Призвание в реальность
«А я сказаў: “О Госпадзе Божа! Я ня ўмею гаварыць,
бо я яшчэ малады. Але Госпад сказаў мне: “Не
кажы “я малады”, бо да ўсіх, да каго я пашлю цябе,
пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш. Ня бойся
іх, бо Я з табою, каб выбаўляць цябе”, сказаў Госпад»
(Ерам 1:6-8)
Бог зьвяртаецца да маладога Ераміі і кажа яму, што ён пастаўлены прарокам яшчэ да свайго нараджэньня: «Раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым выйшаў ты з нутробы, я засьвяціў цябе - прарокам народаў паставіў цябе» (Ерам 1:4). Але Ерамія адразу ж выказвае сумненьне: «Я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады». Безумоўна Бог бачыць гэта і абадзёрвае яго Сваёй прысутнасьцю. І больш таго, Ён дае Ераміі два відзежы, каб зацьвердзіць слова Сваё і пазбавіць Ерамію сумненьня: «І было слова Госпадава мне: “Што бачыш ты, Ерамія?” Я адказаў: “Бачу посах з міндальнага дрэва”. Госпад сказаў мне: “Ты правільна бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб яно хутка спраўдзілася”» (Ерам 1:11-12). Ерамія адказвае вельмі ўпэўнена. Ён ня кажа: «Мне «здаецца», што я бачу нешта падобнае на посах з міндальнага дрэва». Ерамія цьвёрда і ўпэўнена адказвае Госпаду і гэта менавіта тое, што жадаў пачуць ад яго Бог, Які ня мае дачыненьня да слова «здаецца». Наогул, слова «здаецца» павінна быць выключана са свайго слоўніку веруючым чалавекам, бо яно аддаляе нас ад таго рэальнага жыцьця, якое падгатаваў нам Бог. Мы павінны прымаць рашэньні ўпэўнена, па слову Бога і бяз гэтага славутага «здаецца». Трэба глядзець на самога сябе, як дарэчы і на любую справу вачамі Госпада, а не вачамі чалавечай мудрасьці. У рэальным жыцьці трэба адмаўляцца ад ілюзій і ўсяго таго, што «здаецца» Але, што ёсьць рэальнасьць і што ёсьць нерэальнасьць?
Бог і Ягоныя справы – гэта рэальнасьць. Рэальнасьць у-ва ўсім, што выйшла з рукі і волі Божай. Бог стварыў для нас рэальны сьвет. Пяць дзён Божай працы – гэта тая аб’ектыўная рэальнасьць, якая забясьпечыла стварэньню шостага дня,- чалавеку,- усю паўнату жыцьця. Усю – гэта таму, што Бог даў чалавеку ня толькі матэр’яльнае забясьпячэньне, але надзяліў яго ўладаю над усім астатнім сьветам, у тым ліку і над д’яблам, бо мы бачым, што д’ябал, ў выглядзе зьмея, не загадвае чалавеку, а падманам схіляе яго да грэху. Але самая галоўная складаючая паўнаты жыцьця – гэта тое, што чалавек атрымаў духоўную складаючую – непасрэдны кантакт і зносіны з Творцам. Жыцьцё чалавека Адама ў створанай для чалавека прыродзе і ў прысутнасьці Госпада – гэта тая адзіная і сапраўдная рэальнасьць жыцьця, якую падараваў нам Бог, калі стварыў гэтую рэальнасьць. Такім чынам, рэальнасьць – гэта тое вымярэньне часу і тая прастора, якую стварыў нам рэальны Творца, каб мець непасрэдную і ўзаемную сувязь са Сваім найлепшым стварэньнем – чалавекам. Жыцьцё Адама ў Эдэмскім садзе і ёсьць жыцьцё ў-ва ўсёй сваёй паўнаце, як рэальнасьць, якую стварыў Бог.
