Имя от Господа
значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,
які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і
паклаў ля ног апосталаў» (Дзеі 4:36-37).
Перш чым пачаць нашае разважаньне пра выбітнага чалавека і хрысціяніна Барнабу (Ёсію), перанясемся кожны ў сваё дзяцінства, юнацтва і маладосьць. І амаль што кожны скажа, што меў ці даваў каму-небудзь мянушку, ня гледзячы на існуючае імя канкрэтнага чалавека. Чаму гэта адбываецца дакладна ня скажа ніхто, але дакладна і тое, што мянушка прылепліваецца да чалавека з-за нейкіх фізічных асаблівасьцяў, рысаў характару ці нейкіх асаблівых звычкаў. А можа і згодна прозьвішча, як гэта было ў аўтара гэтых радкоў, якога па маленству клікалі «сакалёнкам», а ў больш позьні час проста «сокалам». Нават і дарослыя людзі бавяцца гэтым, калі даюць мянушкі сваім кіраўнікам, ня гаворачы пра гэта ў ягонай прысутнасьці. Так робяць людзі і, як падаецца, гэтая практыка мае вельмі і вельмі даўнюю гісторыю. І магчыма пачаў гэтую практыку Сам Бог, калі даў новыя імёны Абраму і Сары: «І ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў»; «І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй Сарра. Я дабраслаўляю яе і дам і табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і валадары народаў пойдуць ад яе» (Быц 17:5; 15). Таксама быў перайменаваны Госпадам унук Абрагама Якуб (трымаючы за пятку) у Ізраіля: «І сказаў: “Ад сёньня імя тваё будзе не Якуб, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш» (Быц 32:28).
Новы Запавет таксама дае нам прыклады зьмены імёнаў. Прывядзем адзін з іх: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень» (Ян 1:42). Імя ж Сымон азначала трысьціна. Якая ж вялікая розьніца паміж трысьцінай і камянём. Як бачыў усё Бог і ведаў, што хістаючая трысьціна ператворыцца, ў рэшце рэшт, у той камень, на якім збудуецца Царква Ісуса Хрыста. Мы бачылі здраду і пакаяньне. Мы бачылі хістаньне Пятра паміж юдэйствам і хрысьціянствам. Але мы ўбачылі і вынік працы Сьвятога Духа – Сымон стаў сапраўдным Пятром.
І вось Ёсія, якога апосталы назвалі Барнабай (сынам пацяшэньня). Безумоўна, што праз апосталаў дзейнічаў Бог, даючы яму гэтае імя, як накірунак ягонага служньня. Але павінен быў быць і Суцешнік, духоўным сынам Якога і нарадзіўся ў новым імені Ёсія. Апостал Ян перадае нам з гэтай нагоды словы Ісуса Хрыста: «Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам» (Ян 14:26). Пакліканы Барнаба атрымаў даручэньне ад Госпада вучыць і падымаць лідараў хрысьціянства, пакідаючы сабе месца ў іхняй цені. Сапраўдны памочнік Суцешніка, Духа Сьвятога. Чаму ж мы можам навучыцца ў апостала Барнабы?
