напісаў карціну ў выглядзе чорнага квадрату пад назвай: «Бітва неграў у пячоры глыбокай ноччу». Праз год сьвет убачыў чырвоны квадрат пад надпісам: «Збор ураджая памідораў на беразе Чырвонага мора апаплексічнымі кардыналамі», а яшчэ праз год выйшаў з пад пэнзаля мастака яшчэ адзін квадрат – белы: «Першае прычасьце хлоратычна-бледных дзяўчынаў у сьнежны час». Некаторыя дасьледчыкі ўбачылі тут іранічную складаючую на нейкія плыні тагачаснага мастацтва, але ў 1915 годзе Казімірам Малевічам быў намаляваны той жа чорны квадрат без усякага каментару, як узор футурыстычнага супрэматызму. Мы ня будзем даваць адзнаку мастацкай каштоўнасьці твору Малевіча, бо гэтым займаюцца шматлікія мастацтвазнаўцы, але ўсім зразумела тое, што сувязі з хрысьціянствам тут ніякай няма і якую маральную каштоўнасьць нясе гэты твор – невядома. Увогуле сучаснае мастацтва адлюстроўвае ірацыянальнасьць сучаснага чалавека як вынік таго, што чалавек адвярнуўся ад Бога. Мастацтва адлюстроўвае жыцьцё, і калі жыцьцё мастака безсэнсоўнае, дык і ягонае мастацтва пазбаўленае сэнсу. Чаму? Таму што жыцьцё чалавека бяз Бога ёсьць ня маючым сэнсу і гэта ёсьць шматпацьверджаным фактам.

Літаратура. Яна і пачалася з Бібліі, якая зьяўляецца ўзорам літаратурнага мастацтва. А як можа быць інакш, калі ўсё запісанае ў ёй надыктована Богам? Ніяк, а таму хрысьціянства і паўзьдзейнічала разьвіцьцю сьвецкай літаратуры найлепшым чынам, даўшы ёй лепшыя сюжэты і ідэі. Нехта вельмі дакладна сказаў: «Літаратура і Эвангельле – сардэчныя сябры» і гэта ёсьць праўдаю, бо самыя знакамітыя шэдэўры сусьветнай літаратуры, так ці інакш, нясуць у сабе элементы хрысьціянскага вучэньня, чым дапамагаюць распаўсюджваньню Добрай Весткі Ісуса Хрыста. Немагчыма ўзгадаць усіх хрысьціянскіх пісьменьнікаў ды паэтаў, але адзначыўшы ў гэтым ланцужку імёнаў некаторых з іх, мы будзем здольнымі ўявіць гэтую непасрэдную хрысьціянскую сувязь з лепшымі творчымі людзьмі гэтага сьвету. Пачынаючы ад Марка, праходзячы разам з Паўлам, разважаючы з Аўгустынам, гледзячы на Лютара, чытаючы Кальвіна і слухаючы Сьперджана, мы прыходзім да Шэкспіра, Дастаеўскага, Талстога і Клайва Льюіса. Сюжэты многіх літаратурных твораў пачэрпнутыя з Эвангельля і абавязаныя Эвангельлю. Калі ж забраць у сьвецкай літаратуры эвангельскую праўду, дык ёй будзе нанесена такая сьмяротная рана, праз якую выцячэ ўсё жыцьцё.

Творчасьць Уільяма Шэкспіра (1564-1616), аднаго з найвялікшых пісьменьнікаў сьвету, – гэта творчасьць хрысьціяніна, як і сказаў вядомы французкі пісьменьнік Віктор Гюго: «У Англіі ёсьць дзьве кнігі: адна створаная Англіяй, другая ж стварыла Англію. Гэтыя кнігі –Шэкспір і Біблія». Відавочна тое, што Шэкспір вельмі добра ведаў Біблію, бо ягонае хрысьціянства прасочваецца нават ў ягоным тастаменьце: «Перадаю душу маю ў рукі Бога, майго Творцы, спадзяючыся і цьвёрда стоячы на тым, што буду ў жыцьці вечным адзіна за заслугі Ісуса Хрыста, майго Збаўцы; і перадаю маё цела зямлі, з якой яно і створана».

