Христианство и правительство
«Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў» (Прып 14:34)
Нашае разважаньне мы пачынаем з пабудовы амерыканскай дзяржаўнасьці, дзе галоўную ролю згуляла хрысьціянства, якое дало сьвету найважнейшы прыклад разумнага кіраваньня краінай. Ня будзь Хрыста, не было б і Амерыкі – краіны, дзе, як нідзе ў сьвеце, людзі мелі найвышэйшую свабоду рэлігійную, палітычную і эканамічную. Менавіта Амерыка праклала шлях прадстаўнічаму кіраваньню для іншых краінаў, стаўшы для іх узорам і прыкладам дзяржаўнасьці. Але, дзякуючы чаму ўзьнікла гэтая свабода? Хрысьціянства зрабіла Амерыку той краінай, якую ведаем усе мы, бо ў любым іншым выпадку Амерыка была б зусім іншай краінай. Безумоўна і тое, што хрысьціянства паўплывала на станаўленьне і іншых краінаў, але менавіта Амерыка сталася, за апошнія некалькі стагодзьдзяў, самай вялікай надзеяй чалавецтва і яскравым прыкладам укараненьня дэмакратычных свабодаў. Так, сёньня ёсьць і такія людзі, якія супрацівяцца таму, што Амерыка склалася, як хрысьціянская дзяржава, але факты гісторыі ёсьць штукай упартаю, а таму пачнем па парадку.
Увогуле ўсе дзяржавы заснаваныя на тэістычных ці атэістычных прынцыпах. Калі ўзяць канфуцыянства Кітая, індуізм Індыі, юдаізм Ізраіля, іслам Арабіі, дык гэта і ёсьць тэістычныя дзяржавы. Атэізм жа характэрны для былога Савецкага Саюзу, хаця ідэялогія некаторых асколкаў былога монстра мала чым адрозьніваецца ад свайго прабацькі. Што ж тычыцца Амерыцы, дык гісторыя кажа тое, што яна была заснаваная на Хрысьце і Ягоным слове. Адкуль жа выходзяць асноўныя прынцыпы існаваньня, якія і стварылі велічную дзяржаву? Хто ўнёс самы значны ўклад у аснову амерыканскай свабоды, дзяржаўнасьці, эканомікі, адукацыі і, ўрэшце, ладу думак?
Жан Кальвін. Менавіта да яго сыходзіцца пачатак гэтых прынцыпаў, дзякуючы якім Амерыка і стала магутнай рэспубліканскай дзяржавай. І менавіта Кальвіна лічаць самым арыгінальным мысьліўцам усіх часоў, але ён ня столькі выказваў арыгінальныя ідэі, колькі тлумачыў вучэньне Хрыста. Адсюль і выходзіць па логіцы тое, што Амерыка (Злучаныя Штаты), у пэўным сэнсе, была заснаванаю Ісусам Хрыстом і Ягоным вучэньнем. Менавіта кальвінізм меў вырашальнае значэньне для заснаваньня ЗША і нараджэньня рэспубліканскай формы кіраваньня. Адзін з самых вядомых гісторыкаў XIX стагодьдзя Джорж Банкрофт (1800-1891) называў Кальвіна «прабацькам Амерыкі», кажучы пры гэтым наступнае: «Хто не шануе памяці Кальвіна і не прызнае ягонага ўплыву амаль што нічога ня ведае пра паходжаньне амерыканскай свабоды».