Ён прадаў зямлю і паклаў грошы да ног апосталаў. Чаму? Ён зразумеў, што служэньне Госпаду мае свой кошт. І не малы, бо гэта і час, і нервы, і грошы, і шмат яшчэ якія рэчы нашага жыцьця. Наогул, служэньне – справа вельмі цяжкая, бо няма служыцелю супакою ні ў дзень, ні ў начы. Некаторыя людзі з гумарам кажуць, што пастар царквы ноччу ня сьпіць, але ўмацоўвае свае сілы. Вяртаючыся ж да тэмы адзначым, што служэньне Госпаду – гэта заўсёды ахвяра. Барнаба разумеў гэта і ахвяраваў дзеля служэньня сваім часам, дабрабытам, а нават і лідарствам. І гэта ня кажа пра тое, што ён быў нерашучым чалавекам. Зусім не, бо ў сваім служэньні ён не баяўся памыліцца. А гэта, безумоўна, кажа пра рашучасьць чалавека. Каб у поўнасьці адчуць такую ахвяру служэньня, паглядзім на сябе і шчыра адкажам на пытаньне: «Ці аддаем мы сябе для служэньня так, як аддаў сябе у свой час Госпаду Барнаба?» Мы не намагаемся прапаведаваць, таму што адчуваем страх перад аудыторыяй і няўпэўненасьць у магчымасьці публічна прамаўляць слова Божае. Прасьцей сядзець і моўчкі слухаць, а што мы скажам за гэта Госпаду? Але гэта пераходнае, а вось і галоўнае.
Барнаба паручыўся за Паўла (Саўла), бо ніхто з хрысьціянаў ў Ерусаліме не схацеў прымаць яго, бо яшчэ на вуснах былі ягоныя варожыя дзеі супраць хрысьціянскай супольнасьці: «Прыйшоўшы ж у Ерусалім, Саўл спрабаваў прыстаць да вучняў, і ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён — вучань. А Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і распавёў ім, як у дарозе той бачыў Госпада, і што Ён гаварыў яму, і як ён у Дамаску адважна гаварыў у імя Ісуса» (Дзеі 9:26-27). Так, Саўл быў ворагам і ганіцелем хрысьціянства ў сваім папярэднім жыцьці. Але Ісус Хрыстос зьмяніў усё гэта, калі скінуў яго з ягонай вышыні на зямлю. Падзеньне фарысея Саўла сталася ўзвышэньнем яго да вялікага апостала Ісуса Хрыста Паўла. Ніхто не хацеў прымаць яго і зразумела чаму. Але менавіта Барнаба, якому і дадзена было Госпадам падняць Паўла ў вачах недаверлівых і памятлівых людзей, зрабіў гэта. Барнаба бачыў жаданьне і веру Саўла, а таму ён Паўлу і дапамог. І вось пытаньне, якое можа прамовіць кожны з нас. Мог памыліцца Барнаба ці не? Не, бо Барнаба ўжо быў у Духе Сьвятым і менавіта Сьвяты Дух падказаў гэтае дзеяньне Барнабе. Але і да, бо разважаючы па чалавечы, гэта было вельмі рызыкоўнае рашэньне. Гэта па-чалавечы, але мы кажам пра дзеяньне Духа Сьвятога. Вынік гэтага дзеяньня мы ведаем, бо тое, што зрабіў у сваім служэньні апостал Павал – гэта цудоўная магчымасьць разважаць пра нашае хрысьціянства і нам з вамі.
Барнаба быў сапраўдным сынам Суцешніка і мы яшчэ ня раз убачым яго цудоўныя дзеі пад час таго служэньня, якое яму было дадзена Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Ён ня быў прыхільнікам юдэйства ў хрысьціянскім жыцьці, хаця і быў лявітам. Можа таму, што ня жыў у Юдэі, а паходзіў з выспы Кіпр? Мы дакладна ня ведаем гэтага, але відавочна тое, што менавіта Барнаба сур’ёзна паўплываў у гэтым патаньні на Паўла, які толькі спасьцігаў Ісуса Хрыста. Барнаба ня быў катэгарычным у выкананьні юдэйскага закону, як Якуб, брат Ісуса Хрыста і нават не хістаўся, што трысьціна Сымон (Пётр). Ён бачыў асаблівасьці іншых народаў і Божым дзеяньнем адкідваў традыцыі юдэйства, якія настойвалі на тым, што шлях да Хрыста праходзіў праз выкананьне юдэйскіх абрадаў. Але, вось тое, з чаго пачалося распаўсюджваньне Эвангельля Ісуса Хрыста на іншыя землі – землі паганаў.
