Ученики Христа
«Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і
абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.
Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся
ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і
знойдзеце супачынак душам вашым. Бо ярмо
Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі» (Мац 11:28-30).
Ісус Хрыстос заклікае да Сябе ўсіх людзей, якія жылі пры Ягоным зямным жыцьці і будуць жыць у будучых часах, аж да Ягонага другога прышэсьця. Няхай не складзецца ўражаньня, што Ісус Хрыстос запрашае да Сваёй навукі толькі тых, хто спрацаваныя і абцяжараныя ў гэтым жыцьці фізічнай працай і пэўным прыгнётам. Гэта ня так. Ён запрашае ўсіх людзей, бо ўсе людзі, нягледзячы на іх сацыяльны статус ці матэр'яльнае становішча, спрацаваныя і абцяжараныя грэхам. Спрацаваныя, бо дзень і ноч абслугоўваюць неправеднасьць. Абцяжараныя, бо знаходзяцца ў палоне грэху і няздольныя пазбавіцца кайданоў, якія моцна трымаюць іх да мура грэху. Ісус Хрыстос запрашае ўсіх: «І таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч» (Ян 6:37).
Наогул жыцьцё кожнага чалавека пачынаецца з вучэньня і калі падлічыць час навучаньня сьвядомаму і самастойнаму жыцьцю, дык атрымаецца, што для гэтага патрабуецца амаль што трэцяя частка жыцьця чалавека. Чалавек ад нараджэньня вучыцца есьці, хадзіць, сьпяваць, лічыць, набываць нейкую прафесію і гэтак далей. Але найгалоўнейшае вучэньне, якое павінна быць у жыцьці кожнага чалавека - гэта вучэньне Ісуса Хрыста. Гэта не адмаўляе вучэньню ад нараджэньня, але мае на ўвазе, што вучэньне Ісуса Хрыста павінна сьвядома крануць чалавека на нейкім часовым этапе ягонага жыцьця: «Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне» (Ян 6:45).
Але як стаць вучнем Ісуса Хрыста? Адказ на гэтае пытаньне дае нам Новы Запавет, калі мы бачым зьяўленьне першых вучняў Хрыста. Ян і Андрэй чулі ад Яна Прадвесьніка пра Таго, Хто прыйшоў у гэты сьвет настолькі вышэйшы, што нават самы вышэйшы з людзей ня варты развязаць рамень на абутку Ягоным. І гэта адбывалася на Ярдане, дзе хрысьціў Ян Прадвесьнік. Яны пачулі словы Хрысьціцеля: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету» (Ян 1:29). Ян, які хрысьціў Ісуса Хрыста, як Сына Божага, сказаў Яну і Андрэю: «Вось Ягня Божае». Пачуўшы гэтыя словы, яны пайшлі за Ісусам, Які заўважыў іх: «Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: “Што шукаеце?” Яны ж сказалі Яму: “Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?” Гаворыць ім: “Прыйдзіце і ўбачыце”. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны» (Ян 1:38-39). Сваім запрашэньнем да Сябе, Ён дае нам згоду на тое, што з гэтай хвіліны Ён наш “Раббі, што азначае Настаўнік”.
У старажытнім Ізраілі існавалі людзі, якія ўсё жыцьцё пасьвячалі таму, каб набыць вучэньне мудрасьці і навучаць мудрасьці іншых людзей. Іх называлі Раббі – настаўнік. Яны ведалі Пісаньне, якое кажа: «Пачатак мудрасьці страх Госпадаў: розум правільны ў-ва ўсіх, хто выконвае запаведзі Госпада» (Пс 110:10) і імкнуліся ісьці да лепшага жыцьця шляхам пазнаньня Божага. Пагане таксама паважалі мудрасьць як шлях, які вядзе да лепшага жыцьця, але яны навучалі мудрасьці мудрацоў, але ня Бога. Настаўнік у Ізраілі быў роўны сьвятару і прароку. Настаўнік быў дарадчыкам для тых, хто шукаў мудрасьці і амаль што бацькам для тых, каго браў да сябе ў навучаньне. Вучні жылі ў яго, працавалі разам з ім, слухалі яго і такім чынам набывалі тое, за чым і прыходзілі – мудрасьць Божую. Бацькі накіроўвалі сваіх дзяцей вучыцца мудрым думкам ды мудрым паводзінам у такіх настаўнікаў і тыя выхоўвалі сваіх вучняў, як сваіх дзяцей. Быць вучнем у Ізраілі – гэта значыла быць разам з настаўнікам, прымаць ягоны вобраз жыцьця і нават слугаваць яму.
