Кровь Иисуса Христа
«У Якім маем адкупленьне праз Кроў Яго,
адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі
Яго, якую Ён шчодра зьявіў нам ва ўсякай
мудрасьці і разуменьні» (Эф 1:7-8).
Для многіх і многіх людзей Кроў Ісуса Хрыста, як дарэчы і іншая кроў, ня мае вялікага значэньня і таму ня мае вялікай каштоўнасьці. Але, чаму гэта так? Чаму мы ня бачым таго, што пралітая кроў азначае ня што іншае, як прабачэньне і вызваленьне ад грэху? Давайце зьвярнемся да Слова Божага, каб вызначыцца ў гэтым пытаньні.
«І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Эгіпецкую» (Вых 12:13). Стары Запавет кажа нам пра дабраславеньне Ізраілю, дзякуючы менавіта крыві ахвярных ягнятаў. Зьвярнем увагу на словы «І ўбачу кроў і прайду міма вас». Бог кажа пра тое, што Ён захавае жыцьцё тым, хто пакажа Яму ахвярную кроў. Так Бог захоўваў жыцьцё Свайго народа ў ранейшым, так Ён захоўвае і нашае жыцьцё, калі бачыць ахвярную Кроў Ісуса Хрыста. Бог павінен бачыць кроў. Кроў ахвяры. Але што гэта такое – кроў?
У фізічным сэнсе, кроў – гэта той элемент, які сваім дзеяньнем трымае жыцьцё кожнай жывой істоты. Няма крыві, няма і жыцьця, бо менавіта кроў разносіць усім часткам нашага цела тую ежу, якая неабходная для існаваньня кожнага жывога Божага стварэньня. Кроў мае вельмі складаны склад. Прыкладна 200 элементаў складаюць тое, што мы называе крывёю. Кроў нясе ў сабе жыцьцё і мы жывем дзякуючы крыві. Кроў вельмі каштоўная для нас. Нашая кроў. Але пралітая Кроў Ісуса Хрыста. Што яна для нас? Якую каштоўнасьць мае яна для нас? На жаль, для многіх людзей Кроў Ісуса Хрыста ня мае вялікай каштоўнасьці. І мы не зразумеем гэтага да таго часу, пакуль не зразумеем, што кроў, сама па сабе, вельмі каштоўная для Бога, бо толькі праз кроў людзі ўсіх вякоў атрымлівалі прабачэньне за сваё грахоўнае жыцьцё.
Нагадаем, як пралілася першая кроў і кім яна была пралітая. Адам і Ева зграшылі, наклікаўшы на сябе сьмерць. Але яны не памерлі, бо любячы Бог першым праліў кроў жывёлаў, каб пакрыць голыя целы Адама і Евы: «І зрабіў Госпад Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх» (Быц 3:21). Такім чынам, праліцьцём нявіннай крыві, былі памілаваныя першыя грэшнікі. Далей мы бачым, як кроў ахвярных ягнятаў дае бясьпеку і збаўленьне народу Ізраіля пры выхадзе яго з Эгіпту. Бог пастанавіў гэтую працэдуру, каб кроў ахвярнай жывёлы пакрывала грахі чалавека, бо ў момант прынашэньня ахвяры, накладаньнем рук, пераходзілі грахі чалавека на жывёлу, якая з бязьвіннай ператваралася ў грэх і таму павінна была праз праліцьцё крыві памерці. Так было ў Ізраілі, так было ў Юдэі, так было ў-ва ўсім Старым Запавеце. Сьвятар уваходзіў з гэтай крывёю ў сьвятая сьвятых і крапіў ёю каўчэг запавету.
