Мессия, которого никто не ждал
«Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але
замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду,
памыў рукі перад натоўпам, кажучы: “Бязьвінны я
ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце”. І,
адказваючы, увесь народ сказаў: “Кроў Ягоная на
нас і на дзецях нашых!” Тады ён вызваліў ім
Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў
укрыжаваны» (Мац 27:24-26).
Калі першасьвятары і старэйшыны народу аддалі Яго на суд Пілату, той не знайшоў ніякай віны ў арыштаванага Ісуса. Але ўлічваючы ўціск першасьвятароў на асуду Хрыста, ён вырашыў прапанаваць народу наступнае. Згодна традыцыі, рымскі пракуратар да сьвята Пасхі збаўляў з няволі аднаго з трох асуджаных на сьмерць злачынцаў. Ён памылкова спадзяваўся, што натоўп выбярэ сярод сапраўдных злачынцаў Яго, Ісуса, і тады Пілат змог бы адпусьціць Яго па міласэрнасьці, але не справядлівасьці. Безумоўна тое, што гэты крок Пілата быў хітрым крокам, але людзі перашкодзілі гэтаму, патрабуючы, каб пракуратар вызваліў злачынцу і забойцу Бараббу. Вось тут і узьнікае пытаньне. Чаму людзі не скарысталі прапанову Пілата, каб вызваліць Ісуса, але выбралі на збаўленьне Бараббу?
Каб працягнуць гэтую гісторыю перанясемся на нейкі час у нашую сучаснасьць. Чаму? Каб пабачыць, што нічога істотна, з тых часоў, не зьмянілася. Мы ня больш праведныя, чым людзі ад пачатку стварэньня і тым больш чым гебраі пад час зямнога жыцьця Ісуса Хрыста. Наогул падзеі вакол Хрыста выходзяць за межы рэлігіі, бо кранаюць палітычныя асьпекты нашага жыцьця. І ня толькі палітычныя, але і тое, што атачае нас кожны дзень нашага жыцьця. На жаль ня ўсё так проста, бо шмат тых, хто называе сябе хрысьціянамі прынялі стандарты старажытнай Грэцыі ці Рыма, дзе рэлігійныя абрады аддзяляліся ад звычайнага штодзённага жыцьця, а значыць і ад палітыки. Але вярнемся ў час жыцьця і служэньня Ісуса Хрыста.
Юдэя. Адзіная краіна тагачаснага сьвету, дзе не было падзелу на рэлігійнае і грамадзкае жыцьцё. Фарысеі, садукеі і іншыя – гэта тыя рэлігійна-палітычныя партыі, якія і ўплывалі на грамадзкае жыцьцё сваёй краіны. Але вось здараецца тое, што запланаваў Сам Бог. Прышэсьце Свайго Сына Ісуса Хрыста. Даволі звычайным і «незвычайным» чынам – нараджэньнем Чалавечым Сынам, будучы Сынам Божым. Ісус увайшоў у гэтую вельмі складаную палітычную і грамадзкую сітуацыю. Уявім сябе Юдэю таго часу. Тэрыторыя акупацыі Рыма з адпаведнай уладаю. Пракуратар Понці Пілат, мытная служба і гэтак далей. Гэта ўлада Рыма. Але была і ўлада грамадзкая – першасьвятар і сынедрыён, якія і вызначалі жыцьцё народа па Пісаньню ад Майсея.
Што ж чакалі гаераі, якія ведалі закон Майсея і увогуле Стары Запавет? Яны чакалі Мэсію – Валадара, Які вызваліў бы іх з няволі Рыма і аднавіў ранейшы Ізраіль. Ранейшае і цудоўнейшае валадарства часоў валадара Давіда. Валадарства, дзе ніякім чынам ня будуць панаваць неабрэзаныя пагане. Але вось.