Ян і Андрэй прыйшлі да Хрыста і былі з Ім цалкам увесь дзень. Безумоўна, яны прыглядаліся да Яго і слухалі Яго, разважаючы кожны ў сэрцы сваім: «Ці той гэта Настаўнік, які мне патрэбны?» Перакананыя, яны пайшлі ад Ісуса а дзесятай гадзіне, каб зноў прыйсьці і быць з Ім назаўсёды. Гэта пра тых, хто пачуўшы Яго застаецца з Ісусам Хрыстом і становіцца хрысьціянамі. Але шмат і тых, хто пачуўшы Яго, не вяртаецца да Яго, каб навучыцца мудрасьці Божай, бо такіх больш прываблівае мудрасьць мудрацоў, а можа і гэтага ня трэба. Ісус Хрыстос не прымушае нікога, але таго, хто жадае, Ён прымае і вучыць Свайму жыцьцю.
І вось, адзін з першых вучняў Хрыста Андрэй знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію,- што перакладаецца Хрыстос. І ён прывёў яго да Ісуса» (Ян 1:41-42). Можна ўявіць, што Сымон ужо нешта чуў пра Ісуса з Назарэту, але вось прыходзіць брат, які кажа: «Мы знайшлі Мэсію, Які запрасіў нас да Сябе і пагадзіўся вучыць нас». Вестка Андрэя пра тое, што Ісус з Назарэту і ёсьць Мэсія вельмі зацікавіла Сымона Пятра і ён прыходзіць разам з Андрэем да Ісуса, каб упэўніцца ў гэтым і ісьці за Ім разам з іншымі вучнямі. Ісус Хрыстос кажа ўсім нам: «Прыйдзіце да Мяне. Дзьвер Мая заўсёды адчынена для вас, але ўваходзьце з вераю і вучыцеся ў Мяне» Ідучы за Ісусам Хрыстом, мы вучымся кожную хвіліну свайго жыцьця і калі мы жадаем дасягнуць Хрыстовага, дык павінны вучыцца менавіта ў Яго. Трэба вывучаць Хрыста, пазнаваць Яго, каб упэўніцца ў вялікай праўдзе, што наш найгалоўнейшы Настаўнік – Ісус Хрыстос. Гэта вялікі прывілей для кожнага, хто быў залічаны Ісусам Хрыстом у вучні Свае. Але гэта і абавязак наш, бо павінны быць заўсёды з Настаўнікам, каб бачыць Ягонае жыцьцё, служыць Яму, слухаць Яго і пераймаць Ягоную мудрасьць. Апосталы Ісуса Хрыста, за выключэньнем Паўла, ня мелі сур’ёзнай адукацыі, але яны, як дарэчы і Павал, вучыліся праведнаму жыцьцю і мудрасьці Настаўніка.
«Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне» – кажа Госпад. І гэта значыць, што мы павінны ўстаць у адну запрэжку з Хрыстом, каб навучыцца ад Яго араць поле духоўнага жыцьця. Так звычайна ставяць валоў, калі трэба навучыць маладога вала выконваць сваю работу. Маладога вала ставяць у адно ярмо з вопытным валом, каб той на прыкладзе сваім навучыў маладога вала працаваць. Так і мы, дзелячы ярмо з Ісусам Хрыстом набываем практычныя навыкі ад Яго і Ён кіруе намі ў нашым навучаньні. Гэта няпроста, бо трэба раўняцца на Яго, жыць, як Ён жыве і паводзіць сябе як Ён паводзіць. Вельмі няпроста адмаўляцца ад свайго невуцтва і набываць веды Ісуса Хрыста. Але Ісус і тут вядзе нас і дапамагае нам: «Бо ярмо Маё добрае і цяжар Мой легкі» – кажа Ён зьвяртаючыся да вучняў Сваіх, бо калі мы знаходзімся ў адной запрэжкі з Ісусам Хрыстом, дык напаўнямеся сілай Ягонай – Сьвятым Духам, Які ўмацоўвае нас і дае цудоўную магчымасьць разумець Настаўніка і рабіць так, як Ён робіць.
