Победа поднятых рук

ПЕРАМОГА ПАДНЯТЫХ РУК


«І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль,
а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік; але рукі
ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён
сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя,
адзін з аднаго боку, а другі з другога боку. І былі
рукі яго паднятыя аж да захаду сонца. І скінуў Ісус
Амаліка і народ ягоны лязом меча» (Вых 17:11-13).

Бітва Ізраіля з Амалікам. Вельмі адказны і прынцыповы момант ў завалодваньні зямлі абяцанай. Мы бачым з працытаванага вершу, што сілы бакоў былі прыкладна роўнымі. Але нешта падказвае нам, што амалікіцянаў было значна больш, бо калі Майсей апускаў свае рукі, дык у той жа час войска амалікіцянаў пачынала адольваць Ізраіля. І наадварот. Чаму рукі Майсея, нібыта дырыжора ў сімфанічным аркестры, кіравалі ваюючымі бакамі? Таму што ў руцэ Майсея была ня проста дырыжорская палачка, але жазло Божае: «Майсей сказаў Ісусу: “Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалікіцянамі. Заўтра я стану на вяршыну пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй”» (Вых 17:9). Бог быў на баку Ізраіля, але Ён патрабаваў і намаганьні. Як з боку Ісуса Навіна, так і з боку Майсея. І тут мы бачым, што найбольшую адказнасьць Бог паклаў на Майсея, бо менавіта ў ягонай руцэ было Божае жазло, якое і гарантавала перамогу народу Ізраіля. Але толькі ў тым выпадку, калі рукі Майсея будуць паднятыя. А гэта не такі просты занятак. Паспрабуйце самі і вы ўбачыце на колькі хопіць вас, каб утрымаць свае рукі ў паднятым стане. Пятнаццаць, дваццаць хвілін, а можа крыху болей? Вялікія бітвы за гэты час толькі пачынаюцца, а працягваюцца яны вельмі працяглы час. Уявім сабе ўдзел Майсея ў гэтай бітве.

Майсей узыйшоў на пагорак, каб узьняць свае рукі, і сэрца, перад Госпадам, каб тое, што запланаваў Бог зьдзейсьнілася. Але як Майсей прыйшоў да таго, каб узыйсьці на гару лідарам нацыі і кіраваць ад імя Бога будучым Ізраіля? Узыходжаньне Майсея пачалося ад нараджэньня, ў вадзе Ніла, калі яго ўбачыла ў трысьняговым кашы дачка фараона. Выхаваньне ў валадарскай сям’і надало яму неблагую адукацыю, як і адчуваньне прыналежнасьці да Ізраіля. Далейшыя падзеі прывялі яго ў зямлю мадыямскую, дзе сорак год ён пасьвіў свае авечкі. Сорак год ёсьць тэрмін стаўленьня Майсея як лідара гебраяў. Заўважым пры гэтым, што тыя ж сорак гадоў вандравалі гебраі па пустыні, пакуль не сасьпелі да пераходу Ярдана, каб набыць сабе зямлю абяцаную.

І вось, праз сорак гадоў пасьля ўцёкаў Майсея з Эгіпту, мы бачым палаючы куст на гары Харыва, які гарыць і не згарае. Такім чынам Бог паклікаў Майсея і даў яму гэтае лідарскае служэньне: «Дык вось ідзі Я пашлю цябе да фараона; і выведзі з Эгіпту народ Мой, сыноў Ізраілевых. Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці з Эгіпту сыноў Ізраілевых? І сказаў: Я буду с табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ з Эгіпту, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары» (Вых 3:10-12). Пасьля некаторага ваганьня Майсей вяртаецца ў Эгіпет, каб выканаць волю Бога і ўзначаліць Ізраіля на выхад народу з Эгіпту, дзе ён знаходзіўся ў вельмі цяжкім і рабскім становішчы.