Ісус з Назарэту абвесьціў пра Божае Валадарства, якое прыйшло для збаўленьня грэшнікаў і каб даць ім цудоўнае Божае грамадзянства ў адзінстве з Ісусам Хрыстом. За Ім хадзілі розныя людзі. Тут былі апосталы, а сярод іх і Юда Іскарыёт. Хадзілі таксама і фарысэі з садукеямі. Розныя людзі, нават і мытнікі, і разбэшчаныя жанчыны. Шмат хто з іх зразумеў Хрыста і стаўся вучнем Яго. Наогул фарысэі былі вельмі пабожнымі людзьмі, якія ня блага ведалі Пісаньне. Фарысэй Саўл (Павал) быў вельмі пабожным і адукаваным юдэем. І хоць ён не вучыўся непасрэдна ў Ісуса Хрыста, але быў пакліканы Ім, каб служыць Яму, распаўсюджваючы Добрую Вестку сярод элінаў і іншых народаў. Трэба адзначыць, што садукеі не пайшлі за Ісусам Хрыстом, бо ня верылі ў ўваскрасеньне. Але за Ім ішлі зілоты, тагачасныя тэррарысты, якія праз Юду Іскарэёта мелі намер упэўніць Хрыста на палітычныя зьмены ў краіне, каб усталяваць адроджанае валадарства Давіда пад кіраўніцтвам Ісуса Хрыста.
Дык вось. Ісус стаяў перад народам, які, гледзячы на Яго, разважаў пра простае (але разам і складанае): «Хто такі Ісус з Назарэту?» Чаму Яго сустракаў Ерусалім як Валадара і Сына Давіда? Ці не таму, што народ чакаў менавіта гэтага: «А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: “Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!”» (Мац 21:8-9). Безумоўна тое, што народ радаваўся, але іхнія кіраўнікі былі ў страху, бо ня ведалі адказу на пытаньне: «Хто Ён?» Тым больш, што Ісус выганяе з Ерусалімскага храма мянялаў, а таму і людзі бачылі ў Ім сілу з пэўнымі валадарскімі паўнамоцтвамі. Першасьвятары вырашылі пазбавіцца Яго, каб ня даць народу палітычнага выбару. Але ці за гэтым прыйшоў Ісус Хрыстос? Але?
Першасьвятар Каяфа вырашыў, што Ісус ніякі ня Мэсія і таму было вызначана забойства Ісуса Хрыста. Мы бачым з Пісаньня, што Ісуса асудзілі і аддалі Пілату. Не паводле рэлігіі, але за палітычную складаючую (бо называе Сябе Валадаром).
І вось выбар. Ісус ці Барабба. Ісус, які адмаўляецца ад гвалту і барацьбы, абвяшчаючы незямное Валадарства. І Барабба – па сутнасьці палітычны дзеяч, які прапаведвае тэррарыстычныя метады па вызваленьню сваёй краіны ад улады Рыма і ўсталяваньню зямнога валадарства Ізраіля. Ісус робіць нейкія цуды ператвараючы ваду ў віно, перамагаючы людскія хваробы і нават ажыўляючы Лазара. І заклікае любіць адзін аднога, нават і ворагаў. Акупантаў і іхніх мытнікаў? Ну не. Барабба бліжэй, бо робіць нешта практычнае. Няхай і праз забойствы, але гэтыя злачынствы накірованыя на іхніх ворагаў, а значыць ён змагаецца за іх і за іхнюю свабоду ад цэзара.
У выніку народ выбраў таго, хто ім быў больш зразумелы – Бараббу. Чаму? Таму што народ ідзе за тым, хто ўзначальвае грамадзкі рух. Безумоўна тое, што Понці Пілат разумеў невінаватасьць Ісуса Хрыста, але, каб дагадзіць народу і захаваць твар перад цэзарам, ён аддаў Хрыста на сьмерць. Крыжовую сьмерць. Так, ён умыў рукі, але гэта толькі жэст невінаватасьці, бо не пасьпелі высахнуць рукі, як ён аддаў Ісуса на ўкрыжаваньне. Як жа гэты чалавек змог узяць на сябе такую вялікую віну пасьля таго, як абвесьціў усім пра сваю невінаватасьць? Адказ ёсьць. Голас ягонага сумленьня быў заглушаны больш гучным голасам сьвецкіх разважаньняў пра сваю кар’еру і бясьпеку ў эліце цэзара. Ён пайшоў на гэта, бо быў безумоўным баязьліўцам. Пілат пайшоў за падманам, а не за праўдай. І таму адказнасьць за сьмерць Ісуса Хрыста ў большай ступені ляжыць на ім, чым на народзе Юдэі. Нагадаем, што сьмяротнае пакараньне ў тагачаснай Юдэі прызначалася толькі Рымам і тым больш такое як укрыжаваньне. А зараз паглядзім на сябе.
