Автор веры
«За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго і
абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё. Пакліча
Мяне і пачую яго: з ім Я ў жалобе, вызвалю яго,
і праслаўлю яго; даўжынёю дзён напоўню яго,
і пакажу яму выратаваньне Маё» (Пс 90:14-16).
Мы атрымліваем збаўленьне праз веру ў Ісуса Хрыста. Але адкуль яна – вера? Адкуль узьнікае? Хто нам яе дае? Хто стварае? Ці ня Той, Хто стварыў усё ад пачатку і з нічога? Чалавек ня можа быць стваральнікам веры, бо сам створаны Госпадам. І таму мы ня здольныя мець веру, калі яе ня дасьць нам Бог. Апостал Пётр зьвяртаецца да тых, каму была дадзена вера: « Тым, якія прынялі з намі роўна каштоўную веру ў праведнасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста» (2 Пят 1:1). Трэба азначыць і значную ролю чалавека, што шукае гэтую веру, бо менавіта шукальніку даецца ад Госпада: «І тым, хто шукае Яго, нагароду дае» (Геб 11:6).
Вера – гэта ня тое, у чым мы перакананы, але тое, ў чым Бог дае нам гэтае перакананьне: «А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных» (Геб 11:1). Калі мы маем ці бачым нейкую рэч, дык мы ня кажам: «Я веру, што гэта аловак», але мы верым, што калі гэты аловак возьме ў руку знакаміты мастак, дык атрымаецца цудоўны малюнак. Мы верым у нябачнае. Зьвярнем увагу на веру Ноя, які сто гадоў будаваў каўчэг з дрэва гофэр. Будаваў па веры ў збаўленьне, пра якое казаў яму Бог: «І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякае цела, у якім ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі; усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця. Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою» (Быц 6:17-18). Ной імкнуўся шукаць Госпада і таму Ён даў яму веру ў збаўленьне праз дзеяньні і справы, якія загадаў яму выканаць Бог: «І зрабіў Ной усё: як наказаў яму Госпад Бог, так ён і зрабіў» (Быц 6:22).
Ной працаваў над каўчэгам сто гадоў. Можна ўявіць, што за гэты час вельмі вялікая колькасьць тагачасных людзей ведала пра працу Ноя як і пра тое, навошта ён робіць гэта. Падаецца зусім верагодным, што людзі, якія у сваім разбэшчаным стане не шукалі Госпада, сьмяяліся ды зьдзекваліся з веры Ноя. Дык ці мог Бог даць гэтым людзям веру? Хто не шукае Госпада, таго вера абмінае, але не абміне пагібель.
Трэба сказаць, што міласьцівы Бог даваў няверным і разбэшчаным людзям апошні шанец на выратаваньне, калі сказаў Ною: «Бо праз сем дзён Я буду выліваць дождж на зямлю сорак дзён і сорак ночаў. І вынішчу ўсё існае, што Я стварыў, з улоньня зямлі» (Быц 7:4). Заўважым – «праз сем дзён». Можа зноў сьмяяліся з «дзіўнага ў сваёй веры» Ноя? Але праз сем дзён ужо было не да сьмеху, і зусім верагодна, што гінучыя ўсклікалі пра веру Ноя і шкадавалі пра сваё нявер’е. Але яны спазьніліся і дзьверы Божыя былі зачынены для іх назаўсёды. Гэта вялікі прыклад і напамін усім тым, хто не шукае Госпада і таму ня здольны атрымаць веру, але здольны атрымаць пагібель вечную.
«А Ной здабыў ласкуу прад вачыма Госпада Бога» (Быц 6:8). Ной быў праведным чалавекам. Не таму, што ня меў ніякага грэху. Ён хадзіў прад Богам. Шукаў Яго. І таму Бог дае яму збаўленьне. І веру. У гэтым і ёсьць ласка Госпада Бога.
Сто гадоў Ной будаваў каўчэг. І гэта ня проста дзесяць адсоткаў працягласьці жыцьця Ноя. Мы ня можам раўняць гэты тэрмін з дзесяцю адсоткамі нашага жыцьця. Сто гадоў аднолькавыя ў-ва ўсе часы, бо Бог вызначыў цяг часу ад пачатку нязьменным. Мы разважаем пра сто гадоў таму, каб зразумець, што кожны чалавек павінен шукаць Госпада і калі яму будзе дадзена вера, дык ён, як Ной, усе «сто гадоў» хрысьціянскага жыцьця павінен старанна будаваць і мацаваць свой каўчэг веры. Цяжкасьці і сумненьні на гэтым шляху прысутнічалі і ў Ноя, бо Ной, як і мы, быў толькі чалавекам і ён, як і мы, жыў у разбэшчаным і бязбожным сьвеце. Прысутнічаюць яны і ў нас. І гэта нармальна, бо вельмі часта сумненьні – гэта праява веры і розуму.
