Злые виноградари

ЛІХІЯ ВІНАГРАДАРЫ


«Пачаў жа Ён гаварыць да народу гэткую
прыповесьць: “Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік,
і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. І ў
свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны
далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары,
зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым”» (Лук 20:9-10).

Гэта толькі пачатак гісторыі, якую пачаў распавядаць людзям Ісус Хрыстос. Няпростая гэта гісторыя. І вельмі трывожная. Трэба адзначыць, што прыповесьць Ісуса Хрыста больш доўгая, як і тое, што мы зараз чытаем, бо гэта толькі пачатак таго што Ён казаў першасьвятарам і кніжнікам. А найперш народу. Што ж жадаў перадаць нам у гэтай прыповесьці Ісус Хрыстос? Безумоўна тое, што мы бачым злачынцаў, якія ня хочуць аддаваць пладоў і нават, потым, забіваюць сына гаспадара. Пытаньне простае і разам з тым складанае. Хто ёсьць вінаградарамі і хто ёсьць іхнімі ахвярамі? Хто ёсьць вінагарадары і хто ёсьць мы? А праўда ў тым што злачынцы вінаградары – гэта мы, людзі. І гэтая прыповесьць Ісуса Хрыста пра нас.

Бог даў нам гэтую зямлю, але замест таго, каб аддаць належнае Госпаду, чалавек адвярнуўся ад Яго. Але і гэта чалавеку мала, бо ён патрабуе яшчэ і даплочваць за ягоную працу на гэтай зямлі. Як быццам бы Бог нешта павінен яму за гэта. Як кажа чалавек наконт прыручанай жывёлы: «Мы адказныя за тых, каго прыручылі». Але некаторым гэтага мала і яны адрасуюць гэтае выказваньне да чалавека, а нават і да Бога. Як быццам бы Бог адказны за чалавека і таму Ён павінен даць яму ўсё, што той хоча. Бог даў нам усё неабходнае для жыцьця і менавіта мы і ёсьць тыя самыя вінаградары–арэндатары, бо атрымалі ў карыстаньне тое, што самі не стваралі. Ці стваралі мы неба і зямлю? І ўсё, што ў іх? Ці самі сабе мы далі розум і здольнасьці? Ці стварылі мы сонца і зоркі сонечнай сістэмы? Ці наогул сусьвет? Не, не стваралі, бо нават і атэісты ня могуць пахваліцца гэтым. Але як мы паводзім сябе ў адносінах да таго, што дадзена нам бясплатна? Ды яшчэ і адмаўляем аддаць належнае Таму, хто даў нам усё гэта.

Прыповесьць Ісуса Хрыста мае даволі жорсткі сэнс, але не адносіцца да ўсіх без выключэньня ў роўнай ступені, бо напэўна ня ўсе вінаградары (мы), якія былі, ёсьць і будуць – маюць такі няўдзячны і жорсткі характар. Але ў той ці іншай ступені прыповесьць Хрыста тычыцца кожнага з нас. Ісус зьвяртае ўвагу на тое, што чалавек не жадае падпарадкоўвацца Госпаду і аддаваць Яму належную частку. І гэта тычыцца ня толькі матэр’яльнага здабытку, бо калі чалавек хлусіць ці крадзе, дык ён таксама ёсьць злачынцам перад Богам. Ісус распавядаў гэтую гісторыю юдэям, якія, дарэчы, прызнавалі і баяліся Бога. Але, звяртаючыся да іх, Ён зьвяртаўся і да ўсіх будучых пакаленьняў створанай Богам зямлі, разумеючы, што наш сучасны сьвет ня той – юдэйскі, дзе пакланеньне Госпаду было адзінадушным. І таму наш час прапануе розныя кропкі погляду на гэтую праблему. Мы маем на ўвазе атэізм, гуманізм і розныя ліберальныя плыні, якія ці адмаўляюць наогул існаваньне Бога, ці намагаюцца адвярнуць чалавека ад Госпада.

А яшчэ тое фармальнае хрысьціянства, якое вельмі распаўсюджана ў наш час. Людзі, якія прылічваюць сябе да хрысьціянства таму што жывуць у хрысьціянскай культуры (у асноўным праваслаўнай) паводзяць сябе так, як быццам бы Бог павінен быць для іх замест слугі, якому і плаціць за ягоныя паслугі зусім не абавязкова. Многія такія людзі хочуць толькі атрымліваць ад Яго на свае асабістыя патрэбы (даплату за сваё існаваньне і працу на гэтай зямлі), а не служыць Яму, аддаючы належнае. Адбываецца падмена паняцьцяў, дзе чалавек (вінаградар) адчувае сябе гаспадаром, які бачыць сапраўднага гаспадара тым, каму ён ня толькі нічога не павінен, але і намагаецца завалодаць ягонай спадчынай. Ці не дзікунства з боку людзей мы бачым у прыповесьці Ісуса Хрыста? Але, калі гэта тычыцца Бога? На колькі ж яно большае? Мяркуйце самі.

