Десятина

ДЗЕСЯЦІНА


«Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы
абкрадваеце Мяне. Скажаце: “Чым абкрадваем мы
Цябе?” Дзесяцінаю і прынашэньнямі. Пракленамі
вы праклятыя, бо вы – увесь народ – абкрадваеце
Мяне. Прынясіце мне дзесяціны ў дом сховішча, каб
у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце
Мяне, кажа Госпад Саваоф: “Ці не адчыню Я вам
адтулін нябесных і ня вылью на вас дабраславеньня
да краю?”» (Мал 3:8-10).

Вельмі распаўсюджанай памылкаю сучаснага грамадзтва зьяўляецца тое, што посьпех чалавека вызначаецца багацьцем. Праўда ня ў гэтым, але ў тым, што мы можам дасягнуць посьпеху толькі ў тым выпадку, калі станем такімі, якімі нас бачыць Бог, выконваючы тыя мэты, якія Ён ставіць у нашым жыцьці. Багацьце, якое прызначаецца толькі для набыцьця яшчэ большага багацьця, не зьяўляецца мэтаю, якую ставіць Госпад у нашым жыцьці. Мы ня знойдзем у Пісаньні закліку да таго, каб мы імкнуліся стаць матэр’яльна багатымі. І гэта азначае, што багацьце не зьяўляецца тым крытэрыем, па якім мы павінны разважаць пра пасьпяховасьць чалавека.
Гэта пазіцыя Госпада. Але ў гэтым сьвеце гаспадарыць д’ябал, які распальвае ў чалавеку імкненьне да набыцьця матэр’яльнага. І тут перад намі паўстае выбар: «Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне» (Лук 16:13).

Мамона – гэтае слова арамейскага паходжаньня (самаўпэўненасьць, як паказчык дабрабыту). Яно азначае «скарб ці багацьце», як проціпастаўленьне Богу. Мамона – гэта ня што іншае, як адно з імёнаў князя цемры, які вельмі зацікаўлены, каб мы не разумелі і ня слухалі Божых загадаў адносна нашых грошай і маёмасьці. Вораг не аддасьць сваю тэрыторыю бяз бою і мы, пры разгляданьні гэтай тэмы, безумоўна ўрываемся на тэрыторыю д’ябла. І нашае прызначэньне вызначаецца тым, каб прыкласьці высілкі і адваяваць гэтую стратэгічна важную тэрыторыю, якая па праву прыналежыць Госпаду. Паўторым тое, што д’ябал не аддасьць сваю тэрыторыю бяз бою і таму нам належыць пачынаць гэтую справу з малітваю.

Тое, як мы выкарыстоўваем свае грошы і маёмасьць, сьведчыць пра нашыя вечныя каштоўнасьці, бо, як мы карыстаемся грашыма, ясна сьведчыць пра тое, да якога валадарства мы прыналежым. Калі мы ахвяруем свае сродкі на ўмацаваньне і распаўсюджваньне Валадарства Божага, дык мы робім выбар на карысьць Ісуса Хрыста, а не д’ябла; на карысьць неба, а ня пекла. Але кожны раз, калі мы выкарыстоўваем свае сродкі эгаістычна ці абыякава, дык гэта сьведчыць пра процілеглы выбар. Правільнае разуменьне будучага як вечнасьці – гэта той правільны напрамак да выкарыстоўваньня грошай і маёмасьці. Кожны дзень мы прымаем тыя ці іншыя рашэньні адносна грошай і маёмасьці. І кожны дзень гэтыя рашэньні маюць сур’ёзныя вынікі ў сэнсе прыналежнасьці ці не прыналежнасьці да вечнасьці.

Біблія разглядае грошы, як сродак абмена. Яны прызначаны для выкарыстоўваньня ў добрых і праведных мэтах. Гэта дабро, якое нам Бог, каб мы былі кіраўнікамі таго, што дадзена нам Госпадам. Матэр’яльныя сродкі – гэта той інструмант, пры дапамозе якога Бог выпрабоўвае нашую веру і нашую адданасьць Яму. Бог чакае ад нас тое, што мы будзем старанна працаваць, каб забясьпечваць сябе і сваю сям’ю фінансава і матэр’яльна: «А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горш за бязьвернага» (1 Цім 5:8). Бог чакае ад нас тое, што тыя сродкі, якія дадзены нам, будуць выкарыстоўвацца правільна, ў адпаведнасьці з прынцыпамі Слова Божага.

ВЕЧНАСЬЦЬ І ГРОШЫ
Узровень духоўнага жыцьця чалавека вызначаецца адносінамі чалавека да ахвяраваньня і таму хрысьціяне павінны настаўляць адзін аднога вучэньнем Пісаньня адносна карыстаньня матэр’яльнымі каштоўнасьцямі. Мы павінны разумець, што Бог добра бачыць барацьбу кожнага сэрца ў пытаньні разьмяркаваньня заробленых грошай. Бога цікавіць нашае сэрца. Біблейны падыход да кіраваньня грашамі і маёмасьцю дасканала адлюстроўвае нашу любоў да Бога і свайго блізкага. Калі нашае сэрца ў належным стане, дык і кіраваньне нашымі сродкамі будзе мацаваць нашую любоў да Бога і да іншых людзей.

