Христианство и будущее

XV. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І БУДУЧЫНЯ

«Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку» (Мац 28:19-20)

Кожны чалавек, зразумела што ў рознай ступені, плануе сваё жыцьцё, як кожнадзённа, так і больштэрмінова. Так складаецца разуменьне сэнсу жыцьця чалавека. Але што ёсьць сапраўдным сэнсам жыцьця і што кажа пра гэта Бог? Якія мэты Ён ставіць перад намі? Бог даў нам два вельмі важных даручэньня і першае з іх мы знаходзім у кнізе Быцьця: «І сказаў Бог: “Зробім чалавека на вобраз Наш, як падабенства Нашае, і няхай ён мае уладу над рыбамі марскімі і над птушкамі паднебнымі, і над скацінай, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, які поўзае па зямлі”. І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой, на вобраз Божы стварыў яго, мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: “Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і мейце ўладу над рыбамі марскімі, і над птушкамі паднебнымі, і над усякім зьверам, які рухаецца па зямлі”» (Быц 1:26-28). Другое ж вялікае даручэньне было дадзена на пачатку хрысьціянскага часу і зусім недарма гэтыя словы Ісуса Хрыста вынесеныя ў загаловак гэтага разьдзелу. Большасьць хрысьціянаў згодныя з гэтым вялікім даручэньнем Хрыста, але, як гэта ня дзіўна, толькі на словах. Ёсьць, безумоўна, і тыя, хто, выконваючы гэтае даручэньне, нястомна і няспынна прапаведуюць Эвангельле, як пра тое і казаў наш Госпад і Збаўца. Але і гэта яшчэ ня ўсё, бо тыя ж хрысьціяне ці ня маюць уяўленьня пра першае Божае даручэньне, ці не зьвяртаюць на гэтае ўвагі. А між тым, гэта вельмі важная частка нашага хрысьціянства, бо за гэтым стаіць тое, што мы павінны выкарыстоўваць увесь патэнцыял гэтага сьвету для праслаўленьня Бога. Усё, што ёсьць у сьвеце, мы павінны пакласьці ля Крыжа. Служэньне Госпаду павінна адлюстроўвацца ў-ва ўсім: у сям’і і шлюбе, у адукацыі і царкве, у кіраваньні дзяржавай, у музыцы і літаратуры, у мастацтве, гандлі, рамёствах і шмат яшчэ ў чым іншым. Усе скарбы, якія Бог даў гэтаму сьвету, павінны быць знойдзенымі і прынесенымі Яму ў ахвяру.

На працягу ўсяго часу існаваньня хрысьціянства зьяўляліся, па волі Бога, асобы, якія вельмі сур’ёзна ставіліся да Божага даручэньня. Пра некаторых з іх мы ўжо ўзгадвалі ў гэтай кнізе. Такія ёсьць і сёньня. Але трэба прызнаць і тое, што на працягу апошніх ста пяцідзесяці гадоў царква далёка не заўсёды выконвала гэтыя Божыя даручэньні, чым значна паслабляла сваё ўзьдзеяньне на гэты сьвет. А гэта, у сваю чаргу, прывяло да таго, што атэістычныя плыні праніклі ў-ва ўсе сферы грамадзкага жыцьця і, як сьледства, сьвет бачыць даволі скажоную карціну хрысьціянскага жыцьця. Ці вінаватая ў гэтым хрысьціянская царква? Безумоўна што так, бо мы самі зрабілі сябе непатрэбнымі. А таму і пажынаем зараз гэтыя горкія плады. Чаму так атрымалася? Таму што шмат хто ў царкве выбраў шлях ізаляцыі ад грамадзтва: вы не чапаеце нас, а мы не парушаем ваш супакой аповядам пра Хрыста і Ягонага вучэньня. Вынікі сталіся сумнымі, бо мы аддалі ў рукі няверуючых сістэму адукацыі, якая была створанай хрысьціянамі, а таксама і навуку, якая, ад пачатку, стваралася хрысьціянамі. Сродкі масавай інфармацыі апынуліся ў руках самых разбэшчаных атэістаў, якія закідваюць усіх нас бязбожнымі ідэямі. Амаль што ўсе кіруючыя інструманты ў дзяржавах аддадзеныя ў рукі бязбожнікаў, якія, вельмі старанна, намагаюцца ўзаконіць справы свайго кіраўніка – д’ябла. Вось што азначае ня памятаць пра Божыя даручэньні.

