Вера сотника

ВЕРА СОТНІКА


«У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў
хворы пры сьмерці. Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў
да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб
прыйшоў аздаравіць слугу ягонага» (Лук 7:2-3).

Кожнае месца Пісаньня, дзе гаворыцца пра Госпада – вельмі каштоўнае. Там дзе Слова Бога, менавіта там пачынаецца ўсьведамленьне Божай праўды, а таксама і ўсьведамленьне асабістай сваёй грахоўнасьці. Мы бачым сотніка, які пачуў пра Ісуса і які прыдбаў надзею на Госпада, каб атрымаць ацаленьне свайго слугі. Слуга сотніка хворы, можа і безнадзейна, але сотнік ужо чуў пра Госпада Ісуса, Які, на той момант, стварыў ўжо не адзін цуд. Сотнік пачынае верыць у тое, што толькі Ісус можа ацаліць слугу і пазбавіць яго сьмерці. Слуга сотніка, як мы ўяўляем, быў добрым чалавекам. Як і сотнік, які ня хоча зьмірыцца са сьмерцю слугі, бо таму і пасылае юдэйскіх старэйшынаў да Ісуса: «Яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: “Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае, бо ён любіць наш народ і пабудаваў нам сынагогу”» (Лук 7:4-5).

Яны шанавалілі адзін аднога. Сотнік і слуга. І вось здарылася бяда. Захварэў адзін з іх. Захварэў слуга і захварэў сьмяротна. Што павінен рабіць гаспадар? Пасылаць да лекараў? Варыянт. Але сотнік пачуў пра Госпада, а таму і зразумеў тое, што, паверыўшы ў сілу Ісуса, ён мае надзею на выратаваньне свайго вернага слугі. І таму ён пасылае юдэйскіх старэйшынаў да Ісуса, каб атрымаць ацаленьне для свайго слугі. Ісус пайшоў з імі, але і зьдзівіўся пры гэтым: «Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць». Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: “Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры». І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым» (Лук 7:6-10).

У чым тут справа? Чаму сотнік не прыйшоў да Госпада асбіста і нават не запрасіў Яго ў свой дом? Ён кажа, што ня варты гэтага, бо не зьяўляецца часткай народу выбранага, але, дапамагаючы гебраям, прызнае Бога Ізраіля. Ці не таму ён збудаваў юдэям сынагогу? Сотнік пачуў пра Ісуса і паверыў Яму, бо недарма называе Яго Госпадам. І ведае, што дапамога Госпада ёсьць дапамога найвышэйшай велічыні. Ісус добра бачыў, што казала сэрца сотніка як і тое, што яно, па веры сваёй, прасіла не за сябе, а за іншага чалавека. Дзякуючы шчыраму перад Госпадам сэрцу сотніка, хвароба адыйшла ад слугі і ён стаўся здаровым.

Сотнік любіў свайго слугу, як, па ўсёй верагоднасьці, і слуга любіў ды паважаў свайго гаспадара. Ці не таму так дбаў перад Госпадам сотнік за ягонае жыцьцё? Яны шанавалі адзін аднога. Менавіта так і павінна быць у жыцьці царквы Ісуса Хрыста. Любіць адзін аднога, нягледзячы на тое, якія побач цябе людзі. Як у сям’і не бывае лішніх людзей, так і ў царкве іх не павінна быць. Розныя людзі прыходзяць у царкву. І добрыя, і вельмі грэшныя, а нават і злачынцы. Але ці ёсьць сярод добрых бязгрэшныя? Ніяк, бо зграшылі ўсе. Царква ў Ісусе Хрысьце аб’ядноўвае ўсіх, хто паверыў у Яго, каб ацаліць Хрыстом усіх сьмяротна хворых на грэх і каб мы маглі ацаліцца ад сьмяротнага грэху, як ацаліўся слуга сотніка. Трэба цаніць адзін аднога, як сотнік цаніў свайго слугу. Трэба маліцца Госпаду за мудрасьць у гэтай справе, каб нашыя асабістыя адносіны былі такімі ж, як адносіны сотніка да слугі. І наадварот.

Сотнік трымаўся Божай мудрасьці, бо не спадзяваўся на чалавека, але зьвяртаўся да Бога. І гэта мудрае рашэньне. Наогул, у любой справе павінна быць мудрасьць. Нагадваецца прыклад з жыцьця, калі нейкая жонка малілася за мужа-выпівоху. На працягу дзесяці гадоў яна зьвярталася да Госпада, каб Ён адвярнуў яго ад гарэлкі, бо такія людзі не дастойныя Валадарства Божага. Яна, з «Божай дапамогай», гатавала свайго мужа да таго, каб ня сорамна таму было ўвайсьці ў прысутнасьць Госпада. Дзесяць марных гадоў. І вось аднойчы яна памалілася Госпаду на тое, каб гэты чалавек атрымаў духа пакаяньня. Такім які ён ёсьць. Якім быў вынік? Чалавек гэты ў хуткім часе пакаяўся. Якім быў. Але вось, пасьля гэтага і здарылася тое, пра што так марыла ягоная жонка. Ён забыўся пра гарэлку, стаўшыся сынам Божым і вучнем Ісуса Хрыста.