Джон Беньян (1608-1674), шлях якога да Хрыста быў вельмі няпростым, стварыў адзін з найвялікшых раманаў у гісторыі літаратуры, які мае назву: «Шлях пілігрыма». Гэтая алегорыя хрысьціянскага жыцьця сталася адной з самых чытаемых твораў у сьвеце, дзе кожны з ягоных вобразаў мае практычнае настаўленьне.

Нельга не сказаць пра яшчэ аднога вядомага пісьменьніка сучаснасьці Джона Мільтана (1608-1674), які таксама быў захоплены хрысьціянскаю верай і які напісаў знакамітыя кнігі «Згублены рай» і «Вернуты рай», дзе намаляваная гісторыя першага Адама, які стаяў у вытокаў грэху і апошняга Адама – Ісуса Хрыста, Які стаўся пачаткам новага стварэньня. Паэзія Мільтана знайшла свой водгук у сэрцах мільёнаў людзей і нягледзячы на тое, што ён згубіў фізічны зрок, ён, тым ня меньш, здолеў перадаць чытачам бачаньне вялікай духоўнай праўды нашага жыцьця.

Хто ня ведае Чарльза Дзікенса (1812-1870), вядомага ангельскага пісьменьніка, які называў эвангельскую прыповесьць пра блуднага сына лепшым з аповядаў. Сам Дзікенс паказаў нам гісторыю сквапнага Скруджа, які перамяніўся ў сэрцы сваім, як перамяняецца чалавек у хрысьціянскім навяртаньні. Апошняя кніга Дзікенса «Жыцьцё Госпада нашага Ісуса Хрыста», якую ён напісаў для сваіх дзяцей, пачынаецца словамі: «Мае дарагія дзеці, мне вельмі хочацца, каб вы ведалі гісторыю Ісуса Хрыста. Кожны павінен ведаць пра Яго. У сьвеце не было іншага столькі ж добрага і міласэрнага Чалавека. Ён шчыра шкадаваў усіх тых, хто чыніў няправільна, хто быў хворым ці няшчасным».

І вось музыка. У-ва ўсіх сусьветных культурах музыка зьяўлялася часткаю пакланеньня багам. У кульце Апалона, напрыклад, выкарыстоўвалася ліра, а ў кульце Дыяніса – аўлас. Але як яна гучала мы ня ведаем, хаця існуюць апісаньні тэорыі і фаласофіі тагачаснай паганскай музыкі. Сучасная ж музыка закладалася старажытным Ізраілі, у адрозьненьні ад іншых відаў мастацтва. Паколькі ж хрысьціянства выйшла з юдэйства, дык формы ды музычныя традыцыі былі ўзятымі з гебрайскай сынагогі, дзе музыцы адводзілася вельмі важная роля. Эвангельле ад Мацьвея кажа нам пра тое, што Ісус з вучнямі спявалі псальмы: «І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную» (Мац 26:30). Усеагульна лічыцца тое, што, ў дадзеным выпадку, гэта быў псальм 117: «Хвалеце Госпада, усе народы! Праслаўляйце Яго, усе плямёны! Бо вялікая над намі міласэрнасьць Ягоная, і праўда Госпада на вякі! Алелюя!». Апостал Павал, зьвяртаючыся да эфэсцаў, заклікаў іх сьпяваць Госпаду: «Гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста» (Эф 5:19-20). Але як гэта адбывалася ў сынагогах? Музыка суправаджала тых, хто чытаў ці тлумачыў тэксты Пісаньня і вызначала ў сабе тры асноўныя формы:
1. Сольны сьпеў, калі саліст чытаў урывак нарасьпеў;
2 Рэспонсарны сьпеў, калі сола суправаджалася харавымі рэплікамі – адказамі;
3. Аніфонны сьпеў, калі адбываўся дыялог дзьвух хароў.
Гэтыя формы музыкі існуюць і па сёньня, асабліва выкарыстоўваючыся ў грыгарыянскіх харах, а сама царкоўная музыка стала пачаткам музыкі сучаснай. Дарэчы грыгарыянскі перыяд, а гэта V-VI стагодзьдзі, і стаўся першым класічным перыядам у гісторыі разьвіцьця сучаснай музыкі. У тыя часы музыка разглядалася як слуга слова Божага і ацэньвалася на той крытэр, які вызначаў тое, наколькі музыка здольная наблізіць да Бога, узвышаючы душу чалавека. Трэба адзначыць і тое, што музыка існавала і па-за царквою, але захавалася, у асоўным, музыка царкоўная. Менавіта з яе і пачалася ўся сучасная музыка. А таму можна ўпэўнена казаць пра тое, што музыка ў тым выглядзе, які мы сёньня ведаем, нарадзілася менавіта ў царкве.

