Ответ на молитву
АБУДЖЭНЬНЕ РЭАЛЬНА
«Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя
дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец
ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што
просяць у Яго» (Мац 7:11).
Вынік малітвы залежыць ад нашага чаканьня і ад нашай веры. Ісус, калі настаўляў вучняў Сваіх, дык Ён ня проста даводзіў да іх нейкую інфармацыю, але ўкладаў у іх Сваю веру. Вера Ісуса настолькі вялікая, што можа быць праўнальнай з любоўю Айца. Айцец любіць гэты сьвет, а тым больш Таго, для Каго ўсё і было створана. Любоў і вера Айца і Сына роўныя ў сваім вымярэньні. І таму Ісус Хрыстос укладае веру ў кожнага, хто ідзе за Ім і вучыцца ў Яго.
«Тым больш» – кажа Ісус і гэтае «тым больш» мае вялікі сэнс, бо Ён хоча навучыць вучняў веры. Колькі веры, столькі і выніку. Як і пропаведзь, якая мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі гэта ёсьць працэс перадачы духоўнага вопыту, бо калі гэтага няма, дык яна ня мае выніку.
Колькі веры, столькі і выніку. Па вялікай веры падзяліў Ісус пяць хлябоў на пяць тысяч чалавек: «І загадаўшы натоўпам узьлегчы на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, і, зірнуўшы на неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлеб, а вучні - натоўпу» (Мац 14:19). Гэтым прыкладам Ісус ня проста рабіў цуд, але Ён паказваў і перадаваў Сваю веру вучням. Іншая справа, што вучні адразу гэтага не зразумелі і таму наступным разам Ён называе іх малавернымі: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі? Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў і колькі кашоў назьбіралі?» (Мац 16:8-9). Падаецца, што гэты паказальны ўрок пра тое, што гэта быў ня проста цуд, але вынік веры, быў нарэшце засвоены вучнямі Ісуса Хрыста.
Другі прыклад веры дае Ісус вучням у Гефсіманскім садзе, калі адзін з іх, абараняючы Ісуса, адсякае вуха рабу першасьвятара: «Тады кажа яму Ісус: “Вярні меч твой на месца ягонае, бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць. Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Як жа споўніцца Пісаньне, што гэтак мусіць стацца?”» (Мац 26:52-54). Ісус кажа пра Сваю веру ў тое, што, пры неабходнасьці, Ён можа заклікаць да Сябе дванаццаць легіёнаў анёлаў. Проста зараз гэта не актуальна, бо існуе план Айца, па якому павінна зьдзейсьніцца Пісаньне
«Тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго». Ісус, тым самым, кажа вучням, што Бог адкажа. У гэтых словах Ісуса адкрываецца характар Бога, Які адкрыты да ўзаемаадносінаў з тымі, хто зьвяртаецца да Яго. Сэрца Айца адкрытае да нас. Мы молімся Яму і просім Яго, бо ведаем, што Бог хоча нам даваць. Бог жадае даваць нам нашмат болей, чым браць ад нас. І калі мы гэта разумеем, дык кажам Госпаду: «Мы гатовыя да таго, што Ты хочаш нам даць
Чытаючы слова Божае, мы павінны разумець і разважаць пра жаданьні, адносна нас, Бога. Ісус расказвае вучням прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”. І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромлюся, але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”. І сказаў Госпад: “Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх? Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?”» (Лук 18:2-8).
«А Бог ці не абароніць выбраных Сваіх?». Ісус кажа пра тое, што настойлівая ўдава нават у няправеднага судзьдзі знайшла абарону. Пагадзімся, што, бяз веры ў станоўчы вынік, немагчыма быць такім настойлівым. Ісус робіць цікавую рэч. Ён канцэнтруе вучняў на канечны станоўчы вынік. Ня ў часе выкананьня, бо Ісус кажа: «Кажу вам, што хутка абароніць іх», а на тое, што гэта абавязкова будзе.
Мы молімся і зьвяртаемся да Госпада з рознымі сваімі патрэбамі. А яны ёсьць. У кожнага. Мы просім пра розныя рэчы і розныя патрэбы. Мы просім ацаленьня для сябе і сваіх блізкіх, мы просім дабрабыту сям’і, бо адказныя за гэта перад Госпадам, мы просім пра малыя і вялікія рэчы, якія ў той ці іншы час вельмі патрэбныя нам. І калі мы просім, мы павінны памятаць словы Ісуса: «Тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго». Ісус накіроўвае нас на станоўчы вынік, бо існуе небясьпека зьніжэньня градуса веры ў тое, што мы атрымаем тое, што просім. Калі мы просім Госпада дапамогі ў набыцьці нешта значнага матэр’яльнага, дык мы аглядаемся вакол сябе, каб убачыць і вызначыць шляхі выкананьня і магчымасьці набыцьця гэтай рэчы. І тут ёсьць небясьпека, бо калі мы відавочна не назіраем шляхоў выкананьня пажаданага, дык нашая вера ў гэта пачынае гаснуць і можа скончыцца тым, што мы апусьцім рукі і зьмірымся з тым, што гэта выканаць немагчыма. Але так не павінна быць, бо калі мы глядзім праз час і праз магчымасьці, дык вера наша будзе мацавацца. «Тым больш» – кажа Ісус, бо Ён хоча навучыць нас верыць у тое, што мы просім у Айца.
