Христианство и позор церкви

XIII. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І ГАНЬБА ЦАРКВЫ

«Дык ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога. Абвяшчаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не чужаложыць, чужаложыш, брыдзячыся ідаламі, чыніш сьвятакрадзтва. Ты, які хвалішся Законам, праз парушэньне Закону Бога зьневажаеш..Бо праз вас на імя Божае блюзьніцца ў паганаў, як напісана» (Рым 2:21-24)

Мы ўжо пабачылі тое, як хрысьціянства паўзьдзейнічала на разьвіцьцё сьвету, на ягоны прагрэс. Але справядлівым будзе сказаць і тое, што царква ніколі не была дасканалай, а таму, разам з добрымі справамі царквы, мы назіраем і адваротнае – негатыўнае. Недасканаласьць царквы базуецца на недасканаласьці хрысьціянаў, але мы памятаем і тое, што нашая вера – у Хрыста, а не ў хрысьціянаў. Супернікі хрысьціянства, ва ўпор не бачачы дасягненьні хрысьціянства ў разьвіцьці прагрэсу для ўсяго чалавецтва, з упартасьцю, дастойнай лепшага ўжываньня, паўтараюць пра крыжовыя паходы, інквізіцыю, антысімітызм ды некаторыя іншыя негатыўныя ды ганебныя зьявы як пра тое, што сапраўды ўяўляе сабою хрысьціянства. Падобныя выказваньні складаюць важную частку атэізму, але кажуць яны, у большасьці, пра невуцтва гэтых людзей. Але, як бы тое не было, давайце паразважаем на гэтую тэму і мы.

Трэба, па-першае, ведаць і памятаць тое, што існуе сапраўднае і намінальнае хрысьціянства. Некаторыя з тых, хто называе сябе «хрысьціянінам» паводзяць сябе так, што гэта цалкам супярэчыць вучэньню Ісуса Хрыста. І зусім ня проста так словы апостала Паўла вынесеныя ў загаловак гэтага разьдзелу, бо менавіта пра намінальнае хрысьціянства даводзіў да рымлянаў Павал. Але сапраўднае хрысьціянства заўсёды было крыніцаю ўсяго добрага для гэтага сьвету. Трэба разумець яшчэ і тое, што Ісус, заклікаючы ўсіх нас любіць ворагаў сваіх, прадбачыў у будучым тое, што хрысьціянства створыць раскол у грамадзтве: «Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне. Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двух і двое супраць трох. Падзеляцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; сьвякруха супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць сьвякрухі сваёй»(Лук 12:51-53).

Пісаньне вучыць нас імкнуцца да міру з усімі, наколькі гэта залежыць ад нас: «Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. Думайце між сабою аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе. Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі. Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі» (Рым 12:18). Воля Хрыста ёсьць прыярытэтам для нас, нават калі яна супярэчыць пажаданьням нашых блізкіх. Сапраўдная вера вельмі часта нараджае варожасьць, нават і тады, калі веруючыя паводзяць сябе мірна ды спагадліва. Падзел грамадзтва ёсьць непазьбежным рэагаваньнем нявер’я на веру ці веры на бязбожнасьць. А зараз зьвернемся да самых ганебных старонак у гісторыі хрысьціянства.