Напэўна ўсе тыя людзі, хто навучаўся музыцы, ведаюць гісторыю стварэньня нотнага пісьма. Але гэтыя радкі для той большасьці, хто гэтага ня ведае. Гвідо Арэтынскі (995-1050), бэнедэктынскі манах, і стаўся бацькам сучаснага нотнага пісьма. Каб запомніць мелодыю, ён прапанаваў зафіксаваць яе пэўнымі знакамі і літарамі, а для гэтага Гвідо выкарыстаў словы вядомага гімна «Ut Queant Laxis», які быў прысьвечаны апосталу Яну, як мнеманітычны прыём:
UT gueant laxis REsonare fibris
MIre gestorum FAmuli tuorum
SOLve pollutes LAbiis reatum
Sancte lohannes
Як мы бачым, пачатковыя літары гэтых фразаў сталіся назвамі нотаў, але ў сучаснасьці першыя і апошнія літары сталі называцца адпаведна DO і SI. Манах Гвідо стварыў і спосаб запісу музыкі, які дазваляў фіксаваць вышыню тона, што адарвала залежнасьць музыкі ад вуснай традыцыі. Гэта было рэвалюцыйнае адкрыцьцё, якое раўнялася да зьяўленьня пісьменнасьці і разьвіцьця літаратуры. Гэта быў паваротны момант для разьвіцьця музыкальнай творчасьці і вось чаму. З узьнікненьнем нотнага пісьма зьявілася магчымасьць захоўваць створаную музыку і фіксаваць мелодыю на паперы. Дзякуючы  нотнаму пісьму музыка набыла парадак, правілы і логіку, а з гэтым і музыкальную тэорыю. Разам з гэтым зьявілася паліфанія, што ёсьць адначасовым гучаньнем некалькіх мелодыяў, а таксама з гэтым зьявілася і гармонія. Безумоўна тое, што гэта ня здарылася адразу, але разьвіцьцё музыкі адбывалася даволі хутка і ўжо ў XVI стагодзьдзі склалася свая асобная музыкальная мова. Разьвіцьцё гэтай мовы працягваецца і па-сёньня і зусім невядома калі яна канчаткова сфармуецца. Але вернемся ў сярэднявечча і разам паглядзім, як разьвівалася музыка, атрымаўшы нотнае пісьмо як музыкальную мову.

Сабор Парыжскай Богамаці першым вызначыўся тым, што нарадзіў царкоўны сьпеў, які лёг у аснову чатырохгалоснай гармоніі: сапрана, альт, тэнар і бас. Гэтая шматпартыйная паліфанія хутка распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе, выйшаўшы з цэркваў у сьвет, дзе працягвалася разьвіцьцё музыкальнай творчасьці з гучаньнем яе ў палацах Эўропы. Зьявіліся новыя формы музыкі, такія як мадрыгал і ронда, з якіх, у сваю чаргу, нараджаліся больш складаныя музыкальныя формы. Рэфармацыя яшчэ больш надала музыкі ў царкве. Марцін Лютар быў вялікім аматарам музыкі, добра граючы на лютні і пішучы музычныя творы. Лютар ствараў музыку для царквы, імкнучыся навучыць гэтым простых людзей асноўным хрысьціянскім дактрынам. І вось надыходзіць перыяд разьвіцьця музыкі пад назвай барокка, дзе мы ўзгадаем тры знакавыя імёны стваральнікаў музыкі гэтага часу.

