Будущее христианина

БУДУЧЫНЯ ХРЫСЬЦІЯНІНА


«А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы
і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, Які зьменіць
выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася
падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім
Ён можа падпарадкаваць Сабе ўсё.» (Філ 3:20-21).

Будучыня ў нябёсах – гэта нашае будучае грамадзянства. Што ж тычыцца нашага сёньняшняга існаваньня ў сьвеце, дык кожны з нас мае пашпарт краіны, які пацьверджвае нашае грамадзянства. Гэта ў сьвеце. Але нашае грамадзянства, якое мае адбыцца ў будучым, трымаецца на веры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. Апостал Павал параўноўвае тых, хто варагуе з Хрыстом і тых, хто трымаецца Яго: «Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, ходзяць як ворагі крыжа Хрыстовага. Іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, і слава іхняя ў сораме іх, яны думаюць пра зямное. А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, Які зьменіць выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім Ён можа падпарадкаваць Сабе ўсё» (Філ 3:18-21). Так, мы чакаем Ісуса Хрыста, Які пераменіць нашае цела на ўзор Свайго ўваскрослага Цела. І мы верым у нябёсы, як тое, што атаясамляе нашае будучае грамадзянства і славу Госпада.

Але, калі мы кажам пра будучае грамадзянства, мы павінны ўсьведамляць тое, што ёсьць нашае грамадзянства цяперашняе. Інтэрнэтаўская Вікіпедыя фармулюе грамадзянства, як устойлівую прававую сувязь чалавека і дзяржавы, якая знаходзіць свой выраз у наяўнасьці ўзаемных правоў, абавязкаў і адказнасьці. Сукупнасьць гэтых правоў і абавязкаў складае палітычна-прававы статус грамадзяніна, які адрозьнівае яго ад замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства. Вынаходнікам гэтага безумоўна быў Рым, ад пачатку свайго існаваньня, са сваім знакамітым рымскім правам. Скарыстаўшыся апошнімі радкамі заўважым, што апостал Павал быў ад нараджэньня грамадзянінам Рыма, што безумоўна дазваляла яму пазьбягаць шмат якіх непрыемнасьцяў пад час свайго служэньня. Дададзім да вышэй сказанага і тое, што доўгі час у манархічных краінах сьвету не было грамадзянства, але было падданства, як сувязь чалавека з манархам, а не з краінаю пражываньня. Сучасны манархічны сьвет мае інстытут грамадзянства, як пацьверджаньне інстытута падданства, але з рознымі правіламі дакумантальнага пацьверджаньня гэтага. У Англіі, напрыклад, неабавязкова грамадзяніну мець адпаведныя асабістыя дакуманты (пашпарт у нашай краіне).

Так, хрысьціяне Беларусі, як і ўсе астатнія дарослыя грамадзяне, маюць пашпарты дзяржавы, але як будзе ў будучым – у Валадарстве Божым? З аднога боку Ісус Хрыстос наш Валадар, як нават і звышманархічная Асоба (Валадар валадароў), а гэта азначае, што мы Ягоныя падданыя. З другога ж боку мы браты і сёстры Хрыста, бо Ён так і вызначыў нас: «І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: “Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці» (Мац 12:49-50). У Валадарстве Хрыста ня будзе ні пашпартаў, ні якіх іншых дакумантаў, але мы будзем адначасова падданымі нашага Валадара і адначасова грамадзянамі Валадарства Божага. Як у сучаснай Англіі.
Вяртаючыся да апостала Паўла, які зьвяртаўся ў сваім пасланьні да філіпянаў, мы павінны адзначыць тое, што калі апостал кажа пра зямное, дык гэта ня ёсьць пытаньне жыцьця і цела, але гэта ёсьць супрацьстаяньне зямнога і нябеснага. У сваім пасланьні да каласянаў Павал працягвае разважаць на гэтую тэму: «Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога. Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу. Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе» (Кал 3:1-4). Словы апостала супрацьпастаўляюць зямное (грэшнае) і нябеснае (праведнае).