Крыжовыя паходы. Яны пачаліся як рэакцыя на ўзброенае распаўсюджваньне ісламу. VII стагодзьдзе прынесла сьвету рэлігію Мухамеда, якая пачала ўзброенным чынам хутка распаўсюджвацца на Блізкім Усходзе, кранаючы нават і Эўропу. Мільёны хрысьціянаў апынуліся на ісламскіх тэрыторыях, стоячы перад выбарам: адмовіцца ад веры ці загінуць. Пад уладай прыхільнікаў ісламу апынуўся, у рэшце рэшт, і Ерусалім, куды прыходзілі пілігрымы з усіх куткоў былой рымскай імперыі. У XI стагодзьдзі ў хрысьціянскае асяродзьдзе пачалі прыходзіць зьвесткі пра тое, што туркі-сельджукі чыняць розныя жорсткасьці ня толькі з мясцовымі хрысьціянамі, але і з пілігрымамі. Сталіца ўсходняга хрысьціянства Канстанцінопаль таксама знаходзілася пад пастаяннай пагрозай вайсковага захапленьня сельджукамі. І вось, у рэшце рэшт, візантыйскі імператар Алексій зьвярнуўся за дапамогай да рымскага папы Урбана II, які, у адказ на гэта, у фрацузкім горадзе Клермон і абвясьціў збор рыцарскага войску, якое выказала згоду да выгнаньня няверных з Ерусаліму. Так узьніклі крыжаносцы, таму што ў кожнага вайсковага была нашыўка на рукаве вопраткі ў вобразе крыжа. Толькі праз чатыры гады крыжакі здолелі захапіць Ерусалім і ўсталяваць там сваю ўладу. Але паводзіны так званага «хрысьціянскага» войска ніяк не адрозьнівалася ад войска сельджукаў, бо яны, з прыкладнай жорсткасьцю, выразалі мірных мусульманаў і мясцовых юдэяў. Так скончыўся першы крыжовы паход, які, на пэўны гістарычны час, з большага супакоіў сітуацыю на Блізкім Усходзе.

Праз пяцьдзясят гадоў мусумане захапілі крэпасьць Эдэсу, якую пабудавалі крыжакі, каб кантраляваць сітуацыю ў Палестыне. Адказ заходняга хрысьціянства быў імгненным і канкрэтным. Быў абвешчаны другі крыжовы паход, да якога заклікаў вельмі вядомы на той час Бернард Клеўроскі, які лічыўся чалавекам дабрачынным і глыбока веруючым. Пазіцыя Бернарда была вельмі неадназначнай, бо, з аднога боку, ён заклікаў да крыжовага паходу, але з іншага ён адмоўна ставіўся да крыжакоў: «У гэтым бязлічным мностве цяжка знайсьці такога, хто б ня быў вельмі разбэшчаным і бязбожным. Бязбожнікі, забойцы, клятвазлачынцы – іхні ўход прынёс добрае і Эўропе, якая пазбавілася іх, і Палестыне, якая іх набыла». Словы Бернарда даюць яснае ўяўленьне пра тое, якія людзі ўдзельнічалі ў крыжовых паходах, як і тое, што хрысьціянамі яны былі толькі па назве. Санкцыяваў гэты паход папа Яўген III, а вызначаўся ён яшчэ і тым, што яго ўзначальвалі кіраўнікі нямецкай і французкай дзяржаваў. Паход ня вызначыўся нейкімі станоўчымі вынікамі, але наадварот, войска сельжукаў, пад кіраўніцтвам Саладзіна, захапіла ў 1187 годзе Ерусалім.
Вынікам трэцяга крыжовага паходу было падпісаньне мірнага пагадненьня з Саладзінам, паводле якога Ерусалім застаўся пад кантролем арабаў, з правам наведваньня яго эўрапейскімі пілігрымамі. Гісторыя ведае яшчэ пяць крыжовых паходаў у гэты рэгіён сьвету, апошні з якіх адбыўся ў другой палове XIII стагодзьдзя. Але, акрамя гэтых паходаў, быў яшчэ адзін ганебны паход – крыжовы паход дзяцей, які адбыўся ў 1212 годзе і налічваў каля дваццаці пяці тысячаў дзяцей і падлеткаў. Вынік гэтага стаўся вельмі сумным, бо частка юных крыжакоў загінула не дасягнуўшы Міжземнага мора, а значную частку прадалі рабагандлярам у рабства. Акрамя усходніх крыжовых паходаў, гісторыя ведае і шматлікія крыжовыя паходы на паўночныя краіны пад эгідай «абароны каталіцкай веры» і з афіцыйнай санкцыі папы рымскага. Гэта адбывалася на працягу XIII – XIV стагодзьдзяў, калі каталіцкая царква стварала атмасфэру рэлігійнай, расавай і этнічнай нецярпімасьці да ўсіх некатолікаў: гебраяў, мусульманаў, паганскіх заходнеславянскіх, фінскіх і балтыйскіх народаў, а таксама да праваслаўных грэкаў і ўсходніх славянаў. Ворагамі веры абвяшчаліся і носьбіты розных «геразяў»: альбігойцы, гусіты і іншыя.