Антыёхія. Добрая вестка, прынесеная юдэямі, якія беглі ад ганеньняў, прынесла добры плод, бо вялікае мноства паганаў навярнуліся да Госпада. І вось: «А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію. Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе, бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада» (Дзеі 11:22-24). Безумоўна тое, што апосталы Ерусаліма вырашылі адправіць туды Барнабу таму, што самі мелі вельмі сур’ёзнае сумненьне наконт таго, што гэта ёсьць правільная царква сярод паганаў. Барнаба сьмела дасьледаваў гэтае пытаньне (не дарма ж ён стаў сынам Суцешніка) і вызнаў, што той жа самы Сьвяты Дух дзейнічае і гэтай царкве. Рашучы і сьмелы чалавек Барнаба, але і мудры вераю: «Бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога».
Мудрасьць Барнабы павінна вывучацца ўсімі пакаленьнямі прапаведнікаў Ісуса Хрыста. І таму ёсьць прыклад з больш сучаснага служэньня. Нейкі місіянэр вырашыў прапаведаваць і прыводзіць да Хрыста дзікіх людзей на нейкай высьпе сярод Індыйскага акіяну. Адзёжа гэтых людзей складалася толькі з адной насьцёгнавай павязцы. Той пастар, па традыцыі сваёй царквы, прывык да таго, што жанчыны павінны на служэньні пакрываць галаву нейкаў хусткай. Ён зрабіў заўвагу на гэта жанчынам і тыя, доўга не разважаючы, зьнялі свае насьцегнавыя павязкі і пакрылі імі галаву. Усё зразумеўшы, пастар папрасіў іх вярнуць свае павязкі на ранейшыя месцы. Гэта пра мудрасьць і традыцыі. Але зноў жа вернемся да тэмы. Якія ж далейшыя крокі і дзеі Барнабы?
Ён ідзе ў Тарс, каб расшукаць Паўла. Чаму? Таму што бачыў ў ім вялічэзны патэнцыял і сілу хрысьціянскага лідара. Трэба сказаць, што Павал сыйшоў з Ерусаліму на радзіму ў Тарс з-за сьмяротнай небясьпекі, якая склалася пад час ягонага прапаведваньня ў Ерусаліме. Далейшыя годы жыцьця ў Тарсе не былі «салодкімі» для будучага апостала. Сям’я ніяк не зразумела ягоны адыход ад юдэйскіх традыцыяў. Ён, па меньшай меры тры разы адчуў на сабе тое цяжкае пакараньне – «сорак удараў без аднаго», за невыкананьне закону Майсея. Але гэтыя пакараньні ня толькі не зламалі яго, яны яшчэ больш замацавалі ягоную веру ў Ісуса Хрыста. Павал адчуў, што гатовы да таго, каб ісьці і прыводзіць народы да Госпада свайго Ісуса Хрыста. І вось, Барнаба ідзе ў Тарс і знайшоўшы Паўла, прыводзіць яго у Антыёхію: «Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць хрысьціянамі» (Дзеі 11:26).
Упэўнены, што Барнаба вучыў у гэты год Паўла гэтай простай і няпростай навуцы. Калі мы кажам пра хрысьціянства, мы не павінны глядзець на зьнешняе, параўноўваючы са сваім поглядам на нейкія праявы служэньня. Безумоўна тое, што Барнаба бачыў нейкія адрозьненьні ад звыклага служэньня царквы Ерусаліма. Але ён бачыў галоўнае – прысутнасьць у гэтай царкве Госпада. Настаўляючы царкву Антыёхіі, Барнаба не клапаціўся за сваю асобу, але клапаціўся за разьвіцьцё царквы. Ён зрабіў усё для царквы, алё ён ведаў і тое, што царква павінна ісьці далей. Таму ён і паклікаў Паўла, бо ведаў ягоную падгатаванасьць і грунтоўныя веды ў Пісаньні, а таксама і тое, што Павал і ёсьць сапраўдным хрысьціянскім лідарам.