Нерэальнасьць – гэта скажоная рэальнасьць, пачатак якой паклаў Адам, калі папусьціў Еве не паслухацца Бога і зграшыў разам з ёй. Наступствы гэтага скажэньня адчувае кожны з нас, бо ў Адаме мы згубілі тое рэальнае жыцьцё, якое Бог падгатаваў нам пры стварэньні сьвету. Бог даў чалавеку волю, а значыць права выбіраць паміж паўнатой жыцьця як рэальнасьцю ці жыць, памнажаючы зло, у скажонным, а таму нерэальным сьвеце. Ад пачатку чалавек меў уладу ў Госпадзе, Які даў яе чалавеку для недапушчэньня зла і зьдзяйсьненьня добрага кіраўніцтва над ўсёй зямлёю. Усё гэта прыналежала чалавеку, як дар ад Бога. Але замест таго, каб мудра ўладарыць, чалавек саступіў д’яблу і пасьля гэтага стаўся рабом таго, над чым ён да гэтага меў уладу.
Грэх Адама паклаў пачатак нерэальнасьці жыцьця, бо парушылася найважнейшая складаючая рэальнага жыцьця – непасрэдная сувязь з Госпадам: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, з якое ён узяты. І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця» (Быц 3:23-24).
Сын Адама Каін забівае свайго брата Абэля, бо зло напоўніла сэрца Каіна і таму ён яшчэ больш адыходзіць ад рэальнай чысьціні быцьця. Нягледзячы на папярэджаньне Госпада, ён стварае першае ў сьвеце забойства чалавека і пралівае кроў нявіннага Абэля: «І сказаў Госпад Каіну: “Чаго ты засмуціўся? І чаго панік твар твой? Калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? А калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць. Ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім. І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: “Хадзем у поле”. І яны былі ў полі, паўстаў Каін на Абэля, брата свайго, і забіў яго» (Быц 4:6-8).
Безумоўна тое, што гісторыю Адама і ягоных нашчадкаў ведаюць ня толькі веруючыя людзі, але і большасьць людзей няверуючых. Ці задумваліся яны над тым, як грэх імкліва ўварваўся ў жыцьцё чалавека, які пачаў жыць у-ва ўсё больш і больш скажаемым сьвеце? Рэальнасьць усё больш і больш аддалялася ад іх і вельмі хутка яны пачалі жыць у амаль цалкам скажоным, а таму нерэальным сьвеце.
І вось, перад намі сучасны сьвет, які, па сутнасьці, нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх тысячагодзьдзяў, бо не зьмяніліся заганы сэрца, але засталіся на тым жа ўзроўні і запоўнілі сэрцы людзей ад Каіна і да сучаснасьці. Бяда чалавецтва ў тым, што яно, нараджаючыся і жывучы ў граху, так звыкаецца з гэтым, што цьвёрда верыць у тое, што жыве ў рэальным сьвеце, бо ня ведае іншага і сапраўднага. Ці гэта ня факт, што чалавек няверуючы, ці веруючы фармальна, лічыць, што ён жыве ў рэальным сьвеце. Сьвеце, які поўніцца несправядлівасьцю, падманам, недаверам адзін да аднога, жорсткасьцю, лісьлівасьцю, зайздрасьцю і гэтак далей. І ці ня лічаць яны сапраўдных хрысьціянаў нейкімі дзівакамі, якія імкнуцца да «нерэальнага жыцьця» з Госпадам, якога яны ня бачаць?
Скажэньне рэальнасьці пачалося ад Адама, падхапілася Каінам, прайшло праз патоп і аднавіла сваё дзеяньне праз нашчадкаў Ноя да нашых часоў. Аўтар гэтага перакручваньня добра вядомы. Гэта той, хто ўклаў у сэрца Адама думку пра непаслушэнства Госпаду і накіраваў волю чалавека на бунт супраць Бога. Гэта той, хто мае намерам сваім разарваць сувязь чалавека з Богам і таму, у-ва ўсе часы, нястомна працуе над тым, каб розум чалавека бачыў нерэальнае рэальным, а рэальнае жыцьцё лічыў нерэальным. Гэта д’ябал, якога ня мог зьнішчыць патоп і які меў поўную магчымасьць «працаваць» над сэрцамі сямейства Ноя, каб аднавіць перакручваньне рэальнасьці ў нерэальнасьць, як гэта было ад часу Адама і Евы.