Сэбасьцьян Бах (1685-1750), якога музыкальныя крытыкі называюць найвялікшым музыкай усіх часоў, геній якога застаўся непераўзыйдзеным. Бах нарадзіўся ў лютаранскай сям’і, дзе бацька меў адносіны да аматарскай музыкі, але гэтага хапіла на тое, каб сын прысьвяціў сваё жыцьцё стварэньню ды разьвіцьцю музыкі ў сусьветных памерах. Вядома тое, што ў Баха было дваццаць дзяцей, але галоўнае ягонае бацькоўства ў іншым: ён стаўся бацькам сучаснай музыкі – усёй музыкі наступных стагодзьдзяў. За якую б музычную форму ён не кранаўся, гэтая форма набывала канчатковы стан. Падставаю для музыкі, які мы называем класічнай, сталася створаная Бахам фуга і, адпаведна, контрапунктычная музыка. Менавіта на гэтым потым адбудоўваліся канцэрты, санаты, квартэты і нават сімфоніі. Хрысьціянін Бах прысьвячаў усю сваю творчасьць Госпаду і недарма ў ягонай бібліятэцы былі знойдзены восемдзесят тры тамы хрысьціянскіх багаслоўскіх твораў, сярод якіх поўны збор твораў Лютара. Бах жыў хрысьціянствам і недарма дасьледчыкі адзначаюць тое, што кожная нота Баха напісаная ў славу Ісуса Хрыста. Бах казаў сваім вучням тое, што яны могуць стаць вялікімі музыкамі толькі ў тым выпадку, калі цалкам прысьвецяць свой талент Госпаду Ісусу Хрысту. І няма ніякага сумненьня ў тым, што для Баха музыка была формай пакланеньня Богу. Бах аказаў вялікі ўплыў на многіх вядомых музыкаў. Бетховен, Гайдн, Мэндэльсон, Моцарт, Шапэн, Вагнер, Брамс і гэта далёка ня поўны пералік імёнаў, на творчасьць якіх паўплываў хрысьціянін Бах.

Фрыдрых Гендэль (1685-1759), які крануў сэрцы мільёнаў сваімі творамі, напісанымі ў славу Ісуса Хрыста. Прыгадаем толькі араторыю «Мэсія», якую ўпершыню пачуў сьвет у 1742 годзе. Ён напісаў гэты цудоўны твор за тры тыдні, адчуваючы тое, што на яго зыйшло надхненьне ад Бога. Нарадзіўшыся ў Германіі, Гендэль вучыўся ў Італіі, дзе і пачаў ствараць кантаты, араторыі ды оперы. У 1712 годзе ён пераяжджае ў Англію, дзе і прайшло ягонае астатняе творчае і фізічнае жыцьцё. За сваё жыцьцё Гендэль напісаў каля 40 операў, 32 араторыі, мноства царкоўных харалаў, арганных канцэртаў, а таксама і шэраг іншых твораў.

Антоній Вівальдзі (1680-1741), які стаўся вялікім майстрам італійскага барокка. Вівальдзі быў каталіцкім сьвятаром і у якога была мянушка «рыжы клірык», з-за рыжага колеру ягоных валасоў. Вівальдзі даволі моцна хварэў на астму і з гэтай нагоды быў вызвалены ад сьвятарскага служэньня ў царкве. Але ён, працягваючы служыць Госпаду, вырашыў прысьвяціць сваё далейшае жыцьцё музыцы. Заслугі Вівальдзі як дырыжора, кампазітара і настаўніка вельмі і вельмі вялікія. Творы Вівальдзі для струнных інструмантаў сталіся пэўнай рэвалюцыяй у музыцы. Ён стварыў таксама і жанр сольнага інструмантальнага канцэрту. Яснасьць формы, рытм, логіка і музычная ідэя ў значнай ступені паўзьдзейнічалі на творчасьць самога Баха, які, перапісаў многія канцэрты Вівальдзі для іншых інструмантаў. Музыка Вівальдзі адлюстравалася на музыцы многіх далейшых пакаленьняў.