Асобна трэба адзначыць тое, што уплыў Кальвіна выходзіць далёка за межы прэсьвітарыянскай царквы, бо ўсе першыя каланісты Амерыкі былі кальвіністамі: англіканцы, кангрэцыяналісты, бапцісты, пурытане, прадстаўнікі рэфарматарскіх цэркваў Галяндыі, Германіі і Швайцарыі, а таксама і французкія гугеноты. Менавіта гэтыя цэрквы і вызначылі будучыню Амерыкі, калі ў 1776 годзе ініцыявалі барацьбу за незалежнасьць, што і пацьверджвае Банкрофт: «Што тычыцца ўплыву рэлігіі, дык рэвалюцыя 1776 году была прэсвітэрыянскай задумай». Пацьверджаньнем гэтага былі словы тагачаснага кіраўніка ўраду Англіі: «Кузіна Амерыка зьбегла з прэсьвітарыянскім сьвятаром». Гэта не выпадковыя словы, бо адным з падпісантаў Дэкларацыі незалежнасьці Амерыкі быў прэсвітарыянскі пастар Джон Уізэрспун, а вышэйшыя вайсковыя пасады у рэвалюцыйным войску, у сваёй большасьці, займалі кальвіністы. Але навошта і па якой прычыне адбылося тое, што адбылося ў 1776 годзе?
Кіраўніцтва пратэстанскіх цэркваў выключала тыранію і любую форму манархіі, а гэта непазьбежна прыводзіць да свабоды ў грамадзянскім кіраваньні. Гэта добра разумеў кароль Англіі Якуб I, які казаў наступным чынам: «Прэсьвітарыянства настолькі ж сумяшчальна з манархіяй, наколькі Бог сумяшчальны з д’яблам». Гісторык Банкрофт заўважыў тое, што манархі інстыктыўна адчувалі за кальвінізмам рэспубліканскія настроі. Рэспубліканаская форма кіраваньня, якая існавала ў кальвіністаў, стала прыкладам для заснаваньня амерыканскай формы кіраваньня ў 1776 годзе. Рэспубліканская форма кіраваньня, дзе кальвінізм меў вялікую перавагу, дала падставу для прадстаўнічага кіраваньня. Кальвінізм і рэспубліканская форма кіраваньня суадносяцца як прычына і сьледства, якое дае вяршынства закону у сэнсе фармаваньня кіраўніцтва на падставе выбару народам сваіх прадстаўнікоў, што, як мы ўжо заўважылі, ня мае нічога агульнага з дыктатурай ці манархіяй.
А зараз паглядзем, у гістарычным плане, як пачыналася хрысьціянская гісторыя сучаснай Амерыкі. У 1606 годзе, у маёнтку Ўільма Брустэра ангельскага графства Натынгемшыр, была створана вельмі дзіўная хрысьціянская абшчына, якая не была падобнай ні якую іншую. На чале гэтага грамадзтва стаяў Джон Робінсан, які так і не пабачыў Новага Сьвету, але менавіта ён заклаў шмат якія прынцыпы, дзякуючы якім многія пасьлядоўнікі дасягнулі берагу Амерыкі. Гэтая грамада прыналежала да руху сепарацістаў, якія лічылі немагчымай рэформу англіканскай царквы, у адрозьненьні ад пурытанаў, якія намагаліся ачысьцьць англіканскую царкву знутры. Гэтыя хрысьціяне заснавалі сваю падпольную суполку, склаўшы, так званы, «Запавет Скрубі», сфармуляваўшы, такім чынам, дамову самакіраваньня мясцовай царквы, дзе на першым месцы быў Бог і Ягоны закон. Тагачасная Англія не вызначалася свабодай веравызнаньня, а таму, каб пазьбегнуць ганеньняў, гэтая царква была вымушанай перамесьціцца ў Галяндыю, а потым, пасьля пэўных выпрабаваньняў, пераправіліся ў Амерыку. Першая частка гэтых хрысьціянаў дасягнула берагу Амерыкі ў 1620 годзе на караблі «Майфлауэр», дзе і была падпісанаю дабраахвотная дамова пра правілы хрысьціянскага самакіраваньня на новым месцы. Вось частка гэтае дамовы: «У імя Бога амэн. Мы, ніжэйпадпісаўшыяся, верныя падданыя караля Якуба… Прадпрыняўшы плаваньне для заснаваньня першай калоніі ў паўночнай частцы Вірджыніі дзеля славы Госпада і распаўсюджваньня веры ў Хрыста, у прысутнасьці адзін аднога і Бога ўрачыста і ўзаемна заключаем запавет і зьвязваем сябе ў адзіны палітычны орган дзеля ўстанаўленьня лепшага парадку для захаваньня ды выкананьня вышэйвызначанай мэты…». Гэтай дамове прызначана было згуляць вялічэзную ролю ў разьвіцьці амерыканскай дэмакратыі, бо яна скасоўвала арыстакратычны лад і закладвала падставу для стварэньня грамадства, якое павінна жыць згодна прынятай дамове.