Да Бога ў нас заўсёды ёсьць прэтэнзіі, бо Ён не дае ці не заўсёды дае тое, што нам патрэбна. Для такіх людзей Бог - слуга чалавеку Але ці гэта так? Бог не наймаўся быць нам слугою і даваць нешта матэр’яльнае па першаму нашаму патрабаваньню. Сам жа чалавек ня хоча нешта аддаваць Богу, а калі і дае, дык патрабуе за гэтую сваю «шчодрасьць» нашмат большую паслугу. Гэта ў звычайным жыцьці. А калі ўзяць сітуацыю надзвычайную, дык мы вельмі здольныя абяцаць Госпаду «залатыя горы», каб толькі пазбавіцца цяжкасьцяў ці непрыемнасьцяў. Вось цудоўны і павучальны верш аднаго вернага служыцеля Ісуса Хрыста, як прыклад сваіх абяцаньняў чалавека Госпаду. Вярталіся два чалавекі з войску дадому, праслужыўшы гадоў нямала і таму вельмі імкнуліся да сваіх хатаў. І вось. Вёска ўжо зусім недалёка, але перад імі даволі вялікая рэчка, а час ужо вельмі халодны. Але зьвярнемся да арыгіналу:

З вайны дамоў удвух ішлі салдаты.
Хацелася хутчэй да роднай хаты.
Яшчэ дзён колькі, і канец нягодам,
але рака ім стала перашкодай.
Як быць? Хоць восень позьняя імжыцца,
пасталі на калені памаліцца.
Адзін натхнённа так гаворыць Богу:
«Каб перайсьці, зрабі для нас дарогу,
я ж сьвечку, бы альху пастаўлю дома…»
Штурхае ў бок яго другі сьвядома: -
А дзе для сьвечкі столькі воску знойдзеш? –
Маўчы, ня важна будзе, як пяройдзеш.

На жаль такія мы і ёсьць ў большасьці сваёй. Вялікі падман, калі будуецца жыцьцё чалавека бяз Бога. Але што ладнага ў тым, што зьвяртаючыся да Госпада з чым-небудзь, мы і не зьбіраемся адказаць ці паслужыць Яму? Альбо намагаемся ўступіць з Богам у нейкія камерцыйныя адносіны. Чалавеку заўсёды не хапае часу для Бога і асабліва, чамусьці, ў нядзелю, бо трэба падцягнуць хатнія справы, зьлётаць на рынак за харчам і адзеньнем. А што рабіць з бруднай бялізнай, якая назьбіралася за тыдзень і чакае свайго часу ў пральнай машыне? Цяжка жыць няверуючаму ці веруючаму фармальна. Наўкол адны клопаты. Як жа выглядаюць веруючыя ў вачах няверуючых, калі тыя ідуць разам з дзецьмі (у цудоўным сьвяточным настроі) на нядзельнае служэньне? Нейкія бесклапотныя героі. Але веруючы не герой. Ён сьвядома і шчыра ідзе ў царкву, каб аддаць належнае Таму, Хто даў нам усё, што мы маем, нават і жыцьцё Ісуса Хрыста.

Вінаградары і ёсьць гэтыя мы, якія лічаць не сваю маёмасьць сваім і намагаюцца пакінуць сабе не сваю спадчыну: «І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”. Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына» (Лук 20:13-14). Яны (і дзеці іхнія) маглі б вякамі карыстацца гэтым вінагараднікам, сумленна працуючы і пакідаючы ў сваё карыстаньне большую частку пладоў. Чалавек так чамусьці не разважае і лічыць, што аддаць гаспадару ўмоўленую ім частку сваёй працы, а значыць і часу - «несправядліва», бо мы, маўляў, працуем тут «у поце твару свайго», а ён там бярэ ад нас, нічога ня робячы. Што ў гэтым выпадку зробіць гаспадар вінаградніку?: «Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых і аддасьць вінаграднік другім. Тыя, што чулі гэта, сказалі: “Няхай ня станецца!» (Лук 20:16).

