Божья любовь

БОЖАЯ ЛЮБОЎ


«Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас. Калі
хто кажа: “Я люблю Бога”, і брата свайго ненавідзіць,
той хлус, бо хто ня любіць брата свайго, якога
бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той,
хто любіць Бога, любіў і брата свайго» (1 Ян 4:19-21).

Бог ёсьць любоў. Стварэньне сьвету – гэта праява Божай любові да нас і да ўсіх Сваіх стварэньняў. Любоў Айца, Сына і Сьвятога Духа не перапыняецца і таму Божая любоў стварае тую рэчаіснасьць, якая адгукнецца на любоў Бога і будзе любіць Творцу, усякае Ягонае стварэньне і адзін аднога.

Любоў Айца.
«Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі. Сьвет дзеля таго не пазнае вас, што не спазнаў Яго» (1 Ян 3:1). Апостал Ян кажа пра любоў Айца, якую Ён уклаў у стварэньне сьвету дзеля таго, каб стварыць істоту на вобраз Свой і на падабенства Сваё – стварыць чалавека: «І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты» (Быц 1:31). Па вялікай Божай любові была створана прырода – той рэальны сьвет, які прызначаўся лепшаму Свайму стварэньню – чалавеку. На жаль, мы ня ведаем дакладна той першапачатковы прыродны стан, які панаваў у Эдэмскім садзе, але ўлічваючы, што Бог пагоршыў адносіны прыроды і чалавека толькі пасьля ягонага бунту супраць Бога, мяркуем, што прырода цалкам падпарадкоўвалася Адаму і была вельмі прыдатнай. Але атрымалася тое, што атрымалася: «А Адаму сказаў: “За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе сказаўшы: “Ня еж з яго”, праклятая зямля за цябе. Са скрухаю будзеш карміцца з яе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго. Церне і ваўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою. У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, з якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся» (Быц 3:17-19).

Заўважым тое, што Бог не пракляў Адама, але праклён Божы атрымаў зьмей і атрымала зямля, з якое быў ўзяты Адам і ў якую ён павінен быў вярнуцца. Не атрымаў Адам таксама і хуткай сьмерці за свае непаслушэнства, але атрымаў даволі няцяжкае пакараньне: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, з якое ён узяты» (Быц 3:23). Так, Бог пакараў Адама сьмерцю, але сьмерцю духоўнай, бо пазбавіў яго Сваёй прысутнасьці. Але сутнасьць Госпада – гэта любоў і таму, нягледзячы на гэтае пакараньне, Бог ужо меў план, для вяртаньня чалавека ў Сваю прысутнасьць.

Мы ня ведаем таксама і стан дапатопнай прыроды, акрамя таго, што Бог пракляў зямлю, якая пазьней прыняла кроў Абэля і ад зямлі пракляў Каіна: «І сказаў Госпад: “Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй;. Калі ты будзеш урабляць зямлю яна ня будзе болей даваць сілы сваёй табе. Ты будзеш выгнанец і бадзяга на зямлі» (Быц 4:10-12). Зноў заўважым, што Бог не пакараў сьмерцю чалавека, які зьдзейсьніў забойства і праліў кроў чалавека. Так, Каін быў пакараны тым, што стаўся цалкам залежным ад прыроды. Але Бог не забіў яго, а наадварот, захаваў ад помсты: «І сказаў яму Госпад: “За тое кожнаму, хто заб’е Каіна, адпомсьціцца сямікроць. І зрабіў Госпад Каіну азнаку, каб ніхто, спаткаўшыся з ім, не забіў яго» (Быц 4:15). Больш мы нічога ня ведаем пра дапатопную прыроду, бо жывем у пасьляпатопны час. Але мы ведаем пра любоў Бога да чалавечага роду, якога Ён ня вынішчыў, але захаваў праз Ноя і ягонай сям’і.

Далей, гісторыя народа Ізраіля – гэта гісторыя Божай любові. Бог, ад Абрагама, сфармаваў Ізраіля, каб праз дадзены закон падгатаваць прышэсьце Мэсіі  і ахвяраваць Сынам Сваім Ісусам Хрыстом дзеля збаўленьня кожнага чалавека. Ахвяра Айца, Які аддаў Адзінароднага Сына на ўкрыжаваньне за грахі гэтага сьвету – гэта праява вялікай і бясконцай любові Айца.