Калі мы не шукаем асабістай славы ў служэньні і ахвяруем сябе Госпаду, дык можам сьмела лічыць сябе хрысьціянінам. Барнаба і Павал. Павал і Барнаба. Менавіта так, з тягам часу, зьмяніліся іхнія лідарскія пазіцыі адносна адзін аднога. Калі Барнаба прывёў з Тарса ў Антыёхю Паўла, ён быў у гэтай пары безумоўным лідарам. Калі Дух Сьвяты запатрабаваў іх у царквы Антыёхіі на іншую дзею, дык першым Ён назваў Барнабу: «А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і посьцілі, сказаў Дух Сьвяты: «Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх» (Дзеі 13:2). Барнаба па-ранейшаму лідар. Але пад час іхняга місіянэрскага падарожжа сітуацыя зьмянілася, бо калі яны прыйшлі ў Антыёхію Пісідыйскую, лідарам у мясцовую сынагогу ўваходзіў ужо Павал, сказаўшы самую вялікую пропаведзь ад пачатку свайго хрысьціянскага служэньня: «А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце». Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце!» (Дзеі 13:15-16). І вось, упершыню мы бачым іншае словазлучэньне: Павал і Барнаба, дзе Павал вылучаўся ўжо лідарам: «А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў. Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”». А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпадава, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага. І разносілася слова Госпадава праз усю краіну» (Дзеі 13:46-49). Барнаба падпарадкаваўся Паўлу, бо бачыў ягоную сілу, падгатаванасьць і ўпэўненасьць у пропаведзі слова Божага.
Але гэта далёка ня ўсе бакі служэньня Барнабы. Асобнай часткай ягонага пакліканьня была тая, што ён быў гатовы даць магчымасьць служэньня і тым, хто спатыкнуўся ў сваім хрысьціянскім жыцьці. Так, гаворка пойдзе пра эвангеліста Марка, які быў на той час маладым чалавекам. Пляменьнік Барнабы Ян Марк быў у сваім доме, калі царква рупліва мілася за Пятра, які апынуўся ў вязьніцы Ірада. Мы ведаем цудоўнае дзьеяньне Госпада, калі анёл Ягоны выбавіў Пятра з цямніцы. Усю ноч маліліся вучні Хрыста і не паверылі ў вынік сваёй малітвы: «А як Пётар стукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода, і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі. Яны ж сказалі да яе: “Ты звар’яцела”. А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: “Гэта анёл ягоны”. А Пётр працягваў стукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся» (Дзеі 12:13-16). Напэўна яны прасілі ў Госпада для Пятра нейкай палёгкі ад Ірада, але здарылася тое, што на іхні погляд здарыцца не магло. Але здарылася, бо Богу ўсё магчыма.
І вось Ян Марк, слухаючы Пятра, напэўна ўяўляў сябе такім жа вось пакутнікам, які, па цудоўнай воле Госпада, выходзіць з няволі гэткім героем, да якога Бог не дазволіў крануцца нават і пальцам. Менавіта можа таму ён і папрасіў Барнабу ўзяць яго з сабою: «А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам» (Дзеі 12:25). Але, забягаючы крыху наперад, мы ўбачым, што Ян ня вытрымаў вельмі небясьпечнага і цяжкага шляху. Ён кінуў сваіх старэйшых братоў і павярнуў дадому: «А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім» (Дзеі 13:13). Не атрымалася ў Яна Марка стаць героем.