Каб зразумець праўду пра грошы, маёмасьць і наогул жыцьця, мы павінны зразумець сутнасьць неба і зямлі. Нам неабходна ўявіць сабе два валадарствы, двух валадароў, два грамадзянства і два багацьця. Калі мы ня будзем здольнымі гэта ўбачыць, дык у гэтым выпадку мы маем тое, што маем – павярхоўнае ці сымбалічнае рэлігійнае жыцьцё. Але, калі мы бачым Валадарства Ісуса Хрыста, дык мы, як грамадзяне вечнасьці, павінны ўмацоўваць яго сваім жыцьцём і сваімі сродкамі.

Бог змагаецца за нашыя сэрцы, бо чысьціня і адданасьць сэрца Госпаду – гэта той скарб, які робіць Валадарства Ісуса Хрыста моцным і вялікім. Эвангэльле паводле Лукі дае нам такія прыклады: «А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: “Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра”. Ісус жа сказаў яму: “Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы”» (Лук 19:8-10). Зьвярнем увагу на тое, што на заяву Закхея Ісус Хрыстос ня проста адказаў: «Згодзен з гэтым, добрая ідэя», але Ён сказаў: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму». Ісус Хрыстос вызначыў збаўленьне гэтага чалавека не з-за ягонага асабістага жаданьня, але з-за ягонага шчырага жаданьня ахвяраваць гэтыя грошы дзеля славы Божай і дабра блізкім. 

Іншы і процілеглы прыклад дае Пісаньне, калі мы бачым размову Хрыста з багатым юнаком, калі той зьвярнуўся да Яго з пытаньнем: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?» (Лук 18:18). Ісус адказвае яму: «Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною» (Лук 18:22). Заўважым, што Ісус Хрыстос не казаў у гэтым выпадку пра дзесяць адсоткаў маёмасьці, бо Ён кажа: «Усё, што маеш, прадай і раздай убогім». Не сакрэт, што мы, звычайныя людзі, проста падзякавалі б заможнага грамадзяніна за нейкае ахвяраваньне. І гэта нармальна. Але мы ня бачым сэрца чалавека і чыё яно: Закхея ці гэтага маладога чалавека.

Бог бачыць усё. І Ён бузумоўна бачыў, што для гэтага юнака грошы былі ягоным богам. Каб прызнаць сапраўднага Бога, трэба адмовіцца ад іншых багоў і таму Ісус Хрыстос прапанаваў яму адмовіцца не ад грошай, не. Але ад залежнасьці таго, што перашкаджае ісьці разам з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і спадкаваць жыцьцё вечнае. Прыклад Закхея і багатага юнака – гэта той прынцып, які дзейнічае ў-ва ўсе часы, бо ў ім мы можам бачыць цесную сувязь паміж сапраўдным духоўным станам чалавека, ягонымі адносінамі да грошай і кіраваньнем матэр’яльнымі сродкамі.

Эвангеліст Марк апісвае ахвяраваньне беднай удавы: «І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат. І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант. І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: “Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне”» (Мар 12:41-44). Ісус палічыў гэтую жанчыну мудраю і таму зрабіў яе прыкладам для Сваіх вучняў. І больш таго, Ён зьмясьціў гэты прыклад у Слова Божае, каб веруючыя ўсіх наступных вякоў бралі прыклад з гэтай ахвярнай шчодрасьці.

І яшчэ адзін прыклад, які дае нам Ісус Хрыстос пра багатага чалавека ў якога добра ўрадзіла поле: «І ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?” І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё, і скажу душы маёй: “Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся». А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?” Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее» (Лук 12:17:21). Нам невядома, як гэты чалавек здабыў сваё багацьце. Хутчэй за ўсё, як большасьць гебраяў, ён кожны тыдзень наведваў сынагогу, тры разы на год хадзіў ў храм, аддаваў дзесяціну і штодзённа маліўся. Падаецца, што ён быў добрым прадпрымальнікам і чалавекам працавітым. І таму ён пажадаў пашырыць сваю справу, каб забясьпечыць сябе на будучае. Неблагая мэта. Але, што кажа яму Бог? «Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?» – гэта словы Бога, якія наўрад ці аспрэчыць нават і няверуючы.

Гледзячы на прыклады Закхея, багатага юнака, беднай удавы, багатага і неразумнага прадпрымальніка, мы бачым, што яны выклікаюць пэўныя пытаньні, але і даюць пэўныя адказы. Паступова прыходзіць разуменьне таго, што наш погляд на грошы і кіраваньне імі, як лакмусавая папера, адлюстроўвае наш сапраўдны характар, як паказчык нашага духоўнага жыцьця. Кожны хто лічыць, што грошы прыналежаць яму, і распараджэньне імі – гэта ягоная асабістая справа, няхай паразважае над гэтымі месцамі Пісаньня, бо яны кажуць, што гэта справа Бога і што Сам Бог падае нам правільнасьць разьмеркаваньня матэр’яльных сродкаў.

