Работа и отдых

«Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб;
а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча»
(Выс 28:19).

«Праца стварыла малпу чалавекам» – гэта выраз ліберальнай і нават камуністычнай ідэалогіі, які адпавядае эвалюцыйнай тэорыі разьвіцьця чалавецтва. Зразумела тое, што гэта лозунг атэізму і Бога ў гэтым разуменьні стварэньня чалавека няма. З кропкі погляду хрысьціянскага вучэньня стварэньня сьвету, таксама ёсьць сувязь паміж гэтымі словамі: “праца”, «малпа» і «чалавек». Але адмоўная сувязь, бо фармулюецца з іншым сэнсам: «Праца адрозьнівае чалавека ад малпы».

Пяты дзень тварэньня прыносіць сьвету малпу і толькі потым чалавека. І вось, цікава тое, што Бог, Які стварыў малпу раней за чалавека, не называе малпу «малпай», але дае такое права чалавеку, адзінаму са створаных істотаў, які атрымаў імя ад Бога. Адам быў створаны разумным і гэта была першая праца, якую зьдзейсьніў чалавек па воле Бога: «І назваў чалавек імёны ўсякаму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным» (Быц 2:20).

Але ўзьнікае пытаньне: «Ці толькі для працы стварыў Бог чалавека?» Напрыклад, акадзкі міт «Атра-Хасіс», а гэта пачатак другога тысячагодзьдзя да нараджэньня Ісуса Хрыста, кажа, што спачатку богі былі, як людзі: яны працавалі і працавалі вельмі цяжка. У выніку гэтай працы ўзьнікае бунт супраць свайго валадара. Каб супакоіць бунтуючых багоў прымаецца рашэньне па стварэньню чалавека. Людзі павінны будуць узяць на сябе цяжкую працу па апрацоўцы зямлі. Згодна гэтаму міту, багам патрэбны былі людзі, каб тыя працавалі за багоў. Біблія ж сцьвярджае іншае. Бог, па сутнасьці Сваёй, ня меў патрэбы ў чалавеку і стварыў яго не з-за нейкага эгаістычнага замыслу, але як факт праяўленьня ласкі Божай. Мэта стварэньня чалавека азначаецца словамі Госпада: «І хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі» (Быц 1:26). Чалавек ставіўся Богам на валадараньне гэтым сьветам, але для гэтага ён павінен працаваць.

«І узяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быц 2:15). Апроч цудоўнага дома, якім зьяўляўся для чалавека сад Эдэмскі і той цудоўнай ежы, якая была ў гэтым садзе, Бог дае чалавеку служэньне – працаваць. Зьвернем увагу на тое, што Бог не абавязвае Адама апрацоўваць зямлю, але даглядаць за садам – «урабляць і захоўваць яго». Гэта здарыцца пазьней, калі Бог вышле Адама за ягоны грэх: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, з якое ён узяты» (Быц 3:23).
Праца – гэта не праклён, а дабраславеньне. Чалавек мае патрэбу ў працы, каб адчуваць сябе добра і ня быць у бязьдзейнасьці і гультайстве. Праклёнам становіцца ня сам факт працы, а праца са скрухаю і праклён зямлі за грэх Адама: «Праклятая зямля за цябе. Са скрухаю будзеш карміцца з яе ва ўсе дні жыцьця твайго. Церне і воўчкі ўзгадуе яна табе і будзеш карміцца польнаю травою. У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, з якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся» (Быц 3:17-19). Праца дадзена чалавеку Госпадам і безумоўна тое, што Ён патрабуе ад нас пэўных адносінаў да таго запавету, які Ён даў нам ад пачатку і на ўсе вякі.