За першай групай каланістаў, якія прыбылі ў Амерыку на «Майфлауры», прыплылі і іншыя з грамады сепаратыстаў. Потым жа, у 1628 годзе, зьявіліся тут і пурытане, якія ад пачатку, не зьбіраліся гэтага рабіць, бо мелі надзею ачышчэньня англіканскай царквы знутры. Прычына была ў каралі Якубе I, які ненавідзеў пурытанаў і папярэджваў іх наступным чынам: «Я ці прымушу іх выправіцца, ці выганю з нашай зямлі, ці зраблю нешта нашмат хужэйшае». Колькасьць пурытанаў на амерыканскім кантыненце значна вырастала і, да 1700 года, сепаратысты зьмяшаліся з пурытанамі настолькі, што іх ужо лічылі адной хрысьціянскай грамадой. У 1643 годзе прадстаўнікі калоній, з мэтай узаемай бясьпекі, падпісалі сумесную Канфедэрацыю Новай Англіі, згодна якой вызначалася сапраўдная мэта знаходжаньня ў Амерыцы: «Усе мы прыбылі ў гэтую частку Амерыкі з адзінай мэтаю і імкненьнем, а менавіта – распаўсюджваць Валадарства нашага Госпада Ісуса Хрыста». Менавіта так і сладаўся падмурак канстытуцыйнай формы кіраваньня, якая пасьпяхова працуе і сёньня. Падсумоўваючы вышэй сказанае можна вызначыць наступнае. Кіруючыся дамовай, складзенай на ўзор біблійнага запавету, пілігрымы, а менавіта так назвалі першых перасяленцаў, атрымалі рэлігійную, палітычную і эканамічную свабоду. Потым, у 1636 годзе гэтая дамова паслужыла ім асновай для стварэньня вычарпальнай і падрабязнай канстытуцыі. У выніку ж да 1776 году быў створаны пэўны шэраг дамоваў ды ўгодаў, як падмурак унікальнай дзяржавы – свабоднай хрысьціянскай Амерыкі.
У 1776 годзе заснавальнікі новай дзяржавы ня ведалі пра магчымасьць існаваньня «сьвецкай дзяржавы», бо нідзе ў сьвеце такога не было. Больш позьні французкі эксперымент, маючы наўвазе рэвалюцыю 1789 года, скончыўся поўным крахам. Спробы цалкам скасаваць рэлігію вельмі хутка прывялі да непазьбежнага выніку – кровапраліцьцю і тырыніі Напалеона. У выніку ж ад атэістычнага падмурку Францыі, у далейшым, прыйшлося адмовіцца. Такога падыходу да рэспубліканскага кіраваньня Амерыка не пазнала, бо хрысьціянства, як аснова дэмакратыі і самакіраваньня, па вызначэньню, не магло дазволіць і блізка падыйсьці прыкладу французкай рэвалюцыі. Сапраўды Бог будаваў Амерыку, калі, яшчэ да французкіх падзеяў, падараваў гэтаму народу «Вялікае абуджэньне».