Мусульмане, якія ўдзельнічалі ў гэтых крыжовых войнах кіраваліся Каранам, які дазваляў гвалтоўнае распаўсюджваньне ісламу і гэтае як-небудзь зразумела, хаця гэтаму няма ніякага апраўданьня. Але чым кіраваліся так званыя хрысьціяне, калі пачыналі гэтыя войны, зьнішчаючы мірных жыхароў, а нават і канстанцінопальскіх хрысьціянаў? Складаецца ўражаньне на тое, што гэта былі самыя ганебныя моманты ў-ва ўсёй гісторыі хрысьціянскай цывілізацыі, бо ўсё гэтае рабілася насуперак вучэньню Ісуса Хрыста. Чаму ж крыжовыя паходы суправаджаліся такой жорскасьцю, якая ня можа быць сумяшчальнай з хрысьціянствам?

Разуменьне гэтага ляжыць на паверхні, бо ня так цяжка ўбачыць тое, што хрысьціянства, як такое, падзяляецца на хрысьціянскі сьвет і хрысьціянскую веру. Хрысьціянская вера ёсьць вераю тых, хто пакаяўся ў грахах і паверыў у Ісуса Хрыста, як свайго Госпада і Збаўцу. Хрысьціянскі ж сьвет ёсьць супольнасьцю людзей, якія жылі і жывуць на так званых «хрысьціянскіх» тэрыторыях. Сучаснае грамадзтва, як і раней, у пэўных прапорцыях падзяляецца на сапраўдных хрысьціянаў і тых, хто лічыць сябе такімі, але ня ведае збаўяльнай ласкі Бога. Такім чынам многія людзі хрысьціянскага сьвету, не спазнаўшыя сэрцам Хрыста, жывуць зусім ня так, як вучыў Ісус Хрыстос. І таму не зьяўляецца дзіўным тое, што многія з іх схільныя да амаральнасьці ды жорсткасьці. Такімі могуць быць як атэісты, так і сьвятары розных хрысьціянскіх канфесій, а паміж імі і тыя, хто называе сябе хрысьціянінам, але не спазнаў Госпада.

Таксма і з царквой, якая падзяляецца на сьвет і веру, а дакладней – на відзьмую і нявідзьмую царкву. Відзьмая царква ёсць хрысьціянскім сьветам, а нявідзьмая складаецца з сапраўдных хрысьціянаў. Відзьмую царкву нельга раўняць з сапраўднай Царквою Ісуса Хрыста, якая ёсьць нявідзьмай і складаецца з тых, хто верыць па сапраўднаму. Кожны чалавек, хто прыналежыць нявідзьмай Царкве, быў народжаны звыш Сьвятым Духам. Ісус папярэджваў нас пра тое, што ў відзьмай царкве мы сустрэнем і веруючых, і няверуючых: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў. Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?” Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем зьбярэм яго?” А ён мовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: “Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой”» (Мац 13:24-30). Ісус не казаў загадкамі, а таму і патлумачыў сказанае: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы. Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага: пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне, і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў. Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае» (Мац 13: 37-43). Гэтыя словы і пра сьвет, і пра царкву.

Вяртаючыся ж у сярэднявечча мы бачым тое, што ўся Эўропа, з невялікім выключэньнем, лічылася значнай часткаю хрысьціянскага сьвету, а таму людзі Эўропы лічыліся хрысьціянамі. Насуперак Бібліі, якая вучыць таму, што, наспраўдзе, гэтага быць ня можа, бо збаўленьне атрымаюць толькі тыя, хто паверыў у збаўляльную сьмерць Ісуса Хрыста. І гэта пачалося значна раней, калі рымскі імператар Канстанцін, у IV стагодзьдзі, абвесьціў пра тое, што хрысьціянства атрымлівае статус дзяржаўнай рэлігіі. Скончылася гэта тым, што мноства ягоных няверуючых падданых на наступны дзень «прачнуліся хрысьціянамі». Гэта тычыцца і астатняй Эўропы, бо як толькі краіны станавіліся хрысьціянскімі, многія жыхары гэтых краінаў, якія ня ведалі Бога і жылі ў граху, аўтаматычна станавіліся «хрысьціянамі». Усё гэта цалкам супярэчыць самой сутнасьці сапраўднага хрысьціянства. Чалавек сам павінен усьвядоміць тое, што яму патрэбныя пакаяньне і вера. Усё астатняе ж кажа толькі пра тое, што тыя, хто ня збаўлены, масавым чынам уваходзяць у відзьмую царкву. Такім чынам, на працягу многіх стагодзяў, хрысьціянства ў Эўропе дэградавала, ператвараючыся ў хрысьціянскі сьвет і гэтаму сьвету сапраўды ёсьць у чым пакаяцца.

