Крик к Господу
«І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых
ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: “Зьлітуйся нада
мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!”» (Мац 15:22).
Па-першае, вызначымся геаграфічна пра тое, дзе адбываўся гэты эпізод служэньня Ісуса Хрыста, а па-другое – чаму Ён там апынуўся разам са Сваімі вучнямі. У зямлі Генісарэцкай Ісус даводзіць да вучняў Сваіх разуменьне таго, што на самой справе апаганьвае чалавека – чысьціня рук ці тое злое, што выходзіць з вуснаў чалавека. Мы бачым гэта, як адказ на пытаньне фарысэяў, якія прыйшлі аж з Ерусаліма, а гэта значыць, што яны пераадолелі даволі працяглы шлях. Фарысеі задаюць даволі простае пытаньне: «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб» (Мац 15:2). Ня вельмі верыцца ў тое, што вучні Ісуса, выхаваныя на законе Майсея, ня мылі рукі, калі садзіліся за стол. Можа недзе ў дарозе? Справа зусім ня ў гэтым, а ў тым, што фарысэі і кніжнікі зусім не дарма прыйшлі з Ерусаліма, бо мелі намерам сваім перашкодзіць служэньню Ісуса Хрыста. Якім чынам? Падрабязнасьцяў Мацьвей нам не даносіць, але кажа пра тое, што Ісус уходзіць ад Сваіх перасьледнікаў у зямлю паганаў: «І вышаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону» (Мац 15:21). З тагачаснай мапы мы можам пабачыць, што Тыр і Сідон – гэта ў жо не Галілея Ірада Анцыпы, а тэрыторыя кіраваньня праконсула Сірыі, дзе жылі, ў асноўным, пагане хананеяне.
Каб лепш адчуць тое, што адбывалася на шляху Ісуса сярод гэтых паганаў, трэба ўявіць сябе сярод тых людзей, якія атачылі Ісуса са Сваімі вучнямі. Нейкая жанчына з паганаў громка крычыць скрозь натоўп: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!» Гэтая жанчына добра ведала, што рабіла, бо зусім верагодна тое, што чуткі пра цуды Ісуса дасягнулі ўжо і гэтай зямлі. Тым больш, што ў сям’і гэтай жанчыны было вельмі нядобра – апанаваная дэманам дзяўчына. Жанчына хананэйка тройчы назвала Ісуса Госпадам, а яшчэ і Сынам Давіда. Яна зразумела ў Ім ня толькі Мэсію для юдэяў, але і Госпада для ўсіх астатніх народаў. Разуменьне гэтай жанчына нараджае веру, такую моцную, што яна пераадольвае ўсе перашкоды – спачатку маўчаньне Ісуса і непрыязнасьць Ягоных вучняў, а потым і наогул адмову Госпада, Які кажа: «Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам» (Мац 15:26). Яе не пакрыўдзіла тое, што яе, як паганіна, назвалі сабакай, бо ў сустрэчы з Госпадам, яна паставіла веру вышэй за ўсё. Словы Ісуса гучаць вельмі жорстка і таму многім людзям не зразумела, як гэта Ісус мог ня толькі абразіць, але і адмовіць чалавеку, які Яго вельмі моцна патрабуе. Ці можа доктар адмовіць чалавеку ў дапамозе толькі на той падставе, што хворы іншай нацыянальнасьці? Што азначаюць словы Ісуса?
Крыху раней Ісус пасылаў Сваіх апосталаў у народ, каб абвяшчаць Валадарства Нябеснае і рабіць цуды ад імя Хрыста: «Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: “На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце, а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі. Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае. Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце» (Мац 10:5-8). Усё гэта ведала хананэйка. Але ж чаму ўсё гэта толькі Ізраілю? Пакуль Ізраілю, бо менавіта Ісус павінен быў абвесьціць гебраям тое, што яны так доўга чакалі. Абвесьціць пра тое, што Бог выконвае Свае абяцаньні, а Сам Ісус зьяўляецца Хрыстом – Божым памазанікам і сапраўдным Валадаром. Пра гэта кажа Стары Запавет, што пасланьне пра Божае Валадарства было прызначана для Ізраіля, праз якога Слова Божае павінна было распаўсюдзіцца на ўвесь астатні сьвет. І таму Ізраіль павінен быў пачуць Эвнгельле першым з народаў. Але будучае ўрывалася ў зямное жыцьцё і служэньне Ісуса Хрыста.
Ісус раней казаў ужо пра вельмі моцную веру рымскага сотніка: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры» (Мац 8:10), а зараз бачыць такую ж веру ў хананэйкі. Якая, дарэчы, добра разумее, што Ісус павінен клапаціцца ў першую чаргу пра «дзяцей» - сваіх суайчыньнікаў, але яна абарочвае словы Ісуса на сваю карысьць кажучы: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх» (Мац 15:27). Вельмі паказальна тое, што гэтая жанчына з пакорай прымае слова «сабака», якім у тыя часы звычайна азначалі паганаў, але яна пры гэтым настойвае на сваім. А гэта азначае, што яна верыць у тое, што ізраільскі Мэсія можа ацаліць людзей усяго сьвету і таму паганам таксама будзе дадзена Ягоная каштоўная «ежа».
«І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх, так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля» (Мац 15:30-31). Вызначым з гэтага словы «І славіў Бога Ізраіля». Гэтыя словы падказваюць нам, што чатыры тысячы чалавек, накормленыя Ісусам некалькімі хлябамі, былі калі ня цалкам, дык у большасьці сваёй паганамі. Сумесна з жанчынай хананэйкай, а раней з рымскім сотнікам і яшчэ ранейшымі мудрацамі яны сымбалізуюць тую вялікую колькасьць паганаў, якія ўвальюцца ў Царкву Хрыста ўжо пры жыцьці апостала Мацьвея. Ісус ладзіць сьвята ўсім гэтым людзям, як выкананьне ранейшых прароцтваў пра тое, што прыйшоў ужо час падзяліць дабраславеньне, дадзенае Ізраілю. Мацьвей пацьвердзіць гэта пазьней словамі Ісуса да Сваіх вучняў: «Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн» (Мац 28:19-20).
Жанчына хананэйка, пры сустрэчы з Госпадам, дае нам прыклад цьвёрдай і настойлівай веры. Яна не зьвяртала ўвагі на рэакцыю натоўпу і крычала да Бога. Гэта была яе малітва ўголас. Настойлівая і шчырая. Ці заўсёды адразу адказвае нам Бог на нашыя малітвы? Не, не заўсёды. Гэта мы хочам усё і адразу, але Госпад ведае парадак рэчаў і дае нам Свае дабраславеньні ў патрэбны і вызначаны для нас час. Мы ж, у скарэньні сэрца, павінны крычаць да Бога настойліва і ў вялікай веры. Каб і мы пачулі ў адказ ад Ісуса Хрыста тое, што пачула ад Яго жанчына хананэйка: «Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш» (Мац 15:28). Амэн.
Свидетельство о публикации №225121701845