христианство и свобода

XI. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І СВАБОДА


«Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпада, там свабода» (2 Кар 3:17).

Свабода! Што гэта? Магчымасьць рабіць усё што заўгодна? Мяркуем што не, бо ў дадзеным выпадку гэта вядзе нас да насільля і зьнішчэньня адзін аднога. Сэнс гэтага слова стаўся вельмі складаным, бо гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя грэху і злачынстваў. Многія вякі філосафы дасьледвалі сэнс і межы свабоды чалавека, але трэба заўважыць тое, што бяз Бога, у квітненьні грэху, гэтая задача зусім ня простая. У XIX стагодзьдзі расейскі пасьменьнік Бялінскі пісаў: «Свабода  ня ёсьць самавольства, але згода з законамі неабходнасьці». Але што ёсьць неабходнасьць і чыімі законамі яна вызначаецца ды рэгулюецца? Дыктатары маюць свой погляд на межы грамадзянскіх свабодаў, а дэмакратыя – зусім па іншаму глядзіць на гэтае пытаньне. Сапраўдная ж дэмакратыя немагчымая без прысутнасьці хрысьціянства, а таму, пры разгляданьні гэтага пытаньня, трэба зьвярнуцца да першакрыніцы – Бібліі, бо дзе Дух Госпада, там і свабода. У стаўленьні чалавечай свабоды і грамадзянскіх правоў хрысьціянства згуляла такую важную ролю, што можна сьмела сьцьвярджаць тое, што калі б не было Ісуса, дык ні было б ніякай свабоды, а калі б і была, дык толькі для выбраных.

Ісус Хрыстос ёсьць найвялікшым Вызваліцелем у сусьветнай гісторыі Менавіта Хрысту і Ягонаму слову мы абавязаны той свабодай, якой мы карыстаемся сёньня. Зразумела тое, што ня ўсё так адназначна ў гэтым сьвеце, але краіны дэмакратыі маюць неабходныя свабоды. Азіраючыся ў мінулае і гледзячы праз Пісаньне, мы бачым, як слова Бога прымушала трапятаць тыранаў, бо мы, напрыклад, памятаем гісторыю бабілонскага валадара Навухаданосара, як і тое, што народы атрымлівалі свабоду і незалежнасьць ад самадзяржаўных манархій, як гэта было на прыкладзе ЗША, дзе тыя неверагодныя грамадзянскія свабоды ёсьць вынікам Божага слова. Сёмы прэзыдэнт ЗША Эндру Джэксан сказаў «Гэтая Кніга, сэр,- камень, на якім трымаецца ўся рэспубліка. Упэўніваю вас, што калі гэты камень абрынецца, дык разам з ім зьнікне і свабода».

Мы ж пачнем ад пачатку. Адам і Ева атрымалі ад Госпада свабоду – свабоду выбару паміж дабром і злом. Эдэмскі сад, свабоднае жыцьцё, кіраваньне прыродай і дрэва жыцьця, як забарона ад Бога. Учынак Евы, як свабодны выбар – гэта праява, дадзенай Богам свабоды і лагічнае скарыстаньне ёй? І так і не. Бог даў першым людзям свабоду, але паказаў ім і абмежаваньне свабоды, калі забараніў ім карыстацца пладамі з дрэва жыцьця, бо за гэтым праяўлялася зло ў выглядзе грэху з усімі, неверагодных масштабаў, наступствамі. Бог папярэдзіў людзей, да чаго можа прывесьці свабода, якая выходзіць за межы Божых пастановаў: да неабмежаванага зла. Прыклады? Каін забіў Абэля, а тагачасныя людзі дасягнулі, у сваёй свабодзе, такога ўзроўню зла, што Бог вырашыў зьнішчыць увесь гэты разбешчаны род, за выключэньнем праведнага Ноя. Але што зьмянілася пасьля патопу?  Людзі па ранейшаму схіляліся, у сваёй свабодзе, на бок грэху і зла. Безумоўна і тое, што Бог усё гэта прадбачыў, але даў запавет не вынішчаць болей людзей гэтага сьвету, бо ўжо ведаў пра план збаўленьня людзей праз Ісуса Хрыста. Дык што ёсьць свабода і дзе тыя межы свабоды чалавека? Бог паставіў гэтыя межы яшчэ ў Эдэмскім садзе, калі забараніў пэўныя дзеі, якія вядуць да грэху.

