Дверь вечности
«Тады ізноў сказаў ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды
кажу вам, што Я— дзьверы авечак. Усе, якія
прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі,
але авечкі не паслухаліся іх. Я— дзьверы. Хто
ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і
выйдзе, і пашу знойдзе» (Ян 10:7-9).
Ісус Хрыстос як дзьвер уваходу ў сьвятло вечнага жыцьця. Цудоўнейшая тэма для разважаньня. Цудоўнейшая Божая праўда. Але і таямніца, бо як можа чалавечы розум, абмежаваны ўзьдзеяньнем гэтага сьвету і які разумее найбольш матэр’яльныя катэгорыі жыцьця, уявіць сабе гэтае дзіўнае спалучэньне? Так, гэта таямніца, якая дадзена нам, але дадзена для таго, каб мы напружылі свой розум і зразумелі гэтую даволі нескладаную праўду. Як жа спазнаць гэтую праўду і раскрыць таямніцу гэтай «цудоўнай дзьверы», якая ёсьць Ісус Хрыстос?
Сьвецкая культура і сьвецкая філасофія не дадуць адказу на гэтае пытаньне, бо адмовяць наяўнасьць нематэр’яльнай дзьверы на нейкую нематэр’яльную тэрыторыю. Д’ябал вельмі пільна сочыць за тым, каб не дапусьціць у розум чалавека нават і думкі пра тое, што ёсьць такая цудоўная магчымасьць, каб атрымаць жыцьцё вечнае, бо гэта не ўваходзіць у ягоныя планы. План д’ябла толькі адзін – не дазволіць грэшніку пастукацца ў дзьвер збаўленьня і ўваходу да жыцьця вечнага, а прывесьці чалавека да вечных пакутаў. Няхай кожны адкажа на гэтае пытаньне самастойна: «Якая будучыня мне падабаецца больш: вечнае жыцьцё ў сьвятле Ісуса Хрыста ці вечная сьмерць пад яхідную ўсьмешку дъябла?»
Біблія вучыць, што гэтую праўдуу можна пазнаць. Бог ведае ўсю праўду, а праўда, у сваю чаргу, адкрывае Яго ў любой сферы жыцьця. Наогул, любая таямніца – гэта прамежак паміж тым, што ведае Бог і тым, што ведаем мы. І таму, каб скараціць гэты прамежак, нам даецца Слова Божае як крыніца мудрасьці і ведаў.
Вобраз Ісуса Хрыста дае нам разуменьне ўваходу праз Яго да збаўленьня. Але сьвет разумець гэтага ня хоча і жыве так, як быццам бы яму збаўленьне зусім і не патрэбна. Сучасныя людзі не разумеюць, а па большасьці і ня хочуць разумець, што Ісус Хрыстос – гэта наш Збаўца. Чаму? Таму што яны не разумеюць сваю безнадзейную сітуацыю. Чалавек ня думае пра асабістае збаўленьне ў глабальным, вышэйшым плане, бо вельмі заклапочаны штодзённым жыцьцём з упэўненасьцю ягонай адноснай бязгрэшнасьцю. Д’ябал вельмі лоўка карыстаецца невуцтвам чалавека і больш таго, ён робіць усё, каб адхіліць нашае ўсьведамленьне адказнасьці за сваю будучыню і каб мы ня верылі у гэтую праўду. На жаль, чалавек – асоба прызямлённая і таму ня здольная бачыць далёка, а тым больш глядзець у вечную будучыню, калі толькі ён ня верыць у Божае стварэньне сьвету. Такі чалавек ня верыць у жыцьцё вечнае і таму не імкнецца да гэтага, але ён імкнецца як-небудзь і больш-меньш добра пражыць у гэтым сьвеце. Вышэйшай мэтаю такога жыцьця, зьяўляецца намаганьне жыць ня ў чым сабе не адмаўляючы. Гэта вялікая і нават жахлівая памылка, бо на самой справе мы – патэнцыяльныя злачынцы, якіх чакае суд Божы.
Стары Запавет кажа пра тое, як Бог наказаў Ізраілю праз Майсея выбраць для сябе гарады-сховішчы: «Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна» (Лікі 35:15). Уявім сабе жаданьне чалавека, які знаходзіцца пад пагрозаю сьмерці, як мага хутчэй дабегчы да збаўляльнай дзьверы горада-сховішча, каб захаваць сваё жыцьцё. Злачынца, які бёг ад пакараньня, добра ведаў пра гэтую цудоўную магчымасьць, бо Сам Бог падараваў яму збаўленьне ад сьмерці. І ён верыў у гэтую магчымасьць.