Так, мы чакаем Ісуса Хрыста, Які пераменіць нашае цела на ўзор Свайго ўваскросшага. Мы верым у нябёсы, але ніяк не ў нірвану, бо хрысьціяне не будзьдзісты. І мы ня будзем безцялеснымі, але ўваскрэсьнем і будзем жыць вечна і радасна разам з Ім: «І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма. І я, Ян, убачыў горад сьвяты, новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго. І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: “Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім. І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула» (Адк 21:1-4).
Ісус зьявіўся пасьля ўваскрасеньня ў целе і гэта бачылі на свае ўласныя вочы вельмі многія, што Ён не зьмяніўся, а меў тое ж цела, якое было ў Яго да крыжовай сьмерці. Апостал Павал кажа, што нашыя паганьбёныя целы пераменяцца на ўзор Хрыстовага. Але што гэта азначае? Якім будзе маё цела пасьля ўваскрасеньня? Сталае ў гадоў 70-80 ці як? Можа ў тым узросьце, у якім мы прыйшлі да Ісуса Хрыста? А як быць з дзецьмі, якія памерлі не дасягнуўшы даросласьці? Пытаньні застаюцца і на іх Пісаньне адказу не дае, але відавочна тое, што ніякаму жыхару Валадарства Божага ня будзе блага, у якім бы выглядзе і ўзросьце ён не атрымаў ўваскрасеньне ды тое жыхарства. Пісаньне кажа, што ўсе справы на зямлі згараць, але ці мае гэта значэньне для нашага будучага грамадзянства? Мы не чакаем, што мы зьнікнем, як тыя справы. Мы ведаем, а Пісаньне ў гэтым нас упэўнівае, што мы будзем у вечнасьці разам са Збаўцам нашым Ісусам Хрыстом.

Трэба сказаць і тое, што ад пачатку сьмерці Ісуса Хрыста знаходзіліся людзі, якія, чакаючы прышэсьця Хрыста, мусілі нічога не рабіць, а толькі чакаць абяцанага прышэсьця. Апостал Павал азначае гэта і ў сваім першым пасланьні да тэсалонцаў заклікае іх да адваротнага: «Просім жа вас, браты, багацейце ў гэтым болей і намагайцеся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы загадалі вам; каб вы хадзілі прыстойна перад тымі, што звонку, і ні ў чым ня мелі патрэбы» (1 Тэс 4:10-12). Больш таго, апостал Павал кажа пра тое, што будучае прышэсьце Ісуса Хрыста – гэта ёсьць ня толькі радасьць але і вельмі значная частка нашай хрысьціянскай веры. Таму ён заклікае ня толькі тэсалонцаў, але і ўсіх нас: «Мы ж, якія належым дню, будзьма пільнымі, апрануўшы панцыр веры і любові і шалом надзеі збаўленьня, бо Бог не прызначыў нас на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі. Дзеля гэтага пацяшайце сябе ўзаемна і збудоўвайце адзін аднаго, як вы і робіце» (1 Фес 5:8-11). Павал як бы кажа, што будучыя грамадзяне Божага Валадарства павінны і ў сваім зямным жыцьці працаваць, навучаць і быць пасярод іншых прыкладам Божага пакліканьня.