Працу трэба любіць.
Самы галоўны прыклад адносінаў да працы, дае нам Сам Госпад Бог. Ён за шэсьць дзён стварае з нічога неба і зямлю, а потым і ўсе астатнія стварэньні. Амаль што кожны дзень (за выключэньнем другога) Бог кажа пра Сваё тварэньне «добра». Каб не ўзьнікала пытаньняў пра адсутнасьць пахвалы другога дня, трэба адразу патлумачыць, што гэта ніяк не зьвязана з нейкім няўдалым днём тварэньня, але магчыма з тым, што колькасьць словаў «добра» раўняецца сямі, бо ў трэці і шосты дзень, Бог прамаўляе гэтыя словы двойчы, адзначаючы стваральныя этапы гэтых дзён. Сёмае «добра» на прыканцы шостага дня – гэта цудоўнае завяршэньне дзён Божага тварэньня. Але што азначае Божае «добра»? Гэта азначае, што ўсё створанае адпавядала свайму прызначэньню і Божаму замыслу. Усё атрымалася так, як гэтага пажадаў Бог. І гэта азначае, што Божае «добра» – гэта дасканалая праца, якая мае ў сваёй аснове любоў.

Чацьвёртая Божая запаведзь кажа нам: «Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае» (Вых 20:9). Шэсьць дзён з сямі працаваў Бог па стварэньню сьвета і Ён тое ж патрабуе і ад нас. Госпад патрабуе ад кожнага з нас працаваць сумленна і з любоўю, каб пра кожны дзень працы можна было сказаць «добра» ці «добра вельмі», як сказаў гэта Бог у дзень шосты. Бог нязьменны, бо аднолькава патрабуе працы ад усіх. Як Ён патрабаваў працы ад Адама, так патрабуе і ад ўсіх астатніх праз закон Майсея. Чалавек быў пастаўлены Богам на працу і калі чалавек ня хоча працаваць, дык ён, у гэтым выпадку, становіцца вельмі падобным на малпу, якой Бог розуму ня даў. Бог хоча, каб мы працавалі, бо добра і з любоўю працаваць – гэта азначае быць падобным на свайго Творцу, Які працаю Сваёю стварыў нас з вамі. І стварыў «вельмі добра».

Грэх Адама ў геаметрычнай прагрэсіі распаўсюдзіўся на ўсё астатняе чалавецтва і таму мы маем тое, што маем. А маем мы разбэшчаны сьвет, дзе большасьць людзей не зьвяртаюць увагі на тое, што патрабуе ад нас Бог. Сучаснаму сьвету больш да спадобы метад жыцьця, каб нічога не рабіць ці рабіць, як мага меней. Д’ябал вельмі актыўна працуе на гэтым фронце абароны сьмерці духоўнай. Ён імкнецца падмяніць паняцьці і ўпэўніць чалавека ў тым, што свабодны чалавек не павінен працаваць, бо праца мае прымусовы характар. А ці можна любіць працу пад прымусам? Кожны чалавек скажа, што не. Такім чынам узводзіцца ідэялагічны падмурак у сьвядомасьці чалавека, каб не выконваць Божую запаведзь працаваць і таму не набліжацца да Госпада ды не шукаць Яго. Розум чалавека з дзяцінства атручваецца рознай, так званай народнай «мудрасьцю» у розных прымаўках, накшталт такіх: «Што б не рабіць, абы нічога не рабіць» і «Ад работы коні дохнуць, ды трактары ламаюцца». Бацькі ўпэўніваюць дзяцей, што атрыманьне адукацыі – гэта шлях да прыстасаваньня да нейкага «цёплага мястэчка», дзе ня трэба шмат напружвацца і ёсьць цудоўная магчымасьць знаходзіцца ў чысьціні ды супакоі. Ды пры гэтым яшчэ атрымліваць і не маленькія грошы. Вось мара даволі значнай часткі нашага грамадзтва. У адрозьненьні ад тых, хто працаваць ня хоча, д’ябал працуе над імі вельмі старанна. Ён прымушае чалавека не любіць працу, а значыць і самога сябе. Мэта д’ябла – прывесьці чалавека ў пекла, туды дзе няма ні ежы, ні пітва, а значыць і працы. Наогул, здольнасьць чалавека да ежы і пітва ня ёсьць праца , але вынік яе.

