Дар Божий

ДАР БОЖЫ


«Бо ласкаю вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад
вас — Божы дар» (Эф 2:8).

«Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай вы збаўленыя, — і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе. Бо ласкаю вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар: не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. Бо мы — твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі» (Эф 2:4-10).

У гэтым звароце да эфесянаў апостал Павал кажа пра збаўленьне. Ён кажа пра тое, што хрысьціянінам становіцца той, хто атрымлівае збаўленьне. А атрымлівае збаўленьне той, хто яго шукае. Значыць хрысьціянінам можа стаць той, хто шукае збаўленьня. Гэтыя пошукі зьдзяйсьняюцца людзьмі розных узростаў і па рознаму. Дзіця ці юнак ходзіць у нядзельную школу пры царкве і вывучае там асновы Бібліі. Дарослы ці сталы чалавек, ня ведаўшы гэтага раней, упершыню бярэ ў свае рукі Біблію і ўпершыню разгортвае яе, каб атрымаць ад Бога адказы на пытаньні свайго сэрца. Усё гэта азначае, што ідзе пошук – пошук збаўленьня. Але як быць з вынікам, таму што жыцьцё падказвае нам, што ня ўсякі пошук прыводзіць да жаданага выніку, бо вынікі могуць быць і адмоўныя. Чалавек шукае і Бог бачыць усё гэта, як бачыць і стан чалавечага сэрца, якое ёсьць ініцыятарам гэтага пошуку. Якое яно, гэтае сэрца? Зацікаўленае пазнаць ці атрымаць пэўную інфармацыю гэтага працэсу? А можа гэта крык стомленага сэрца, каб знайсьці шлях да Бога, а значыць і да збаўленьня? Госпад добра бачыць усё гэта і безпамалкова вырашае, каму падараваць гэтае збаўленьне.

Апостал Павал кажа, што выратаваньне праз веру, што ёсьць збаўленьне, - гэта дар Божы. Дар, якога ніякі чалавек ніяк не заслужыў. Ніякія добрыя дзеі, якімі могуць вызначацца многія людзі, тут ня ёсьць вырашальныя. Вырашае Сам Бог, гледзячы на сэрцы шукальнікаў гэтага. Мы тут ніяк ня кажам пра дары ад Бога, што ёсьць нашыя таленты і здольнасьці, якія падараваныя нам ад нараджэньня, але якія не даюць нам збаўленьня. Мы кажам пра Божы дар Самога Бога, Які прапануе нам Самога Сябе. І калі мы прымаем Яго ў сваё сэрца, дык ў Ім мы прымаем і збаўленьне.

Сам Бог даў нам Ісуса Хрыста, Які прыйшоў на гэтую зямлю, каб паслужыць людзям Сваёй сьмерцю дзеля гэтага шчырага Божага дара – дара збаўленьня. Ісус пражыў нялёгкае жыцьцё ў параўнаньні з многімі людзьмі ў-ва ўсе вякі, якія жылі нашмат больш лёгкім жыцьцём у адрозьненьні ад жыцьця Збаўцы. Ён спазнаў усе нашыя немачы, але не спазнаў грэху. Каб бязгрэшным памерці на Крыжы жахлівай сьмерцю дзеля тых, хто, шукаючы шлях збаўленьня, атрымае гэты Госпадаў дар. Чалавек ня можа сам сябе збавіць, бо ў нас няма такіх сілаў і заслугаў. Таму Хрыстос і прапанаваў Сябе людзям, як Божы дар. І калі мы прымаем Яго праз веру, дык мы прымаем гэты дар Божы, як збаўленьне ад сьмерці вечнай і набыцьцё вечнага жыцьця з Госпадам Ісусам Хрыстом.

Прыняўшы Ісуса Хрыста, як дар Бога, мы набываем бясьпеку. Падобна таму, як маюць бясьпеку дзеці ў прысутнасьці сваіх бацькоў. А наш бацька – гэта Бог, які заўсёды абароніць ад нягодаў і грэху, бо Ён заўсёды з намі, а мы заўсёды знаходзімся ў Ягонай прысутнасьці. Наогул, у сваім жыцьці, мы вядзем барацьбу, так ці інакш, за сваю бясьпеку. Яна, гэтая барацьба, не вычэрпваецца страхам нейкага гвалту. Яна пачынаецца з тугі па шчырым чалавечым узаемаадносінам. Дзіцёнку няма патрэбы выклікаць жаданьне апынуцца ў абдымках бацькоў. Тое ж тычыцца і сталых людзей, бо яны таксама смагнуць дотыку клапатлівых рук. Смага ж Божага дотыку – гэта смага адчуць сябе ў руках Бога. Таму, хто шчыра шукае Яго, Ён, рана ці позна, зьявіцца і кранецца гэтага шукаючага сэрца. І дасьць бясьпеку ад грэху гэтага сьвету.