Многія людзі нават і не задумваюцца над тым, што на старонках Сьвятога Пісаньня вельмі шмат гаворыцца пра свабоду. Стары Запавет распавядае пра тое, як чалавек пападае ў рабства грэху і як Бог збаўляе Свой народ. Бог выводзіць гебраяў з Эгіпту, даючы ім свабоду ад рабства. Пад час Судзьдзяў Бог неаднаразова вызваляў Свой народ ад заваёўнікаў ужо ў зямлі абяцанай. Бог вызваліў рэшту Ізраіля з сямідзесяцігадовага палону Бабілона. Усе гэтыя гістарычныя факты – гэта толькі прадвесьнікі таго, што адбылося пазьней: вялікае вызваленьне, якое прынёс Збаўца – Ісус Хрыстос, Які прыйшоў збавіць нас ад рабства грэху і даць нам свабоду. Свабода ад грэху і ёсьць тым найважнейшым, што вядзе да свабодаў грамадзянскіх у межах Божага закону. А зараз, ад гісторыі да сучаснасьці.
Паглядзім на ўзровень грамадзянскіх свабодаў у нашым сучасным сьвеце. Многія сучасныя людзі Заходняй Эўропы і Паўночнай Амерыкі, карыстаючыся найвышэйшым узроўнем грамадзянскіх свабодаў у сьвеце, крытыкуюць усё і ўся і, у тым ліку, хрысьціянскае паходжаньне гэтых самых свабодаў. Яны крытыкуюць Ісуса Хрыста і прыдумляюць розныя гісторыі накшталт той, што Ева ў Адама была ня першай жонкай, а Ісус быў таемна жанатым. Свабода слова. Але ці ўяўляюць такія людзі, што самой магчымасьці прамаўляць тое, што яны прамаўляюць, яны абавязаныя хрысьціянству? У Саудаўскай Арабіі ня выкажаш у голас думку пра тое, што Мухамед ня быў прарокам Аллаха, а хрысьціян, з арабаў, увогуле, пазбаўляюць жыцьця. У Індыі не пачуеш дыскусіі на конт таго, што ці можна есьці сьвятых кароў. На постсавецкай прасторы, у аўтарытарных і дыктатарскіх краінах, за пост у інтэрнэце супраць улады, можна атрымаць пяць гадоў турмы. Свабода ж слова была, найбольш поўна, рэалізавана ў ЗША, а потым і ў Заходняй Эўропе і толькі дзякуючы хрысьціянству.
Хрысьціянства ня ёсьць першакрыніцый грамадзянскіх свабодаў. Бог, заключыўшы запавет, даў гебрайскаму народу дзесяць запаведзяў, якія і сталі першапрычынай узьнікненьня грамадзянскіх свабодаў. Запаведзь, якая забараняе забойствы, абараняе права на жыцьцё; забарона крадзяжу – абараняе прыватную ўласнасьць; забарона пералюбу ахоўвае інстытут шлюбу. Такім чынам мы бачым тое, што гебраі, яшчэ з тых часоў, карысталіся грамадзянскімі правамі. У адрозьненьні ад іншых народаў, якія і блізка ня бачылі такога. Хрыстос і Ягоныя пасьлядоўнікі пашырылі геаграфію распаўсюджваньня свабоды, як і было сказана: «Ідзіце і навучыце ўсе народы». Менавіта там, дзе вучэньне Хрыста атрымала сваё распаўсюджваньне ў сваёй паўнаце, замацаваліся і квітнеюць сапраўдныя грамадзянскія свабоды.

Гістарычна вызначана тое, што канстытуцыйнае кіраваньне і свабода чалавека гэта спадчына, якая дадзена Богам, пачынаючы з запавету з Абрагамам і закончваючы першай Канстытуцыяй у ЗША. Пачаткам жа палітычнай свабоды стаў запавет, які Майсей заключыў з Богам ад імя ўсяго гебрайскага народу. У кнізе Выхад мы чытаем: «І цяпер, калі вы, слухаючы, будзеце слухаць голас Мой і будзеце захоўваць запавет Мой, дык вы будзеце Маёй уласнасьцю з усіх народаў, бо Мая ўся зямля. І вы будзеце Маім валадарствам сьвятароў і народам сьвятым» (Вых 19:5-6). Народ Ізраіля пагадзіўся з гэтым і сувязь гэтага запавету з сучаснай дэмакратычнай свабодай праглядаецца вельмі відавочна. Але, ўсё па парадку.