Але давайце абвесьцім тое, што так не павінна быць. Шчасьце чалавека як раз і зьмяшчаецца ў пераадоленьні цяжкасьцяў працы. І сапраўды, каб добра працаваць трэба гэтаму добра навучацца. А для гэтага патрабуецца старанна асвойваць пэўныя веды і на падставе гэтых ведаў, засвойваць практычныя навыкі. І ўсё гэта рабіць старанна і з любоўю. І памятаць, што менавіта гэтага чакае ад нас Бог. Кожны пераадолены этап працы – гэта тое маленькае шчасьце, якое напаўняе сэрца працаўніка. Гэта бясконцы працэс. І калі ёсьць мэта, як вынік працы, дык яна надхняе чалавека і робіць чалавека шчасьлівым.

Бог гатуе нам Валадарства, дзе мы будзем працаваць з радасьцю і любоўю, радуючы гэтым Госпада. Дык абвесьцім гэтаму сьвету, што дабрасумленная праца – гэта адказ на любоў Госпада да вышэйшага стварэньня гэтага сьвету і імкненьне пацьвердзіць сваю вернасьць гэтай запаведзі Божай – працаваць.

Працу трэба рабіць якасна.
Бог дае нам стандарт працы, калі адкрывае нам яго праз Пісаньне. Мы бачым вялікую Божую працу па стварэньню сьвету. Паглядзім навокал і ўбачым ня толькі безьліч стварэньняў, але і тую безумоўную дасканаласьць і прыгажосьць кожнага стварэньня. Бог – дасканалы Творца, бо праслаўляецца ў Сваіх стварэньнях. І Ён вельмі жадае, каб нашая праца была якаснай і праслаўляла Яго ў-ва ўсе дні нашага жыцьця. Якасная і руплівая праца ўзбагачае чалавека. Як матэрыяльна, так і духоўна. Саламон кажа пра гэта: «Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае» (Выс 10:4). Добрая праца праслаўляе Госпада і наадварот, калі праца выконваецца дрэнна, дык гэта ёсьць ганьба Бога. Калі чалавек добра працуе, дык атрымлівае пахвалу ня толькі ад Госпада, але і ад людзей, бо ўзвышае яго Госпад: «Ці бачыў ты чалавека спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі» (Выс 22:29).

Калі чалавек можа зрабіць нешта выдатнае амаль што з нічога, дык гэта вельмі падабаецца Госпаду. Паглядзіце на Бога, Які стварыў з нічога неба і зямлю. Ён дае прыклад Свайму стварэньню, бо стварыў яго на вобраз Свой. Ён даў яму розум, каб разумець Госпада. Ён даў яму здольнасьці, каб была магчымасьць рабіць так, як гэта робіць Бог. Мы разумеем, што дасягнуць гэтага чалавеку ня ўдасцца, але імкнуцца да гэтага абавязкова трэба. Бог патрабуе ад нас творчай дасканаласьці ў кожанай справе, бо калі чалавек напіша добры верш, дык і іншыя справы будуць выконвацца творча і з дасягненьнем пэўных станоўчых вынікаў. Кажуць, што здольны чалавек, у-ва ўсім здольны, а калі чалавек гультай, дык у-ва ўсім гультай.
Якасная праца чалавека вельмі даспадобы Госпаду, бо яна накірована да дасканаласьці. Паглядзіце навокал. Усё, што стварыў Бог мае дасканалыя формы і дасканалы склад. Паглядзіце на кветкі, паглядзіце на птушак, паглядзіце на любыя іншыя Божыя стварэньні. Гэта прыклад ідэяльнай якасьці Божай працы. Чалавек ня выключэньне, бо ён створаны Госпадам таксама ідэяльна. Іншая справа, як чалавек псуе гэты Божы твор сваімі асабістымі высілкамі, калі парушаючы Божыя запаведзі, дабраахвотна знішчае тое, што даў ім у карыстаньне Госпад Бог.
Давайце ж якасна рабіць любую справу, за якую мы б не ўзяліся. Бо так хоча Бог. Бо таму і даў нам Бог розум і здольнасьці, каб мы глядзелі на вялікі Божы прыклад і імкнуліся да Божага стандарту ў адносінах да працы, каб праслаўляць Бога ў кожным сваім дзеяньні.