Па сутнасьці тое, што мы маем сёньня – гэта панаваньне скажонага ўяўленьня, што мы жывем у рэальным сьвеце. Сьвет настолькі звыкся з цемраю нерэальнага жыцьця, што і ня хоча разумець сьвятла Божай рэальнасьці. Больш таго, ён імкнецца нават яшчэ і болей паглыбляцца ў нерэальнасьць. Прыкладам таму – залежнасьць многіх людзей ад віртуальнага жыцьця – інтэрнэту, бо людзі, напрыклад, пачынаюць успрымаць якасныя, але віртуальна зробленыя малюнкі ці фотаздымкі прыроды, як больш прыгажэйшыя, чым тое натуральнае, што стварыў Госпад Бог. Творы людзей падаюцца больш дасканалымі, чым праца Госпада. На жаль, сучасныя людзі вельмі лёгка купляюцца на гэты падман, бо вельмі лёгка паддаюцца ілюзіям і нейкім віртуальным пачуцьцям. І гэта ёсьць вельмі лоўкая ды хітрая праца д'ябла.
Але што скажае тую першапачатковую рэальнасьць, якую стварыў Бог? Апостал Павал пералічвае іх як дзеі цела, якія, безумоўна, ідуць ад сэрца чалавека і адразаюць яму магчымасьць вяртаньня ў Божую рэальнасьць: «А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распустасьць, нячыстасьць, бессаромнасьць, ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі, зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага» (Гал 5:19-21). Па сутнасьці Павал пералічвае струны таго інструманта, на якім грае д’ябал, каб не дазволіць чалавеку аднавіць страчаную ў Адаме тую сапраўдную, а таму і рэальную, сувязь з Госпадам Богам. На якім жа інструманце грае д’ябал, каб захаваць захопленую ўладу над сэрцам чалавека?
Гордасьць – вось гэты інструмант. Гордасьць – гэта сутнасьць д’ябла, бо менавіта гордасьць сфармавала д’ябла пры адпадзеньні ад Бога. Менавіта яна і прыводзіць кожнага чалавека да тых грахоў, якія былі пералічаныя апосталам Паўлам. Гордасьць – гэта той стан духа, які знаходзіцца ў абсалютнай варожасьці да Бога. Калі мы зьдзяйсьняем у сваёй гордасьці планы адносна як асабістага жыцьця, так і жыцьця іншых людзей, дык мы непазьбежна ўваходзім у канфлікт з Божым планам. І таму Пісаньне кажа: «Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае» (Як 4:6).
Ад пачатку, гордасьць – галоўная прычына няшчасьцяў кожнага народу, кожнай сям’і і кожнага чалавека паасобку. Цікава, што некаторыя заганы могуць, нават, аб’ядноўваць людзей. П’яніцы і распусьнікі могуць складацца ў «вясёлыя і сяброўскія» кампаніі. Але з гордасцю ня так. Яна заўсёды сее варожасьць, бо гордасьць і ёсьць варожасьць – варожасьць ня толькі паміж людзьмі, але і паміж чалавекам і Богам. Гордасьць – маці ўсіх грахоў, бо калі пералічаныя апосталам Паўлам грахі выходзяць ад плоці, дык гордасьць – гэта праблема духа, бо гордасьць паразіць яго непасрэдна з пекла. Д’ябал вельмі пільна сочыць за гэтай сувязьзю, бо калі яна разрываецца, дык ён губляе ўладу над сэрцам чалавека. Менавіта дзеля гэтага і прыйшоў Бог у Ісусе Хрысьце да людзей, каб пазбавіць іх гэтай д’ябальскай залежнасьці і гордасьць ператварыць у пакору, бо «Бог гордым працівіцца, а пакорным ласку дае».