На працягу жыцьця, кожны чалавек удзяляе пэўны час, каб зарабляць грошы. Але прыйдзе час, калі нам прыдзецца даваць справаздачу пра сваё жыцьцё: «Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое» (2 Кар 5:10). І хочам мы таго ці ня хочам, але кожнаму з нас прыдзецца даваць адказ на наступныя пытаньні: «Куды пайшлі мае сродкі? На што я расходваў грошы? Якую карысьць для вечнасьці прынесьлі дадзеныя мне грошы?»

ХРЫСЬЦІЯНЕ І ДЗЕСЯЦІНА
Існуе адна асноўная прычына, па якой кожны хрысьціянін павінен даваць дзесяціну. Дзесяціна – гэта Біблійная запаведзь і хрысьціянін не павінен ставіцца да гэтага нядбайна. Справа не ў матэр’яльнай забясьпечанасьці царквы і яе служыцеляў, хаця гэта вельмі важная і неабходная рэч. Дзесяціна – гэта тое, што патрабуе ад нас Бог.

Разуменьне пра дзесяціну настолькі моцна ўкаранілася ў сьвядомасьці гебраяў, што ў Новым Запавеце практычна не было неабходнасьці даваць напамін пра гэта. У час, калі Ісус Хрыстос пачаў Сваё служэньне, дзесяціна была народным звычаем. Ісус Хрыстос кажа: «Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць, і таго не пакідаць» (Мац 23:23). Мы бачым, што Ісус Хрыстос ухваляе дзесяціну, але ставіць умову: дзесяціна павінна спалучацца з разважлівасьцю, міласэрнасьцю і верай.

Фарысеі выконвалі самую простую частку закона: «І ўсякая дзесяціна на зямлі з насеньня зямлі і з пладоў дрэва належыць Госпаду - гэта сьвятыня Госпадава» (Ляв 27:30). Дзесяціна патрабавала дысцыпліны і клопату, але яе выконвалі не зьвяртаючы ўвагі на справядлівасьць, міласьць і веру. Ісус Хрыстос асуджае іх самаправеднасьць, але Ён добра ставіцца да дзесяціны.

Апостал Павал не казаў адкрыта пра дзесяціну. Але ён вельмі добра ведаў Стары Запавет і можна ўпэўнена сьцьвярджаць тое, што тагачасныя чытачы ягоных пасланьняў добра разумелі тое, што ён казаў ім: «У першы дзень пасьля суботы кожны з вас няхай складае ў сябе і зьбірае паводле таго, як яму вядзецца, каб не рабіць складак тады, калі я прыйду» (1 Кар 16:2). Усё, што мы маем, прыналежыць Богу і Ён хоча, каб мы аддавалі Яму дзесяціну (а іначай мы абкрадаем Яго). Бог валодае ўсім, але Ён ня будзе мець для нас нічога, калі Ягоны народ ня будзе аддаваць частку ад цэлага, якое дадзена яму.

Што можа дзесяціна зрабіць для Бога на зямлі? Шмат, што можа, бо так кажа Госпад: «Ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньне да краю» (Мал 3:10). Дзесяціна не прыходзіць сама па сабе. Яна ўгодна Яму таму, што яе прыносяць па веры. Не сакрэт, што барацьба пад час рашэньня даць дзесяціну можа быць такой жа цяжкай, як і барацьба Абрагама пад час ахвяраваньня сваім сынам Ісаакам. Але калі Бог кажа, што дзесяціна прыналежыць Яму, дык мы, як Абрагам, не павінны задаваць пытаньні, але павінавацца Яму.

Бог дабраславіў Абрагама, бо Ён дабраславіў паслушэнства Абрагама ў ахвяраваньні. Заўважым, што Абрагам ахвяраваў не якіх-небудзь дзесяць адсоткаў ад маёмасьці, але мэту свайго жыцьця – сына Ісаака. Бог дабраславіў паслушэнства Абрагама. Дабраславеньне дзесяціны бачны на двух узроўнях: на матэр’яльным і на духоўным. Духоўны ўзровень нашмат перавышае матэр’яльны, бо дабраславеньне з неба па сваёй прыродзе ёсьць катэгорыя духоўная.

«І ўсякая дзесяціна на зямлі з насеньня зямлі і з пладоў дрэва належыць Госпаду: гэта сьвятыня Госпадава» (Ляв 27:30).