Мы знаходзімся заўсёды перад выбарам. Але каго мы выбіраем. Бараббу ці Ісуса Хрыста? Вялікая трагедыя для нас у тым, што, ідучы за Ісусам, мы адракаеся ад Яго, выбіраючы нешта грамадзкае і палітычнае. Што мы выбіраем і каго мы выбіраем? Ці не Бараббу, калі паводзім сябе як усе? Мы часта бачым рэлігійнага Ісуса, Які не выходзіць за межы царквы, а па-за царквой мы вітаем Бараббу, бо ў той ці іншай ступені схіляемся перад спакусамі гэтага сьвету. Калісьці Ізраіль не пазнаў Ісуса Хрыста. Але ў-ва ўсе часы гісторыі чалавецтва пасьля нараджэньня і сьмерці Ісуса Хрыста адбываецца тое ж самае. Прыкладаў шмат.
У трыццатыя гады XX стагодзьдзя царква Германіі здрадзіла Ісусу Хрысту і выбрала Бараббу – Адольфа Гітлера. Як і народ Юдэі, царква Германіі была вельмі заклапочана праблемамі нацыі і таму ня бачыла, што было ў ёй перад вачыма. Рэлігія крыві і зямлі замяніла рэлігію пакоры і малітвы. І ўсе мы ведаем да якой сусьветнай трагедыі прывяло тое, што царква заключыла мір з тым, супраць якога яна павінна была весьці барацьбу. Калі крыж Хрыста быў заменены на ламаны крыж Гітлера.
Кожную сітуацыю і падзеі ў гэтым сьвеце трэба разглядаць праз Ісуса Хрыста і намагацца разумець тое, як Ён глядзіць на гэты сьвет. Ягоны погляд нашмат большы за нашыя ўяўленьні адносна нашага асяродзьдзя. Але мы ня бачым і не адчуваем гэтага. І таму мы «спрабуем неяк дапамагчы» Ісусу Хрысту нешта зрабіць. Яскравы прыклад гэтага – здрада аднага з дванаццаці вучняў Хрыста. Юды Іскарыёта. А тыя трыццаць срэбраных манет, якія ён патрабаваў за выданьне Ісуса Хрыста – гэта несур’ёзна. Юда пайшоў за Ісусам як за Мэсіяй і Збаўцай Ізраіля ад Рыма, бо, як кажуць, ён быў прыхільнікам зілотаў, а значыць Бараббы. Калі ж узяць астатніх апосталаў Хрыста, дык мы можам пабачыць, як яны яны спрачаюцца паміж сабою пра тое, хто ж буде сядзець праваруч і леваруч каля Яго. Ці не дзялілі яны пасады ў адноўленым валадарстве Ізраіля пад кіраўніцтвам Ісуса Хрыста? Той жа Пётр адгаворвае Ісуса ад Ягонага жаданьня ісьці на сьмерць, бо разумее, што парушаюцца планы і надзеі гэтага жыцьця.
Юда пажадаў «дапамагчы» Ісусу адкрыццца Мэсіей ў нейкай вельмі небясьпечнай сітуацыі і таму ён выдае Ісуса, каб Той зьявіў Сваю сілу супраць існуючай улады. І гэта пасьля таго, як Ісус казаў сваім вучням у прысутнасьці Юды: «Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся» (Мк 14:21). Трэба заўважыць, што шмат хто спачувае Юдзе, бо яму, як быццам, была дадзена тая самая горшая доля ва ўсёй гэтай гісторыі. За што яго абвінавачваць, калі яму гэта было прызначана, бо хто-небудзь ды павінен быў апынуцца на месцы Юды. Але мы ведаем, што д’ябал паклаў у ягонае сэрца дзеяньне здрады: «А шатан увайшоў у Юду, названага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці» (Лук 22:3). Дзеяньне Юды ня мае апраўданьня, бо ён адказвае за тое, што зьдзейсьніў і няма сумнёву ў тым, што гэтая ягоная задума пасьпявала на працягу нейкага часу да ягонай здрады. Ці не таму д’ябал і ўвайшоў у ягонае сэрца?. Якім бы моцным не было ўзьдзеяне д’ябла на Юду, але мае быць той момант, калі ён паддаўся д’яблу. Ісус зьвяртаўся да яго як да чалавека, які нясе адказнасьць за свае дзеяньні, калі казаў пра здраду аднаго з вучняў Сваіх: «Адказвае Ісус: “Гэта той, каму Я дам, абмачыўшы, лусту”. І, абмачыўшы лусту, дае Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. І за лустаю ўвайшоў у яго шатан. Тады кажа яму Ісус: “Што робіш, рабі хутчэй”» (Ян 13:26-27). Д’ябал ужо перамог Юду да часу зварота Ісуса да яго, бо Юда ніяк не адказаў на заклік Хрыста і таму ягоная здрада – гэта самы агідны ўчынак гэтага сьвету.