Вялікае абуджэньне – гэта вялікая хваля грамадзкага руху Амерыкі, якая дазволіла аб’яднаньне разрозьненых калоніяў і спрацавала дзеля яднаньня на падставе Бібліі. У вытокаў гэтага абуджэньня стаяў адзін з найвялікшых багасловаў і філосафаў, якія калі-небудзь нараджаліся ў Амерыцы,- Джонатан Эдвардс. Гэтая падзея адбывалася з 1730 па 1740 гады і пацьвердзіла тое, наколькі важнай была Біблія ў тыя часы для Амерыкі. Аб’яднанае грамадзства было цалкам падгатаваным для барацьбы за незалежнасьць сваёй краіны ад манархіі ангельскіх валадароў, спрыяючы зацьвярджэньню рэспубліканскай формы кіраваньня, якую каланісты пачарпнулі з Бібліі. Хрысьціянскія служыцелі ў сваіх палітычных уяўленьнях зыходзілі з біблійных прынцыпаў. Канстытуцыя заснаваная на законе і якая замацоўвае правы, дадзеныя Богам, а таму маючых прыналежнасьць да натуральных правоў, вызначае дамову паміж урадам і народам. Права народа патрабаваць справаздачу ад ураду і абараняцца ад замаху на свае асабістые правы,- менавіта такія і былі прынцыповыя пазіцыі, якія несла ў сабе тагачаснае грамадзтва. Такім вось чынам пропаведзьдзю сьвятароў-каланістаў і быў пакладзены пачатак імкненьня да свабоды, якое, з цягам часу, вылілася ў вайну за незалежнасьць.
Калі мы паглядзем на рэлігійную прыналежнасьць кіраўнікоў і выбаршчыкаў таго часу, дык ня будзе ніякага зьдзіўленьня на тое, што кіраўнікі Амерыкі ўсё чынілі па хрысьціянскі. Гісторыкі кажуць тое, што з пяцідзесяці пяці чалавек, які сабраліся ў Філадэльфіі на Канвент, каб напісаць Канстытуцыю краіны, пяцьдзясят, з гэтага ліку, былі хрысьціянамі. А якім жа быў тагачасны амерыканскі электарат? 98% амерыканцаў былі пратэстантамі, 1,8% католікамі, а астатнія 0,2% былі юдэямі. Гэта ж азначае тое, што ў 1776 годзе хрысьціянамі былі 99,8% насельніцтва Амерыкі. Гэтыя зьвесткі для тых, хто, ня ведаючы гісторыі, адмаўляе хрысьціянскі падмурак сучаснай Амерыкі.
Сучасная атэістычная плыня ЗША сьцьвярджае тое, што хрысьціянства ня мае адносінаў да Канстытуцыі і «Білю пра правы», што ёсьць вялікай памылкай сучаснасьці. Секулярысты ня бачаць галоўнага,- таго, пра што мы казалі вышэй. Яны ня бачаць таго, што кансцітуцыйны лад абавязаны сваім зьўленьнем хрысьціянам: пілігрымам і пурытанам, а таксама падпісанымі імі царкоўным дамовам і пагадненьням. Трэба ўсьвядоміць тое, што Канстытуцыя ёсьць дакумантам практычным, а тэарэтычнаю асновай Канстытуцыі зьяўляецца Дэкларацыя незалежнасьці, дзе вельмі шмат гаворыцца пра Бога. Так, у Канстытуцыі ёсьць толькі адзін успамін пра Бога: «…ад Раства Хрыстова», але Канстытуцыя вельмі многім абавязаная духоўным перакананьням грамадзянаў краіны і яе хрысьціянскай спадчыны. Дастаткова ведаць тое, што пераважнай большасьцю аўтараў Канстытуцыі былі верныя хрысьціяне, каб зразумець і тое, што тэкст гэтага дакуманта пабудаваны на шматлікіх біблійных прынцыпах. І прыкладаў гэтаму нямала.
Канстытуцыя заснаваная на вяршэнстве закону, а не чалавека. Яна заснваня на разуменьні таго, што як грамадзяне, так і службовыя асобы павінныя кіравацца асноўным законам, што адпавядае Божаму закону. Менавіта так і лічылі аўтары Канстытуцыі і галоўны яе стваральнік Мэдзісан, як сказаў пазьней адзін вядомы гісторык: «Дэспатызм можа існаваць і бяз веры, але грамадзянская свабода без яе немагчымая. Рэлігія нашмат больш неабходная для дэмакратычных рэспублік, чым для іншага грамадзкага ладу. Ці можа грамадзтва пазьбегнуць разбурэньня, калі не мацуюцца маральныя сувязі у той час, калі слабнуць сувязі палітычныя?»
