Верное слово

ВЕРНАЕ СЛОВА


«Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і
жыць будзем з Ім; калі трываем з Ім, і
валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся
ад Яго, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы ня
верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе
адрачыся ня можа» (2 Цім 2:11-13).

Калі мы з Ім памерлі, дык з Ім і жыць будзем. А калі мы адрачэмся, дык Ён адрачэцца нас. І калі мы няверныя, ён застаецца верны, бо ад Сябе адрачыся ня можа. Што апостал Павал мае на ўвазе, калі кажа пра гэта? Мы відавочна бачым тую супярэчнасьць, якая прасякае гэтыя словы Паўла. З аднога боку Ісус Хрыстос адрачэцца ад нас, калі мы адрачэмся ад Яго, а з другога Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа. Як гэта зразумець?

Пачнем са сьмерці: «Калі мы памерлі з Ім». Грэшнік, які прыходзіць да Хрыста, прызнае свае грахі і прымае хрост, хрысьціцца ў сьмерць Ісуса Хрыста, якая дае яму збаўленьне. І ў гэты ж момант, ён памірае разам з Ісусам Хрыстом. Не фізічна, не. Чалавек памірае ў старым грэшным жыцьці, каб уваскрэснуць разам з Госпадам для новага жыцьця ў Хрысьце Ісусе. Звычайнага чалавека палохае слова сьмерць. І няважна якая: фізічная ці нейкая ўмоўная, як адмаўленьне ад жыцьця старога. Навошта адмаўляцца і паміраць для жыцьця старога, калі яно больш меньш станоўчае? Ня ўбіў, ня ўкраў. Так звычайна думае чалавек. Як думае і пра тое, што пакаяньне і хрост, як адмаўленьне ад старога жыцьця, патрэбны злачынцам, алкаголікам і няўдачнікам. Калі чалавеку добра, дык навошта Бог, навошта ўвогуле пакаяньне і хрост? Каб памерці? Не даражэнькія, трэба пачакаць, бо паміраць заўсёды цяжка. Як для жыцьця старога, так і фізічна.

І гэта праўда. Але як памерці? З Ім ці без Яго? Адказ адзіны і просты: З Ім нястрашна, але вельмі страшна без Яго. І логіка нашага разважаньня падказвае нам, што фізічна памерці разам з Ім магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы, пры сваім зямным жыцьці, пакаяліся і хрысьціліся ў сьмерць Ісуса Хрыста, як сваю сьмерць грэшнага і старога жыцьця. А калі мы памерлі з Ісусам Хрыстом і не зракліся Яго пры сваім жыцьці, дык з Ім і ажывем. І будзем вечна жыць разам з Ім, бо Ён ад нас не адрачэцца. І наадварот, калі чалавек не прыняў Хрыста ў сваё жыцьцё, дык гэта азначае, што ён адрокся ад Яго, а гэта ў сваю чаргу азначае, што і Ісус Хрыстос, пасьля сьмерці чалавека, адрачэцца ад яго: «Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным» (Мац 25:41). Жахлівая перспектыва для няверуючага чалавека, але няхай кожны выбірае сам: жыцьцё ў вечнасьці з Госпадам ці пакуты ў агні вечным разам з тым самым д’яблам, які кіраваў чалавекам пры ягоным зямным жыцьці. Няхай кожны разважыць і зробіць свой выбар пакуль б’ецца кожнае сэрца і працуе кожны розум: «Як я прыйду да вечнасьці? З Ісусам Хрыстом ці адракуся ад Яго? Ці буду я пасьля сьмерці ў Валадарстве Божым разам з Госпадам ці апынуся ў пекле разам з д’яблам?». Няхай кожны выбірае сам.

Апостал Павал кажа Цімафею: «Калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа». Гэта пра тое, што калі мы пряўляем нявернасьць адносна Ісуса Хрыста, дык Ён так ня робіць, але застаецца верным адносна нас у Сваіх абяцаньнях. Мы абяцалі нешта Госпаду і ня выканалі. Гэта ёсьць нявернасьць і гэта пра кожнага з нас. Успомнім Пятра і ягоную нявернасьць, калі ён адрокся ад Ісуса нягледзячы на сваё абяцаньне: «Той жа адказаў Яму: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на смерць!» Ён жа сказаў: “Кажу табе, Пётр, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне» (Лук 22:33-34). Ісус ведаў невернасьць Пятра, але Ён не зьмяніў Сваіх планаў адносна яго: «І Я кажу табе: “Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе”» (Мац 16:18). Мы памятаем тое, што імя Пётр азначае «камень» і вось, на гэты камень Ісус ускладаў вялікую і адказную справу будаўніцтва Сваёй Царквы. Гэтым выпадкам нявернасьці далейшае жыцьцё апостала Пятра ніяк не абмяжоўваецца. Яна будзе паўтарацца і гэта кажа пра нейкую хранічную хваробу нявернасьці ў чалавеку, але Бог ня можа быць няверным, бо адрачыся ад Сябе ня можа. Як ведае і тое, што ўсё запланаванае адносна кожнага з нас павінна быць выканана, нягледзячы на выпадкі нашай нявернасьці.

Так, мы такія і прыкладаў гэтаму зашмат. Тое, што мы робім у нявернасьці асуджае нас. Кожны чалавек сустракае мноства спакусаў адрачыся ад Госпада, а нашая ганарыстасьць падштурхоўвае нас да гэтага. Нават і тыя, што плачуць пра сваю нявартасьць і беднасьць, патрабуючы шкадаваньня, відавочна праяўляюць сваю нявернасьць. Гэта і ёсьць адрачыся ад Госпада. А калі мы разумеем нашыя ўчынкі нявернасьці, мы павінны ведаць, што Ісус Хрыстос заўсёды верны і таму нас не адрачэцца. Але толькі ў тым выпадку, калі мы жывём з Хрыстом і будзем паміраць з Ім у сваім пакаяньні. Нашае спадзяваньне не на нашую вернасьць, а адзіна на вернасьць Ісуса Хрыста. Нашае збаўленьне і жыцьцё вечнае не залежыць ад нас, але адзіна ад Ягонай вернасьці. Калі мы з Ім паміраем для сваіх грахоў, дык з Ім і будзем жыць вечна.

Давайце маліцца за вернасьць Ісуса Хрыста, славіць Ягоную вернасьць і прасіць Госпада ўмацаваньня Духам Сьвятым, каб не адракаліся ад Яго і не праяўлялі ніякай нявернасьці. У Духе Сьвятым ішлі за Хрыстом, умацоўваючыся ў вернасьці. А калі выпадзе ўпасьці, уставаць і ісьці далей за Хрыстом і ў Хрысьце. Амэн.


Рецензии