Гэта пра тых, хто і сёньня мае ў сэрцы сваім Валадарства Хрыста. Але што мы бачым у сьвеце? У тым сьвеце, які, падобна Цітаніку, павольна, але даволі ўпэўнена ідзе на дно. Што гэта за дно і якая глыбіня да яго ад паверхні? Хто збавіцца, а хто не? Апостал Павал кажа, што збавіцца той, хто апрануўся ў браню веры, любові і ў шалом збаўленьня праз Госпада Ісуса Хрыста. А дно – гэта вечная сьмерць для тых, хто апынуўся леваруч Ісуса Хрыста, а значыць ня з Ім: «І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі - ў жыцьцё вечнае» (Мац 25:46). Безумоўна і тое, што веруючыя людзі ня маюць права ігнараваць патапленьне гэтага Цітаніка, але маюць абавязак выратоўваць маючых загінуць у цемры вечнай сьмерці. Выратоўваць Весткай пра тое, што ёсьць збаўляльны круг за які можна ўчапіцца і атрымаць жыцьцё. Учапіцца за Ісуса Хрыста, Які і працягвае рукі Свае ўсім, хто жадае выратаваньня.

Але сьвет ня зьнікне, бо дно ёсьць велічыня ўмоўная. Тая велічыня, за якой стаіць новая рэчаіснасьць, бо будзе новае неба і новая зямля: «І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма. І я, Ян, убачыў горад сьвяты, новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго» (Адк 21:1-2). Апостал Ян дае нам разуменьне паверхні і дна гэтага сьвету. Мінецца тое, што было, але будзе ўсё новае і цудоўна падрыхтаванае для верных Яму. І наадварот: «І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: “Вось, Я раблю ўсё новае”. І кажа мне: “Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя”. І сказаў мне: “Сталася. Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец. Таму, хто смагне, Я дам з крыніцы вады жыцьця дарма. Той, хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. А для палахлівых і няверных, і брыдотных, і забойцаў, і распусьнікаў, і чараўнікоў, і ідалапаклоньнікаў, і ўсіх хлусьлівых частка іхняя — у возеры, якое палае агнём і серкаю. Гэта — другая сьмерць» (Адк 21:5-8). Сьмерць другая ня можа быць бяз сьмерці першай, як і без другога жыцьця. А гэта азначае ні што іншае, што ўваскрэснуць усе. Ад Адама і да апошняга чалавека па другому прышэсьцю Ісуса Хрыста. А далей па тэксту. Нехта атрымае жыцьцё вечнае і будзе назаўсёды разам з Богам, а нехта атрымае сьмерць другую. Няхай кожны пры сваім першым жыцьці выбірае сам.

Безумоўна тое, што ёсьць розныя думкі наконт гэтага. Старажытная філасофская думка Грэціі, напрыклад, падавала тое, што грэшная душа чалавека пасылалася на зямлю для пакараньня. Кожнаму свой тэрмін у залежнасьці ад грэшнасьці, а потым, калі ласка, зноў у неба. І зусім ня важна, як ты жыў на гэтай зямлі, а галоўнае тое, што тэрмін твайго пакараньня скончаны. Матэрыялісты ж, наогул, лічаць, што пасля сьмерці ня можа быць нічога акрамя рэчываў распаду чалавечага цела, якія ўкладаюцца ў табліцу Мендзялеева.

Але што мяркуем мы? Хто мы будзем у небе і як будзем выглядаць? Нейкія істоты з крыламі ці ў белых халатах? Ці наогул безцялесныя духі? Зусім не, бо будзе новае неба і новая зямля. І будзе новы Ерусалім як новая рэчаіснасьць. І мы будзем іншымі, бо грэх, які зьнішчаў нашыя целы пры нашым жыцьці, будзе пераможаны і зьнішчаны на вякі вякоў. І таму ня будзе больш сьмерці, а слабое і грэшнае будзе пераменена на прыгожае і вечнае: «І ня будзе ўжо нічога выклятага. І пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. І яны ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае — на ілбах іхніх. І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў» (Адк 22:3-5). Імя Госпада будзе на ілбах ў нас, а гэта азначае, што мы будзем у целе і будзем служыць Яму ў вечнай радасьці.

