Отойди от Меня сатана
«Тады Ісус кажа яму: “Адыйдзі ад Мяне, шатан!
Бо напісана: “Госпаду Богу твайму, пакланяйся,
і Яму аднаму служы”Тады пакідае Яго д’ябал; і
вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму»
(Мац 4:10-11).
Ісус пачынае Сваю дзейнасьць па збаўленьню людзей гэтага сьвету са спакушэньня з боку д’ябла. Другі Адам, таксама як і першы, прайшоў гэты шлях спакушэньня ад д’ябла. Першы Адам ня вытрымаў і першай спробы, але Ісус Хрыстос, у адрозьненьні ад першага Адама, вытрымаў усе спробы д’ябла схіліць Яго на свой бок. Спакусы і ўмовы, ў якіх яны прапанаваліся, былі розныя, але сутнасьць гэтых спакусаў адна і тая ж. Як пад час першага чалавека Адама, так і ў наш час. Але вярнемся да спакушэньня Ісуса Хрыста.
Ісус Хрыстос даволі жорстка рэагаваў на гэты кантакт з д’яблам, калі апошні намагаўся спакусіць Божага Сына. Мы бачым, што кожнае спакушэньне д’ябла – гэта вельмі небясьпечная напалову праўда. Мы разумеем тое, што калі д’ябал спакушае проста чалавека, дык ён дзейнічае хоць і хлусьліва, але больш спрошчана. Але тут ён мае справу з Сынам Божым, а таму ягоная хлусьлівая гульня – гэта сумесь хлусьні і вырваных з кантэксту словаў Пісаньня. Д’ябал добра ведаў, што ён ня здольны прымусіць Ісуса ўсумніцца ў сапраўднасьці словаў Бога, бо менавіта таму ён і прыняў тактыку вырываньня сказанага Богам з кантэксту. У Эдэмскім садзе было ня так, калі д’ябал прамовіў хітрыя словы: «Ці сапраўды сказаў Бог?». Д’ябал у той час атрымаў лёгкую перамогу над першымі людзьмі, якіх узначальваў Адам. Але ня так было з Ісусам Хрыстом.
«Пераўтвары камяні ў хлеб і народ пацягнецца за Табою», - прыкладна так гучаў першы выклік, кінуты Ісусу спакусьнікам. Цікава што гэтае, як і ўсе астатнія спакушэньні былі пабудаваныя такім чынам, каб прымусіць Ісуса прадэманстраваць Сваю ўладу над фізічным сьветам, як і незалежнасьць ад Айца. І пры гэтым д’ябал цытуе нейкія словы з Пісаньня, кажучы: «Бо напісана». Гэтая небясьпека існуе і сёньня, але мы павінны памятаць словы Ісуса Хрыста ў адказ спакусіцелю: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада Бога твайго”» (Мац 4:7). Іншымі словамі, мы не павіны паддавацца нейкім маніпуляцыям, вырванымі з кантэксту часткамі вершаў з Пісаньня, але разглядаць Божае слова ў-ва ўсёй сваёй паўнаце. Д’ябал пачынае спакушэньне словамі «бо напісана», а Ісус адказвае на гэта словамі «І зноў жа напісана». Ісус не ўступаў у спрэчку з д’яблам, бо ацэньваў спакушэньне Сваёй волі па стандарту волі Божай, якая ня мае іншай альтэрнатывы. Паводзіны Ісуса – гэта прыклад дзейнасьці і жыцьця для ўсіх нас, каб веданьне слова Божага абараніла нас ад любых пасягненьняў д’ябла ў сваіх спробах спакушэньня. Безумоўна тое, што д’ябал у дачыненьні да нас не такі хітрамоўны, як гэта было з Ісуса Хрыстом, бо мы ведаем розьніцу веданьня праўды паміж намі і Хрыстом. І таму нашая абарона ад хітрыкаў д’ябла зьмяшчаецца ў добрым веданьні Божай праўды, якую Ён выкладае нам нам у Сваім Пісаньні.