Гебраі паслухаліся Госпада і сталі, першым ў гісторыі чалавецтва, свабодным народам. Пад час Судзьдзяў мы назіраем сярод гебраяў нешта падобнае на рэспубліканскую форму кіраваньня, бо можна ясна назіраць тры галіны ўлады: выканаўчая ў асобе Судзьдзі і ягоых памочнікаў, законадаўчай у асобе Бога і Ягонага закону і судзебная ў выглядзе мясцовых судзьдзяў. Як казаў Майсей, ім належала абвяшчаць свабоду на ўсёй зямлі. Іншая справа, як выконвалі гэтае даручэньне ад Госпада гебраі. І вось, у вызначаны Госпадам час Бог праз Хрыста ня толькі выканаў старазапаветныя абяцаньні, але і зацьвердзіў Новы Запвет. Ён паказаў людзям тое, як выканаць яго, прыняўшы Яго сваім Госпадам і Збаўцам. Больш таго, Ісус паказаў тое, як падпарадкоўваючыся Яму сэрцам, набыць унутраную свабоду ад грэху і, як сьледства, ад вонкавага зла. Апостал Павал, кажучы: «Дзе Дух Госпада, там свабода», распаўсюдзіў Эвангельле і прынцыпы Закона Майсея на захад, праз Грэцыю і аж да Рыму. Ійшоў час і іншыя веруючыя панесьлі вестку Эвангельля далей на захад, у Гішпанію, Англію, а потым і ў Ірландыю. У 432 годзе Сьвяты Патрык, карыстаючыся лацінскай кнігай «Кніга закону Майсея», сумесна з ірланскімі правадырамі, якія навярнуліся да Хрыста, прыняў Дзесяць запаведзяў за аснову для далейшага фармаваньня брытамі свайго грамадзянскага права. У 1215 годзе архіепіскап Кентэрберыйскі Сьцівен Лэнгтан стварыў Вялікую хартыю вольнасьцяў, абапіраючыся на біблійныя прынцыпы. Хартыя, як папярэдніца Канстытуцыі ЗША, зацьверджвала, дадзеныя Богам, правы ангельскаму народу.

Але ня ўсё так проста з манархіямі і таму ўся важнасьць Божага запавета і закону была наноў пераасэнсована толькі пасьля пачатку пратэстанскай Рэфармацыі, пачатак якой заклаў Мартцін Лютар у 1517 годзе, а пазьней замацаваў гэта сваёй працай Жан Кальвін. У 1555 годзе Кальвін на практыцы ўжыў сваё глыбокае разуменьне біблійнага вучэньня і закона, калі сфармуляваў хартыю Жэнеўскага гарадзкога савету. У хуткім часе пасьля гэтага Джон Нокс, адзін з найлепшых вучняў Кальвіна, прывёз у родны Эдынбург свае веды ад Кальвіна. Менавіта ён стаяў у вытокаў шырока вядомых рэлігійна-палітычных дамоваў, у якіх адстойвалася свабода веравызнаньня ў Шатландыі. Пасьля Нокса прынцыпы скаладаньня дамоваў, на ўзор біблійнага запавету, прымянілі пілігрымы, якія склалі такую дамову ў 1606 годзе, а потым дайшлі да палітычнага Майфлаэрскага пагадненьня ў 1620 годзе перад высадкай на бераг Амерыкі. Усё гэта прывяло да таго, што заснавальнікі ЗША сфармавалі абмежаваную ўладу, згодна Канстуцыйнага канвенту, кіраваўшыся біблійнымі поглядамі Кальвіна, які выказаўся наступным чынам: «Прызначэньне грамадзянскай улады надхняць і абараняць пакланеньне да Бога…аб’ядноўваць нас і падтрымліваць агульны мір і супакой». Хрысьціянства вызваліла чалавека ад кайданоў грэху і, як сьледства, чалавек, натуральным чынам, пачаў імкнуцца да свабоды грамадзянскай. Шосты прэзідэнт ЗША Джон Куінсі Адамс і кажа пра вынікі гэтага імкненьня: «Амерыканская рэвалюцыя зьвязала ў адзінае цэлае прынцыпы грамадзянскага кіраваньня і прынцыпы хрысьціянства».