І вось, Ісус Хрыстос прымае ўвесь грэх гэтага сьвету і Сам становіцца грэхам, каб памерці праліўшы Сваю Кроў за нас. Дасканалая і апошняя Ахвяра, каб даць нам магчымасьць вярнуцца да Айца і атрымаць тое, што ўсе мы згубілі ў Адаме – прысутнасьць Госпада і ўсе тыя дабраславеньні, якія мы згубілі праз грэх Адама. Уваскросшы Ісус уваходзіць да Айца са Сваёй Крывёю, як Сьвятар і Ахвяра адначасова. Нам трэба болей разважаць пра кроў, каб ведаць сьвятую сутнасьць і сьвятую каштоўнасьць Крыві Ісуса Хрыста.
Кроў – гэта кошт выкупу, дзякуючы якому мы атрымліваем збаўленьне. Па сутнасьці, усе мы былі згубленыя для Бога, бо Бог згубіў нас бунтам Адама, таму што ня можа праведны Бог цярпець грэх. Плата за грэх – сьмерць. Але Бог любіць нас і ня хоча нашай сьмерці. Ён хоча вярнуць нас да Сябе. Але як? На пачатку кроў беззаганных ягнятаў пакрывала грахі чалавека і такім чынам захоўвалася нейкая раўнавага ў адносінах паміж Госпадам і чалавекам. Чалавек, згублены Госпадам, вельмі падобны на нейкую каштоўную рэч, якую нехта аднёс у ламбард. З аднаго боку, яна прыналежыць яму, але з іншага боку, яна лічыцца страчанай да таго часу, пакуль гэты нехта ня прынясе ў ламбард выкуп і не набудзе яе зноў. Кроў Ісуса Хрыста, вось кошт нашага выкупу з ламбарду грэшнага сьвету. Але ніхто няхай ня думае, што гэта плата д’яблу за выкуп з ягонага рабства. Гэта плата Айцу за нас, за нашае збаўленьне і вяртаньне ў Ягоную прысутнасьць, бо без праліцьця Крыві ня можа быць прабачэньня ад праведнага Айца. Што яшчэ мы павінны ведаць пра кроў?
Кроў мае голас. Пісаньне зьвяртаецца да нас: «Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў, да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых, і да Пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць» (Геб 12:22-24). «Якая лепш за Абэлеву гаворыць» - так кажа Госпад. Пра што ж казала пралітая кроў Абэля? Яна крычала з зямлі, патрабуючы адплаты: «І сказаў Госпад: “Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй”» (Быц 4:10-11). Але ня так з Крывёю Ісуса Хрыста, бо яна кажа пра міласьць і прабачэньне тых, хто заслугоўвае сьмерці за свае грахі. Без праліцьця крыві не бывае прабачэньня за нашыя грахі, бо кожны грэх вядзе да сьмерці і толькі пралітая Кроў Ісуса Хрыста дае нам прабачэньне праведнага Айца. Але Кроў Хрыста ня будзе каштоўнай, калі мы не зразумеем, што яна робіць для нас.
Кроў Хрыста перамагае хлусьню д’ябла.
«І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: “Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым. І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы сваёй аж да сьмерці» (Адк 12:10-11). Апостал Ян называе д’ябла паклёпнікам, які засмучае сэрцы людзей ўкладаючы ў іх пачуцьце віны. Віны перад Госпадам, віны перад роднымі, віны перад грамадзтвам і гэтак далей. Наогул, мэта д’ябла ў тым, што ён, сваёй хлусьнёю, намагаецца адарваць чалавека ад Бога, процідзейнічаць вяртаньню чалавека ў прысутнасьць Госпада і такім чынам накіроўваць яго да пагібелі ў вечнасьці. І калі мы ня ведаем, як адолець гэтае пачуцьце, дык і набываем сабе дэпрэсію ды прыгнячэньне, а значыць губляем радасьць жыцьця. Просты прыклад. Мы згубілі грошы і грошы немалыя. Як мы сябе паводзім? Большасьць з нас пачынае абвінавачваць сябе ў тых абставінах ці тых асабістых недарэчнасьцях пры якіх усё гэта здарылася. Але, ці павінны мы сябе так паводзіць? Ці не павінны мы разумець, што мы ёсьць для Госпада каўтоўшасьцю нашмат большай, чым любыя грошы сьвету. Дзеля таго Ісус Хрыстос праліў Сваю Кроў, каб мы былі свабодныя ад цяжару віны і пазбавіліся грэху: «У Якім маем адкупленьне праз Кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго» (Эф 1:7). Марцін Лютар неяк заўважыў, што гэта ёсьць блюзьнерства, калі мы пачнем забіраць назад тыя грахі, якія ўскладзены на Ісуса Хрыста. Кроў Ісуса Хрыста збаўляе нас ад хлусьні д’ябла.