Асабістае «Я» - вось тая хвароба сэрца, якая вынікае з гордасьці чалавека. Гэта вялікая бяда многіх людзей, бо хто можа зрабіць лепш за «Мяне» і чаму «Мне» так мала плацяць, бо «Мае» паслугі каштуюць нашмат даражэй. Вакол «Мяне», чамусьці, заўсёды тыя, хто жадае мне няўдачы і наогул падстаўляе «Мяне». Большасьць людзей недастойны «Мяне», бо «Я» больш адукаваны, да і апранаюся з вялікім густам. Толькі вось, усё несправядліва ў гэтым сьвеце, бо «Я» заслугоўваю нашмат болей, чым атрымліваю сёньня.
Ну так, усё. Хопіць рэкламаваць эгаіста, але трэба сказаць тое, што гэта марны занятак – быць асобным «Я» без Таго, Хто даў яму жыцьцё і ўсё для жыцьця. І чым больш чалавек працівіцца Яму, намагаючыся жыць «Сам па Сабе», тым большую ўладу над ім атрымлівае спадчыннасьць, выхаваньне, атачэньне і асабістыя жаданьні. Вынік гэтага сумны, бо чалавек жыве ў нерэальным сьвеце і гэтым ганарыстым асабістым «Я» толькі падтрымлівае, а нават і ўмацоўвае гэты скажоны, і таму нерэальны сьвет. На жаль, гэтая хвароба праяўляецца і сярод людзей веруючых і таму апостал Павал заклікае да сьціпласьці: «Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: “Ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры» (Рым 12:3).
Калі апостал Павал, у Пасланьні да Галятаў, пералічвае дзеі цела, ён не спыняецца на пераліку, але кажа: «І падобнае гэтаму». Што азначаюць гэтыя словы? На маю асабістую думку да пераліку грахоў, якіх нараджае гордасьць, можна дадаць некаторыя абцяжарваньні розуму, якія ўплываюць на выкананьне Божага плану аносна нашага жыцьця і ўзьдзейнічаюць на наш дух адмоўна. Гэтыя абцяжарваньні розуму, таксама ёсьць скажэньне рэальнасьці, якую падгатаваў нам Бог і Які хоча, каб мы прынялі гэтую рэальнасьць у-ва ўсёй сваёй паўнаце.
Страх – гэта вялікая бяда для кожнага народу і кожнага чалавека. Гэта адчуваньне непакою ў тым, што мы ў чымсьці няздольныя. Страх перашкаджае нам дасягаць тых мэтаў, якія ставіць перад намі Госпад Бог. Ня будзем казаць пра той прыродны страх, які засьцерагае нас ад нейкіх фізічных пашкоджаньняў. На ўвазе маецца той паралітычны і панічны страх, які зьяўляецца духам страха. Апостал Павал засяроджвае ўвагу на існаваньні гэтага духа: «Бо даў нам Бог Духа ня палахлівасьці, але сілы і любові, і цьвярозага мысьленьня» (2 Цім 1:7). Дух страха нараджае няўпэўненасьць і сумненьне, якія збудоўваюць сур’ёзныя перашкоды на шляху выкананьня пэўных задач і дасягненьня вызначаных мэтаў. І калі чалавек такім чынам не дасягае выніку, дык страх сьвяткуе посьпех, а чалавек не выконвае Божай мэты ў сваім жыцьці.