Сотнік, як мы ўжо пабачылі, чалавек добры, бо пабудаваў для гебраяў сынагогу. Чалавек мудры і шчодры. Ці не таму міласьць Госпада прыйшла да яго, калі ён заклікаў да Ісуса Хрыста за дапамогаю пра безнадзейна хворага слугу? Мудрасьць сотніка дапамагла яму ў гэтым. І з гэтай нагоды прыгадаем яшчэ адзін прыклад з жыцьця. Жылі побач два суседы – веруючы і няверуючы. Плот разгарожваў іхнія надзелы, але гэты плот і падзяляў іхнія адносіны з Госпадам. Яны былі розныя. Няверуючы сусед што толькі не рабіў, каб нашкодзіць веруючаму суседу. І кураў кідаў за плот суседа, ды і сам туды запрыгваў, каб зрабіць нешта шкоднае. Рознае было. Веруючаму суседу ўсё гэта вельмі абрыдла і ён вырашыў прадаць сваю хату, каб зьехаць у іншае месца і пазбавіцца такога суседа. І вось цікавы момант. Пры продажы сваёй хаты гэты чалавек не сказаў пакупніку пра такога неадэкватнага суседа, хаця напэўна і ведаў, што новы ўладальнік быў таксама веруючым чалавекам. Што было далей? Вельмі цікавая гісторыя. Новы ўладальнік, паглядзеўшы на «прыгоды» суседа, зрабіў калітку ў плоце да яго кажучы: «Навошта лазіць праз плот. Заходзь свабодна і будзь сваім». Вынік гэтай гісторыі ў нейкай ступені неверагодны. Але ці неверагодны, бо праз нейкі час гэты сусед пакаяўся і стаўся Хрыстовым. Вось дзе мудрасьць ад Бога.

Сотнік пасылае да Госпада. І гэты шлях правільны. Ён не паслаў за лепшымі лекамі, але паслаў да Госпада. І ў гэтым мудрасьць, бо надзея на людзей можа ня даць ніякага выніку. Уявім сабе, што нехта з нас пасьпадзяваўся на чалавека, які паабяцаў нам паспрыяць у нашай вельмі «балючай» справе. Які можа быць вынік? Можа і ніякі, бо чалавек сёньня ёсьць, а заўтра яго можа і ня быць. Сьмерць, хвароба ці што яшчэ. Усё гэта можа перашкодзіць нашым планам выправіць тое ці іншае становішча у якім мы раптоўна апынуліся. Паглядзім на сотніка і будзем рабіць так як ён – спадзявацца на Госпада, бо іншага не дадзена і ў гэтым мудрасьць.

Мы ведаем са свайго жыцьця ці з жыцьця іншых людзей, што бываюць сітуацыі жыцьця цяжкія ці вельмі і вельмі цяжкія. Што рабіць і дзе выйсьце? Вось яшчэ адзін прыклад з жыцьця. Чалавек запазычыў іншым людзям даволі буйны кошт. Ня ведаем хто, якім чынам, якім людзям і чаму. Але сітуацыя вельмі небясьпечная. Гэты чалавек, можа і з-за гэтага, прыйшоў да Хрыстовай Царквы і пачаў маліцца да Госпада. І вось, маліўшыся, ён пачуў з нябёсаў: «Адзенься ў самае лепшае і ідзі да тых, каму ты павінен». Ён так і зрабіў і калі ён прыйшоў да сваіх крыдытораў, ён шчыра распавёў ім, што прыйшоў ад імя Госпада. Тыя зьдзівіліся і выгналі яго кажучы: «З табою разабрацца ня можам, а ты яшчэ прапануеш разьбірацца з Госпадам?» Вось так скасавалася ягоная запазыка. А гэты чалавек назаўсёды застаўся з Госпадам.

Сотнік не спадзяваўся на людзей, але спадзяваўся на Госпада. Вынік гэтага спадзяваньня, як веры, ацаленьне вернага слугі. Дык будзем спадзявацца на Госпада і ўсе мы. У-ва ўсіх сваіх справах і ў-ва ўсіх сваіх надзеях. Госпад вялікі і ў Ім нашая надзея і нашая перамога. У-ва ўсім.


Рецензии