Працу трэба завяршаць.
Пачынаючы кожнае сваё дзеяньне мы павінны зьвяртацца да Госпада, каб, па-першае, прасіць дабраславеньня, а па-другое яшчэ і яшчэ раз убачыць адносіны Госпада да працы. Мы зноў вяртаемся да Божай працы па стварэньню сьвета. Бог не пачаў адпачываць пакуль пасьлядоўна, этап за этапам, не завершыў гэтую вялікую працу. І толькі потым Ён дазволіў Сабе адпачыць: «І скончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў, і дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго, бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў» (Быц 2:2-3). Гэта вялікі Божы прыклад і вялікі Божы стандарт.

І вось, убачыўшы прыклад ідэяльных адносінаў да завершанасьці працы, як мага праўдзіва і нават крытычна пагледзем на свае асабістыя адносіны да той кожнадзённай працы, якую мы маем у той ці іншай якасьці і пасьлядоўнасьці. Ня шмат мы памылімся, калі будзем сьцьвярджаць тое, што, для большасьці людзей, завершанасьць той ці іншай справы – гэта праблема. Ці не таму нам вельмі прыемна, калі пачатая намі справа завершваецца ў вызначаны тэрмін і не адкладваецца на заўтра. «Тое, што можна зрабіць сёньня, нельга адкладваць на заўтра”» – кажа прымаўка і гэта слушная заўвага, бо недаробленае сёньня – гэта шуканьне заўтра “учорашняга дня”. І калі гэта становіцца сістэмаю, дык наўрад ці магчымы станоўчыя вынікі працы, ня кажучы ўжо пра задавальненьне ад яе.

Праца – гэта нейкі этап, які павінен быць завершаным, бо ў адсутнасьці завершанасьці пачынаюцца праблемы. Этап працы, які вызначаецца намі для выкананьня ня можа быць ненапружаным, але і павінен быць аб’ектыўна выканаўчым, бо ў выпадку хуткага выкананьня этапа, мы кідаемся ў творчым запале выконваць наступны этап працы, які магчыма ня здольны выканаць у той час, які мы адвялі для гэтай справы. Вынік вядомы – справа недаробленая і мы назаўтра зноў пачынаем шукаць «учорашні дзень».

Праца, як нейкі свой этап, ня можа лічыцца завершанай, пакуль тое працоўнае месца, дзе мы сваёю працай праслаўляем Госпада, ня будзе пакідацца ў чысьціні і парадку. Стары Запавет кажа, што Бог пастанавіў гебраям хадзіць у чысьціні і захоўваць асабістую гігіену ў любым месцы знаходжаньня: «Месца павінна быць у цябе па-за табарам, куды б ты мог выходзіць. Апрача зброі тваёй павінна быць у цябе лапатка і калі будзеш садзіцца па-за табарам, выкапай ёю ямку ды зноў закапай спражненьне тваё, бо Госпад Бог твой, ходзіць сярод табару твайго, каб выбаўляць цябе і аддаваць ворагаў тваіх, а таму табар твой павінен быць сьвяты, каб Ён ня ўбачыў у цябе чаго брыдкага і не адступіўся ад цябе» (2 Зак 23:12-14). Гэта наш дэвіз і патрабаваньне Госпада, каб вакол нас , дзе б мы не знаходзіліся, было чыста і ўтульна. Будзь гэта працоўнае месца ці любое іншае месца нашага знаходжаньня. У адваротным выпадку мы мы ня можам прэтэндаваць на выдатныя вынікі працы, бо Бог ня любіць брыдкага. Ды і як можна праслаўляць Госпада знаходзячыся ў асабістым брудзе?

Чалавек павінен любіць працу і тады ён будзе рабіць яе якасна. А калі гэта так, дык і чысьціня вакол чалавека будзе на пэўным узроўне.

«Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага. І вось, усё гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся. І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку: “Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху рукі загарнуўшы, паляжыш; і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая – як чалавек узброены”» (Выс 24:30-34). Разважым над гэтымі словамі Саламона і ня будзем неразумнымі ды лянівымі, каб не праспаць галечу, але будзем разумнымі і працавітымі, як таго хоча Бог.

А як быць з адпачынкам?
Пісаньне дае адказ на гэтае пытаньне: «Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго. Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы – субота Госпаду, Богу твайму. Не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх, бо за шэсьць дзён стварыў Госпад неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў сёмы дзень спачыў; таму дабраславіў Госпад дзень суботні і асьвяціў яго» (Вых 20:8-11).
Мы бачым, што адпачынак, як і праца, дадзены нам Богам, які працаваў шэсьць дзён, ствараючы сьвет, так і нам загадвае рабіць. Шэсьць дзён працуй, але на сёмы дзень рабі сабе адпачынак. Так кажа Бог. Але Ён дае адпачынак ня толькі чалавеку, які працуе на зямлі. Ён дае адпачынак і самой зямлі: «Шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх, а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Госпадава: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай» (Ляв 25:3-4). Бог клапоціцца ня толькі пра нас, але і пра зямлю, якая дае нам свае плады для жыцьця нашага.

Але, што гэта – адпачынак? Нічога не рабіць, каб падгатаваць сябе да працы? І так і не. «Так» – таму што нам неабходны адпачынак ад працы, каб умацавацца фізічна і пачынаць у новым дні дзеі свае. «Не» – таму што гэты дзень павінен прысьвячацца Госпаду. Нядзеля – гэта і ёсьць хрысьціянская субота. Гэта той дзень, які пасьвячаецца Госпаду, каб Ён, праз нас, мог рэалізоўваць Свае задумкі і гэтым самым узбагачаць нашыя духоўныя імкненьні.

Калі чалавек праводзіць нядзельны адпачынак абыякава, альбо працуе штодзённай працаю, дык гэта ня ёсьць адпачынак у вачах Госпада, бо зусім ня тое чакае ад нас Бог. Адпачынак – гэта калі сэрца чалавека імкнецца ўбачыць будучыню і таму прысьвячае гэты час Госпаду. Пісаньне папярэджвае нас пра небясьпечнасьць адпачынку бяз Госпада і гэта можна пабачыць на прыкладзе цара Давіда: «Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся па даху валадарскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася, а тая жанчына была вельмі прыгожая. І паслаў Давід разьведваць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна» (2 Вал 11:2-3). Іншымі словамі, Давід вырашыў прысьвяціць адпачынак самому сабе. Ён забыўся пра Бога. І гэта вялікая памылка, бо здрада Госпаду прывяла яго да вельмі сумных вынікаў як у сваім жыцьці, так і ў жыцьці ўсяго народа Ізраіля. Гісторыя Давіда з Вірсавіяй – гэта гісторыя глупства з боку Давіда, за якое Бог пакараў ня толькі Давіда, але гэта адбілася на гістарычным лёсе цэлага народу. Калі мы хочам проста расслабіцца, як Давід, дык нічога добрага гэта за сабою не нясе, бо вынікі гэтага могуць вельмі і вельмі адмоўнымі. Мы павінны добра засвоіць Божую праўду, што асноўная мэта адпачынку – гэта адпачыць фізічна і наладзіць усё тое занядбанае ў адносінах з Госпадам, каб з новымі сіламі ісьці далей.

Кожны адпачынак, як дарэчы і кожная праца – гэта цудоўная магчымасьць праславіць Госпада. Гэта дабраславёны час для сям’і і для царквы. Гэта час, які аддзелены для Госпада. Каб славіць Госпада і памятаць цудоўныя дзеі Яго. Адпачынак – гэта аднаўленьне зносінаў з Госпадам, бо ёсьць цудоўная магчымасьць праслаўленьня і малітвы да Госпада. Гэта цудоўная магчымасьць умацаваньня веры праз вывучэньне Слова Божага. Гэта цудоўная магчымасьць быць разам з сям’ёй і адначасова з іншымі хрысьціянамі і іхнімі сем’ямі. Менавіта такім і павінен быць нядзельны адпачынак любога хрысьціяніна.