Гэта сьвятыня Госпадава і таму яна, дзесяціна, прыналежыць Госпаду, а ня нам. Яна – сьвятыня, якая прызначана для Бога, а не для якой-небудзь іншай мэты.
Слова дзесяціна азначае «дзясятая частка» ці «дзесяць адсоткаў». Людзі называюць «дзесяцінай» пэўную колькасьць грошай, якую аддаюць кожны месяц. Але ці заўсёды гэтая колькасьць адпавядае той названай «сьвятыне», што вызначаецца дзесяцінаю. Два, чатыры ці нават дзевяць адсоткаў свайго даходу ня ёсьць дзесяціна. Ізраільцяне гэта вельмі добра разумелі. Яны ведалі, што прыносіць свайму Богу меньш за дзесяць адсоткаў, азначала «красьці ў Госпада», бо дзесяціна прыналежала Яму, а ня ім.

Бог кажа: «Прынясіце ўсе дзесяціны ў дом сховішча». Усе дзесяціны. Паслухмяныя ізраільцяне не задавалі пытаньняў: «Можна прынесьці меньш за дзесяць адсоткаў ад даходу ці адлічыць дзясятую частку ад таго, што засталося ад даходу?». Ад усяго, што даў нам Бог!

Дарэчы народ Ізраіля павінен быў аддаваць не адну дзесяціну, а тры. Адна дзесяціна давалася на ўтрыманьне сьвятароў і лявітаў. Яна называлася дзесяцінаю лявітаў. Другая дзесяціна прызначалася для фінансаваньня Божых сьвятаў. Яна называлася дзесяцінаю сьвятаў. Трэцяя дзесяціна давалася для дапамогі бедным, сіротам і ўдовам. Яна называлася дзесяцінаю бедных. Дзесяціны лявітаў і сьвятаў былі штогоднімі. Дзесяціна бедных зьбіралася кожны трэці год. Гэтыя тры дзесяціны складалі прыкладна дваццаць тры адсоткі на год.

Практыка дзесяціны бярэ свой пачатак нашмат раней закона Майсея. Абрагам прынёс дзесяціну Мелхісэдэку (правобразу Ісуса Хрыста): «Абрам даў яму дзясятую частку ўсяго» (Быц 14:20). Якуб абяцаў Госпаду аддаваць дзесяціну: «І з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю» (Быц 28:22). Абрагам зрабіў ахвяраваньне дабраахвотна. Пісаньне не дае нам зьвестак пра тое, што Мелхісэдэк настаўляў Абрагама на прынясеньне Госпаду дзясятай часткі ўсяго. Бог заклікае ўсіх, хто адгукнуўся на Эвангельле, пакланяцца Яму і ў збаўленьні сэрца свайго ахвяраваць на збаўленьне іншых сэрцаў. Так хоча Бог! Яшчэ да прынясеньня дзесяціны Абрагам атрымаў дабраславеньне ад Госпада. Мы ня ведаем ці разлічваў Абрагам на яшчэ большае дабраславеньне пры прынясеньні дзесяціны. Але мы можам з упэўненасьцю азначыць, што дзесяціна Абрагама – гэта падзяка Госпаду. Прыклад Абрагама – гэта ўзор для кожнага хрысьціяніна, бо гэта ёсьць прыклад паслушэнства Госпаду.

Дзесяціна вельмі неабходна перш за ўсё для самога хрысьціяніна, бо мэта яе: «Каб ты навучыўся баяцца Госпада, Бога твайго, ва ўсе дні» (2 Зак 14:23). Дзесяціна вучыць нас аддаваць Богу першае месца ў нашым жыцьці. Прынесеныя Госпаду дзесяць адсоткаў – гэта тое, з чаго пачынаецца наш даход, а не закончваецца. Бог патрабуе прыносіць Яму «ад пачаткаў»: «Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх» (Выс 3:9). І таму Божая частка нашых прыбыткаў мае дамінуючы характар над астатнімі дзевяноста адсоткамі. Іншымі словамі, дзесяціна прадстаўляе астатнюю частку нашага даходу. Дзесяціна сымбалізуе аддачу нашага жыцьця Госпаду і калі мы шкадуем і не аддаем тое, што прыналежыць Богу, дык мы і не аддаем сябе Госпаду, бо намагаемся схавацца ад Яго, прыхапіўшы з сабою Ягоныя грошы.

Важнасьць дзесяціны ў тым, што яна паказавае ўзровень нашых узаемаадносінаў з Богам. Дзесяціна аддаецца ня дзеля ачысткі сумленьня, каб потым патраціць астатняе як заўгодна. Трэба памятаць і тое, што астатнія грошы таксама прыналежаць Госпаду і таму нашыя расходы трэба абавязкова ўзнадняць з Тым, хто іх нам дае.