Ісус Хрыстос нічога ня кажа пра сумненьні, але пра сумненьні кажуць Яму: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму няверству» (Мар 9:24). Сумненьні гэтага веруючага не выклікаюць з боку Ісуса Хрыста абурэньня і Ён дапамагае яму, ацаляючы ягонага сына. Сумненьні здаровага сэнсу безумоўна прысутнічаюць у адносінах з Ісусам Хрыстом, якія як лупіна яблыка захоўвае гэты яблык ад гніеньня. І тут трэба выбіраць паміж сумненьнем і фарысействам, якое ніколі не сумняваецца. Атсутнасьць сумненьняў ёсьць атсутнасьць патрэбы ў адваротнай сувязі, а гэта вельмі небясьпечна. Бурыданаў асёл памёр з-за таго, што ня мог выбраць паміж дзьвумя ахапкамі сена, бо думаў, што гэтыя ахапкі аднолькавыя. Але, між тым, ахапкі былі розныя і калі б асёл паспытаў хоць адну з іх, дык адназначна атрымаў бы адказ ад сена ў выглядзе колькасьці, смаку і гэтак далей. Асёл ня вырашыў сваіх сумненьняў і таму памёр з голаду.
Фарысеі мелі волю верыць, але ці павінна быць так? Воля верыць - ёсьць супярэчнасьць па вызначэньню, а вось воля сумнявацца – гэта неабходная псіхалагічная праца веруючага. Сумненьні веруючага вядуць барацьбу ня з Богам, але з ідалапаклонствам. Сумненьні веруючага – гэта пастаянны фон веры, які можа закрывацца вераю і агаляцца зноў. Вера ня ёсьць упэўненае веданьне Божай волі, але гэта давер Богу пры асабістай няўпэўненасьці.
Сумненьні – зусім не абавязковы спадарожнік веры, але заўсёдны спадарожнік росту веры. Вера чалавека не ўмацоўваецца без сумненьняў і больш таго, яна можа быць мёртвай вераю, калі будзе агрэсіўнай ці заснаванай на аўтарыцеце чалавека. Аўтарытэт чалавека – гэта мёртвы аўтарытэт, бо толькі Божы аўтарытэт жывы.
Сумненьне ў разуменьні сьвету– гэта катэгорыя аналітычнага мысьленьня. Сьвет дазваляе чалавеку сумнявацца ў-ва ўсім, але сумненьне ў самім сабе, падаецца сьвету ненармальным. Вынікі гэтага сумныя, бо калі чалавек ня сумняваецца ў сабе, дык ён пачынае сумнявацца ў праўдзе, у Богу і ў чалавечнасьці блізкіх. Але гэта ў сьвеце.
Сумненьні у веры – катэгорыя не грахоўная, але якая дапамагае пазбавіцца грахоў. Мы дасьледуем пытаньне пра тое, што прысутнасьць Бога – гэта рэальнасьць, а ня сон згодна нашых слабасьцяў ці нейкіх іншых уяўленьняў. Мы – дзеці Божыя. І таму, каб знайсьці веру, трэба шукаць рэальнасьць, а дакладней Творцу рэальнасьці. Сумненьні могуць і павінны існаваць, бо яны робяць чалавека адказным за сваю веру і стойкім у ёй. Пераадольваючы сумненьне, чалавек пераадольвае сваю схільнасьць хавацца за чалавечую думку, каб станавіццца самім сабою.
Вера даецца ласкай Божай, але без чалавечых намаганьняў да веры, немагчыма атрымаць яе. Існуе вядомы сказ пра чалавечае сэрца: «Адзіны камень, які Бог ня можа падняць - гэта чалавечае сэрца». Але і чалавек ня можа гэтага. І з гэтага выходзіць, што чалавечае сэрца могуць падняць толькі сумеснымі намаганьнямі; па-першае - Бог і па-другое – чалавек. Ласка Божая – галоўная складаючая веры, але такая частка, як крыху “прымушаць” сябе, прысутнічае ў чалавечай прыродзе. Тое, што чалавек робіць без «прымушэньня» – гэта жывёльны пачатак чалавека. Але мы кажам не пра жывёльнае ў чалавеку, а пра чалавека з яго свабодай для барацьбы з нянавісьцю, слабасьцю, баязьлівасьцю і іншых рэчаў, якія перашкаджаюць веры.