А Пісаньне кажа нам, што д’ябал – гэта пераможаны вораг. Ісус Хрыстос на Крыжы вызначыў ягоную вечную долю ў вогненым і серным возеры: «І д’ябал, які падманваў іх, быў кінуты ў возера з агню і серкі, дзе зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзені і ўначы на вякі вякоў» (Адк 20:10). Але, пакуль ня прыйдзе Ісус Хрыстос, д’ябал будзе выпрабоўваць волю чалавека і спакушаць усіх людзей. Бог даў нам выбар і жадае, каб мы выбралі шлях збаўленьня праз Ісуса Хрыста. Але, калі чалавек сьвядома і вольна не прымае ў сваё сэрца Хрыста, дык д’ябал заўсёды напагатове і імкнецца ўцягнуць з сабою ў возера вогненае і сернае кожнага чалавека, хто выбраў у сэрцы сваім шлях грэху і супрацоўніцтва з д’яблам, які заўсёды імкнецца адвярнуць чалавека ад Бога і ўвесьці ягоную душу ў месца вечнага праклёну.
Вяртаючыся ж да спакушэньня Ісуса, мы можам пабачыць, што ўсе тры спакушэньні, якія Ён адчуў на Сабе ў пустыні – гэта ілжывае абяцаньне багацьця і славы. З Ісусам гэта не прайшло, але гэта з лёгкасьцю праходзіць для большасьці людзей гэтага сьвету, бо багацьце і слава – звычайныя спакусы для чалавека. Безумоўна тое, што д’ябал не арыгінальны, бо мала што зьмянілася ў прынцыпах спакушэньня ад Эдэма і да нашых часоў. Чаму? Таму што грэх не арыгінальны, бо гэта адны і тыя ж граблі, на якія наступалі, наступаюць і будуць наступаць усе пакаленьні людзей пачынаючы ад Адама. Наступалі і будуць наступаць, бо ня лічаць важным заўважыць прычыну, а заўважаюць толькі вынік і пры гэтым думаючы, што яны разумнейшыя за іншых. А калі гэта не спрацоўвае, дык «разумнейшы» выкажа простую думку, што яму ў гэты момант наўпрост не пашанцавала. Чаму так?
Таму што спрацоўвае асабістае «Я», якое лічыць сябе здольным і арыгінальным. Ці тут не папрацаваў д’ябал? Яшчэ як парацаваў. І гэта цягнецца ад Адама, праз усе вякі і да нашых часоў. Гэта праца д’ябла. Адам меў місію пладзіцца, кіраваць прыродай і быць у Госпадзе, але быў спакушаны і адыйшоў ад Госпада. Але вось другі Адам - Ісус Хрыстос, Які меў місію збаўленьня чалавецтва ад грэху і Які не спакусіўся ў пустыне, ды і наогул нідзе. Ісус атрымаў перамогу над д’яблам, які прынёс у гэты сьвет грэх і сьмерць, ператварыўшы гэтым рэальнасьць Божага тварэньня у перавёрнутае, а значыць нерэальнае сучаснае быцьцё. Перамога ж Ісуса Хрыста – гэта вяртаньне тых, хто прымае Яго, у сапраўдную і першапачатковую Божую рэальнасьць стварэньня гэтага сьвету. Безумоўна тое, што жывучы ў гэтым сьвеце мы ня здольныя адчуць на ўсе сто адсоткаў тую рэальнасьць, якую закладаў Бог для Адама і Евы. Але тое Божае Валадарства, якое даў нам Хрыстос у нашыя сэрцы – гэта і ёсьць тая рэальнасьць Божай прысутнасьці, якую страцілі, на жаль, Адам і Ева ў Эдэмскім садзе.