Але, якія патрабаваньні мае да нас Настаўнік і чым вызначаюцца вучні Ісуса Хрыста?
Вучні Ісуса Хрыста павінны чытаць Слова Божае, каб зразумець тое, дзеля чаго Ісус Хрыстос прыйшоў у нашае жыцьцё і што Ён нам хоча даць: «Я – сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця» (Ян 8:12). Калі мы чытаем Слова Божае, дык удасканальваемся і ачышчаемся Духам Хрыста для служэньня свайму Настаўніку. Вось як настаўляе нас Ісус Хрыстос: «Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам. Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне. Я— вінаградная лаза, вы — галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога. Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у агонь, і яны згараць. Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам. У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі» (Ян 15:3-8). Мы ачышчаемся праз Слова, бо Слова Ісуса Хрыста застаецца ў нас і перамяняе нас. Мы павінны жыць Словам, бо гэта ёсьць праўда.
Чытаньне Пісаньня - гэта наш духоўны набытак, але каб зразумець тое, што мы чытаем, мы павінны разважаць над тым, што прачыталі. Некаторыя месцы Бібліі даволі лёгкія для разуменьня і ўзгадваюць мелізну, па якой можна лёгка перайсьці рэку. Але ёсьць у Пісаньні такія глыбіні, у якіх можна патануць і таму тут патрабуецца дапамога тых, хто ведае гэтыя глыбіні і дапаможа іх пераадоліць. Новы Запавет дае нам гісторыю Эфіёпскага эўнуха, які чытаў прарока Ісаю, і вучня Хрыста Філіпа: «Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, ісказаў: “Ці разумееш тое, што чытаеш?” Той жа сказаў: “Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?” І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім. А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: “Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх. У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі”. Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: “Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?” А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса» (Дзеі 8:30-35).
Вынік гэтай гісторыі мы бачым з далейшага прачытаньня. Ён станоўчы, бо збаўлена душа чалавека, які прыйшоў да Хрыста, дзякуючы слову Філіпа накірованага Духам Сьвятым. Ёсьць у Пісаньні і тэксты, якія пабудаваныя так, каб прымусіць нас разважаць. Гэтымі сродкамі, як і многімі іншымі, Бог вучыць нас і гатуе нас да нябёсаў, бо прымушае разважаць пра тое, якім шляхам мы ідзем да Божай праўды.
Мы бачым, што пераадоленьне глыбіняў Пісаньня патрабуе дапамогі тых людзей, якія ўжо ведаюць гэтыя глыбіні і, кіруемыя Духам Сьвятым, пакажуць адзіна правільны шлях для пераадоленьня гэтага патоку. Кожнаму з нас, у той ці іншай ступені, патрабуецца свой Філіп, які патлумачыць тое, што нам не зразумела ў Слове Божым. Але нягледзячы на гэта, мы павінны кожны дзень заклікаць да Госпада, каб адкрываў нам усё большыя глыбіні Пісаньня, бо Сам Бог хоча гэтага, калі кажа: «Пакліч Мяне – і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш» (Ер 33:3). Мы зьвяртаемся да Царквы, як да супольнасьці веруючых людзей, каб у малітоўных служэньнях і праз пропаведзь служыцеляў, узрастаць у вучэньні Ісуса Хрыста. Мы павіны пераймаць прапаведніка, як просіць Карынфянаў апостал Павал: «Пераймайце мяне, як я Хрыста» (1 Кар 4:16).