Кроў Хрыста апраўдвае і прымірае нас з Богам.
«Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы крывёю Ягонай, збаўленыя будзем праз Яго ад гневу. Бо калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, шмат больш, пагадзіўшыся, будзем збаўленыя праз жыцьцё Ягонае» (Рым 5:9-11). Бог запрашае нас да прымірэньня, калі апраўдвае нас праз ахвяру Ісуса Хрыста, якую прыносіць Ён Айцу для нас і дзеля нас. Не за нашыя заслугі і нейкія добрыя справы апраўдвае нас Бог, але адзіна Кроўю Ісуса Хрыста, якая пралілася як пакараньне за грахі гэтага сьвету.
Кроў Хрыста ачышчае нас.
«Бо калі кроў валоў і казлоў і попел каровы, пакрапіўшы апаганеных, асьвячае іх дзеля чыстасьці цела, наколькі больш кроў Хрыста, Які праз Духа вечнага прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых справаў дзеля служэньня Богу Жывому» (Геб 9:13-14). Усьведамленьне нячыстага сумленьня аддаляе нас ад Бога. Але задача Крыві Хрыста ў тым, што акрапіўшы нас ёю, Ён ачышчае нашае сумленьне, каб наблізіць нас да Айца. Як жа Кроў Ісуса Хрыста акрапляе нашыя сэрцы, каб ачысьціць нас? Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.
Ісус Хрыстос акрапляе нас Сваёй Крывёю ў той момант, калі мы прымаем збаўленьне, якое прыходзіць да нас з Крыжа на Галгофе. І гэта не фізічнае акрапленьне, але законны духоўны акт. Акрапленьне Крывёю Хрыста нашых сэрцаў – гэта адказ на нашую веру. Да таго часу, пакуль мы не паверым у сілу Ягонай ахвяры на Крыжы, Кроў Ісуса Хрыста ня можа даць нам збаўленьне: «Якога Бог пастанавіў быць ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у час цярплівасьці Божае, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса» (Рым 3:25-26).
Але як нам ведаць, што Кроў Хрыста акрапляе нашае сэрца? Калі мы заклікаем да Сьвятога Духа і дазваляем Яму выкрываць цемру нашых сэрцаў, дык мы можам быць упэўненымі, што знаходзімся пад пакрывай Крыві акрапленьня: «А калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, маем супольнасьць між сабою, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху» (1 Ян 1:7). Калі мы, знаходзячыся пад уціскам д’ябла, з вераю абвяшчаем сілу і ўладу Крыві Ісуса Хрыста, дык таксама можам быць упэўненымі, што маем пакрыву Крыві акрапленьня. Мірнае і чыстае сумленьне – гэта тая азнака Крыві акрапленьня, якая ачышчае нашае сэрца.
Кроў Хрыста дае нам Новы і вечны Запавет.
«І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: “Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне”. Гэтак сама і келіх узяў пасьля вячэры, кажучы: “Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца”» (Лук 22:19-20).