«Рэлігія нарадзіла росквіт, але дачка паглынула сваю маці» - гэта знакамітыя словы пурытанскага сьвятара XVII стагодзьдзя, калі хрысьціянства ў Амерыцы пачало відавочна слабнуць. Такі вось сумны факт і такая прапорцыя: чым больш росквіту, тым меньш хрысьціянства. І ад гэтай небясьпекі не застрахаваны ніхто з веруючых. Гэтая праблема далёка ня новая, бо яшчэ ў старажытныя часы Бог папярэджваў Ізраіля, праз Майсея, пра гэтую небясьпеку: «Сьцеражыся, каб часам не забыўся ты пра Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў загады Ягоныя, і закон, і прыказаньні, якія я даручаю табе сёньня. Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх абжывешся, і калі табе намножыцца жывёла і авечкі, і багаты ты будзеш ў срэбра і золата, і ўсякі дастатак, тады ўзганарыцца сэрца тваё і забудзешся ты пра Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі. Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. І Ён вывеў табе ручаі са скалы цьвёрдай, і карміў цябе маннай у пустыні, якой ня ведалі бацькі твае, і калі Ён цябе загартаваў і выспрабаваў, наастатак пашкадаваў цябе. Дык не кажы ў сэрцы стваім: “Сіла мая і моц рукі маёй усё запрацавалі для мяне”, але памятай на Госпада, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб асягнуў ты посьпех, што споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як і паказвае сёньняшні дзень. А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і пакланяцца, вось жа заручаю вам, што зусім папрападаеце. Як тыя народы, якія Госпад зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце паслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага» (Другазак 8:11-20).

Прароцкія словы, бо гебраі, калі атрымалі адносны росквіт пасьля вандровага жыцьця ў пустыні, адпалі ад Бога і, за гэтае адступніцва, былі пакаранымі. Адступніцтва вельмі часта крочыць за росквітам і мы, ведаючы гэтую праблему, павінны быць вельмі асьцярожнымі ў сваёй веры. Мы атрымалі вельмі сур’ёзнае папярэджаньне і павінны вельмі сур’ёзна на гэтае рэагаваць. Свабода і чысьціня веры патрабуюць кожнадзённай бадзёрасьці і мы павінны быць вельмі ўважлівымі на тое, каб дачка нашага росквіту не паглынула маці нашай хрысьціянскай веры. А прыкладаў адваротнага хапае. Гарвардзкі універсітэт пачынаўся як хрысьціянская навуковая ўстанова, але зараз мы бачым адваротнае, бо той самы хрысьціянскі ўніверсітэт актыўна процістаіць распаўсюджваньню Божага Валадарства. І гэты прыклад не адзінкавы, а гэтую сумную тэндэнцыю можна разглядаць даволі працяглы час. Ці гэта ёсьць нагодай для расчараваньня? Не і яшчэ раз не. Калі мы ведаем гэтую чалавечую слабасьць, якую вельмі «добра» выкарыстоўвае д’ябал, мы павінны бадзёрыцца і не даваць росквіту згасіць нашую веру, памятаючы тое, што наш дабрабыт ёсьць плодам любові нашага Госпада, а таму трэба маліцца на тое, каб хрысьціяне, і іхнія цэрквы, былі адданымі Госпаду ў-ва ўсім сваім жыцьці.

Плод любові нашага Госпада ёсьць выразам нашай любові ў гэтым сьвеце: «Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я — медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць. І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я — нішто. І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці. Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца, ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога, ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды; усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае. Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца» (1 Кар 13:1-8). Гэтыя словы апостала Паўла ёсьць найлепшым выразам нашага хрысьціянства і недарма Павал асабліва падкрэсьлівае значнасьць любові ў жыцьці чалавека: «А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але большая з іх — любоў» (1 Кар 13:13).

Чаму мы, разам з апосталам Паўлам, зноў і зноў, падкрэсьліваем значнасьць любові ў захаваньні веры і хрысьціянства ўвогуле? Таму што сьвет, які, у большасьці, адыходзіць ад Бога, тым ня меньш уважліва сочыць за хрысьціянствам, пераадольваючы той парадокс, што любоў, па меры росквіту грамадзтва, сур’ёзна страчвае свае пазіцыі. А ці ёсьць месца для любові ў пагоне за матэрыяльным багацьцем? Гэта ёсьць хваробаю гэтага сьвету і выйсьце тут толькі ў Госпадзе, Які шчодра насычае нас, па нашай веры, Сваёй любоўю, якая, у сваю чаргу, становіцца асноваю ў жыцьці хрысьціянскага грамадзтва. Многія няверуючыя людзі, якія, зразумела, амаль што нічога з Бібліі, акрамя назвы, ня ведаюць, будуць шукаць сэнс Бібліі ў нашых паводзінах і па нашых справах. Гэта вельмі сур’ёзны выклік, бо сьвет вельмі пільна сочыць за намі, намагаючыся зразумець тое, што яго цікавіць: адказы на тыя ці іншыя пытаньні жыцьця грамадзтва і канкрэтнага чалавека ў ім. Калі мы па сапраўднаму верым у Ісуса Хрыста, дык самое жыцьцё будзе да краю напоўненым любоўю да Яго, а гэта, у сваю чаргу, ёсьць праяваю любові да блізкага. Нашыя справы, як добрыя так і дрэнныя, адлюстроўваюцца на людзкім атачэньні падобна таму, як разыходзяцца кругі на вадзе ад кінутага камяня. А справы, якія зыходзяць ад нас, ёсьць нашмат грамчэйшымі, чым нашыя словы. Справы любові, у дачыненьні да блізкага, ёсьць служэньнем блізкаму чалавеку і праўда ў тым, што лепш аддаваць, чым браць. Мяркуецца тое, што амаль што кожны чалавек, на схіле сваіх гадоў, аглядаючы сваё жыцьцё заўважае тое, што жыцьцё мела сапраўдны сэнс толькі тады, калі ён шчыра і з любоўю нешта ахвяраваў іншаму чалавеку. Сапраўды любоў нашмат важнейшая за ўсё астатняе ў жыцьці чалавека.