Таксама і Новы Запавет, які дае нам, наўмысным злачынцам у праявах грэху і таму тысячы разоў заслугоўваючых сьмерці, ня проста горад-сховішча, але Валадарства-сховішча. Заўважым, што Стары Запавет даваў права на збаўленьне толькі ненаўмысным злачынцам. Дык наколькі ж большая ласка Божая дадзена нам – злачынцам наўмысным. Валадарства гэтае прыналежыць Ісусу Хрысту, а Сам Ён – дзьвер гэтага Валадарства. І няма ніякай іншай магчымасьці збавіцца ад сьмерці, як толькі заклікаць да Ісуса Хрыста і запрасіць адчыніць дзьвер збаўленьня ад вечнай сьмерці.
Усім падабаюцца героі. З павагаю і нават з заміраньнем сэрца назіраем мы за імі ў кіно ці чытаем пра іх у дэдэктыўных раманах. Мы надхняемся героямі, іхнімі раньнімі сьмерцямі і іхнімі мужнымі словамі перад сьмерцю. Але мы чамусьці не задумваемся пра тое, што гэта вельмі прадуманая праца д’ябла, які робіць усё, каб мы жылі ў нейкіх ілюзіях і па ілжывай ідэялогіі. Чаму гэта так? Гэта ня вельмі складана зразумець, але чым больш чалавек залежны ад ідэялогіі д’ябла, тым больш складаней зразумець сапраўдную каштоўнасьць жыцьця чалавека, як Божага стварэньня. Задача д’ябла вельмі простая – не дапусьціць чалавека да Ісуса Хрыста, бо калі гэта адбудзецца, дык чалавек пазьбегне сьмерці і атрымае жыцьцё вечнае. А гэта ніяк не ўваходзіць у планы д’ябла, бо сьмерць чалавека грэшнага – гэта бальзам на сэрца нячыстага. Яно нам трэба?
Кожны чалавек разумее, што жыцьцё ў яго адно, але далёка ня кожны разумее, што жыцьцё не закончваецца ў 60-70-80 гадоў, бо яно можа працягнуцца ў вечнасьці, а можа скончыцца ў пекле, - калі будзе працяг салодка-сьмяротнага танца з д’яблам. Многія людзі наогул не клапоцяцца пра вечныя справы. Яны клапоцяцца пра сваё зямное. Клопат пра асабістае аўто ці норкавую футру можа перавышаць клопат пра асабістую душу чалавека. Па сваёй прыродзе мы ня вельмі схільныя ўяўляць ці баяцца змрочнага будучага сваёй душы і таму імкнемся адмахнуцца ад гэтай дакучлівай праблемы, бо, як гаворыцца, хапае іншых, штодзённых праблемаў. І гэта вар’яцтва, бо мы знаходзімся пад пагрозаю вялікай небясьпекі, таму што сьмерць вельмі блізка і суд Божы непазьбежны.
Чалавек сьвету заўсёды мае праблемы і яму ад гэтага заўсёды кепска. Большасьць людзей ня вельмі задумваецца над тым, дзе сапраўдныя вытокі ўзьнікненьня жыцьцёвых праблемаў, бо лічаць, што вінаватыя ў гэтым зьнешнія абставіны ці іншыя людзі. Мала хто лічыць сваю асобу той самай крыніцай, з каторай і выліваюцца большасьць праблемаў іхняга жыцьця. І гэта зусім ня дзіўна, бо чалавек свету шчыра верыць у тое, што ён і толькі ён – гаспадар свайго жыцьця. І што ўсё ў жыцьці залежыць ад яго самога і можа нейкага шчаснага выпадку. Але трэба разумець, што чалавек ад нараджэньня – вельмі недасканалая істота, з наяўнасьцю ў сэрцы вялікай здольнасьці да праяваў грэху ў самым розным ягоным выглядзе. І калі чалавек жыве бяз Бога, сам па сабе, дык ім будзе кіраваць д’ябал, асноўнай задачай якога як раз і зьяўляецца рэалізацыя найхужэйшых якасьцяў чалавека.