Канстытуцыя заснаваная на роўнасьці ўсіх перад законам. Біблія кажа пра тое, што Бог не аддае перавагі нікому з людзей. Пра гэта ж кажа і Дэкларацыя незалежнасьці Амерыкі: «Бог Творца і ўсе людзі створаныя роўнымі». Гэты прынцып мацаваўся ў Амерыцы і быў зацьверджаным ў Кастытуцыіі ЗША.
Канстытуцыя засноўваецца на заяве Декларацыі незалежнасьці пра тое, што ўсе людзі надзеленыя Богам Творцам пэўнымі неадчужальнымі правамі. Якімі? Тымі, што выкладзены ў Дзесяці Божых запаведзях.
Канстытуцыя гарантуе асабістую свабоду. Аўтары Канстытуцыі, будучы хрысьціянамі, справядліва лічылі наступнае, цытуючы Біблію: «Дзе Дух Госпадаў, там і свабода» (2Кар 3:17). Ніякая ж дыктатура ці манархія на хрысьціянстве не грунтуецца, а таму нікому свабоды гарантаваць ня будзе.
Кальвіністы добра ўсьведамлялі чалавечую грахоўнасьць. А таму аўтары Канстытуцыі ўклалі ў яе прынцып падзелу і незалежнасьці ўладаў – выканаўчай ад законадаўчай, законадаўчай ад судзебнай – каб ні адна галіна не магла пераважыць над іншай. Мэдзісан так апісваў гэты прынцып: «Але што ёсьць урад, як ня самае яркае адлюстраваньне чалавечай прыроды? Калі б людзі былі анёламі, дык не патрабавалася б ніякага ўраду. Калі б людзьмі кіравалі анёлы, ня трэба было б ні ўнутранага, ні вонкавага нагляду. У фармаваньні ўраду з людзей, самая вялікая цяжкасьць заключана ў наступным: спачатку трэба даць магчымасьць ураду кіраваць, а потым абавязаць яго сябе кантраляваць». Такім вось чынам хрысьціянская дактрына пра грахоўную прыроду чалавека прывяла да падзелу паўнамоцтваў, каб у руках малой частцы людзей не было засяроджана занадта шмат улады. Па якому ж прынцыпу павінны падзяляцца гэтыя паўнамоцтвы? Заснавальнікі амерыканскай дзяржавы добра ведалі тое, што казаў прарок Ісая: «Бо Госпад – судзьдзя наш, Госпад – заканадаўца наш, Госпад – валадар наш (Іс 33:22)», а таму і падзялілі функцыі ўрада па таму ж прынцыпу: на судовую, законадаўчую і выканаўчую галіны.
Канстытуцыя заснаваная на перакананьні таго, што насьледная манархія не зьяўляецца сапраўднай хрысьціянскай формай кіраваньня. На думку заснавальнікаў Амерыкі, ніводны чалавек ня мае права называцца манархам, за выключэньнем Хрыста, Які ёсьць Валадар. Менавіта таму і ўзьнік лозунг вайны за незалежнасьць: «Ніякіх валадароў, акрамя Валадара Ісуса!»
У 1892 годзе Вярхоўны суд ЗША разглядаў справу супраць царквы «Сьвятой Тройцы» з Нью-Ёрка пра парушэньне закону Кангрэса, які забараняў наём замежных работнікаў, калі тая наняла сьвятара з Англіі ў якасьці пастара. З гэтай нагоды Вярхоўны суд вывучыў тысячы дакумантаў, якія мелі дачыненьне да заснаваньня ЗША, пачынаючы ад грамадзскіх пагадненьняў першых перасяленцаў. У рэшце рэшт суд прыйшоў да наступнага вываду: «Наш народ – народ веруючы. Гэта пацьверджваецца гісторыяй. Ад адкрыцьця кантыненту да сёняшняга дня пра гэта адзінагалосна сьведчаць факты…Гэта не адзінкавыя выказваньні, думкі прыватных асобаў, гэта натуральныя сьцьвярджэньні, гэта адзіны голас усяго народа…Гэтая справа, як і многія іншыя, надаюць дадатковую вагу натуральным сьцьвярджэньням, што нашая краіна – хрысьціянская краіна». Дарэчы, каму цікава, суд вынес станоўчае рашэньне адносна царквы «Сьвятой Тройцы», прызнаўшы працу пастара разумовай працай.