«Няхай ня станецца!» Хай ня будзе так з намі, бо Бог не дадатак майго жыцьця, але ўсё маё жыцьцё. Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. І веры. Аднойчы да Ісуса Хрыста зьвярнуўся юнак, які выконваў закон, шануючы бацьку і маці, але які жадаў ведаць ці дастаткова гэтага, каб увайсьці ў жыцьцё вечнае: «Кажа Яму юнак: “Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?” Ісус мовіў яму: “Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною”. Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць» (Мац 19:20-22). Гэта тычыцца большасьці з нас, нават і хрысьціянаў, бо свая маёмасьць (малая ці вялікая) зьяўляецца для большасьці іхнім богам. Яна для іх усё. А Бог сапраўдны, Хто, дарэчы, і даў ім гэтую маёмасьць атрымаў ролю паслугі. А павінна быць наадварот. І гэта ёсьць ключавое пытаньне для кожнага чалавека. Кожны з нас павінен даць на гэта адказ, бо кожны з нас, ад пачатку, знаходзіўся на неправільным баку (вінаградараў ў вінаградніку). А гэта вельмі складана і як мы бачым небясьпечна.

Можна шмат чуць пра тое, што жыцьцё веруючага чалавека – гэта даволі спрошчанае і нярадаснае жыцьцё. Цемра блытаецца са сьвятлом. Нібыта вера нешта адбірае ў чалавека і абмяжоўвае яго. Аддаваць Богу? Навошта, бо і самім не хапае. Я, па сутнасьці, бедны і няшчасны, а Бог нешта хоча яшчэ і адабраць. А калі я нешта і адшкадую Яму, дык Ён за гэта павінен тройчы адпрацаваць. А мо і болей. Чаму так адбываецца? Таму што мы ворагі Богу, але куды мы можам уцякчы ў сваёй варожасьці да Яго? Да моцных гэтага сьвету? Вось прыклад з нашага сучаснага жыцьця. У нашай краіне людзі баяцца прэзідэнта нашмат болей за Бога. Ну і сапраўды. Для няверуючага чалавека ліст з нейкаю скаргай ці пажаданьнем да прэзідэнта мае нашмат большы сэнс, чым малітва (зьвяртаньне) да Бога. Чалавек ня верыць, што Бог можа даць больш за кіраўніка дзяржавы. Бог недзе там, а кіраўнік тут, побач, а таму і вырашэньне пытаньня можа быць хуткім. І рэальным. Але гэта ёсьць тыя самыя граблі, якія вельмі б’юць па чалавеку. Зноў і зноў. Калі мы баімся вінаградараў больш за гаспадара, дык што добрае мы можам чакаць у сваім жыцьці?

Мы зноў зьвяртаемся да Ісуса Хрыста, Які для таго і прыйшоў, каб пытаньне жыцьця і сьмерці чалавека магло вырашыцца. Каму да сьмерці, а каму да жыцьця. Кожны няхай выбірае сам. Сын Божы, як і сын гаспадара вінаградніку, прыйшоў да нас (ліхіх вінагарадараў), каб абвесьціць праўду гаспадара. І атрымаць прабачэньне. І вось выбар. Ці мы з вінаградарамі, якія ўчынілі ліхое, ці мы з Сынам Божым, Які дае нам спадчыну Айца і жыцьцё вечнае. Альтэрнатыва перад намі. Заб’ем Яго ў сэрцы сваім (як вінаградары забілі сына гаспадара), каб завалодаць спадчынай Айца. Ці скарымся перад Ім, аддаўшы Яму належнае. Але ці могуць мець спадчыну забойцы? І што зробіць Айцец з тымі, хто забіў Сына ў сэрцы сваім? Прыповесьць Ісуса адказвае на гэта. Сьмерць – гэта тое, што чакае бязбожніка, бо гэта і ёсьць вінагарадар, які ўзбунтаваўся супраць гаспадара вінаградніку.

Калі мы паверылі ў Ісуса Хрыста, дык атрымалі надзею ў адзіную магчымасьць мець жыцьцё і пазбавіцца сьмерці вечнай. Нягледзячы на тое, што ліхія вінаградары могуць нас пабіць, а нават і пакалечыць. І калі мы прыходзім у сьвет (да вінаградараў), каб несьці праўду Айца, Сына і Сьвятога Духа, дык ня факт, што мы не пацерпім ад гэтага. І таму мы зьвяртаемся да Госпада з тым, каб ліхія вінаградары пакаяліся перад Ім і прынялі з радасьцю тое, што даў ім Бог, для жыцьця вечнага. І з Ім. Амэн.


Рецензии