Бог стварыў з нічога неба, зямлю і ўсё, што ў іх. Для чалавека. Але мы бачым сонца, месяц і вялікую безліч іншых зорак. І гэта стварыў Бог для чалавека. Неабсяжны сусьвет створаны Госпадам для нашага розуму, каб назіраючы яго мы разумелі, што неабсяжнасьць сусьвету падобна да неабсяжных магчымасьцяў і любові да нас Госпада. Няма ніякага сэнсу ад стварэньня сьвету і сусьвету без чалавека, якога Бог стварыў на падабенства Сваё. Іншая справа, што сучасны матэрыялістычны сьвет намагаецца знайсьці доказы нейкага іншага паходжаньня сусьвету.
Усе мы ведаем гісторыю дасьледваньня чалавекам сусьвету, якая пачалася нават не ад Каперніка, а значна раней, бо мудрацоў-астролагаў Бабілону, таксама можна параўнаць з дасьледчыкамі сусьвету. Але мы зьвярнем увагу на дасьледчыкаў сучаснага сьвету. У 1958 годзе, як адказ на запуск у СССР першага штучнага спадарожніка Зямлі, у межах «сусьветнай гонкі», у ЗША была створана навукова-практычная установа НАСА – Нацыянальная ўправа па паветраплаваньню і дасьледваньні сусьветнай прасторы з дэвізам «На добрае ўсім». Мала хто ведае, што ў першапачатковым статуце НАСА былі напісаны радкі пра тое, што мэта НАСА – паказаць веліч Божага стварэньня. Што ж тычыцца СССР, дык у гэтым выпадку былі зусім іншыя мэты – паказаць, што Бога няма і што чалавек здольны кіраваць усім тым, што яму прынесла эвалюцыя. На жаль, сёняшняя мэта НАСА, пад узьдзеяньнем гонкі ўзбраеньняў зьмянілася на матэрыялістычную, бо вельмі вялікія сродкі накіроўваюцца на тое, каб знайсьці формы жыцьця на іншых планетах. Навошта гэта робіцца? Каб знайсьці доказы таго, што Біблія – гэта ня праўда і гэтым самым апраўдаць грахоўнасьць чалавека. Але Божая любоў непамерна больш нават за сусьвет і намаганьні чалавека ўзвялічыць сябе выглядаюць, як мінімум, глупствам, а як максімум - шалёнствам.

Адам і Ева адвярнуліся ад Бога, бо не спасьціглі ўсёй глыбіні Божай любові да Свайго лепшага стварэньня. На жаль, мала што зьмянілася з тых часоў і большасьць людзей сучаснага сьвету не разумеюць гэтага, хаця і карыстаюцца Божай любоўю ў сваім жыцьці. Трэба заўважыць тое, што кожны чалавек, пачынаючы ад Адама, шукае любоў Божую. У той ці іншай ступені, але шукае. І якая ж гэта радасьць, калі ён знаходзіць яе ў Ісусе Хрысьце, бо любоў Ісуса Хрыста – гэта тое, што вяртае нас у прысутнасьць Айца.

Любоў Сына.
«Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:16). Бог, адкрыўшыся ў Ісусе Хрысьце, жадае збавіць ад вечнай сьмерці кожага чалавека, а таму Ён і стаўся ахвяраю за грахі ўсяго сьвету. На апошняй Сваёй вячэры Ён прапанаваў збаўленьне ўсім: «І ўзяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім кажучы: “Піце з яго ўсе, бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў» (Мац 26:27-28). Па любові Сваёй да гэтага сьвету Ён прапануе Сваю ахвяру ўсім, але ведаючы сэрца кожнага чалавека ведае, што Ягоная Кроў праліваецца не за ўсіх, але дзеля многіх. І гэта шчасьце тых, хто прыняў гэты келіх ад Ісуса Хрыста, але няшчасьце іншых, хто не паверыў, што Кроў Хрыста – гэта квіток у жыцьцё вечнае.