Дзесяціна пралівае сьвятло на нашае сэрца, бо дае нам напамін пра тое, хто мы такія і Хто Той, што дае кожнаму з нас усё для жыцьця. Дзесяціна – гэта наша даніна нашаму Валадару, як выраз нашай залежнасьці ад Госпада і падзякі Яму за ўсё, што Ён дае нам. Дзесяціна была і застаецца напамінам пра нашу запазыку Госпаду. Бог, на працягу ўсяго нашага хрысьціянскага жыцьця, дае нам напамін пра тое, што ўсе нашыя грошы і ўся нашая маёмасьць прыналежаць ня нам, а Яму. Калі Ізраіль пачаў ухіляцца ад прынашэньня дзесяціны, дык Бог жорстка абвінаваціў яго: «Праклёнам вы праклятыя, бо вы – увесь народ – абкрадваеце Мяне» (Мал 3:9). Але потым, Бог заклікаў Свой народ прынесьці дзесяціны і ўпэўніцца ў тым, што Ён забясьпечыць іхнія патрэбы: «Прынясеце ўсе дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Госпад Саваоф: ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю?» (Мал 3:10).

Дзесяціна дазволіць і нам выпрабаваць Бога ў Ягоным абяцаньні забясьпечыць нашыя патрэбы: «Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам» (Мац 6:33).

ЗАКОН, ЛАСКА БОЖАЯ І ДЗЕСЯЦІНА
«Закон і ласка Божая». На думку многіх, гэта паняцьці процілеглыя, бо закон Майсея адменены Новым Запаветам. І ўзьнікае пытаньне: «Ці не адмяняецца разам з законам і дзесяціна?» Гэта адзін з аргументаў тых, хто выступае супраць дзесяціны. Не, не адмяняе. І вось чаму. Субота Ізраіля, як частка закона, аб’ядноўваецца многімі з дзесяцінамі. Так, хрысьціяне не абавязаныя шанаваць суботу, з усімі яе правіламі, якія былі дадзены законам Майсея. Але сёмы дзень адпачынку быў закладзены Госпадам на шмат раней за закон Майсея і ён ня быў скасаваны Новым Запаветам. Функцыі гэтага дня стала выконваць нядзеля – «дзень Госпадаў» і прынцып гэтага дня, які аддзелены для пакланеньня Богу, застаўся нязьменнным.

Ісус Хрыстос, адзіны з людзей, цалкам выканаў Стары Запавет і таму пацьвердзіў ягоную значнасьць. Асноўныя вызначэньні Старога Запавету тычацца нас і застаюцца для нас абавязковымі. Новы Запавет кажа пра адмену ахвярапрынашэньняў, але дзе сказана пра адмену дзесяціны і дабраахвотных ахвярах? Ад пачатку Новага Запавету першыя хрысьціяне паказалі, што яны ня будуць аддаваць меньш за Старазапаветных братоў сваіх: «І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх. Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага» (Дзеі 4:33-34). Нашае жыцьцё, па ласцы Божай, не павінна праходзіць па стандартам больш нізкім, чым жыцьцё па закону.

Многія хрысьціяне лічаць, што аддаваць нейкую колькасьць грошай, якую называюць дзесяцінай, трэба па закліку і настрою сэрца. Але праблема ў тым, што многія людзі ня маюць такога настрою, бо не навучаныя. Закон Майсея быў настаўнікам, які прывёў людзей да Ісуса Хрыста, таксама і дзесяціна зьяўляецца настаўніцай, якая вядзе нас да ахвяраваньня. Але жыцьцё сьведчыць, што мы так і не навучыліся ахвяраваць Госпаду. А па сутнасьці, мы навучыліся не даваць. У сувязі з гэтым, трэба ўзгадаць, што «ніякія» ахвяраваньні сьведчаць пра «ніякі» ўзровень жаданьня сэрца служыць Ісусу Хрысту.

Дзесяціна – гэта ня проста нейкі рытуал пад гукі царкоўнага гімна, але працэс ахвярнага служэньня Госпаду Ісусу Хрысту, Які безумоўна, пад час Свайго зямнога жыцьця, аддаваў дзесяціну. Ён узрос у сям’і, дзе шанавалі Госпада і навучылі Яго ахвяраваньням Айцу. Ісус Хрыстос добра ведаў Стары Запавет і калі мы кажам, што Ён выканаў увесь закон, дык мы павінны быць упэўненымі і ў тым, што Ісус Хрыстос выканаў цалкам і гэтую частку закона – ахвяраваньне дзесяцінамі. Талмуд забараняў гебраям сядзець за адным сталом з тымі, хто не дае дзесяціны, але мы бачым, што фарысеі неаднаразова сядзяць за адным сталом з Ісусам Хрыстом. І гэта кажа пра тое, што дзесяціна ў часы Ісуса Хрыста была вельмі істотнай і важнай часткай служэньня Госпаду.

