Христианство и атеизм

XIV. ХРЫСЬЦІЯНСТВА І АТЭІЗМ

«Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: “Няма Бога!” Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро. Глянуў Госпад з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае» (Пс 14:1-2).

У папярэднім разьдзеле гаворка ішла пра тыя ганебныя рэчы, якія тварыліся, на працягу многіх стагодзьдзяў у царкве, але зараз мы прыпынімся і паглядзем на ганьбу атэізму і тыя жахлівы дзеі, якія адбываліся ў XX стагодзьдзі. Але, па-першае, зьвярнуўшыся да Вікіпедыі, усьвядомім сутнасьць гэтага тэрміну: «Атэізм (ад стар.-грэч.: ;;;;; — адмаўленьне бога, бязбожны) — адмаўленьне існаваньня якіх-небудзь звышнатуральных сіл, напрыклад, бога, багоў, духаў і іншых нематэрыяльных істот, ці адсутнасьць веры ў іх існаваньне.

Многія з тых, хто лічыць сябе атэістамі, скептычна ставяцца да ўсіх звышнатуральных істот, паказваючы на адсутнасьць эмпірычных сведчаньняў іх існаваньня. Іншыя прыводзяць довады на карысць атэізму, абапіраючыся на філасофію, сацыялогію або гісторыю. Хаця многія, якія лічаць сябе атэістамі, з’яўляюцца прыхільнікамі сьвецкіх філасофій, такіх як гуманізм і натуралізм, не існуе адзінай ідэялогіі або шаблона паводзінаў, якія ўласцівы ўсім атэістам.
Тэрмін атэізм з’явіўся як прыніжальны эпітэт, прымяняўся да любога чалавека або вучэньня, які знаходзіўся ў канфлікце з устаноўленай рэлігіяй. І толькі пазней гэтае слова стала азначаць пэўную філасофскую пазіцыю. З распаўсюджваньнем свабоды перакананьняў, свабоды думкі, навуковага скептыцызму і крытыкі рэлігіі, гэты тэрмін стаў набываць больш канкрэтнае значэнне і пачаў выкарыстоўвацца атэістамі для самапазначэньня».

XIX стагодзьдзе прынесла сьвету сумненьне ў існаваньні Бога і сапраўднасьці Бібліі. У сярэдзіне гэтага стагодзьдзя нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ апісваў шаленца, які бегаў па гарадзкой плошчы з ліхтаром і, заглядваючы пад сталы і лаўкі, громка крычаў: «Дзе Бог? Дзе ж Бог? Бог мёртвы! І мы яго забілі!» Ніцшэ адгуляў вельмі вялікую ролю ў распаўсюджваньні атэізму. Ён казаў тое, што час атэізму яшчэ не настаў, але гэтае вельмі хутка здарыцца. Сучасныя атэісты клічуць яго вялікім прарокам, які прадбачыў разьвіцьцё атэізму ў XX стагодзьдзі, прыводзячы словы Ніцшэ: «Найвялікшае здарэньне апошняга часу – гэта тое, што «Бог памёр», і тое, што вера ў хрысьціянскага Бога страціла свае пазіцыі – ужо пачынае адкідваць ценю на Эўропу. Рэлігія прыйшла ў-ва ўпадак і ў жыцьці цывілізаваных народаў зьявілася велізарная пустэча. Гісторыю сучаснасьці можна разглядаць як гісторыю запаўненьня гэтай пустэчы». Што ж запоўніла гэтую пустэчу? Таталітарныя дзяржавы, канцэнтрацыйныя лагеры і ГУЛаг. У гэтай пустэчы квітнела ўсё антычалавечае: гвалт, адсутнасьць маральнасьці і самыя жорсткія войны ў гісторыі чалавецтва. У атэізьме няма аб’ектыўных маральных стандартаў і дзеля гэтага атэісты падбудоўваюць пад гэта нават і тэорыю адноснасьці Эйнштэйна, кажучы пра тое, што ўсё ў сьвеце адносна. І мараль таксама. Гэта тое ж самае, як і тое, што ў кожнага праўда свая, а хто мацнейшы той і правы. Усё гэта прыводзіць да дыктатураў, палітычнага перасьледу і пошукам ворагаў у грамадзстве. І недарма мы чыталі вышэй словы псальма: «Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: “Няма Бога!” Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць». Давід ведаў што пісаў, а XX стагодзьдзе цалкам гэтае пацьвердзіла, бо атэістычныя дыктатарскія рэжымы тое самае агіднае і рабілі, як і сказаў адзін з персанажаў Дастаеўскага: «Калі Бога няма, дык усё дазволена». Ніякае іншае стагодзьдзе ня бачыла такой жорсткасьці, калі людзі так бязьлітасна забівалі адзін аднога. Больш за 170 мільёнаў ахвяраў – такія вельмі сумныя вынікі гэтага атэістычна-крывавага стагодзьдзя. Ленін, Сталін, Гітлер, Мао, Пол Пот, і гэта далёка ня поўны пералік дыктатараў, якія павінны ў гібелі вялічэзнай колькасьці людзей. Гэтыя масавыя забойствы сталі магчымымі ня толькі дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу, але, перш за ўсё, справа ў тым, што чалавек адкінуў Бога: «У XVIII стагодзьдзі забівалі Біблію, у XIX стагодзьдзі забівалі Бога, а ў XX стагодзьдзі забівалі чалавека».