Калі адзін законьнік з фарысеяў запытаў Ісуса Хрыста пра галоўныя запаведзі ў законе, дык Хрыстос адказаў яму: «Любі Госпада Бога твайго, усім сэрцам тваім, і усею душою тваёю, і усім разуменьнем тваім. Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе” На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі» (Мац 22:37-40). Ісус заклікае нас любіць Госпада, бо бачыць і ведае ўсю тую любоў, якая выліваецца на нас ад Таго, Хто даў нам жыцьцё і ўсё тое добрае, што мы маем у сваім жыцьці. Бог жадае, каб мы ня толькі прымалі ў сябе Ягоную любоў, але і дзяліліся ею з блізкімі, бо мы павінны любіць блізкага так, як Бог любіць нас.

Апостал Павал дае вызначэньне любові, як дасканаласьць пачуцьцяў: «Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца» (1 Кар 13:4). Такім чынам Павал кажа, што ўсе гэтыя характарысьцікі любові, ёсьць сутнасьць Ісуса Хрыста, бо Бог ёсьць любоў і ўсе магчмасьці любові адлюстроўваюцца ў Ім. Якую б характарысьціку любові мы не вызначалі, усё ёсьць у Ісусе Хрысьце, бо сутнасьць Хрыста – любоў.

Любоў церпіць доўга. А колькі цярпеў Ісус Хрыстос? Ён бачыў бунт Адама і кроў Абэля, Ён бачыў разбэшчанасьць людзей да патопу і пасьля, Ён бачыў нявернасьць Ізраіля і невуцтва паганаў. Ён цярпеў, як церпіць любоў: «А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў ад жанчыны і быў пад Законам, каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне» (Гал 4:4-5). Ісус дзеля нас цярпеў усе пакуты зямнога жыцьця і дзеля нас пацярпеў укрыжаваньне. Ён цярпеў у пустыні і не спакусіўся д’яблам, каб атрымаць народ Свой без ахвярнай і жудаснай сьмерці на Крыжы. Колькі ж Ён церпіць і кожнага з нас, калі прымае нас грэшных і доўгацярпліва лечыць, перамяняючы нас Духам Сваім?

Любоў умілажальваецца. І Ісус умілажальваецца і шкадуе нас, аддаючы нам цалкам сэрца Сваё: «І выйшаўшы, Ісус убачыў шматлікія натоўпы, і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нямоглых іхніх» (Мац 14:14). Ісус плача разам з юдэямі па Лазару: «Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі з ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся, і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! Ідзі і паглядзі. Ісус заплакаў сьлязьмі. Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго» (Ян 11:33-35).

Любоў не зайздросьціць і не праслаўляе сябе Любоў не ганарыцца, ня бушуе, не шукае свайго. Ісус Хрыстос нарадзіўся не ў валадарскіх пакоях, але ў сям’і цесьляра. Ён ведаў нястачу, здраду і сяброўства, Ён ведаў усё пра жыцьцё чалавека – як багатага, так і беднага. Ён бачыў сэрца кожнага чалавека, але шукаў у гэтых сэрцах адказ на Божую любоў, якая дадзена чалавеку ад пачатку ўсяго.
Любоў усё пераносіць. Любоў Ісуса Хрыста да ўсіх нас у тых пакутах, якія Ён перанёс за нас на крыжы. Ён заняў нашае месца, бо кожны з нас заслугоўвае быць укрыжаваным. Але любоўю Сваёй Ён прабачае нас, нават калі мы зьневажаем Яго: «А Ісус сказаў: Ойча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя» (Лук 23:34).

Любоў ніколі не мінецца. Бог вечны. Ён па-за часам і па-за прасторай. Ён ня мае пачатку і ня мае канца. Ён бясконцы, але Ён альфа і амега для гэтага сьвету. Ён вызначыў пачатак, Ён вызначыць і канец. Але любоў Божая вечная і Ён дае нам, Хрыстовым, яе для вечнасьці, каб быць у сьвятле Божым разам са Збаўцам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

Любоў Духа Сьвятога.
«Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым» (Рым 9:1). Усе мы прыходзім да Ісуса Хрыста ў вельмі сумным стане, калі злое пануе над добрым, але калі мы яднаемся з Госпадам і прымаем Яго Збаўцай і Валадаром нашага жыцьця, дык атрымліваем, як дар Божы, Духа Сьвятога, Які прыносіць у сэрца любоў і згоду: «Ці ня ведаеце, што целы вашыя – храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе? Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія – Божыя» (1 Кар 6:19-20).