Вера мае шмат бакоў і ў ёй прысутнічае шмат ад цела. Мы пачынаем гэта разумець у працэсе нашага духоўнага росту. Бог дае нам веру і, каб умацаваць яе, Ён дае нам розныя выпрабаваньні. Каб пазнаць наш узровень даверу да Яго і нашую здольнасьць перамагаць цяжкасьці. Вера, якая здольная перамагаць – гэта вялікая вера. Але вера, якая ніколі не перапыняецца – яшчэ большая. Пісаньне кажа пра тых, хто перамагае вераю: «І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Барака, пра Самсона і Ефтая, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў, тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў» (Геб 11:32-34). Пісаньне кажа і пра іншых, якія захавалі веру нягледзячы ні на якія выпрабаваньні: «Былі каменаваныя, пілаваныя, спакушаныя, былі забіваныя мячом, бадзяліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды; тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі. І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня» (Геб 11:37-39). Калі б гэтыя людзі адмовіліся ад веры, дык і ня мелі б гэтых выпрабаваньняў. Але яны глядзелі на пакуты праз веру і сьмерць не пужала іх, бо яны верылі ў вышэйшае Божае абяцаньне – вечнае жыцьцё ў Валадарстве Нябесным.
Хрысьціянства лічыць, што вера – гэта вынік шуканьня чалавека і выбара Бога. І сапраўды, можна разумець, што Бог ёсьць і ўсё, што сказана пра Ісуса Хрыста – гэта праўда, але веры ня мець. Вера для хрысьціяніна – гэта рэальная сустрэча з нявідзьмым Госпадам, як рэальная сустрэча з відзьмым чалавекам. Нявідзьмы Бог рэальны і Ён любіць чалавека. Ён Сам вырашае, калі адкрыцца чалавеку: раней ці пазьней. Бог дае чалавеку веру як пачуцьцё Сваёй прысутнасьці і Сваёй дапамогі. Ён можа выпрабоўваць чалавека, пазбаўляючы яго гэтага пачуцьця і калі чалавек захоўвае вернасьць памяці сустрэчы з Госпадам, дык Бог абавязкова вяртаецца да таго, хто чакае Яго.
Ісус Хрыстос параўнаў пошукі чалавекам веры з пошукамі скарба, які захаваны ў полі, маючы на ўвазе тое, што вера – гэта пошукі скарба Нявідзьмага. Бог можа прыйсьці да чалавека Сам і зрабіць так, што сумненьняў у існаваньні Яго не застанецца. Але Бог так ня робіць. Ён застаецца Нявідзьмым, каб захаваць свабоду чалавека да прыняцьця ці адмаўленьня веры. Нявідзьмы Бог – гэта абарона свабоднай волі чалавека.
Бог дае чалавеку веру, калі той хоча яе прыняць. Вера ў Бога – гэта дар ад Бога. Бог робіць падарункі таксама, як і чалавек. Але тут ёсьць істотная розьніца, бо чалавек можа падараваць нешта вельмі і вельмі вузкаму колу выбраных людзей, а Бог працягвае веру кожнаму. Безумоўна, тут узьнікае пытаньне: «Чаму далёка ня кожны чалавек прымае дар веры ад Госпада?» Бяда чалавека ў тым, што ён ідзе па жыцьцю празьмерна заклапочаным і замкнутым у сабе. Ён ня бачыць усёй сьвяточнасьці тварэньня. Мы можам арганізаваць сабе нейкае сьвята, мы можам шукаць сэнс нашага жыцьця, але, ў большасьці выпадкаў, мы робім гэта эгаістычна, няўмела і без павагі да Таго, Каго ў прынцыпе і шукаем. І гэтае назіраньне падводзіць нас да зьдзіўленьня не таму факту, што многія людзі ня прымаюць дара веры і сэнса веры, якія працягвае ім Бог, але таму, што некаторыя людзі ўсё ж прымаюць гэтыя Божыя дары. Трэба сказаць, што існуюць і трагічныя моманты ў прыняцьці веры, бо існуюць людзі, якія прагнуць веры, але вера да іх не прыходзіць. Дарэчы гэта тычыцца і нязьдзейсьненых малітваў веруючага чалавека, але веруючы ставіцца да гэтага больш спакойна. Бог можа марудзіць з адказам на прашэньне пра веру толькі па адной прычыне. Ён бачыць, што заклік выходзіць ня з сэрца чалавека і што чалавек ня можа даць Госпаду столькі месца ў сваім жыцьці, колькі патрэбна Яму.