Ісус кажа, што ня можа чалавек служыць адначасова двум гаспадарам. І з гэтага выходзіць, што калі чалавек ня служыць Богу, дык ён служыць д’яблу. Іншага ня дадзена. Вынік гэтага вельмі сумны. Чалавек набывае шмат праблемаў і стварае шмат глупстваў, а нават і злачынстваў, бо дзеі чалавека «самастойнага» грунтуюцца на праявах грэху, як і кажа апостал Павал: «А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць, ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі, зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага» (Гал 5:19-21). І вось, уявім сабе, што чалавек пападае на суд Божы няхай нават і з часткаю «гэтага набора» дзеяў цела. Які вынік яго чакае? Правільна, вечныя мукі, што ёсьць па сутнасьці – вечная сьмерць. Ці ёсьць сэнс у такім жыцьці?.
Але ў чым сэнс нашага жыцьця? Што мы павінны рабіць, каб не сустрэцца з пеклам? Нешта шчыра і добра рабіць за грошы? Усё трэба добра і шчыра рабіць, але гэта бізнэс. Ахвяраваць грошы на нейкія добрыя справы? Ужо цяплей. Дарэчы, сам факт спонсарскай дапамогі падказвае нам, што чалавек мае падсьвядома адчуваньне існаваньня вечнага жыцьця, як і тое, што магчыма ёсьць і вечная пагібель.
Чалавек павінен жыць на зямлі для жыцьця вечнага ў Нябёсах. Але, на жаль, гэтая праўда не дамінуе ў сьвеце, які мае іншыя прыярытэты. Чалавек зьбірае скарбы на зямлі для сябе, ня думаючы пра тое, што трэба зьбіраць скарбы духоўныя для вечнасьці. Трэба жыць у вымярэньні вечнасьці разумеючы, што цябе чакае пасьля сьмерці фізічнай і таму мае сэнс вучыцца, жаніцца, гадаваць дзяцей, працаваць, адпачываць і гэтак далей. Каб вынікам такога жыцьця на зямлі, было жыцьцё вечнае ў нябёсах. І калі чалавек нясе ў сэрцы сваім такое імкненьне, дык ён, па прыроде сваёй прагны ці злы, будзе перамяняцца, каб атрымаць вечнасьць.
А ўвайсьці ў стан вечнага жыцьця можна толькі праз Ісуса Хрыста, Які і адкрывае нам гэтую праўду: «Я – дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе». Ісус прапануе ўвайсьці ў жыцьцё вечнае праз Яго, а дакладней праз веру ў тое, што Ён памёр за нашае збаўленьне ад грэху і што Ён уваскрос, атрымаўшы перамогу над сьмерцю і злом гэтага сьвету. Дзьвер у жыцьцё вечнае не адчынецца таму, хто ня мае веры. І толькі веруючы ўвойдзе Хрыстом, каб збавіцца ад сьмерці вечнай. Паверыць Ісусу Хрысту – гэта значыць паверыць у будучае вечнае жыцьцё.
Няма надзеі таму, хто па-за Хрыстом. Грэшнікі загінуць. Імёны тых, каго ня будзе ў кнізе жыцьця, зьнікнуць назаўсёды. Яны зграшылі супраць Бога і таму будуць асуджаны на пагібель.
Нехта можа сказаць, што ён не такі ўжо і вялікі грэшнік, але вялікая памылка сказанага, бо няма ніякай розьніцы паміж вялікім і невялікім грэшнікам. Нават адно парушэньне не дае ніякага права на вечнае жыцьцё ў будучыні. Калі мы не прымаем Ісуса Хрыста, дык грэх наш, нават адзін, застаецца з намі і дзьвер у жыцьцё вечнае будзе зачынена. І таму, няхай кожны выбера сваё месца, - Валадарства Божае, дзе пануе сьвятло, радасьць і дзе няма грэху ды сьмерці, альбо пекла, дзе пануе стан вечных пакутаў.
Вера чалавека адчыняе гэтую дзьвер, якая збаўляе яго ад грахоў сьвету. Вера кранаецца Ісуса Хрыста і дабраславеньне выліваецца нават з краёў Ягонага адзеньня. Вера пераступае парог ласкі Божай і душа апынаецца ў бясьпецы. Дай Бог кожнаму чалавеку выратаваньня Ісусам Хрыстом, як уваход на тэрыторыю збаўленьня. Уваход неадкладны. І гэта будзе ня толькі нашай радасьцю, але і радасьцю вялікага Айца, Які ў вякі вякоў бачыць тое, што мы збаўлены ад пагібелі. Амэн.
Свидетельство о публикации №225121701438