Каб перамагчы страх, які ўводзіць нас ад рэальнасьці, трэба прызнацца ў ім і зьвярнуцца да Госпада, да сваёй веры, якая процістаіць страху. Ісус Хрыстос – невычарпальная Крыніца ўсіх нашых рэсурсаў, бо валодае абсалютнымі ведамі і паўнамоцтвамі. Пісаньне кажа: «Так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: “Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?”» (Геб 13:6). Пісаньне адкрывае нам Божыя абяцаньні таго, што Ён прысутны і надзеліць нас Сваёю сілаю, каб забясьпечыць нам абарону ад страху: «Ня бойся, бо Я – з табою; не бянтэжся, бо Я – Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй. Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе,- будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою. Будзеш іх шукаць і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою. Змаганцы супраць цябе будуць як нішто, зусім нішто, бо Я – Госпад твой; трымаю цябе за правую руку тваю і кажу табе: “Ня бойся, Я пасабляю табе”» (Іс 41:10-13).
Расчараваньне і смутак – гэта пачуцьцё сэрца, якое вельмі скажае рэальнасьць жыцьця з Госпадам. Новы Запавет паказвае нам сустрэчу ўваскрослага Ісуса Хрыста з вучнямі, якія ішлі па дарозе ў Эмаус. Вучні Хрыста былі расчараваныя ў тым, што Ісус, моцны ў дзеях, памёр і не спраўдзіў іхняе чаканьне: «А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага, вось ўжо трэці дзень сёньня, як тое сталася» (Лук 24:21). Заўважым, што вучні гэта казалі ў прысутнасьці Госпада, Якога яны не пазналі. Расчараваньне запоўніла іхныя сэрцы. Але Госпад, зьвярнуўшыся да іх патлумачыў Пісаньне пачынаючы ад Майсея, каб прасьвятліць сэрцы іхнія і адкрыць ім праўду Свайго прышэсьця, укрыжаваньня і ўваскрасеньня: «І Ён сказаў ім: “О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?” І пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім ўсё, што напісана пра Яго» (Лук 24:25-27).
Кожны з нас праходзіць у сваім жыцьці розныя выпрабаваньні і, як сьледства, расчараваньне і смутак. Безумоўна тое, што гэта вынік працы д’ябла і каб гэтыя вынікі не былі канчатковымі, трэба зьвярнуцца да Слова Божага, дзе Бог адкрываецца нам у праўдзе Сваёй: «І не смуткуйце, бо радасьць перад Госпадам – падмацаваньне вам» (Нээм 8:10).
Сумненьне – гэта скажэньне рэльнасьці, якое вызначаецца адсутнасьцю ўпэўненасьці і якое вымушае нас губляць важныя магчымасьці для руху наперад.
Бог чакае ад нас, што мы дасягнем тых мэтаў, якія Ён запланаваў для кожнага з нас. А для гэтага патрабуецца вера ў Слова Божае і ў Ягоныя абяцаньні. Трэба паверыць Богу на Ягонае Слова, бо хто ня верыць, той абавязкова будзе абцяжараны рознымі сумненьнямі. Трэба памятаць, што напісанае ў Пісаньні прызначана для нас і мы можам цалкам даверыцца праўдзе Слова Божага. Чалавек, які праяўляе слабасьць і няўпэўненасьць у тым, што ёсьць Божая праўда, сам наводзіць на сябе няўдачу. І тут няма іншых вінаватых. Ісус Хрыстос вучыць нас, што ўсё ў жыцьці здараецца па веры, а не ў сумненьні: «Мейце веру Божую! Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць,- будзе яму, што б ні сказаў. Дзеля гэтага кажу вам: “Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам”» (Мар 11:22-24).
Безумоўна тое, што калі мы імкнемся да Божай рэальнасьці, дык і павінны быць рэалістамі пры выкананьні тых задач, якія паставіў перад намі Бог. Перасоўваньне гары можа заняць вельмі шмат нашага часу, але калі мы маем веру ў канчатковы вынік, дык гара будзе ўзятая і кінутая ў мора.
Самаапраўданьне - гэта тая хвароба душы, якая ўкараняецца ў чалавеку і вельмі сур’ёзна ўплывае на імкненьне дасягаць нейкага канкрэтнага выніку, а значыць адмоўна ўплывае на аднаўленьне рэальнай сувязі з Госпадам. Вялікая колькасьць людзей хварэе гэтым.