Тое, як мы думаем, дык тое непазьбежна прыводзіць да пэўных наступстваў, вельмі падобных на тое, як праз расколіну ў дамбе пачынае прасочвацца, а потым, усё больш і больш, выцякаць вада. Біблія кажа пра чалавека: «Бо якія думкі ў сэрцы ягоным, такі і ён» (Прып 23:7). Гэта тычыцца і супольнасьці людзей, дзе жыцьцё народа вызначаецца калектыўнай думкаю, бо нашыя думкі нясуць важныя наступствы, якія зьвязаныя нашымі адносінамі з Богам. Нявер’е дае людзям трагічныя сітуацыі, якія, як правіла, адразу і нябачныя. Як у тым прыкладзе з расколатай дамбай, калі людзі ў даліне адразу гэтага не адчуваюць. Але вада нясьпешна і няўмольна пранікае ў кожны куток даліны, пакуль цалкам не закрое пладародныя раўніны ды прыгоркі. Менавіта так і распаўсюджваўся атэізм, калі паступова прасочваўся ў-ва ўсе куткі чалавечай думкі, філсофіі і культуры, несучы з сабою непазьбежную сьмерць. Адмаўляючы існаваньне Бога, чалавек апынаецца ў матэрыялістычным сусьвеце. Атэізм падзяляе сусьвет на дзьве часткі і, адкінуўшы духоўную частку, трымае чалавека ў сьвеце, дзе няма нічога, акрамя матэрыі і энэргіі.

Гэта ўвогуле ніяк не азначае таго, што абсалютна ўсе атэісты ёсьць амаральнымі людзьмі, але прыстойнасьць часткі з іх узятая з хрысьціянства. Яны могуць быць дабрачыннымі не дзякуючы атэізму, але насуперак яму. Між тым, такое ж можа назірацца і ў хрысьціянстве, толькі наадварот, калі хрысьціянін паводзіць сябе па хамску, дык ён паводзіць сябе насуперак хрысьціянскай веры, а не ў адпаведнасьці з ёй. Як дакладна заўважыў вядомы хрысьціянскі пісьменьнік Клайв Льюіс, прыемны малады чалавек быў бы нашмат лепшым, калі б быў бы хрысьціянінам. Але сварлівая старая, якая называе сябе хрысьціянкай, была б нашмат больш жахлівай, калі б у яе жыцьці не было б нічога хрысьціянскага.

Распаўсюджваньне атэізму і эвалюцыйныя ўяўленьні пра чалавека пацягнула за сабою жахлівыя злачынствы супраць чалавецтва. Неймаверныя злачынствы зьдзяйсьнялі камуністы, калі лічылі тое, што адназначна магчыма пабудаваць рай на зямлі, як гэта прадказваў Карл Маркс, калі казаў тое, што пасьля пралетарскай рэвалюцыі ўрады ня будуць патрэбнымі, а пралетарыят будзе жыць у гармоніі. Але, як заўважыў нехта з пісьменьнікаў: «Гісторыя XX стагодзьдзя яскрава сьведчыць пра тое, што ўтопія заўсёды суседнічае з крыміналам». Пабудова камунізму абясцэніла чалавечае жыцьцё, калі да сялянаў, напрыклад, ставіліся як да рабоў, у хужэйшым сваім выглядзе. Калектывізацыя вёскі ў Савецкім Саюзе ўнесла жыцьці дзесяці мільёнаў жыхароў краіны. На жаль, мы няздольныя ўявіць увесь жахлівы сэнс гэтых лічбаў, бо мы проста бачым статысьціку. Але гэта былі жывыя людзі, якіх камуністы забілі ці пакалечылі. Калі краіна ці народ адкідвае хрысьціянскую мараль, дык катастрафічныя наступствы непазьбежныя і гісторыя XX стагодзья мае таму мноства прыкладаў.