Гісторыя хрысьціянства ведае і такія саромныя выпадкі паводзінаў хрысьціянаў, калі той, хто называў сябе вучнем Хрыста, не праяўляў сапраўднай любові да іншага чалавека. Але Ісус казаў наступнае: «Па гэтым даведаюцца ўсе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13:35). Няхай кожны хрысьцянін паглядзіць уважліва на сябе і на свае ўчынкі. І як жа, усім нам, далёка да гэтага ідэялу, каб сапраўды быць добрымі вучнямі Ісуса Хрыста? Безумоўна тое, што чым далей мы будзем адыходзіць ад гэтага вучэньня Хрыста, дык тым больш атэістычнымі будуць краіны і грамадзтва. Што, дарэчы, і назіраецца ў тых краінах, дзе, у ранейшым часе, хрысьціянства мела вельмі моцныя пазіцыі. Але, што далей і якая будучыня чакае хрысьціянства?

Аднойчы Гегель выказаўся на тое, што «гісторыя заўсёды мае паўтор». Гэтае выказваньне саркастычна падхапіў Маркс, сказаўшы: «Ён забыўся дадаць тое, што ў першым выпадку яна зьяўляецца трагедыяй, а ў другім выпадку гэта ёсьць фарсам». Далей словы Маркса падхапілі атэісты, зьвязаўшы гэта з гісторыяй хрысьціянства, якое, на іхнюю думку, мае накіраванасьць ад росквіту да гібелі. І сапраўды, мы ня можам ня бачыць тое, што XIX і, асабліва, XX стагодзьдзі сур’ёзным чынам паслабілі хрысьціянства на карысьць атэістычных поглядаў у самых розных сферах жыцьця грамадзства. Гэта тычыцца, у першую чаргу, краінаў Эўропы і паўночнай Амерыкі, але, як сказаў класік: «Чуткі пра маю сьмерць занадта перабольшаны». Усё ня так дрэнна і вось чаму.

Колькасьць хрысьціянаў у-ва ўсім сьвеце павялічылася і вельмі значна, а таму можна канстатаваць тое, што місіянерская праца хрысьціянаў Эўропы і Амерыкі дала свае багатыя плады, як і казаў Ісус: «Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку» (Мац 28:19-20). Зьвернем увагу на тое, што Ісус Хрыстос будзе з намі да сканчэньня веку і гэтыя словы няхай возьмуць атэісты на нататку. Цэнтры хрысьціянства перамясьціліся на паўдзённую частку планеты: Афрыку, Азію і паўдзённую Амерыку. Міграцыйныя ж працэсы толькі дадаюць да колькасьці хрысьціянаў Эўропы і Амерыкі, умацоўваючы мясцовыя цэрквы. Мы павінны быць аптымістамі адносна будучыні хрысьціянства, памятаючы тое, што Царква пастаўлена і кіруецца Ісусам Хрыстом, Які з намі да сканчэньня веку. Як і сказана ў Бібліі: «Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі» (Геб 13:8).

Праўда хрысьціянства ў тым і ёсьць, што Бог ёсьць любоў і гэтая праўда калісьці цалкам зьмяніла сьвет. Зьмяніла і збавіла ад распаду ды зьнішчэньня. Менавіта гэтая праўда стварыла мацнейшую культуру, якая стагодзьдзямі сілкавала і сілкуе гэты сьвет глыбіннымі сэнсамі. Дык ці ёсьць у сучасным сьвеце будучае ў хрысьціянства? Аўтар гэтых радкоў упэўнены ў тым, што ў гэтага сьвету няма будучыні без хрысьціянства. А вы?


Рецензии