Самаапраўданьне - гэта звычка апраўдваць сябе ці шукаць апраўданьне таго, што мы ня робім тое, што павінны і што здольныя рабіць. А гульня нашая ў апраўданьне нескладаная - мы перакладаем віну за нашыя няўдачы на што заўгодна. На сваё фізічнае становішча, на недахоп выхаваньня ў дзяцінстве, на адсутнасьць вядомых і багатых бацькоў, на адсутнасьць аўто і дастатковай колькасьці грошай, на недасканылыя законы дзяржавы і гэтак далей. Пералік можа быць вельмі доўгім.
Па сутнасьці, гэтая хвароба пачынаецца ад першага чалавека. Адам апраўдваецца перад Богам за свой грэх перакладаючы віну на жонку і нават на Бога: «Адам сказаў: “Жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў”» (Быц 3:12). У сваю чаргу, Ева, таксама знаходзіць сабе апраўданьне і перакладае ўсю віну на зьмея: «Зьмей змусьціў мяне, і я ела» (Быц 3:13). І толькі зьмей не апраўдваецца, бо будучы д’яблам добра ведае, што гэты занятак у вачах Бога выглядае абсалютна безсэнсоўным. І мы бачым, што самаапраўданьне Адама і Евы не прынесьлі ім нічога добрага. Не прынясе самаапраўданьне нічога добрага і кожнаму з нас.
Ісус расказваў вучням прыповесьць пра таленты. Мы памятаем, як апраўдваўся трэці слуга, які закапаў дадзены яму талент: «Пане, я ведаю цябе, што ты – чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў. І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось, трымай сваё» (Мац 25:24-25). Які адказ атрымаў той слуга?: «Злы слуга і лянівы!» (Мац 25:26). «Злы слуга і лянівы» - гэтыя словы накірованы на кожнага чалавека, хто знаходзіць нейкія довады, каб апраўдаць сваё гультайства, нежаданьне ці няўменьне працаваць. Напрыклад, няма ніякага апраўданьня таму, што мы не чытаем Біблію, ня молімся, ня дзелімся сваёй вераю з іншымі, не выкарыстоўваем на Божыя справы свой розум, не працуем на ўсе сто адсоткаў, не аддаем Госпаду належнае, ня любім усім сэрцам іншых людзей. Пералік гэтых неразумных апраўданьняў можа быць вельмі вялікім, бо кожны з нас можа самастойна дадаць да гэтага сьпісу яшчэ шмат «цікавага».
Калі кожны з нас уважліва паглядзіць на самаапраўданьне, дык убачыць, што той, хто заўсёды апраўдваецца і перакладае віну на іншых, як правіла жыве на больш нізкай ступені, чым той, хто сумленна працуе без усякіх апраўданьняў.
Духоўная нецьвярозасьць – гэта той небясьпечны шлях веруючага чалавека, які абражае Госпада і ставіць духоўную заслону перад чалавекам, які шукае Госпада. Гэта вялікае скажэньне Божай рэальнасьці. У якасьці прыклада паглядзім на чалавека, які злоўжывае сьпіртнымі напоямі. Зьнешне ціхі і спакойны чалавек, з кожным налітым келіхам, ператвараецца ў разбэшчаную чалавекападобную жывёліну. Ягня ператвараецца ў ільва і ўжо мора па калена таму, хто віном зацьміў свой розум, бо знаходзіцца ў неверагодна скажоным і нерэальным сьвеце. Таксама і веруючыя людзі могуць знаходзіцца ў п’янстве духоўным, бо адгукаюцца на розныя герэзіі, і, дэманструючы сваю «рэлігійнасьць і правільнасьць», наносяць вялікую шкоду Божаму Валадарству. Яны кідаюцца ў крайнасьці і ідуць туды, куды іх Бог і ня клікаў. Сваімі паводзінамі, яны здольныя абражаць няверуючых і такім чынам яшчэ больш адварочваць іх ад шуканьня Госпада. Духоўны экстрэмізм – вось характарысьціка духоўнай нецьвярозасьці.