Колькасьць ахвяраў атэізма непараўнальна з колькасьцю пацярпелых ад рук так званых «хрысьціянаў». Інквізіцыя прынесла людзям шмат злачынстваў і гэтаму няма апраўданьня. Але яна ня ідзе ні ў якае параўнаньне з сталінскім генацыдам супраць свайго народу. Калі інквізіцыя, за два стагодзьдзі, загубіла каля трыццаці тысячаў жыцьцяў, дык толькі сталінскі рэжым, за няпоўныя трыццаць гадоў, загубіў ня меньш за сорак мільёнаў чалавек. Трэба згадаць яшчэ і тое, што інквізіцыя зьдзяйсьняла сьмяротныя пакараньні толькі пасьля таго, калі «ерэтык» не пагаджаўся з абвінавачваньнем і цьвёрда стаяў на сваім. Сталінскія ж каты ня ведалі літасьці, а таму пазбавіцца сьмерці адразу, ці сьмерці ў лагерах, не было ніякіх магчымасьцяў. Гітлер, які як і Сталін, ненавідзеў Бога і шмат чаму навучыўся ў Леніна ды Сталіна, бацькоў сучастнай таталітарнай дзяржавы. Адсюль і канцэнтрацыйныя лагеры, і іншыя метады расізму Гітлера. Халакост Гітлера выліўся ў 6 мільёнаў загіблых гебраяў і ў 10 мільёнаў прадстаўнікоў іншых народаў (у сваёй большасьці хрысьціянскіх). І зноў трэба заўважыць тое, што халакост Гітлера працягваўся толькі дванаццаць гадоў. Яшчэ адзін дыктатар, Мао Дзэдун, забіў больш за 70 мільёнаў кітайцаў у прамежак з 1948 па 1976 гады; за дваццаць восем гадоў. З 1948 па 1959 год вышук ворагаў народа прывёў да гібелі каля 25 мільёнаў чалавек. У 1959- 1962 гады 25 мільёнаў чалавек загібла ў выніку калектывізацыі. І, у рэшце рэшт, у 1969-1976 гадах, пад час «культурнай рэвалюцыі», было забіта каля 22 мільёнаў чалавек. Апошнія масавыя забойствы ёсьць самай вялікай у гісторыі спробай выкараненьня хрысьціянства. Іншая справа, што гэтая спроба не была выніковай і хрысьціянства ў Кітае існуе і даволі дынамічна разьвіваецца. Яшчэ адзін прыклад – Камбоджа. Калі камуністы прыйшлі да ўлады ў гэтай краіне пад кіраўніцтвам Пол Пота (Салот Сара) ды Енг Сары, дык была прынятаю дзяржаўная праграма скарачэньня колькасьці насельніцтва да 3 мільёнаў чалавек з 9 мільёнаў на той час. Камуністы вырашылі адмовіцца ад сусьветнага прагрэсу і забясьпечыць гэтым 3 мільёнам «лепшых» прадстаўнікоў народа першабытнае, але забясьпечанае жыцьцё. Пасьпелі ж яны забіць 3 мільёны чалавек за тры гады свайго кіраваньня, пакуль гэты дыктатарскі рэжым ня быў скінутым. Ніхто дакладна ня ведае колькі людзей загібла і пад час іншых камуністычных рэвалюцый і войнаў, кошт якіх – чалавечыя пакуты і сьмерць.

Дык вось, калі нехта з недасьведчаных людзей будзе казаць пра тое, што хрысьціянства загубіла людзей больш, чым якая іншая ідэя, неабходна давесьці да іх гэтыя гістарычныя факты. Самым жа жахлівым забойцам стала атэістычная краіна XX стагодзьдзя. Самі ж атэісты, раз за разам, тлумачаць пра злачынствы, зьдзейсьненых у імя рэлігіі, але чамусьці ня кажуць пра злачынствы XX стагодзьдзя, зьдзейсьненых у імя атэізма. Яны пільна ўглядаюцца ў мінулае, кажучы пра злачынствы, зьдзейсненых шмат стагодзьдзяў таму, але XX стагодзьдзя яны ня бачаць. Гэтае ж стагодзьдзе было стагодзьдзем масавых забойстваў, генацыду і тэррарызму. І ўсё гэта ёсьць плодам прывіднай веры ў сэкулярную дзяржаву, якая заўсёды абяцае вызваленьне, а па факту топча сапраўдныя правы чалавека.

І на заканчэньне адказ вядомага дыпламата аднаму з тых скептыкаў-атэістаў, які голасна крытыкаваў хрысьціянства: «Я прапаную любому скептыку знайсьці на зямлі куточак, плошчай хаця б з дзесяць квадратных міляў, дзе ніколі не прапаведавалася Эвангельле Ісуса Хрыста, але дзе, пры гэтым, можна было б весьці мірнае, бясьпечнае і дабрашчаснае жыцьцё. Дзе б паважалі жанчынаў, дзе б клапаціліся пра старых і дзяцей і дзе б можна было б атрымаць адукацыю. Калі ж нашаму скептыку пашчасьціць знайсьці такое месца, дык я прапанаваў бы яму зьехаць туды і прапаведаваць там сваё нявер’е».


Рецензии