На жаль, праз сто гадоў, сітуацыя ў Амерыцы вельмі зьмянілася і далёка не ў хрысьціянскі бок. Хрысьціянская падстава заснаваньня Амерыкі апынулася, амаль што, цалкам выкрэсьленай з сучасных падручнікаў па гісторыі, калі гістарычныя факты замоўчваюцца ці нават фальсіфікуюцца. Класічны таму прыклад – падручнік гісторыі за 1970 год, дзе Мэрылін Манро мае сем старонак, а Джорж Вашынгтон толькі два параграфа. Гэта вельмі сумная гісторыя, калі дзецям не даюць магчымасьці ведаць сапраўдную хрысьціянскую гісторыю сваёй краіны. Мы ж, «выправляючы, гэтую памылку», ўзгадаем некаторых з тых людзей, сапрўдных хрысьціянаў, якія стаялі ў вытокаў незалежнасьці ЗША.
Самюэль Адамс (1722-1803). Глыбока веруючы чалавек, які лічыў сябе «апошнім з пурытанаў» і якога называюць «бацькам Амерыканскай рэвалюцыі». Дваццаць гадоў свайго жыцьця ён аддаў няспыннай барацьбе за палітычную свабоду. Адамс сфармаваў так званыя «Камітэты па перапісцы», якія забясьпечвалі адзінства і згуртаванасьць, што было неабходным калоніям, каб ня быць разъяднаными. Шматлікія гістарычныя крыніцы кажуць пра тое, што менавіта Адамс згуляў вырашальную ролю ў абвяшяэньні вайны брытанскай манархіі. Гэта пацьверджвае Брытанская энцыклапедыя, якая кажа наступнае: «Самюэль Адамс больш за ўсіх зрабіў для таго, каб падняць нязгодных на барацьбу супраць брытанскага кіраваньня ў калоніях». Адкуль жа свабодныя грамадзяне маглі даведацца пра свае правы? Вось думка Адамса: «Зразумець іхнія правы можна дзякуючы чытаньню і ўважліваму вывучэньню законаў вялікага Законадаўца і Галавы хрысьціянскай царквы, якія ясна запісаныя і абвешчаны ў Новым Запавеце». У 1776 годзе, пры падпісаньні Дэкларацыі незалежнасьці, Самюэль Адамс абвесьціў: «Сёньня мы аднавілі на папярэднім месцы Ўсётрымальніка, Якому павінны быць паслухмянымі ўсе людзі. Ён кіруе на нябёсах ад сьвітаньня да заходу, і да прыйдзе Валадарства Яго».
Патрык Генры (1736-1799). Патрыёт-хрысьціянін быў галоўным вяшчальнікам часоў вайны за незалежнасьць. Гістарычныя крыніцы адзначылі ягоную знакамітую прамову перад чальцамі ніжняй палаты законадаўчага сходу Вірджыніі, якая скончылася словамі: «Дайце мне Свабоду ці дайце мне сьмерць!» Генры, прызнаючы той вялікі ўнёсак хрысьціянства ў заснаваньне Амерыкі казаў: «Цяжка пераацаніць той факт, што гэтая магутная краіна была заснаванаю не законьнікамі, а хрысьціянамі; не на рэлігійным вучэньні, але Добрай Вестцы Ісуса Хрыста! Менавіта па гэтай прычыне і іншаверцам давалася права на палітычны прытулак, квітненьне ды свабоду веравызнаньня».