Усе мы жывём у сучаснасьці і маем пэўны ўплыў гэтага сьвету. Але, калі мы вучымся ў Ісуса Хрыста Ягоным адносінам да сьвету, дык павінны глядзець на сьвет вачыма Настаўніка і адказаць на шэраг пытаньняў, якія ўзьнікаюць у сьвятле Хрыстовай навукі. Гэтыя пытаньні тычацца любой сфэры нашага жыцьця: адукацыі, мастацтваў, камерцыйнай, дзяржаўнай і палітычнай дзейнасьці, выхаваньня дзяцей, працы і адпачынку, аховы здароўя, абароны жыцьця і гэтак далей. І каб адказаць на гэтыя пытаньні, мы вучымся і спазнаем Настаўніка-Хрыста ад больш сьвядомых хрысьціянаў і прапаведнікаў Хрыстовых праз Царкву і хрысьціянскую літаратуру. Пазнаючы Божыя стандарты, мы прыходзім у Царкву, каб шукаць праўду Ісуса Хрыста. Мы славім Госпада і молімся Госпаду. Мы слухаем пропаведзі, каб праз разважаньні вучыцца ў Хрыста па Слову Яго. Мы вучымся адзін у аднога і дапамагаем адзін адному ў гэтым вучэньні. Мы патрабуем адзін аднога, бо неабходны адзін адному і гэта ніяк ня кажа пра тое, што мы абавязаны адзін перад адным, але мы абавязаны Ісусу Хрысту, бо дзякуючы Слову Царквы Хрыстовай, мы ўзрастаем духоўна. Бог стварыў супольнасьць веруючых людзей, каб вучыцца ў Ісуса Хрыста, вучыцца жыць так, як Ён жыў на гэтай зямлі. Мы спазнаем тое, што стаць у адно ярмо з Ісусам Хрыстом – воля Божая, але ёсьць і наша адказнасьць быць дастойным вучнем Ісуса Хрыста.
Царква – гэта месца вучэньня і ўзрастаньня ў Госпадзе. І гэта месца, дзе няма ніякага прымусу, бо Ісус не прымушаў Яна і Андрэя ісьці за Ім. Яны самі запрасіліся да Яго, каб Ён быў іхнім Настаўнікам, а яны Ягонымі вучнямі. І мы, як Ян і Андрэй, ідзем да Ісуса Хрыста самі і заклікаем іншых прыйсьці да Яго, памятаючы тое першае, што зрабіў Андрэй пасьля сустрэчы з Ісусам – гэта тое, што ён паклікаў Пятра і прывёў яго да Ісуса Хрыста. У кожнага чалавека, які паверыў у Ісуса Хрыста і прыйшоў да Яго, быў свой Андрэй, які паклікаў нас да Настаўніка, каб даведацца праўды і знайсьці шлях да нябёсаў Госпада.
Калі два вучні Ісуса Хрыста ішлі ў селішча Эмаус, да іх далучыўся Сам Настаўнік, Які настаўляў іх у мудрасьці Пісаньня і прапаведаваў ім Сваё Эвангельле: «І казалі яны адзін аднаму: “Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?”» (Лук 24:32). Ісус Хрыстос сыйшоў на зямлю, каб прапаведаваць Эвангельле двум чалавекам. Ён не адмовіўся б вучыць і аднаго чалавека. І таму нам усім трэба дзякаваць Богу за тое, што мы маем супольнасьць з такім цудоўным Настаўнікам, Які будзе з намі пакуль не адкрые ўсю паўнату Сваёй мудрасьці і Сваёй праўды. Ісус Хрыстос ведаў, як лепш за ўсё вучыць вучняў Сваіх і таму пачаў казаць пра Майсея і прарокаў. Ён паказаў тое, што самы правільны шлях не чытаньне розных кніг, але разважаньне пра Слова Божае. І таму мы павінны паглыбляцца ў нябеснае мора і знаходзіць там перлы мудрасьці, апускацца ў шахты Божага ўсёведаньня, каб знаходзіць там алмазы веданьня. Ўсё гэта ўзбагачае нас духоўна і набліжае нас да свайго Настаўніка – Ісуса Хрыста. Дык давайце сядзем каля ног Ісуса Хрыста, памолімся ад усяго сэрца і папросім Яго дабраславеньня і дапамогі, каб розум наш прасьвятлеў і нашае разуменьне здолела дасягнуць Божай праўды.
Свидетельство о публикации №225121602097