Мы ведаем далейшае. Юда Іскарыёт пракляў сябе, прызнаўшы што павінен у здрадзе невінаватай душы. Ён вярнуў грошы, за якія прадаў Ісуса і зьдзейсьніў самазабойства: «І кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся» (Мац 27:5). Ён адчуў згрызоту сумленьня (не пакаяньня), але, ў рэшце рэшт, ён усьвядоміў сваю віну. Так, ён пакаяўся, але ня Госпаду. Ён пашкадаваў сябе (я зрабіў ня так), бо не атрымаў зьдзяйсьненьня сваіх планаў. Можа ён планаваў сесьці на месца міністра фінансаў у будучым кіраўніцтве адноўленага валадарства Давіда? Можа быць. І гэта сур’ёзная падстава для сур’ёзнага расчараваньня людзей гэтага сьвету. Такім Юда і быў. Але мы павінны разважыць і пра грэх Пятра, які таксама здрадзіў Ісусу Хрысту. Прычым тройчы, як і прадказаў яму Ісус: «Сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне» (Мац 26:34). Чаму ж жыцьцё Пятра склалася па іншаму? Ці не таму, што ён тройчы абвесьціў Госпаду, што любіць Яго: «Кажа яму трэці раз: “Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?” Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: “Ці сябруеш ты са Мною?”, і сказаў Яму: “Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!” Кажа яму Ісус: «Пасьві авечкі Мае”» (Ян 21:17). Грэх Пятра ня меньш грэху Юды, але Пётр пакаяўся не перад сабою, а перад Госпадам. І гэта ня проста істотная, але і асноўная розьніца, бо мы не павінны даваць слова пакаяньня самім сабе. Мы павінны зьвяртацца з асабістым пакаяньнем да Госпада нашага Ісуса Хрыста. Як апостал Пётр. Каб быць збаўленымі на вякі вякоў.
Ісус Хрыстос стаўся нечаканым для Юдэі. Гебраі чакалі Мэсію, як гэта чыталася ў Пісаньні, але калі гэта здарылася, не пазналі Яго. І не прызнаўшы, укрыжывалі. Мы не павінны абвінавачваць гебраяў у гэтым. Чаму? Таму што прызнаючы іхнюю віну, мы павінны дадаць, што і іншыя народы падзялілі гэтую віну з імі. Менавіта так і лічылі апосталы: «Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага. Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понці Пілат з паганамі і народам Ізраіля» (Дзеі 4:26-27). Але што больш цікава, дык гэта тое, што і мы з вамі вінаватыя за гэта. Зноў пытаньне? Калі ласка. Калі б мы апынуліся на месцы тых людзей, якія патрабавалі ўкрыжаваньня Хрыста, мы зрабілі б тое ж самае. І мы на жаль так і робім, бо кожны раз адыходзячы ад Хрыста, мы прыносім Яго ў ахвяру нашай прагнасьці, як гэта зрабіў Юда, у ахвяру нашай зайздрасьці, як гэта зрабілі першасьвятары і нашым амбіцыям, як гэта зрабіў Понці Пілат. Мы стаім побач укрыжаванага Хрыста як гледачы. Здаецца, што вельмі проста быць гледачом. А гэта на самой справе ня так, бо мы ёсьць саўдзельнікі тых, хто спраўдзіў сьмерць Госпада.
Мы можам паспрабаваць умыць рукі і адмовіцца ад адказнасьці, як гэта зрабіў Пілат. Але гэта марнае дзеяньне і таму мы павінны пакаяцца і скарыцца перад Ім. І гэта галоўная ўмова, каб атрымаць збаўленьне ад грахоў гэтага сьвету. Іншага шляху няма. Што ж тычыцца сьвету, дык ён і сёньня не прымае Ісуса Хрыста, як не прынялі Яго дзьве тысячы год таму. І ў гэтым трагедыя сьвету, бо сьвет сучасны, як і тады, хоча вырашыць гэту праблему неяк інакш – сваімі высілкамі. Шлях у нікуды, а калі дакладней, дык у пекла. Але Бог гэтага ня хоча і менавіта таму Ён сказаў вучням Сваім: «Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа». Амэн.
Свидетельство о публикации №225121800131