Джон Уізэрспун (1723-1794). Прэзыдэнт прэсьвітарыянскага каледжа Нью-Джэрсі, будучым Прынстанскім універсітэтам прыбыў у Амерыку з Шатландыі і быў адзіным чалавекам, сьвятарскага чыну, які падпісаў Дэкларацыю незалежнасьці, стаўшы ўплывовай фігурай у фармаваньні нацыянальнага характару Злучаных Штатаў. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у фармаваньне мысьленьня многіх вялікіх амерыканцаў, у тым ліку і Джона Мэдзісана, які, гатуючыся да сьвятарскага служэньня, вучыўся ў коледжы пад кіраўніцтвам Уізэрспуна. Вядома тое, што Мэдзісан пасьвяціў сябе палітыцы, але багаслоўская адукацыя вельмі дапамагала яму ў палітычнай дзейнасьці. Хрысьціянская вера, і асабліва кальвінісцкія перакананьні Уізэрспуна, паўзьдзельнічалі на ўяўленьне Мэдысана пра закон і дзяржаўнае кіраваньне. Джон Уізэрспун не прысутнічаў на Канстытуцыйным Канвенце ў 1787 годзе, але ягоны ўплыў памножыўся, дзякуючы тым, хто казаў і таму, што яны казалі.
Джорж Вашынгтон (1732-1799). Першы ўсенародна выбраны прэзідэнт ЗША, галоўнакамандуючы Кантынентальнага войска, удзельнік вайны за незалежнасьць і стваральнік інстытута прызідэнства. Праз сто гадоў пасьля сьмерці Вашынгтона быў найдзены малітоўнік , якім ён пастаянна карыстаўся. Запісная кніжка з дваццаці чатырох старонак з тэкстам ад рукі Вашынгтона, называлася «Кожнадзённыя прынашэньні».Гісторыкі адзначаюць тое, што гэты малітоўнік быў вельмі важным для гэтага чалавека, што можна адчуць па невялікай вытрымкі з яго: «О, вялікі Божа, у Ісусе Хрысьце мой міласэрны і любячы Айцец, я прызнаю і спавядаю сваю віну ў тым, што я нерашуча выконваю кожнадзённыя абавязкі. Я заклікаю да Тваёй міласьці і прабачэньня грахоў, але раблю гэта так абыякава і нядбайна, што мае малітвы таксама сталіся грэхам і маюць патрэбу ў Тваім прабачэньні». У 1789 годзе, пад час інаугурацыі, Джорж Вашынгтон схіліў калені перад Бібліяй і пацалаваў яе, ён, на чале ўсяго сходу, пайшоў у царкву на двухгадзіннае служэньне. Уходзячы ж у адстаўку выступіў з працяглай прамовай, стаўшыся адной з самых яскравых прамоваў у гісторыі Амерыкі. Вось то сказаў ён пра месца веры ў жыцьці народа: «З усіх схільнасьцяў і звычаяў, якія забясьпечваюць палітычнае квітненьне, галоўныя і неабходныя нашыя апоры – рэлігія і мараль. Той, хто паспрабуе зрынуць гэтыя два вялікія слупы чалавечага шчасьця, дарма будзе заклікаць да патрыятызму…Давайце ж з асьцярогай паставімся да той ідэі, што мараль без рэлігіі быццам бы магчымая».