Але чаму ўсё ж Ян Марк, які забаяўся і ня вытрымаў цяжкага і небясьпечнага служэньня, стаўся, ў рэшце рэшт, вялікім апосталам Ісуса Хрыста? Напэўна таму, што, атрымаўшы разам з многімі Сьвятога Духа на пяцідзясятніцу, ён шмат разважаў, пад узьдзеяньнем Духа, пра гэты свой ўчынак. І безумоўна зразумеў, што нельга стаць паважаным і верным служыцелем Госпада бяз цяжкасьцяў і небясьпекі, якія і трэба мужна пераадольваць у славу Ісуса Хрыста. Ян быў з Ісусам, хадзіў з Ім і добра памятаў словы пра іхнія будучыя нягоды: «Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў. Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет. Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць» (Ян 15:18-21). Упэўнены, што апостал Ян пранёс гэтыя словы, як і пакаяньне за тую памылку маладосьці, праз усё сваё жыцьцё.
Вяртаючыся да Барнабы заўважым, што менавіта ён дапамог падняцца Яну Марку на вялікае служэньне. Не дарма ж Барнаба быў сынам Суцешніка. Але стаўленьне Марка на служэньне сустрэла прынцыповае адмаўленьне з боку Паўла, які быў на той момант безумоўным лідарам і апосталам паганаў: «А праз колькі дзён сказаў Павал да Барнабы: «Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведвалі слова Госпадава, як яны маюцца». Барнаба ж пастанавіў узяць з сабою Яна, называнага Маркам. А Павал лічыў ня вартым браць яго з сабою, бо ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на гэтую справу. Тады сталася спрэчка, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр» (Дзеі 15:36-39). Павал, чалавек па характару даволі строгі, разважыў па простаму пра тое, што калі чалавек здрадзіў адзін раз, дык дзе ўпэўненасьць, што гэта не адбудзецца яшчэ. Гэта чалавечы бок апостала і ён, як дарэчы і ў кожнага з нас, праяўляўся ў жыцьці і служэньні Паўла.
Шляхі Барнабы і Паўла, а дакладней Паўла і Барнабы разыйшліся. І з крыўдаю. Як жа гэта можа быць паміж братамі ў Ісусе Хрысьце? Безумоўна тое, што няма дасканаласьці Божай ні ў якім хрысьціяніне, але безумоўна і тое, што Марк, Барнаба і Павал слухаліся Духа Сьвятога і, ў рэшце рэшт, аб’ядналіся ў сваім служэньні. Барнаба ўзяў на служэньне Марка і адплыў на выспу Кіпр. Ён бачыў погляд Марка на свае памылкі і ягонае жаданьне служыць. У гэтым увесь Барнаба (сын Суцешніка), які добра ведаў здраду, пакаяньне і служэньне Пятра. Чаму б ня даць гэтую магчымасьць і Марку, які прайшоў свой асабісты шлях праз свае памылкі да сапраўднага служэньня Ісусу Хрысту.
І вось вынік. Марк, сваім служэньнем, даў падставу да таго, каб вызначыць яго вялікім апосталам Ісуса Хрыста. Недарма ж, шмат гадоў пасьля, Павал у пасланьні да Цімафея паклікаў яго да сябе: «Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня» (2 Цім 4:11). Тагачасны лідар хрысьціянскае царквы Павал паклікаў Марка да сябе і менавіта ў гэтым другі вялікі вынік хрысьціянскага жыцьця Барнабы. Пасьля выніку першага, калі Барнаба ўзьняў на служэньне апостала Паўла, атрымаўся вынік і другі, калі ён даў магчымасьць стаўленьню Марка, як адданага служыцеля Ісуса Хрыста. Так, Барнаба не адзначыўся ў пасланьнях Новага Запавету, але ён выхаваў і даў нам такіх вялікіх апосталаў, якія данесьлі нам праўду і слова Ісуса Хрыста.
Няхай жа і ўсе мы, нягледзячы на ўсе свае злачынствы перад Госпадам (Саўл-Павал) і свае памылкі перад Ім (Ян Марк) будзем імкнуцца да Госпада. І няхай каля кожнага з нас будзе свой Барнаба (Ёсія). Амэн.
Свидетельство о публикации №225121701488