Прынцыпы хрысьціянства сталіся асновай грамадзянскіх свабодаў, але як быць з рабствам, якое мелася быць у Амерыцы пад час напісаньня Канстытуцыі, якая абвяшчала свабоду народу краіны? Як можна было весьці гаворку пра грамадзянскія свабоды, калі тысячы тысячаў жыхароў краіны знаходзіліся ў кайданах толькі з-за колеру скуры? Зразумела тое, што гэтае пытаньне было вельмі войстрым на Канстытуцыйным канвенце. На поўначы краіны многія настойвалі на поўнай адмене рабаўладаньня ў краіне праз канстытуцыйную забарону, але на поўдні, наадварот, патрабавалі замацаваць рабаўладаньне ў Канстытуцыі. Гэтыя спрэчкі ледзь не распалілі ў 1787 годзе грамадзянскую вайну. Дзеля захаваньня міру і стварэньня Злучаных штатаў Амерыкі быў дасягнуты кампраміс, які дазваляў існаваньне рабства ў краіне. А потым былі восемдзесят гадоў асьветніцкай працы супраць рабства, а на заканчэньне яшчэ і грамадзянская вайна. Толькі пасьля гэтага, на ўзроўні Канстытуцыі, былі дадзеныя грамадзянскія правы неграм. Але яшчэ працяглы час прыйшлося весьці барацьбу з расісткімі настроямі ў грамадзтве і толькі ў другой палове ХХ стагодзьдзя , дзякуючы мужнасьці Марціна Лютара Кінга, служыцеля бапцісткай царквы, атрымалася дасягнуць сапраўднага грамадзянскага раўнапраўя.
 
Чалавецтва, само па сабе, ня здольнае быць крыніцай поўнай свабоды і праўды. Ніякі вучоны розум, сам па сабе, ня здольны адкрыць усю паўнату навуковай праўды. Так і са свабодай. Ісус Хрыстос надхніў людзей на заснаваньне сапраўдных грамадзянскіх свабодаў. У навуцы назапашаны вопыт і веданьне перадаецца наступным пакаленьням вучоных, так і хрысьціянства перадае наступным пакаленьням веруючых свой назапашаны вопыт, папярэдне выпрабаваўшы яго сваім хрысьціянскім сумленьнем. Божае адкрыцьцё дадзена нам у-ва ўсёй сваёй паўнаце, але ад кнігі Быцьця да кнігі Адкрыцьця ягоны сэнс адкрываецца яшчэ больш, а таму, з цягам часу, нашае разуменьне Божага адкрыцьця становіцца ўсё больш глыбейшым.

Дзякуючы пропаведзі Добрай Весткі становішча ў справе грамадзянскіх свабодаў Амерыкі вельмі адрозьнівалася ад Эўропы. У Францыі, напрыклад, было ясна бачным тое, што дух рэлігіі і дух свабоды рухаліся ў процілеглых напрамках. Ня так, як у Амерыцы, дзе рэлігія і свабода аб’ядналіся ў адно цэлае. Мы бачым кардынальную розьніцу паміж Французкай рэвалюцыяй і вайной за незалежнасьць у Амерыцы, якая была зьвязанаю з вервызнаньнем, свабодай сумленьня і грамадзянскімі свабодамі. У-ва Францыі ж лічылі тое, што рэлігія і свабода процістаяць адзін адному і адзіная магчымасьць здабыць свабоду – гэта неабходнасьць скінуць кайданы рэлігіі. І вось, як сьледства такога погляду, Французкая рэвалюцыя абрынула свае абвінавачваньне да царквы, імгненна канфіскаваўшы усю яе маёмасьць. У саборы Парыжскай Богамаці на алтар узьнялі статую аголенай жанчыны, як сымбаль розуму. Французы скасавалі летазьлічэньне ад Раства Хрыстова і абвесьцілі 1792 год – першым годам Рэспублікі – Рэспублікі бяз Бога, Рэспублікі, якая, у хуткім часе, увергла сябе ў хаос, анархію і, у рэшце рэшт, тыранію. Выснова зразумелая. Як толькі выгнаць адкуль-небудзь рэлігію, як яе месца заўсёды займае тырынія. Рэвалюцыйны Парыж захліснула хваля гвалту, якая загубіла больш за дваццаць тысяч чалавек. Вуліцы сталі крывавымі. І, у выніку, французы дабіліся не свабоды, але тыраніі. Краіна пагрузілася і загразла ў безнадзейных войнах і пазыках, а Амерыка, у той жа час, дзе не было процістаяньня паміж рэлігіяй і свабодай, стала свабоднай краінай.
 