Разумеючы тое, што вызначэньне дзесяціны настолькі глыбока ўкаранілася ў сьвядомасьць гебраяў, мы можам упэўнена сьцьвярджаць, што гебраі-хрысьціяне першай хрысьціянскай Царквы, прыносілі дзесяціны на сход веруючых. Адносіны да дзесяціны не зьмяняліся на працягу далейшых стагодзьдзяў. Ірыней кажа: «Юдэі былі абавязаны сістэматычна аддаваць дзесяціну; хрысьціяне, якія маюць свабоду, пасьвячаюць сваю маёмасьць Госпаду, свабодна аддаючы значную частку маёмасьці, маючы надзею на лепшае». Таксама і Аўгусьцін кажа: «Дзесяціну неабходна даваць, як пазыку; той, хто не выконвае гэтага, павінен у крадзяжы. Кожны, хто хоча атрымаць узнагароду, павінен аддаваць дзесяціну, і з дзевяці застаўшыхся частак павінен імкнуцца даваць міласьціну» З гэтага мы бачым, што на працягу першых чатырыста гадоў Царква Ісуса Хрыста лічыла дзесяціну, як мінімальна-неабходны ўзровень матэр’яльнага служэньня.

А зараз увага! Калі мы ўсьвядомілі неабходнасьць і абавязковасьць шчырага матэр’яльнага служэньня, дык у сэрцы сваім мы павінны сказаць наступнае: «Я не хачу абкрадаць Госпада і выклікаць Ягоны гнеў. Я веру, што Бог асуджае хрысьціян за ўтойваньне ад Яго дзясятай часткі іхніх даходаў. Я ўпэўнены ў тым, што павінен прыносіць у дом Госпада дзясяціну, як мінімальную частку сваіх даходаў. Я веру, што дзесяціна ўзвышае пачуцьцё пасьвячэньня веруючага да Божай справы і працуе, як фактар духоўнага росту. Я веру, што аддаючы дзесяціну, я аддаю сваё сэрца Госпаду».

І яшчэ ўвага, бо існуе і небясьпека. Дзесяціна можа выклікаць і праблемы. Калі мы будзем глядзець на яе, як на непажаданы падатак, дык гэта можа выклікаць у нас адсутнасьць радасьці і падзякі. Але існуе і іншы бок нашых адносінаў да дзесяціны, бо дзесяціна можа выклікаць пачуцьцё гордасьці і ўзвышэньне свайго асабістага «Я», як прыналежнасьць да тых нешматлікіх «верных» Богу людзей, якія ня маюць нічога агульнага з тымі, хто дзесяціны не дае ці дае недастаткова. Небясьпекай дзесяціны можа быць самадавольства, бо можа стаць ідалам пакланеньня. Гэта небясьпечная спакуса, якая прыводзіць нас да супакоенасьці і нівеліраваньня веры да ўзроўня ахвяраваньня.

Ня ўсе могуць аднолькава ахвяраваць, але ўсе павінны прыносіць дзесяціны. Трэба цалкам даверыцца Госпаду і Ён наставіць нас на сапраўдны шлях ахвяраваньняў, які здольны перамяніць нашае жыцьцё і паўзьдзейнічаць на нашую вечную будучыню.

Даем шчодра.
«І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву. І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: “Навошта такое марнаваньне гэтага міра? Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім”. І наракалі на яе. А Ісус сказаў: “Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды. Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне”. Сапраўды кажу вам: “Дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе”» (Мк 14:3-9).

Вельмі часта шчодрыя ахвяраваньні называюць неразумнымі і фанатычнымі, але Ісус Хрыстос адзначыў учынак гэтай шчодрай жанчыны на ўсе будучыя вякі. Калі людзі разумеюць справу Божую, дык іх цяжка ўтрымаць ад шчодрасьці ў прынясеньні ахвяраў. Любоў да Госпада вядзе да шчодрасьці ў ахвяраваньнях. Нам трэба вучыцца ахвяраваць Госпаду. Ён хоча, каб мы выпрабоўвалі Яго. Бог хоча выліваць на нас дабраславеньні за кожную «лепту ўдавы». Бог хоча паказаць усяму сьвету, якія вялікія і цудоўныя дабраславеньні Ён дае Сваім верным служыцелям.
Але што значыць шчодрае ахвяраваньне? Якая колькасьць прынесенага можа лічыцца шчодрым? На гэтыя пытаньні няма адназначнага адказу. Калі мы даем десяць адсоткаў ад нашых даходаў, дык мы даем добра. Калі ж мы перавышаем гэтую лічбу, дык мы праяўляем шчодрасьць у дачыненьні да служэньня сваімі фінансамі.

