Соня-зiма. казка
А тым часам за вокнамі яе хаткі было пахмурна і сыра. Па даху стукаў дробны брыдкi надакучлівы дожджык. Бр…– холадна і не ўтульна. Птушачкі схаваліся пад дахі, людзі сядзяць па хатах. А калі і ідуць куды-небудзь, то пад парасонамі, асцярожна пераступаючы праз лужыны. "Ужо лепш бы выпаў снег, – казалі ўсе. – Канец снежня. А зімы так і не відаць".
Напэўна, шмат людзей думалі пра сапраўдную прыгожую беласнежную зіму, таму што гэта Соня ў сваёй хатцы раптам занепакоілася. Відаць, яе сны былі такімі салодкімі, што яна не прачнулася, а толькі перавярнулася на другi бок.
А прыгожы, як прынц, будучы Новы год ужо спяшаўся ў тыя мясцiны, дзе Соня-Зіма схавалася ад усіх у сваёй маленькай хатцы. Ён хацеў абавязкова знайсці яе і разбудзіць. Якое ж свята без снегу і хоць бы невялікага мароза!
Новы год абуў свае чароўныя боты-скараходы і адправіўся ў вандраванне вакол зямлі. Па дарозе яму сустракаліся снегiры, верабейкі, сiнiцы, алені, ваўкі, лісы, зайцы і іншыя жыхары лясоў. Яны падказвалі Новаму году карацейшы шлях у той край, дзе жыве Зіма. А Месяц і зорачкі адразу ж папярэдзілі:
– Толькі нябесныя званочкі здольныя абудзіць яе!
І далі яму цэлы звязак серабрыстых званочкаў.
Якi б ні салодкі быў сон зімачкi-Зімы, ад такога меладычнага і вабнага звону маленькіх нябесных званочкаў яна тут жа прачнулася. Пацягнулася са сну, салодка пазяхнуўшы ў апошні раз, і выглянула ў акно. Убачыўшы шэрае неба з дажджом, яна нахмурылася.
– Яшчэ чаго! – сказала Зіма. – Зараз жа ўсё апрану ў белы колер!
Зіма адчыніла сваю шафу і радасна ўсміхнулася. На вешалцы красавалася яе шыкоўная беласнежная шуба! Хто ж на зямлі не заўважыць такой прыгажуні!
Не паспела яна выйсці ў двор, як усе ўбачылі, што Мароз-чырвоны нос ужо ідзе да яе, пастукваючы сваім чароўным посахам. Вядома ж, ён быў гатовы выканаць загад сваёй каралевы – ператварыць кроплі дажджу ў прамяністыя белыя сняжынкі і нібы белай пуховай коўдрай укрыць імі ўсю зямлю!
– Гэта ўжо зусім іншая справа! – узрадаваліся людзi, бачачы, як з неба падаюць першыя iскрыстыя сняжынкі і кладуцца на зямлю, загадкава міргаючы, быццам дзіўныя цудоўныя стварэнні, якiя прыйшлi з казкi.
– Ура! – з захапленнем крычалі дзеці. – Скора можна будзе гуляць у снежкі і ляпіць снегавікоў!
Людзі, птушкі і звяры ўдыхалі ледзь-ледзь падмарожанае свежае паветра і ўсміхаліся. Усiм было радасна ад таго, што яны сустрэнуць Новы год са снегам. А тым часам сам будучы Новы год ужо крочыў далей па зямлі ў сваіх ботах-скараходах. Ён вельмі спяшаўся вярнуцца на самы ўсходні край зямлі, з якога звычайна ўстае наша сонейка, каб адтуль пачаць свой галоўны паход па планеце Зямля першага студзеня наступнага года.
p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
Казка з кнігі "Чароўная сняжынка" 2013 г
Свидетельство о публикации №225121202082