«А бяз веры спадабацца немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае» (Геб 11:6). Гэтым самым Пісаньне кажа, што хрысьціянства заснавана на веры. Хрысьціянін верыць, што Бог – Аўтар Пісаньня, што Ісус Хрыстос - Сын Божы, што Ён памёр і на трэці дзень уваскрос. Хрысьціяне ведаюць, што адмовіўшыся ад грэху і ад асабістага «Я», яны будуць вечна жыць разам з Ім у Валадарстве Нябесным: «Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а праведны сваёю вераю жывы будзе» (Абак 2:4). Вера – гэта безумоўны давер Богу і Ягонаму Слову, бо сапраўдная вера добра разумее, Хто Ён такі. Такія людзі, як Абрагам, Ісаак, Якуб і Майсей верылі ў Бога таму, што засяроджвалі сваю ўвагу толькі на Ім, бо ведалі, Хто Ён такі. Яны мелі вельмі вялікае ўяўленьне пра свайго Бога і таму верылі кожнаму слову Госпада. Калі Пісаньне кажа пра гэтых мужоў веры, дык ён азначае той факт, што іхняе жыцьцё вызначалася вераю ў тое, што Бог абавязкова выканае Свае абяцаньні: «Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы іх, і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі. Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.» (Геб 11:13-14).
Мы павінны жыць па веры, якую дае нам Бог. І ў гэтым сэнс паслушэнства. Ісус сын Наваў, які кіраваў Ізраілем пасьля Майсея, быў прыкладам паслушэнства Госпаду. Заваёва Ханаана пачалася з заваёвы Ерыхона – самага ўмацаванага горада гэтай зямлі. Народ Ізраіля ня меў пэўнага войска, бо вандраваў сорак гадоў у пустыні і ня меў неабходнай зброі для заваёвы вельмі ўмацаванай крэпасьці. Але Ерыхон неабходна было заваяваць, бо менавіта гэты горад быў варотамі да заваёвы ўсёй зямлі Ханаана. Бог загадаў Ісусу, каб ізраільцяне шэсьць дзён запар абыходзілі горад і вярталіся ў свой стан, а на семы дзень яны павінны былі абыйсьці Ерыхон сем разоў, затрубіць у трубы і потым што сілы гукнуць. З кропкі погляду чалавека гэткі «стратэгічны» замысел выглядае проста сьмешна. Але, тым ня меньш, людзі паверылі і паслухаліся Госпада і таму: «Вераю ўпалі муры Ерыхону, як абыходзілі іх сем дзён» (Геб 11:30). Вера, дадзеная Госпадам, у сукупнасьці з паслушэнствам чалавека, дае выдатныя вынікі – тыя вынікі, якія плануе для нас і чакае ад нас Бог.
Веруючыя людзі – дзеці Божыя. Мы не ствараем веры, як і тых, у каго верым. Калі мы зьяўляемся ў сьвет, дык, як усе зямныя дзеці, мы маем першы аб’ект нашай веры – нашую маці. Бацькі бралі кожнага з нас на свае рукі, каб мы маглі адчуць сваю бясьпеку. Вера дзіцяці ня можа існаваць без намаганьня бацькоў. І таму вера – гэта ня тая добрая дзея, якой мы можам кіраваць. Вера дзецям даецца бацькамі і калі мы дзеці Божыя, дык нашая вера, ад нашага Айца, Які вельмі старанна клапоціцца пра нас. Вера – гэта адчуваньне, якое нашмат больш за нашае разуменьне. Яна агортвае ўсё жыцьцё, яна ўкладаецца ў кожнае рашэньне, якое мы прымаем у нашым кожнадзённым жыцьці. Наш Айцец дасягае гэта тым, што размаўляе з намі, нават калі нашыя зямныя бацькі выхоўваюць нас сваімі зямнымі словамі. Бог зьвяртаецца да нас. Ён дае нам Сваё Слова, Слова абяцаньня. І мы адказваем Яму вераю. Мы спадзяемся на Яго, бо чуем Яго. Ён вучыць нас таму, Хто ёсьць Ён, хто ёсьць мы, і чым зьяўляецца мір Божы.
Адшукаць Бога цяжка таму, што мы здольныя думаць пра нашыя асабістыя магчымасьці і нашае асабістае разуменьне ў пошуках Творцы. Але, гэта вельмі блізка да самападману і самае найлепшае у гэтым выпадку – даць Богу знайсьці сябе. Прасіць Яго пра гэта, бо Бог шукае чалавека нашмат болей, чым чалавек шукае Бога. Каб сьвядома апынуцца ў Божай прысутнасьці, трэба гэтага жадаць. І ня проста жадаць, але спадзявацца на тое, што Бог адгукнецца і дасьць тое, да чаго мы імкнемся – веру.
Вера – гэта давер Бога да нас. Ён верыць, што мы ня будзем выкарыстоўваць веру, як зло адносна іншых людзей, што мы не заганарымся і ня станемся фарысеямі. Ён верыць, што мы захаваем дар веры і дадзім ёй перамяняць нас. Мы павінны разумець сваю недасканаласьць як і тое, што Бог давярае нам, каб мы дадалі тое, што нам нястае і праславілі Госпада за ўсё, што Ён дае нам. Амэн.
Свидетельство о публикации №225121602039