Апостал Павал, у сваім другім пасланьні да карынцянаў, дае нам зьвесткі пра тое, што чакае нас пасьля нашага жыцьця: «Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе. Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба, каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі. Бо мы, знаходзячыся ў хаціне, уздыхаем пад цяжарам, бо ня хочам пазбыцца яе, але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.  На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа» (2 Кар 5:1-5). Павал кажа пра нашыя целы, якія зруйнуюцца па нашай сьмерці, але пасьля гэтага атрымаюць новае жыцьцё ў нерукатворным доме ад Бога, што ёсьць жытлішча пад новым небам і на новай зямлі. Вось дзе будзе нашае вечнае грамадзянства.

Нашае будучае жыцьцё мы бачым у новым і рэальным вымярэньні. Так кажа Пісаньне. Але сёняшняе нашае грамадзкае становішча таксама вельмі каштоўнае Госпаду і мае вельмі вялікі сэнс у вачах Бога. І тут усё мае каштоўнасьць, бо тое як мы размаўляем, паводзім сябе, як мы служым Яму ці працуем, зусім не абыякава Госпаду. Наадварот, Ён жадае бачыць нас прыкладнымі грамадзянамі той краіны дзе мы нарадзіліся ці жывем у пэўны час. Нашае грамадзянства ў гэтым сьвеце павінна быць узорам для іншых людзей, бо жыцьцё па Божым стандартам не прадугледжвае іншага. Больш таго, маючы ўжо сёньня нефармальнае грамадзянства Божага Валадарства ў сэрцы сваім, мы павінны несьці праўду Госпада ў гэты сьвет, а значыць у нашае фармальнае грамадзтва, якое, дарэчы, складаецца з хрыцьціянаў, нехрысьціянаў і людзей, якія прылічваюць сябе да хрысьціянскага асяродзьдзя. І што адбудзецца з імі пасьля другога прышэсьця Ісуса Хрыста?

Будзе ўваскрасеньне ўсіх. І верных і няверных. Усіх ад Адама. Мы будзем жыць у адноўленых, але ў сваіх целах. Як Ісус Хрыстос, бо калі мы верым у ўваскрасеньне Хрыста, мы верым, што Ён уваскрос у целе. Уваскрэснуць усе, але іншая справа дзе хто будзе знаходзіцца. З Богам (у раі ці Новым Ерусаліме) ці без Яго (у пекле ці вечнай сьмерці)? Няхай кожны чалавек разледзець гэтае пытаньне і адкажа на яго сам, памятаючы пры гэтым, што немагчыма быць з Богам пасьля сьмерці і ўваскрасеньня, калі ў сваім зямным жыцьці чалавек ігнараваў Госпада ці наогул ня верыў у Ягонае існаваньне. Бог у Ісусе Хрысьце дзеля гэтага і прыходзіў, каб абвесьціць Божае Валадарства і запрасіць у яго ўсіх, хто праз пакаяньне і веру ў збаўленьне, дадзенае Ісусам Хрыстом, вернецца ў Божую прысутнасьць. І менавіта Ісус Хрыстос кажа пра вечнае жыцьцё і вечную сьмерць, бо Ён ёсьць сьведка, Які меў магчымасьць зазірнуць у будучае.

Што ж выбраць? Ісьці за Ісусам Хрыстом і мець жыцьцё вечнае ці наадварот? Ісус прапануе нам выбраць, а мы павінны зрабіць гэты свой асабісты выбар. Быць у вечным жыцьці разам з Ісусам Хрыстом ці адчуць пякляны смак, дзе ўжо Бога ня будзе ніколі. Што ёсьць пекла дакладна ня ведае ніхто, але відавочна тое, што сучасная турма для злачынцаў – гэта толькі прысмак пекла і слабы намёк на сапраўдную будучыню няверуючага чалавека. Але нашае грамадзянства ў Валадарстве Божым, а сьпіс грамадзянаў гэтага Валадарства прадвызначаны Госпадам, бо Бог ведае ўсё наперад. І таму мы чакаем Ісуса Хрыста, каб атрымаць узнагароду – грамадзянства Божага Валадарства. Амэн.


Рецензии