Наступныя музычныя стагодзьдзі прынесьлі людзям часы класіцызму і рамантызму. Хрысьціянскі пачатак гэтай музыкі быў нязьменным, хаця, пры гэтым, далёка ўжо ня ўсе кампазітары былі хрысьціянамі. Але гэта не было важным, бо асновы музыкі былі закладзенымі ў царкве і менавіта ў царкве праходзіла яе разьвіцьцё. Дзякуючы хрысьціянству сьвет набыў вялікую спадчыну класічнай музыкі – ад простых формаў ды складаных сімфоній. Але вось XX стагодзьдзе прынесла сьвету значны адыход ад хрысьціянства, што, пэўным чынам, адбілася і на музыцы. Як? Пачала распадацца звычная танальная сістэма з дванаццацітонавай гамай і закладацца новыя, антымеладычныя ды ірацыянальныя формы музыкі, калі гэта толькі можна называць музыкай. Паслухайце Стравінскага, Шонберга ці Бартока і вам здасца, што вы знаходзіцеся на прыёме ў зубнога доктара ці назіраеце, як праразаюць электраінструмантам бетон пры нейкіх будаўнічых работах. Гэты адыход ад хрысьціянскай гармоніі да атанальных ідэяў паганства не зьяўляецца глабальным і большасьць людзей пра гэты падыход да музыкі нават і ня ведаюць, але такая тэндэнцыя існуе. Мы ж ведаем тое, што дзякуючы Ісусу Хрысту мы маем цудоўную і гарманічную музыку, якая свамі канцэртамі, кантатамі ці сімфоніямі праслаўляе Бога – Творцу неба і зямлі.

І, на заканчэньне, некалькі радкоў пра кіно, што заўсёды было сьвецкім жанрам мастацтва. Тым ня меньш, многія мастацкія стужкі, так ці інакш, праслаўляюць Таго, Хто натхняе на стварэньне вялікіх шэдэўраў мастацтва. Менавіта фільмы, што маюць хрысьціянскі накірунак, маюць найвялікшы посьпех у гледача і маюць вялікія фінансавыя дасягненьні. І наадварот антырэлігійныя стужкі, як правіла, ня маюць фінансвага посьпеху і асуджаныя на правал.

Жыцьцё Ісуса Хрыста захапляла ўсіх людзей, веруючых і няверуючых, на стварэньне вялікіх шэдэўраў мастацтва. А зараз дазвольце, на прыканцы гэтага разьдзелу, працытаваць вядомага пісьменьніка XX стагодзьдзя Джозефа Грына, які напісаў наступнае: «Існуе адна незвычайная легенда пра тое, як за адну ноч свет стаўся безкаляровым. Неба выцьвіла, мора сталася блёклым і нерухомым, трава згубіла свой зялёны колер, кветкі пабляклі, блёск алмазаў згас, перліны пацямнелі. Прырода апранулася ў жалобнае адзеньне, а жыхароў тых краёў ахапілі сум і страх. Сьвет пазбавіўся жыцьця і сьвятла. І калі сёньня прыбраць з літаратуры ўсё хрысьціянскае – усё, што зьвязанае з Хрыстом і Ягоным жыцьцём, увесь дух Ягонага вучэньня, усе закладзеныя Ім прынцыпы,- дык сьвет станецца безкаляровым за адну ноч. Застануцца толькі літары, якія згубілі колер без Хрыста». Сказанае вышэй адносіцца да літаратурнай формы мастацтва, але такімі ж словымі можна адхарактарызаваць узьдзеяньне Ісуса Хрыста на мастацтва ўвогуле.


Рецензии