Далей, па часе гісторыі, мы бачым Кастрычніцкі пераварот у Расейскай імперыі, што прывяло да дыктатуры пралетарыята, а па сутнасьці – дыктатуры камуністычнай партыі на ўзор французкай рэвалюцыі, што і прывяло да тыраніі. Ад пачатку тут рэлігі не было, а атэізм стаўся сваёй камуністычнай рэлігіяй. Не дарма ж камуністычныя дзеячы прыдумалі нават дзесяць сваіх запаведзяў, у выглядзе кодэксу будаўнікоў камунізму. Вынік жа гэтага стаўся вельмі сумным, бо акрамя Другой сусьветнай вайны, адбыўся яшчэ шэраг войнаў у розных месцах планеты, а пра прысутнасьць грамадзянскіх свабодаў у Савецкім Саюзе і казаць будзе залішнім. Пасьля ж разбурэньня Савецкай камуністычнай імперыі, нічога істотнага, для большасьці постсавецкіх рэспубліках, асабліва не зьмянілася, бо нязначны хрысьцянскі рух ніяк не ўплывае на ўлады, якія хутка пераўтварыліся ў дыктатарскія, што ня мае нічога агульнага з грамадзянскімі свабодамі чалавека.
 
А зараз перанясемся ў сучасную Амерыку, дзе сітуацыя крыху напамінае Францыю 1780 гадоў. Сучасная мараль знаходзіцца ў глыбокім упадку, а грахі заціскаюць краіну. Многія зараз успрымаюць хрысьціянства як тое, што перашкоджвае шляху да набыцьця большай асабістай свабоды – свабоды грашыць. Гэтыя людзі блытаюць свабоду з усёдазволенасьцю і, робячы гэтыя рэчы, абураюцца любым спробам нейкім чынам абмежаваць іхняе імкненьне да грэху. Адсюль і ўяўленьне пра тое, што хрысьціянства не вызваляе, але прыгнятае. Імкненьне да такой свабоды – свабоды патураць усім сваім капрызам, прыводзіць да таго, што аматары задавальненьняў апынаюцца ў рабстве грэху і тыраніі. І, каб гэтага пазьбегнуць, трэба памятаць тое, што чалавечым жаданьням і жарсьцям неабходныя абмежаваньні і чым меньш гэтых абмежаваньняў унутры, тым больш іх павінна быць звонку.

Грамадзянскія свабоды – гэта дар сьвету ад хрысьціянства. Сучаснасьць ясна паказвае тое, што найвялікшай свабодай карыстаюцца грамадзяне тых краінаў, дзе Добрая Вестка атрымала найвялікшае распаўсюджваньне. Прыкладам гэтага, дзе будаўніцтва дзяржаўнасьці атрымала хрысьціянскі падмурак, і зьяўляюцца ЗША, якія сталі прыбежышчам для гнаных, уцісканых і бяздольных. Вось што сказаў яшчэ ў XIX стагодзьдзі рэктар Прынстанскай багаслоўскай семінарыі Чарльз Ходж: «Усе знаходзяць тут цёплы прыём, усе маюць роўныя правы і прывілеі. Усім дадзена права маёмасьці, права голаса і ўдзел у выбарах, а таксама магчымасьць у роўнай ступені ўплываць на грамадзянскае жыцьцё. Усім дазволена пакланяцца Богу так, як яны таго хочуць ці не пакланяцца зусім. Ніхто ня церпіць ганеньняў з-за сваіх перакананьняў ці іх адсутнасьці. Ні ад каго не патрабуюць вызнаваць пэўную рэлігію ці прыяднацца да той ці іншай абшчыны. Большага, падавалася б, патрабаваць немагчыма, але шмат хто патрабуе. Пагане патрабуюць таго, каб кіраваньне дзяржавай грунтавалася на тым, што хрысьцьціянства ілжывае. Атэісты настойваюць на тым, што Бога няма, а пазіцывісты – на тым, што чалавек ня мае права свабодна выказваць сваю волю. Адказ, які павінны прыняць усе,- гэта немагчыма». І на заканчэньне прыгадаем словы апостала Паўла, з якіх мы і пачалі гэтую тэму: «Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпада, там свабода».


Рецензии