Праца д’ябла – гэта хлусьня, бо недарма Біблія называе д’ябла бацькам хлусьні. Хлусьня – гэта асноўная дзейнасьць д’ябла і накірована яна на тое, каб ні ў якім разе чалавек не павярнуўся тварам да Ісуса Хрыста і не прыняў Яго ў сэрца сваё, каб, прымірыўшыся з Богам, быць з Ім у вечнасьці. Д’ябал хоча адваротнага. Ён хоча, каб людзі не пазналі Бога і, ў выніку, пайшлі за ім – у пекла на вечныя пакуты. А метады для гэтага ў д’ябла вельмі і вельмі разнастайныя. Бог дае, напрыклад, чалавеку розныя дары. Здольнасьці і таленты. Заўважым, што гэта дае Бог, а не д’ябал. Але задача д’ябла ў тым, каб гэтыя дары, якія дадзены чалавеку на добрае, служылі злу. Гісторыя чалавецтва кажа пра гэта і трэба прызнаць, што д’яблу гэта ў значнай меры ўдаецца на працягу ўсёй гісторыі чалавечага разьвіцьця. Д’ябал вельмі вынаходлівая істота і вельмі спрытна хлусіць. І ўсё для таго, каб адарваць чалавека ад Бога ці не дапусьціць да Бога чалавека, выкарыстоўваючы схаваныя ў чалавеку здольнасьці да грэху. І ня толькі здольнасьці да грэху, але і тыя здольнасьці, якія даў чалавеку Бог. Дзейнасьць д’ябла безумоўна не арыгінальная, але выкарыстоўваючы «узьвялічаную» волю чалавека і сваё асабістае «Я», ён шмат чаго дабіваецца ў гэтым сьвеце. Гэтыя чалавечыя «якасьці» вельмі добра вядуцца на хлусьню д’ябла, бо асьлепленыя сваімі заганамі. Д’ябал добра разьбіраецца ў гэтым.
Музыка, тэатр. Забярыце адтуль Бога (што дарэчы і адбываецца) і што там застанецца? Безсэнсоўная сутнасьць, а гэта якраз самае тое, што д’яблу і патрэбна. Мастацтва, як дар чалавеку ад Бога, не зьяўляецца д’ябальскім. Бо яно ад Бога. Але куды яго накіраваць? На добрае ці злое? У тым і сутнасьць працы д’ябла, каб дадзеныя Богам здольнасьці чалавека накіраваць у рэчышча зла і тым самым паставіць заслону паміж чалавекам і Богам. Тое ж з навукай, культурай, адукацыяй – тымі характарысьцікамі, якія вызначаюць грамадзтва і паводзіны чалавека ў ім. Што мы маем бяз Бога? Ліберальныя законы, які працуюць на разбэшчваньне грамадзтва, атэізм, розныя дыктатуры, брудная палітыка і такія ж эканамічныя адносіны. І як вынік войны, террарызм, а таксама і ўнутрыграмадзкі гвалт. Усё гэта тое, да чаго, у-ва ўсе вякі, імкнуўся і імкнецца д’ябал. Хлусіць і спакушаць. Але што ёсьць спакушэньне?
Спакушэньне – гэта падахвочваньне ад д’ябла, якое заўсёды цягне за сабою нешта грахоўнае і заўсёды накіраванае на тое, каб прычыніць чалавеку шкоду. Спакушэньне можа адбывацца, калі д’ябал асабіста зьвяртаецца да нашага розуму і сэрца, альбо калі ён зьвяртаецца праз чалавека, які знаходзіцца пад ягоным уплывам. Спакушэньне накіравана на тое, каб падштурхнуць скарыстаць дадзеныя нам дары ад Бога, каб задаволіць дадзеныя Богам жаданьні ганебным чынам і ў недазволены час. Д’ябал – спакусьнік. Яму адкрыты доступ да нашага розуму і сэрца, каб сеяць там нейкія падахвочваньні і ідэі. Ніхто не застрахаваны ад спакушэньня. Д’ябал абавязкова падкажа жонцы, што яе недаацэньвае муж і што яна дастойна нашмат большага. Ён падкажа і адаронаму прапаведніку, што ён дастойны большай аудыторыі і ўвагі да сваёй асобы. Можна ўявіць што будзе ў далейшым, калі падказкі д’ябла лягуць на сэрцы і розум гэтых людзей. Аднойчы, пасьля ўдалай пропаведзі вялікага прапаведніка Сьперджана, да яго падыйшоў адзін чалавек і сказаў, што такой выдатнай пропаведзі ён яшчэ ніколі ня чуў. На што Сьперджан адказаў яму так: «Ведаеце, тое ж самае хвілін пяць таму сам д’ябал прашаптаў мне ў вуха».