Даем сістэматычна
«У першы дзень пасьля суботы кожны з вас няхай складае ў сябе і зьбірае паводле таго, як яму вядзецца, каб не рабіць складак тады, калі я прыйду» (1 Кар 16:2).
Апостал Павал заклікае веруючых да сістэмнага парадку ў пытаньні ахвяраваньняў. Але ці многія з нас прыслухоўваюцца да гэтага і ахвяруюць рэгулярна? Сістэматычнае ахвяраваньне – гэта Біблійнае ахвяраваньне. І калі людзі не падпарадкоўваюцца Бібліі, дык яны і не аддаюць Госпаду сістэматычна, а таму і не даюць пэўнай колькасьці ахвяраваньняў. Самы лепшы спосаб прынашэьня дзесяціны – даваць у адпаведнасьці з даходам. Калі мы атрымліваем грошы два разы на месяц, дык і аддаваць трэба два разы на месяц, а не адкладваць гэта на больш позьні тэрмін. Бо, па-першае, калі Богу па закону належаць пачаткі, дык мы карыстаемся грашыма, якія нам не прыналежаць. А па-другое, ёсьць вялікая верагоднасьць, што гэтыя грошы некуды зьнікнуць ці пойдуць на нешта тэрмінова-іншае. Як цяжка потым вяртаць гэтыя грошы, таму як лічбы ахвяраваньня значна павялічваюцца. Няхай кожны веруючы адкажа на пытаньне, якое ён павінен паставіць сабе самому: «Як будзе працаваць царква, калі кожны член царквы будзе даваць дзесяціну і ахвяраваць мала і нерэгулярна, як я?» Ня будзем сьцьвярджаць, што гэта тычыцца кожнага члена царквы, але паразважаць над гэтым пытаньнем будзе карысным кожнаму. Фінансавае служэньне – гэта не разважаньне адзін ці два разы на год, але пасьвячэньне сябе з тыдня ў тыдзень, з месяца ў месяц, а гэта патрабуе дысцыпліны і падпарадкаваньня Біблійным прынцыпам.

Даем дабраахвотна.
«Кожны няхай робіць паводле вызначэньня сэрца, не са смуткам або з патрэбы, бо Бог любіць таго, хто з добрай ахвотай дае. А Бог магутны памножыць у вас усякую ласку, каб, заўсёды і ў-ва ўсім маючы ўсялякую задаволенасьць, вы былі багатыя на ўсякую добрую справу» (2 Кар 9:7-8).

Калі апостал Павал заклікае нас ахвяраваць, як прыхіляе нашае сэрца, дык гэта ніяк ня тычыцца штотыднёвага служэньня дзесяцінаю, бо гэта ёсьць наш абавязак. Апостал кажа пра нейкую аднаразовую дапамогу (правядзеньне нейкага мерапрыемства, дапамога іншай царкве і г. д.). Гэтыя дабраахвотныя ахвяраваньні не павінны перашкаджаць сістэматычным фінансавым служэньням. Усьведамляючы прысутнасьць Божай ласкі, мы пачынаем даваць неабходнае і нават больш гэтага, дабраахвотна, знаходзячыся пад узьдзеяньнем ласкі вечна даючага Госпада.

Даем з радасьцю.
«І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ і прыносілі, і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася» (2 Лет 24:10).

Богу прыемна бачыць, як веруючы ахвяруе з радасьцю. Калі патрабаваўся рамонт дома Госпадавага, Ёас паставіў скрынку перад уваходам у дом Госпадаўе і калі яна напаўнялася, дык высыпалі ахвяраваньні са скрынкі і ставілі яе ля ўваходу зноў. Народ Божы, калі бачыць дастойную справу, павінен даваць на гэтую справу з радасьцю і таму ёсьць тлумачэньне.

Нам вядома, што мы ўкладаем у вечнасьць, і што наступіць дзень калі мы ўбачым вынікі нашых дзесяцінаў і ахвяраваньняў.

Нам радасна ўсьведамляць, што Госпад чуе прашэньне веруючых пра агульныя патрэбы і накіроўвае нашыя сэрцы каб мы адгукнуліся на гэтыя прашэньні.
Бог жадае, каб мы былі радаснымі. Але і паслухмянымі. Мы павінны радавацца ахвяраваньням, нават калі нам ня вельмі хочацца даваць. Калі ў нас няма радасьці, дык нашая праблема знаходзіцца ў нашым сэрцы: «Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае» (Мац 6:21). І таму, калі мы разьмесьцім наш скарб у Валадарства Божае, дык і сэрца наша з радасьці пакрочыць за ім.

Даем у пакланеньні Госпаду.
Апостал Павал так кажа пра ахвярныя дзеяньні македонскіх веруючых: «Са шматлікімі просьбамі яны прасілі нас прыняць ласку і супольнасьць служэньня для сьвятых; ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе спачатку Госпаду, і нам паводле волі Божай» (2 Кар 8:4-5). Нашыя ахвяраваньні накірованы перш за ўсё да Бога, а толькі потым, праз Яго, да тых, каму яны патрабуюцца.

Ахвяраваньні – гэта адказ сэрца пад узьдзеяньнем Божай ласкі. Ласка родзіць ласку. Ахвяраваньне натхняецца Божым дарам. І чым большы дар, тым больш і ахвяраваньне. Мы разважаем над тым, што даў нам Бог, а потым аддаем з-за вялікай падзякі. Мы аддаем таму, што Ён даў нам напачатку. Ён настолькі шчодры, што мы ня можам не адказаць Яму дзесяцінамі і ахвяраваньнямі. Праз гэта мы маем доступ да ласкі Ісуса Хрыста. Мы пакланяемся Яму, бо нашыя дзесяціны і нашыя ахвяраваньні раўняюцца пакланеньню, як малітва ці гімн праслаўленьня. Зьдзяйсьняючы служэньне фінансамі, мы клапоцімся пра цела Ісуса Хрыста, членамі Якога мы і зьяўляемся.