Але што кажа Пісаньне? Апостал Павал кажа, што стрыманасьць і слуханьне Госпада – гэта і ёсьць той шлях па якому павінен ісьці чалавек веруючы: «Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя звычаі. Працьверазіцеся на праведнасьць і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ведаюць Бога, на сорам вам кажу» (1 Кар 15:33-34). Гэтыя словы прызначаны да кожнага з нас, каб быць у сваім жыцьці цьвярозымі ня толькі фізічна, але і духоўна. І набліжацца да той рэальнасьці, якую хоча нам даць Бог.
Стомленасьць – гэта стан чалавека, які дае скажоны погляд на сваё жыцьцё і які можа прывесьці да вельмі сумных вынікаў. Кніга Быцьця дае нам вельмі выразны прыклад таго, што стомленасьць можа саслужыць нам вельмі нядобрую службу. Ісаў, старэйшы сын Ісака, пазбавіўся з-за гэтага свайго першародства: «І згатаваў Якуб страву; а Ісаў прыйшоў з поля стомлены. І сказаў Ісаў Якубу: “Дай мне паесьці чырвонага, чырвонага гэтага, бо я стаміўся”. Ад гэтага дадзена яму мянушка Эдом. Але Якуб сказаў: “Прадай мне цяпер жа сваё першародства”. Ісаў сказаў: “Вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?”» (Быц 25:29-32). А калі б Ісаў ня быў стомлены і галодны? Вельмі сумная сітуацыя для Ісава. Трэба сказаць, што Бог выбраў Якуба першым яшчэ да нараджэньня братоў, але факт ёсьць факт і Ісаў саступіў першародства менавіта па гэтай жыцьцёвай акалічнасьці.
Як правіла, стомленыя людзі пакутуюць сіндромам мучаніка. Яны мучаюцца самі і мучаюць пры гэтым іншых. Стомленыя людзі, у сваёй большасьці, людзі неадэкватныя, бо патрабуюць да сябе асобных адносінаў і не разумеюць іншых людзей. Яны нярвуюцца і вельмі крыўдзяцца, калі бачаць вакол сябе задаволеных і адпачнуўшых людзей. І таму Пісаньне кажа, што кожнаму чалавеку патрэбны адпачынак, бо Сам Бог адпачываў ад дзеяў Сваіх: «І дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго, бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў» (Быц 2:3). Кожнаму з нас трэба дабрасумленна працаваць, але і своечасова адпачываць, бо стомленасьць прыводзіць да жахлівых вынікаў. Стомленасьць, як, напрыклад, адсутнасьць сну, можа зламіць чалавека і нават давесьці яго да вар’яцтва. Калі чалавек не адпачывае, дык стомленасьць, якая кожнадзенна павялічваецца і ператвараецца ў неадэкватнасьць – гэта ня што іншае, як шлях да вар’яцтва. Мы ведаем, як дыктатары катаваньнем ламаюць людзей – не даюць спаць. І таму, каб нам не займацца скажэньнем асабістага жыцьця і жыць у тым рэальным жыцьці, якое падгатаваў нам Бог, трэба жыць так, як патрабуе гэтага ад нас Госпад Бог.
Давайце ж зьбярэм перашкоды і скажэньні таго рэальнага жыцьця, якое падгатаваў нам Бог, каб мы жылі ў-ва ўсёй сваёй паўнаце і выкінем іх на сьметнік, але будзем кіравацца толькі Словам Божым і жыць у тым рэальным сьвеце, дзе ёсьць Айцец, Сын і Дух Сьвяты. На вякі вякоў. Амэн.
Свидетельство о публикации №225121600776