Інквізіцыя, без сумненьняў, сталася адной з самы жахлівых старонак у гісторыі хрысьціянства. Створаная ў 1233 годзе, пад час ганебных крыжовых паходаў, інквізіцыя была судовым органам і павінна была вызначаць віну чалавека ў той ці іншай геразі. Калі чалавек вызначаўся вінаватым, дык гэтаму суду належала патлумачыць гэта і ўгаварыць адмовіцца ад ілжывых сьцьвярджэньняў, а калі на чалавека гэта не ўзьдзейнічала, дык яго перадавалі грамадзскім уладам, дзе асуджаных спальвалі на вогнішчы. Але чаму гэтая ганебная справа стала магчымай? Тагачасная заходняя царква, як, у сваёй большасьці, царква відзьмая, знаходзілася ў вельмі засмучаным становішчы. Амаральныя паводзіны і карупцыя квітнелі на ўсіх узроўнях царкоўнай іерархіі. Пасады епіскапаў ды сьвятароў прадаваліся і купляліся: такім чынам можна было набыць нават і пасаду папы рымскага. Кіраўніцтва царквы, у першую чаргу, было заклапочаным багацьцем і ўладай, а багацьце і ўлада вельмі залежаць ад пакорнасьці паствы. Пакорнасьць жа паствы вызначаецца адсутнасьцю ўсякага сумненьня адносна вучэньня вышэйстоячага клірыка, а інакш гэта можа расцэньвацца як бунт супраць царкоўных уладаў. Але так не бывае і сярод веруючых заўсёды знойдуцца тыя, хто нязгодны з гэтымі парадкамі ў царкве і выступаюць за чысьціню вучэньня Ісуса Хрыста. На гэтым фоне і зьявіліся рэлігійныя групы, якія сьцьвярджалі тое, што збаўленьне можна набыць і без такой царквы. Адной з такіх групаў былі вальдэнсы – папярэднікі сучаснага эвангельскага хрысьціянства, а яшчэ былі, напрыклад, альбігойцы (катары), якія ўвогуле адмаўлялі гістарычнае хрысьціянства. Перамагчы гэтыя геразі было няпростай справаю і таму, дзеля гэтага, быў скліканы мэтанакіраваны крыжовы паход. У выніку многія носьбіты геразі былі зьнішчаныя, але гэта ня вырашыла праблемы і таму была створана інквізіцыя, каб завершыць справу, пачатую крыжакамі.

Мы дакладна ня ведаем пра колькасьць загіблых людзей ад дзейнасьці інквізіцыі, але падаецца магчымым вызначыць, на гэты конт, нейкія меркаваньні. Дасьледчыкі гэтых гістарычных фактаў кажуць пра 12 тысячаў загіблых ад гішпанскай інквізіцыі, а ўвогуле па Эўропе агучваецца лічба ў 30 тысячаў чалавек. Гэтаму няма ніякага апраўданьня і сёняшняе хрысьціянства гэта толькі асуджае. Адзін з сярэднявечных манахаў пакорліва заўважыў тое, што калі б апосталы Пётр і Павал паўсталі б у гэты час, дык перасьлед ад інквізіцыі ім быў бы гарантаваны і абараніцца ад гэтага ў іх не было б ніякай магчымасьці. Асаблівай жорсткасьцю вызначалася гішпанская інквізіцыя і, як сказаў адзін з дасьледчыкаў, сам д’ябал стаяў за ёй. А таму лагічным выглядае тое, што самі інквізітары і тыя, хто іх кантраляваў ды накіроўваў, хрысьціянамі не былі па вызначэньню, бо тое, што яны рабілі цалкам процістаіць вучэньню Пісаньня. Бернард Клервоскі так сфармуляваў прынцып царкоўнага дабравесьця: «Вера павінна ўзьнікнуць у выніку ўпэўніваньня. Яе нельга прымусова навязваць. Геразі неабходна перамагаць сілаю аргументаў, але ня зброі». Але ўсё было ня так. Царкоўныя ўлады тых часоў забаранялі чытаць Біблію і перакладаць яе. Тых жа, хто жыў па Бібліі, перакладаў яе і вучыў па ёй, спальвалі на вогнішчах разам з Бібліяй.