Даем ахвярна.
«Бо яны маюць добрую ахвоту па сілах і звыш сілы, я сьведчу гэта» (2 Кар 8:3).
Гэтым самым апостал Павал кажа пра тое, што веруючыя Карынта давалі нашмат больш чым дазвалялі ім іхнія сродкі. Мы ня будзем аналізаваць, як ахвяруюць у тых ці іншых цэрквах, але мы павінны адказаць на пытаньне: «Што значыць даваць па-за магчымасьцю?» Гэта азначае, што мы павінны мець веру беднай удавы: «І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант. І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: “Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне» (Мк 12:42-44).

Для большасьці з нас ахвяраваньні па сродкам - рэч адчувальная, а ахвяраваньне звыш магчымасьцяў наогул можа нас зьбядніць. Але мы дарэмна баімся і гэта ня можа здарыцца, бо Бог заўсёды верны нам. Даваць ахвярна азначае тое, што трэба аддаваць самае лепшае. Але ці так мы ахвяруем? Ці не аддаем мы часам тое, што нам ужо не патрэбнае. Ахвярная служэньне – гэта адданьне таго, што мы маглі б пакінуць сабе. Гэта можа выглядаць неразумным, але гэта прыносіць славу нашаму Госпаду, дапамагае патрэбам іншых людзей і ў рэшце рэшт прыносіць нам вечныя ўзнагароды. Мы павінны ведаць, што пры любых абставінах Бог паклапоціцца пра нашыя патрэбы.

Калі мы вучні Ісуса Хрыста, дык мы не павінны адказваць на пытаньне: «Колькі мне неабходна пакінуць сабе?» Але мы павінны запытваць: «Колькі я яшчэ здольны даць?»

Даем ў тайнасьці.
«Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе. Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,  каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна» (Мац 6:1-4).

Cловы Ісуса Хрыста накірованы супраць імкненьня чалавека атрымаць прызнаньне сярод людзей і набыцьця паказной праведнасьці. Мы павінны ахвяраваць ціха і не абвяшчаць пра гэта іншым людзям. І асноўная прычына захаваньня факта таемнага ахвяраваньня ў тым, каб пазбавіць сябе ад спакусы зрабіць нейкае ўражаньне сваёй ахвярнасьцю. Словы Ісуса Хрыста кажуць пра тое, што калі мы абвесьцім царкве (ці пастару) пра свае дзесяціны і ахвяраваньні, дык у гэтым выпадку мы ўжо атрымалі ўзнагароду ад людзей, але згубілі ўзнагароду ад Яго.

Бог дабраслаўляе нас ня для таго, каб узьняць узровень нашага дабрабыту, але каб удасканаліць узровень нашых дзесяцінаў і нашых ахвяраваньняў. Хочацца прывесьці яскравы прыклад чалавека, які добра ўсьвядоміў, чаму Бог вельмі шчодра яго дабраслаўляе. Р. Г. Ляторна – вынаходнік земляройных агрэгатаў, які аддаваў дзевяноста адсоткаў свайго даходу Госпаду. Ён сказаў наступныя словы: «Я рыдлёўкай заграбаю грошы для Бога і Бог рыдлёўкай заграбае іх для мяне, але рыдлёўка Госпада нашмат больш маёй». Другі чалавек Божы сказаў: «Ня так важна, як мы ставімся да дзесяцінаў, бо ў гэтым выпадку працуюць Божыя законы сеяньня і жатвы, і калі мы ня будзем са сваіх ураджаяў, аддзяляць хаць б дзесяць адсоткаў на пасеў, дык мы ня можам разлічваць на ўраджай у наступным годзе».

Калі ізраільцяне ўпрыгожвалі свае дамы, а дом Божы быў у руінах, дык Бог сказаў: «Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ў нядосыць, п’яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляеце ў дзіравы кашалёк» (Аг 1:6). Мы павінны вельмі ўважліва ставіцца да Божых патрэбаў для нас. І памятаць пра тое, што галоўны Ахвяравальнік – Ісус Хрыстос, Які даў нам багацьце нябёсаў, ахвяраваўшы Сабою, дзеля нашага вечнага багацьця.
Усе мы праведныя толькі праз веру ў Ісуса Хрыста. Дзесяціны ня робяць нас праведнымі, але яны трымаюць каналы Божых дабраславеньняў адчыненымі. Мы ня можам дакладна сьцьвярджаць, што Бог не дабраславіць нас, калі мы ня будзем адаваць Яму нашыя дзесяціны і ахвяраваньні. Але мы можам з упэўненасьцю казаць тое, што Бог шчодра дабраслаўляе нас, калі мы аддаем Яму свае дзесяціны і ахвяруем ад сэрца на справы Божыя. Амэн.


Рецензии