Зараз жа перанясемся ў Эўропу і паглядзем, як падобныя пытаньні вырашаліся ў гэтай частцы сьвету. Рэч Паспалітая, куды ўваходзіла і Вялікае Княства Літоўскае, у 1791 годзе прыняла Канстытуцыю, якая лічыцца першай у Эўропе і другой, пасьля ЗША, у сьвеце. Яна значна саступала амерыканскай, бо захоўвала манархію, прычым насьледную, як выканаўчую частку і захоўвала прывілеі шляхецтва, але, у цэлым, гэта быў вельмі прагрэсіўны дакумант, адносна іншых эўрапейскіх краінаў, не кранаючы, безумоўна, Францыю, дзе праходзілі асобныя гістарычныя працэсы. Канстытуцыя дэкларавала падзел уладаў на судовую, законадаўчую і выканаўчую, дзе кароль, узначальваючы яе, вызначаў кабінет міністраў і зьўляўся камандуючым войскам, колькасьць якога была вызначана лікам у 100000 чалавек. 3 траўня гэтая канстытуцыя была прынятаю пад назвай «Урадавы закон». Мясцовы сеймікі, у тым ліку і сеймікі ВКЛ, даволі хутка ратыфікавалі гэты закон, але, на жаль, існаваньне новага ладу жыцьця абмежавалася 17 месяцамі і была скасавана абсалютнымі манархіямі Расеі, Германіі і Аўстрыі, якія катэгарычна не ўспрымалі імкненьне людзей да свабоды і прадстаўнічага ладу кіраваньня дзяржавай. Уяўляецца карысным працытаваць прэамбулу гэтай канстытуцыі, каб адчуць імкненьне да свабоды і незалежнасьці Рэчы Паспалітай: «У імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа! Мы, Станіслаў Аўгуст, Божай міласьцю і па воле народа валадар Польшчы, прызнаючы тое, што лёс усіх нас залежыць ад умацаваньня і ўдасканальваньня польскіх законаў, а таксама ўпэўніўшыся на асабістым доўгім вопыце ў застарэлых заганах нашай сістэмы кіраваньня і жадаючы скарыстацца тым часам, у якім знаходзіцца Эўропа, і тым часам, які зноў зрабіў нас самімі сабой, свабодныя ад прымусу прыніжальнага чужаземнага ярма, цэнячы вышэй жыцьця, вышэй асабістага шчасьця палітычнае існаваньне, зьнешнюю незалежнасьць і ўнутраную свабоду народа, лёс якога ўкладзены ў нашыя рукі, а таксама жадаючы заслужыць дабраславеньне і падзяку зараз існуючага і будучых пакаленьняў, нягледзячы на перашкоды, які могуць рабіць нашыя жарсьці, для зацьверджаньня свабоды, для збаўленьня бацькаўшчыны і яе межаў, з вялікай цьвёрдасьцю духа мы прымаем гэтую канстытуцыю і дэкларуем яе сьвятой і непарушнай, да таго часу, пакуль народ у прадугледжаны законам момант не прызнае неабходным зьмяніць у ёй які-небудзь артыкул. Усе наступныя статуты сойма павінныя ў-ва ўсім адпавядаць гэтай канстытуцыі».
Мы бачым вельмі значны хрысьціянскі ўплыў на грамадзтва Рэчы Паспалітай, бо недарма польская Канстытуцыя пачынаецца словамі: «У імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа». Але, вяртаючыся да ўзорнай Канстытуцыі Амерыкі, яшчэ раз падкрэсьлім хрысьціянскія карані гэтай дзяржавы. Пачынаючы ад Хрыстафора Калумба, які ўспрымаў сваю вандроўку, як выкананьне прароцтва Ісаі пра навяртаньне паганаў да сапраўднага Бога. Пасьля сваёй экспедыцыі ён напісаў: «Менавіта Госпад навучыў мяне плысьці ў Вест-Індыю і я адчуваў тое, як Ягоная рука вядзе мяне. Усякі, хто чуў пра мае планы, сустракаў іх сьмехам. Няма ніякіх сумненьняў, што мяне надхняў Сьвяты Дух, Які суцяшаў мяне праменямі цудоўнага сьвятла, якое выходзіла з Сьвятога Пісаньня. Наш Госпад Ісус Хрыстос жадаў праз паход у Вест-Індыю, зьявіць сапраўдны цуд». Сапраўды рука Бога была над стварэньнем Амерыкі свабоднай і дэмакратычнай, як і сказаў шаснаццаты прэзідэнт ЗША Абрагам Лінкальн: «Абавязак дзяржавы, як і ўсіх людзей – прызнаць сваю залежнасьць ад Божага ўсеўладзьдзя і тую вялікую праўду, якую адкрывае нам Сьвятое Пісаньне і пацьверджвае ўся гісторыя: толькі тыя народы дабрадзенствуюць, чый Бог ёсьць Госпад».
Свидетельство о публикации №225121201867