Мы разгледзелі асноўны адпачынак сёмага дня тыдня (ці першага, як гэта было ў ранейшыя часы), як стандарт, дадзены нам Богам. Але ў жыцьці амаль што кожнага чалавека ёсьць і іншыя, больш працяглыя адпачынкі: штогодні працоўны водпуск, школьныя ды студэнскія вакацыі і гэтак далей. Пісаньне не дае нам ніякага тлумачэньня на гэты конт. І гэта зразумела, бо ў тыя часы людзі ня ведалі, што адзін месяц на год чалавек мае права адпачываць ад працы на кагосьці. Паспрабуем уявіць, што тагачасны гаспадар дае месячны адпачынак свайму рабу, які запланаваў свой адпачынак на Эгейскім моры ці хоча наведаць бібліятэку Александрыі. Здаецца гэта выкліча толькі ўсьмешку, бо наўрад ці хто паставіцца да гэтага сур’ёзна. Дарэчы, ў тыя часы, ніхто не падзяляў таксама людзей на працоўных і пеньсіянэраў, якія маглі мець звыштэрміновы адпачынак да канца свайго жыцьця.

Усё гэта ёсьць у нашай сучаснасьці. Але Бог даў нам стандарт адпачынку аднаго дня і гэта значыць тое, што мудрасьць Бога падказвае нам глядзець і ўспрымаць кожны дзень свайго адпачынку, як той Божы дзень, які трэба сьвяціць і накіроўваць на Госпада і сям’ю.

Сучасная ліберальная думка і наогул сучасны погляд на адпачынак – гэта аддаленьне ад Госпада. І гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя, бо блуд і іншыя спакусы перасьледуюць вельмі і вельмі многіх. Вельмі сумны вынік. Сучасны погляд на адпачынак – гэта разбалансаваньне духоўных адносінаў паміж чалавекам і Госпадам. Калі чалавек адпачывае ў фармаце гэтага сьвету, дык і вынік адпаведны, бо адпавядае фармату гэтага сьвету. І гэта азначае, што Бога тут няма. Нават хрысьціянскія вандроўкі маюць небясьпеку разбэшчанасьці і таму, ў значнай ступені, адыходу ад Госпада.

Але што ёсьць хрысьціянскі адпачынак? Адказ просты. Хрысьціянскі адпачынак – гэта калі няма месца глупствам, але ёсьць пэўны час для аб’яднаньня з Госпадам і яшчэ больш глыбейшага пазнаньня Яго. Калі гэта маладыя хрысьціяне, дык увесь час адпачынку павінен быць распланаваны так, каб вольнага часу заставалася, як мага меньш, а інтэнсіўнасьць заняткаў была (як фізічных, так і духоўных), як мага больш. Падаецца, што ідэяльны адпачынак хрысьціяніна складаецца з некалькіх простых рэчаў. Калі гэта маладыя людзі, дык увесь іхні вольны час павінны займаць экстрэмальныя фізічныя заняткі і малітва. Для старэйшых пажаданы іншы, больш спакойны расклад: ранішняя малітва, вольны час для сям’і с размовамі і разважаньнямі пра Слова Божае, разважаньнямі пра будучыню, каб усім гэтым праверыць свае адносіны з Богам.

Бог жадае, каб мы, веруючыя людзі, адпачывалі так, як хоча гэтага Ён і каб наш адпачынак быў для Госпада: «Калі ты ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Госпадавым, шанавальным, і ўшануеш яе тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прыхамаці і пустасловіць, дык будзеш мець радасьць у Госпадзе, і Я ўзьвяду цябе на вышыні зямныя і дам скаштаваць табе спадчыну Якуба, бацькі твайго. Вусны Госпадавыя прамовілі гэта» (Іс 58:13-14). Амэн.


Рецензии