Ісус казаў: «Адыдзі ад Мяне шатан», бо ведаў мэты д’ябла. А што павінны ведаць мы пра тыя мэты, якія мае адносна нас спакусіцель? Трэба гэта ведаць і ніколі пра гэта не забываць:
• Увесьці нас ад Бога.
• Сарваць Божыя мэты адносна нашага жыцьця.
• Скрасьці славу Бога, якую нашае жыцьцё магло б прынесьці Яму.
• Зьнішчыць нас любым спосабам, у тым ліку і нанясеньнем шкоды нашаму фізічнаму здароўю.
• Зрабіць усё, каб не дапусьціць нас да вечнага жыцьця ў Валадарстве Божым, але пацягнуць нас з сабою ў пекла на вечныя пакуты.
Трэба мець на ўвазе, што д’ябал не адкрывае свой намер на пачатку спакушэньня, бо калі б ён гэта рабіў, дык чалавек наўрад ці паддаўся на ягоныя хітрыкі. Спакушаючы чалавека да цыгарэты, ён ня кажа: «Я жадаю прышчапіць табе залежнасьць, якая прывядзе да раку лёгкіх». Наадварот, ён размалюе падлетку карціну даросласьці, а даросламу карціну пахуданьня. І так далей. Д’ябал прыкладае ўсе свае высілкі, каб мы паддаліся ягонаму спакушэньню. Канчатковая мэта д’ябла – схіліць нас да грэху, які аддзяляе нас ад Бога і іншых людзей. А грэх нясе сьмерць духоўную, эмацыйную і фізічную. Але што мы павінны рабіць і які павінны даваць адказ на спакушэньне д’ябла?
Спакушэньне Ісуса Хрыста ў пустыне дае нам узор адказу, які мы павінны ўжываць пры спакушэньні. Няма лепшай рэакцыі на спакушэньне д’ябла, чым прамовіць у голас адказ – цытаваньне Слова Божага. Ева пачала дыялог з д’яблам і прайграла. Ісус жа адказваў запаведзьдзю з Пісаньня і перамог. Усё проста. Нельга нічога абмяркоўваць з д’яблам, але цытаваць яму Слова Божае. Чым больш мы ведаем Пісаньне, тым меньш мы залежныя ад спакушэньняў д’ябла. Дух Сьвяты падтрымае нас і дасьць нам на памяць вядомыя і неабходныя вершы. Гэтым самым мы здольныя заставіць д’ябла бегчы ад нас і ў той жа час мы дазваляем Сьвятому Духу паслужыць і ўмацаваць нас. Як і Ісус Хрыстос мы павінны спадзявацца на нябеснага Айца, быць адданымі Яму і рабіць сваю працу жыцьця так, як гэтага хоча Бог. Гэта тое, што нам неабходна засвоіць сваім сэрцам і розумам. Жаданьне Госпада – каб мы заўсёды жылі паўнавартасным і пасьпяховым жыцьцём, як на зямлі, так і ў вечнасьці з Ім. Таму і станем адкрыта на баку Госпада, бо Ён пераможца. Будем жа маліцца і прасіць Бога дапамагчы нам разпазнаваць хітрыкі ворага. І быць упэўненымі што Ён дапаможа і абароніць нас. Амэн.
Свидетельство о публикации №225121601829