Гісторыя Яна Гуса (1371-1415) ёсьць яскравым пацьверджаньнем таго, што кіраўніцтва тагачаснай царквы не было хрысьціянскім, абараняючы сваю ўладу і свае багацьці. Ян Гус, пасьлядоўнік вучэньня Джона Ўікліфа, казаў пра неабходнасьць вяртаньня царквы да ідэялаў першахрысьціянскіх часоў, прызнаючы Біблію вышэйшым аўтарытэтам для папы і царкоўных сабораў. Ён выступаў супраць індульгенцый, а таксама супраць права іерархаў хрысьціянскай царквы ўздымаць меч, развязваючы войны супраць сваіх супернікаў. Ян Гус разумеў Царкву як супольнасьць усіх выбраных да збаўленьня: жывых, памерлых і нават тых, хто яшчэ не нарадзіўся. Ён сьцьвярджаў тое, што рымскі папа і кардыналы ня ёсьць царквою, а царква можа існаваць бяз іх. Гус казаў і тое, што апостал Пётр ня быў ніколі кіраўніком Царквы, бо галавою Царквы заўсёды быў і ёсьць Ісус Хрыстос. Ён вучыў таму, што для збаўленьня душы дастаткова асабістага пакаяньня, калі яно даецца ў шчырасьці сэрца. Вынікам жа гэтага сталася тое, што чалавек, сапраўдны хрысьціянін, які заклікаў жыць па вучэньню Ісуса Хрыста, абвяшчаўся царкоўнымі ўладамі герэтыкам, а значыць ворагам царквы. У 1414 годзе Гус быў выкліканы на Канстанскі сабор, дзе яго ўзялі пад варту, а пасьля прысудзілі да спаленьня разам з працамі, як герэтыка. Прысуд адбыўся там жа, у Канстанцы, 6 ліпеня 1415 года. У хуткім часе, пасьля сьмерці Гуса, на вогнішча быў адпраўлены і Геранім Пражскі, пасьлядоўнік і вучань Яна Гуса.

Пропаведзь Яна Гуса, а таксама ягоная сьмерць на вогнішчы, ўзьдзейнічалі на стварэньне ў Чэхіі гусіцкага руху, што прывяло да гусіцкіх войнаў паміж гусітамі і католікамі. І гэта было толькі пачаткам, бо, пасьля Рэфармацыі, Эўропу разьдзіралі рэлігійныя войны і гвалт у «імя Ісуса Хрыста». 1572 год, напрыклад, вызначыўся тым, што Кацярына Медычы арганізавала гвалтоўную «Вафаламееўскую ноч», якая ўнесла жыцьці каля 10000 гугенотаў – французкіх пратэстантаў. Кульмінацыйным пунктам гэтага процістаяньня сталася Трыццацігадовая вайна (1618-1648), якая пачалася як процістаяньне католікаў і пратэстантаў, яна пераўтварылася ў звычайную сьвецкую вайну. Многія феадалы адмаўляліся падпарадкоўвацца рымскаму папе і аддаваць грошы царкве, а іхняе імкненьне да незалежнасьці ўспрымалася як геразь тымі, хто жадаў сілаю зброі вярнуць іх у лона «сапраўднай царквы». І зноў паліліся рэкі крыві ў імя Таго, Хто вучыў: «Любіце ворагаў вашых». Падзеі гэтай вайны расцэньваюцца неадназначна і ўяўляць яе толькі як вайну паміж католікамі і пратэстантамі было б занадта спрошчаным. Безумоўна тое, што рэлігія была адным з галоўных фактараў Трыццацігадовай вайны, але яна не была гэтым адзіным фактарам, а бліжэй да канца вайны, яна гэтым фактарам амаль што і не зьяўлялася. Вайна скончылася ў 1648 годзе падпісаньнем Вестфальскага міру і з гэтага часу рэлігійных войнаў, за нейкім выключэньнем, паміж хрысьціянскімі краінамі не было. З гэтага часу спрэчкі паміж католікамі і пратэстантамі вырашаюцца пяром і словам, але не шабляй і ружжом.