Мір і радасьць, якія адчувае чалавек няверуючы – гэты вынік тых добрых абставінаў, якія складаюцца вакол яго. І гэта заўсёды зьява часовая, бо як толькі пагаршаюцца абставіны жыцьця, пагаршаецца і рэакцыя чалавека на гэтыя зьмены. І куды падзяваюцца мір і радасьць жыцьця? Бог добра ведае гэта, бо бачыць сэрца кожнага чалавека і таму дае кожнаму, хто прыходзіць да Яго, Свайго Суцешніка –Духа Сьвятога, Які будзе ўтрымліваць мір і радасьць сэрца, нягледзячы ні на якія абставіны навакольнага жыцьця веруючага чалавека: «Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне; а таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною» (Ян 15:26-27).

Сьвяты Дух праяўляе Сваю сілу, калі абставіны нашага жыцьця значна пагаршаюцца. Ён дае нам Свае плады, якія напаўняюць нашыя сэрцы і асьвячаюць іх. Плады Духа не пераменлівыя, бо непарыўна зьвязаныя з Ісусам Хрыстом. І калі мы напаўняемся Духам Сьвятым і даем Яму магчымасьць жыць у нас, дык мы набываем той характар, які застаецца нязьменным, нягледзячы на ўвесь вэрхал гэтага сьвету. Але як праяўляецца любоў Сьвятога Духа ў нас і якія плады прыносіць Ён нам: «А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера, лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона» (Гал 5:22-23). Як узьдзейнічаюць яны на сэрца чалавека?

Любоў да блізкага – гэта любоў да кожнага чалавека. Ня толькі да таго, хто нас любіць, але і да таго, хто ставіцца да нас варожа ці абыякавы ў адносінах да нас.
 
Радасьць – гэта праява добрых намераў сэрца, нягледзячы ні на якія абставіны нашага жыцьця.

Згода – гэта імкненьне да міра нават ў тых выпадках, калі нешта не сумяшчаецца з нашымі асабістымі інтарэсамі.

Доўгая цярплівасьць – гэта цярпеньне, калі тое, што адбываецца ці павінна адбыцца ў нашым жыцьці, не спаўняецца так хутка, як бы нам гэта было пажадана.

Добрасьць – гэта адносіны да тых, хто нядобры ў адносінах да нас.

Міласэрнасьць – гэта сардэчныя адносіны да ўсіх людзей і тым больш да таго, каму патрабуецца гэта ў сілу розных абставінаў жыцьця чалавека.

Вера – гэта ня толькі імкненьне да Ісуса Хрыста, але вернасьць да сваёй справы, да сваіх блізкіх і сваіх сяброў, нават і тады, калі яны праявілі сваю нявернасьць у адносінах да нас.

Лагоднасьць – гэта праява прабачэньня да тых, хто праяўляе адносна нас нястрыманасьць ці грубыя паводзіны.

Устрымлівасьць – гэта процідзеяньне і ўстойлівыя хрысьціянскія паводзіны адносна шматлікіх спакусаў гэтага сьвету.

Бог суцяшае нас, бо мы Ягоныя стварэньні. І мы павінны напаўняцца Ім і жыць так, як жыў у сваім зямным служэньні Ісус Хрыстос. Для таго нам дадзены Сьвяты Дух, каб напаўняцца Ім і выліваць Ягоную любоў на іншых людзей. На блізкага чалавека.
Апостал Павал заклікае ўсіх нас убачыць у-ва ўсёй сваёй паўнаце Божую любоў, якая накірована да нас і адказаць на яе ахвярнай вернасьцю і любоўю: «І вось, прашу вас, браты, міласэрнасьцю Божай, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, Богу спадобную: на разумнае служэньне ваша; і не прыстасоўвайцеся аднаўленьнем розуму вашага, каб вам спазнаваць што ёсьць воля Божая, добрая прыемная і дасканалая» (Рым 12:1-2).


Рецензии