Малюнак станоўчага выніку свайго прашэньня ў галаве ўдавы, перамагла малюнак адказу неправеднага судзьдзі. Тым больш, праведны Бог бачыць нашую веру ў станоўчы вынік нашых прашэньняў. Калі мы бачым станоўчы вынік у розуме нашым і верым Таму, да Каго зьвяртаемся, дык дасца нам. Будзе ланцуг нейкіх здарэньняў, дзякуючы якому гэта і адбудзецца.
Таксама і пра збаўленьне блізкіх. Мы жывем у сьвеце, побач з няверуючымі і таму нязбаўленымі блізкімі людзьмі. Мы намагаемся данесьці да іх пра нараджэньне і сьмерць Ісуса Хрыста. Мы молімся пра тое, каб Дух пакаяньня ахінуў іхныя сэрцы і каб скрышыліся сэрцы ў пакаяньні перад Госпадам. Мы молімся за іх. Але, мы павінны ня проста прасіць пра гэта Госпада, а верыць у станоўчы вынік нашага прашэньня, бо колькі веры, столькі і выніку. Слава Госпаду!
Так і з абуджэньнем народа. Трэба верыць і трэба мець ясную карціну перамянённага народу. І збудзецца. Народ Ізраіля знаходзіўся ў Эгіпецкай няволі. І вось, Бог даручае Майсею вывесьці Ізраіля з Эгіпту і ўкладае ў яго веру станоўчага выніку, калі кажа: «Я выведу вас з прыгнёту Эгіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд» (Вых 3:17). Мэта выхаду гебраяў з зямлі Эгіпецкай – зямля абяцаная Абрагаму, Ісаку і Якубу. Гэта канечны і станоўчы вынік, які Майсей бачыў ужо наперад пасьля першай размовы з Богам. Колькі веры, столькі і выніку, бо можна сабе ўявіць, як выходзіў бы народ Ізраіля, калі б Майсей сумняваўся ў посьпехе гэтага мерапрыемства. Але, слава Госпаду, гэта ня так і Майсей – гэта прыклад веры ў збаўленьне народа, як канечны і станоўчы вынік.
Бог заклікае кожнага з нас, як Майсея, да малітоўнай і дасьведчай працы, выводзіць народ з няволі грэху. Ён дае нам для гэтага, як даваў Майсею, падрабязнае настаўленьне праз Слова Божае. Ён кажа нам пра тую мэту, да якой мы павінны весьці народ, які знаходзіцца ў няволі грэху – да Валадарства Ісуса Хрыста. Мы павінны, як Майсей, адчуваць той дух свабоды народа, што чакае яго пры сустрэчы з Ісусам Хрыстом.
Трэба жыць Божай рэальнасьцю, бо дзеі Бога – гэта рэальнасьць і тое, што Ён паклікаў нас для выкананьня Божай справы – гэта таксама аб’ектыўная рэальнасьць. Бог пасылае нас у сьвет, каб мы, як Майсей, данесьлі да яго імя Таго, Хто прыйшоў збавіць нас ад грэху і сьмерці. Мы павінны несьці сьвятло Ісуса Хрыста ў тую цемру грэху, якая ахінае народ і які самастойна ніколі ня выйдзе з гэтай няволі, калі толькі не пачуе вестку пра Ісуса Збаўцу. Народ, які заблукаў ў джунглях грэху, вельмі падобны на туземцаў, якія, калі не пабачаць жалезны плуг, дык ніколі не пагадзяцца купіць яго і са спакоем застануцца са сваім драўляным.
Бог дае нам уяўленьне як здольнасьць, ня проста так. Бог хоча, каб мы былі здольнымі ўяўляць той канечны вынік як нашых прашэньняў, так і таго, што загадвае нам зрабіць Ён. І таму мы павінны ўявіць чаканае – свабоду народа, каб нашыя малітвы пра абуджэньне народа спраўдзіліся.
Але, каб спраўдзіліся нашыя малітвы, трэба падмацаваць іх неабходнымі ўмовамі, якія патрабуе ад нас Бог:
-Прабачаць. І гэта азначае, што мы не павінны трымаць зло і стаяць у крыўдзе як на канкрэтнага чалавека, так і на народ увогуле. Нават і на бязбожных кіраўнікоў нашых.
-Маліцца па волі Бога. І гэта азначае, што Ён хоча чуць наш голас. Бог зьвяртаецца да нас праз Пісаньне, а прымае наш адказ праз малітву. І Бог хоча, каб мы ніколі не спынялі сувязі з Ім.
-Прасіць на добрае. І гэта азначае, што мы павінны прасіць толькі тое, што карысна для тых справаў, якіх чакае ад нас Бог.
-Быць цярплівым. І гэта азначае, што час выкананьня малітвы вызначае Бог і толькі Ён.
Ісус кажа: «Што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам». І калі мы лічым сябе вучнямі Ісуса Хрыста, дык і павінны прымаць гэтае настаўленьне, як праўду Настаўніка. Мы атрымалі настаўленьне. Мы бачым, праз час і магчымасьці, канечны вынік нашай малітвы. І таму мы, з упэўненасьцю, радасьцю і надзеяй, павінны нястомна і няспынна маліцца з вераю ў вынік нашай малітвы. І дасца нам, бо колькі веры, столькі і выніку.
Свидетельство о публикации №225121601261