Ісус прадбачыў падобныя падзеі і казаў сваім вучням наступнае: «Будуць выключаць вас з сынагогаў; нават прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што выконвае служэньне Богу. І гэтак учыняць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне» (Ян 16:2-3). Аналогія відавочная і тыя, хто перасьледаваў хрысьціянаў нявідзьмай Царквы, безумоўна ж ня ведалі Хрыста. Мы памятаем фарысэя Саўла, які намагаўся цалкам зьнішчыць Царкву Ісуса Хрыста. Мы памятаем крыжакоў, якія зьнішчалі хрысьціянаў Канстанцінопаля, а таксама і заходніх «вольнадумцаў». Мы памятаем Яна Гуса і Гераніма Пражскага, якіх спалілі на вогнішчы за пропаведзь сапраўднага вучэньня Хрыста. Мы ведаем і тое, што мусульмане, у імя Аллаха, забілі больш за пяць мільёнаў хрысьціянаў. Такія прыклады можна пералічваць яшчэ і яшчэ, але сэнс гэтых радкоў у тым, каб мы, сучасныя людзі, убачылі і зразумелі тое, што ганьба царквы – гэта ганьба царквы відзьмай, дзе хрысьціяне існуюць толькі па назве, але, сапраўды, Хрыста ня ведалі і ня ведаюць.

Царква ніколі не была дасканалай, бо складалася і складаецца з недасканалых людзей. Наяўнасьць жа відзьмай царквы, у той ці іншай ступені, прысутнічае ў-ва ўсіх хрысьціянскіх канфесіях, што і прыводзіць да тых негатыўных зьяваў, якія мы назіраем на працягу ўсёй гісторыі хрысьціянства. Назіраецца гэтае і сёньня, бо як можна ставіцца да таго, што некаторыя хрысьціянскія плыні, асабліва ўсходнія, станоўча ставяцца да агрэсіі супраць іншых хрысьціянскіх краінаў ды забойстваў хрысьціянаў. Але, гледзячы на гісторыю разьвіцьця хрысьціянства, нельга бачыць толькі ганебныя старонкі гэтай гісторыі, робячы выгляд таго, што хрысьціянства нічога добрага, акрамя зла, гэтаму сьвету не прынесла. Але гэта не зусім так, а дакладней зусім ня так, бо, вяртаючыся да папярэніх разьдзелаў гэтае кнігі, мы пабачылі тое, як хрысьціянства, увогуле, вельмі моцна паўплывала на разьвіцьцё і прагрэс гэтага сьвету. Так, у гісторыі царквы хапала розных памылак, але, разам з гэтым, заўсёды знаходзіліся людзі, якія, падобна прароку Ераміі, абвяшчалі царкве Божую волю і гэта прыносіла свае станоўчыя плады. Акрамя гэтага мы бачым і тое, што царква вучыцца на памылках мінулага і намагаецца іх не паўтараць. Ніхто ўжо не заклікае да крыжовых паходаў, а розныя хрысьціянскія плыні цярпліва ставяцца адзін да аднога і няма ўжо думак пра гвалтоўнае падпарадкаваньне той ці іншай хрысьціянскай канфесіі.

Але гісторыя хрысьціянства, якая налічвае ўжо дзьве тысячы гадоў, мае месца быць. І амаль што кожная старонка гэтай гісторыі зьмястуе прыклады чалавечага глупства і заганы сярод хрысьціянскіх лідараў, але безумоўна і тое, што яны зьдзяйсьнялі гэтыя грахі не пад узьдзеяньнем ці ўплывам хрысьціянства, а насуперак яму. Сапраўднае ж хрысьціянства было не крыніцаю зла, але наадварот, стрымліваючым фактарам і вельмі часта – адзіным фактарам. Гісторыя чалавецтва, нават у хрысьціянскі час, напоўненая жахамі і гвалтам, але наколькі больш жахлівымі былі б гэтыя дзьве тысячы гадоў, калі б не было хрысьціянства.


Рецензии