Калі мы прыходзім да Крыві Ісуса Хрыста, мы, Духам Сьвятым, зьвяртаемся да Слова Божага – Пісаньня. Навошта Сьвяты Дух распальвае ў нашых сэрцах агонь, які выклікае патрабавальную смагу да пазнаньня Старога і Новага Запаветаў? Упэўнены, што гэтая смага ўзьнікае як вынік акрапленьня нашага сэрца Крывёю Таго, Хто праліў яе за нас з вамі. І няхай мы гэтага, адразу, як сьлед, не разумеем, але мы, амаль што падсьвядома, імкнемся да вывучэньня Старога Запавету, як той глебы, на якой узыйшоў Новы і вечны Запавет, які адлюстроўвае вяртаньне згубленага народа да свайго Госпада. Вяртаньне няпростае, бо мы выкупленыя з няволі вялікім коштам – праліцьцём нявіннай ахвярнай Крыві Ісуса Хрыста.
І вось, прыступаючы да вывучэньня кнігі Быцьця, мы са зьдзіўленьнем выяўляем, што Стары Запавет распавядае пра праведнае жыцьцё чалавека на ня больш, чым на 1,5 старонкі, якія зьмяшчаюцца ў кнізе Быцьця. Паглядзем, што сказана ў першым разьдзеле: «І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства нашага» (Быц 1:26). У дваццаць шостым вершы, упершыню ўзгадваецца чалавек, як стварэньне Бога. На працягу наступных дваццаць восьмага і дваццаць дзевятага вершаў гэтага разьдзелу Бог настаўляе чалавека, як жыць на зямлі. І толькі на працягу другога разьдзелу, а гэта дваццаць пяць вершаў, Адам і Ева вядуць праведнае жыцьцё ў прысутнасьці Бога. І ўсё, бо ўжо ў першым вершы трэцяга разьдзелу зьмей кажа жанчыне: «Ці сапраўды сказаў Бог: “Ня ежце ні з якога дрэва ў раі» (Быц 3:1).
Так скончылася праведнае жыцьцё чалавека, з адпадзеньнем чалавека ад Бога, і пачалася іншая гісторыя – гісторыя збаўленьня і вяртаньне чалавека ў прысутнасьць Госпада. Бог ня кінуў Сваіх неразумных стварэньняў, але накіроўваў іх пры дапамозе Сваіх запаветаў. Ён дае запаветы Ною, Абрагаму, Майсею, Давіду і гэтак далей. Мы ня будзем падрабязна разглядаць старазапаветныя пасланьні Госпада, але зазначым, што менавіта яны складаюць тую глебу, на якой і вырастае Новы і вечны Запавет. Вечны – таму што непарушны. Чаму?
Бог – па-над усім і таму мае вечную, незьмяняльную, а значыць і непарушную прыроду. Сувязь Айца і Сына - гэта непарушная сувязь, бо гэта сувязь Бога Айца і Бога Сына. Новы Запавет заснаваны на Крыві Сына і таму мае вечны і непарушны характар. Ня будзе іншага. Апостал Павал кажа: «І дзеля гэтага Ён — Пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня парушэньняў, што былі пры першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне» (Геб 9:15). Іншымі словамі, Ісус Хрыстос запрашае нас да той вечнай спадчыны, што мы ўсе згубілі ў Адаме і таму мы становімся часткаю непарушнага Новага і вечнага Запавету. Аб’яднаныя і ачышчаныя Крывёю Ісуса Хрыста: «Бо ўсе вы — сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся» (Гал 3:26-27).
Тыя, хто апрануўся ў Ісуса Хрыста, павінны ўсьведамляць, што мы выкупленыя Крывёю Хрыста і таму прыналежым Яму. Як Ён перамог сьмерць і грэх, так і мы ёсьць пераможцы ў Хрысьце Ісусе. Ён атрымаў перамогу для нас. Ягоная Кроў перамагла. І таму, мы павінны абвяшчаць перамогу Крыві Ісуса Хрыста. Мы ачышчаныя і апраўданыя, мы абароненыя і выкупленыя Крывёю Хрыста. Каб быць, па пастанове Новага і вечнага Запавету, разам з Ісусам Хрыстом. На вякі вякоў. Амэн.
Свидетельство о публикации №225121701798