Жывучы ў гэтым сьвеце мы назіраем вакол сябе людзей, якія ня маюць у сваім сэрцы Бога. Дастаткова паразмаўляць на тэму Эвангельля з кім-небудзь на вуліцы, на працы ці яшчэ ў якім іншым месцы. Карціна адказу будзе даволі сумная, бо самы папулярны адказ будзе пра тое, што гэты нехта (хто-небудзь) і так мае ў сваім сэрцы Госпада. Ня ходзячы ў царкву і не чытаючы Бібліі. Такое вось самаадчуваньне, а па сутнасьці – самападман. Але ня ўсё так проста і з тымі, хто ходзіць у царкву. Чаму мы так кажам? Проста таму, што гэта часта бывае фармальным, бо дае людзям нейкую асабістую задаволенасьць. І толькі, бо гэта не дае чалавеку веры. Гэта, як любоў няверуючага чалавека. Калі такі чалавек любіць, дык ён здольны нават і на подзьвігі. Але вось, любоў прайшла і ўсё стала нецікава. Ні той чалавек, ні ўсё тое, што зьвязанае з ім. Гэта пра тых, хто прыходзіць у царкву бяз веры і Хрыста ў сэрцы сваім. Мы ня будзем асабліва кранацца асьпекту матэрыяльнага, але трэба вызначыць і тое, што для некаторых людзей сувязь з царквой зьвязана з надзеяй пэўнага матэр’яльнага посьпеху ў сьвеце. Гэта значна ўплывае на ўзаемаадносіны з царквой і вельмі чапляе чалавека нябожага, які ўсьведамляе сьвет толькі сваім асабістым адчуваньнем.

Але Ісус Хрыстос стукаецца ў сэрца кожнага чалавека, бо таму Ён і памёр на Крыжы за ўсіх нас. Каб кожны чалавек меў магчымасьць вызначыцца з кім ён. З тым сьветам, у якім ён нарадзіўся ці з тым, што звыш таго. Менавіта дзеля гэтага Бог заснаваў Царкву. Царкву, якая павінна служыць чалавеку так, як служыў кожнаму чалавеку ў Сваім зямным жыцьці Ісус Хрыстос. І служыць зараз праз сваю сьмерць і ўваскрасеньне дзеля нас з вамі. Але можа стацца і так, што чалавек прыходзіць у царкву бяз веры, з нейкай зацікаўленасьцю ці ў сардэчных пошуках. З гэтага ёсьць толькі два выхады. Ці заставацца з тым з чым ты прыйшоў, ці ісьці да праўды – да Ісуса Хрыста. Ісус стукаецца ў сэрца кожнага чалавека, нават і таго, хто Яго не прымае. Стукаецца ў спадзяваньні, што яно адгукнецца на гэта і адкрые дзверы свае для ўваходу нашага Збаўцы Ісуса Хрыста, каб прыняць гэты каштоўны дар – самога Бога. Ісус стукаецца сьціпла і ў пакоры. Так, як гэта павінны рабіць і мы. Мы павінны ведаць, што пакора Хрыста, як і пакора хрыстовых – гэта выклік да кожнага чалавека гэтай зямлі дзеля таго, каб людзі жылі ў міры паміж сабою, у сабе, а значыць і з Госпадам. Чаму гэта так?

Сьвет створаны для цела, цела для душы, а душа для Бога. Але можна сказаць і словамі Тамаша Мэртана: «Мы ня можам мець мір з атачэньнем, таму што мы ня ў міры самі з сабою і гэта таму, што мы ня ў міры з Богам». Сьвет, цела і душа – гэта рэаліі таго, што сьвет створаны для цела, цела для душы, а душа для Бога. Але ёсьць падобныя, але іншыя рэаліі: іншыя людзі, мы самі і Бог. Ізаляваць кожнага з нас ад гэтых узаемаадносінаў немагчыма і таму чалавечая недасканаласьць ставіць, як мінімум, перад сабою некалькі пытаньняў. Па-першае, як спасьцігнуць гэты фізічны сьвет, часткай якога мы зьяўляемся, а па-другое, як быць з нашымі духоўнымі пошукамі і зямнымі ўзаемаадносінамі, якія складаюць, у большасьці, нашае жыцьцё? Адказ на гэтыя пытаньні адзіны – Ісус Хрыстос. Бо таму Ён і прыйшоў у гэты сьвет, каб абвесьціць Божае Валадарства, а Сваёй ахвяраю за нашыя грахі прымірыць нас з Богам. Прымірэньне ж з Богам азначае мір ў нашых сэрцах, а калі гэта так, дык будзе мір і паміж намі, а гэта значыць і у грамадзтве.

Прымірэньне з Богам і, як вынік, мір у сэрцы чалавека – гэта тое, што дае нам Сваёю сьмерцю за нас Ісус Хрыстос. І гэта той, ніяк не заслужаны намі, Божы дар, які мы можам прыняць, каб быць у міры з Богам, з самімі сабой і паміж сабой. Дар Бога прызначаны для нашага жыцьця ў сьвеце, для нашага збаўленьня і для нашага будучага жыцьця ў вечнасьці з Госпадам. Шчасьлівы той чалавек, які прымае гэты Божы дар і адкрывае сваё сэрца Ісусу Хрысту. А таму штодня трэба дзякаваць Богу за гэты цудоўны дар, якім ёсьць Ісус Хрыстос і маліцца за дар Бога, той дасканалы дар, які даў нам сам Бог. Амэн.


Рецензии