Майсей – лідар, які служыць Госпаду і спадзяецца на Яго. Безумоўна тое, што Майсей не ўсьведамляў наступствы свайго жыцьця, калі падыходзіў да палаючага куста. Мы павінны разумець, што фізічныя крокі Майсея да Бога, Які заклікаў яго, былі крокамі Майсея. Але яны былі ня толькі крокамі, а адказам на заклік Госпада, бо былі пачутыя сэрцам Майсея. Так нараджаюцца хрысьціяне. Так нараджаюцца і лідары сярод іх. Але ці можа адзін чалавек, няхай і лідар, павесьці за сабой грамаду па хрысьціянскай дарозе? Так, можа, але толькі на нейкі кароткі час, бо без падтрымкі іншых людзей гэта проста не магчыма. Калі ўзяць прыклады з жыцьця, дык найлепшым з іх будзе ўзыходжаньне альпіністаў на самую высокую вяршыню зямлі. Сотні людзей працуюць над гэтым, выконваючы даволі цяжкую працу, каб толькі адзін ці два чалавекі дасягнулі пастаўленай мэты.

Гэта тычыцца і Майсея, калі Бог даручыў яму справу выхаду Ізраіля з Эгіпту, бо ён адчуваў усю адказнасьць за гэтае даручэньне. І таму ён зьвяртаецца да Бога з тым, што ён ня здольны адзін выканаць гэтае даручэньне: «І сказаў Майсей Госпаду: “О, Госпадзе! чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы. Госпад сказаў: “Хто даў вусны чалавеку? Хто робіць нямым, альбо глухім, альбо відушчым, альбо сьляпым? Ці ня Я Госпад? Дык вось ідзі, і Я буду пры вуснах тваіх, і навучу цябе, што табе гаварыць”. Сказаў: “Госпадзе! пашлі іншага, каго можаш паслаць”. І загарэўся гнеў Госпадаў на Майсея, і Ён сказаў: “Хіба няма ў цябе Аарона брата, лявіцяніна? Я ведаю, што ён можа гаварыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе і, убачыўшы цябе, зарадуецца ў сэрцы сваім. Ты будзеш яму гаварыць і ўкладаваць словы ў вусны ягоныя, а Я буду пры вуснах тваіх і пры вуснах ягоных і буду вучыць вас, што вам рабіць”» (Вых 4:10-15).

Гэта вельмі важны наказ для кожнага Свайго служыцеля, бо ніхто з іх ня мае тых якасьцяў, якія не патрабуюць ніякай дапамогі ў тым служэньні. На прыкладзе Майсея мы бачым, што гэта немагчыма. Бог не выбірае ідэяльных людзей. Ды і няма іх. Бог глядзіць у сэрца і, адпаведна гэтаму, дае чалавеку тое ці іншае служэньне. І дае дапамогу ў гэтым служэньні, як даў дапамогу Майсею ў Аароне. Мы павінны разумець, што нашае служэньне Госпаду, няхай на наш погляд і нязначнае, у вачах Госпада такое ж як і Майсеева, бо мы робім тую ж працу, што і ён. Ні больш і ня меньш, бо робім тое ж, што і Майсей – выводзім людзей з Эгіпецкага рабства грэху гэтага сьвету. А Бог дасьць нам і дапаможнікаў і ўсё, што нам для гэтага патрабуецца.
Майсей жазлом падзяліў мора, бо ён і быў жазлом у руках Госпада. Ськівіца не сама пабіла ворагаў Ізраіля. Самсон трымаў яе ў сваёй руцэ. А Самсона трымаў Бог. Так было. Так ёсьць. І так заўсёды будзе. Пакуль ня скончыцца гэты час. Кожны з нас павінен дакладна ўсьведамляць, што мы – гэта той жа Майсей, які вагаецца і нейкім чынам супрацівіцца Божаму даручэньню. Але і скараецца перад Божай волею, ідучы і выконваючы. А Бог паклапоціцца, каб Ягонае даручэньне было пасьпяхова выканана. І дасьць для гэтага кожнаму з нас свайго Аарона.

Вяртаючыся да Майсея вызначым і тое, што ён, у сваім служэньні, заўсёды на кагосьці абапіраўся. Аарон, Ор, Ісус сын Нава – гэта толькі першапачатковы пералік, бо было яшчэ шмат людзей сярод начальнікаў Ізраіля, якія ўзялі на сябе адказнасьць і клопаты за дабрабыт грамадзтва: «І выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі, і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя» (Вых 18:25-26). Так і мы, ня можам несьці сваё служэньне Госпаду ў адзіноцтве, як ня мог гэтага і Майсей. Ды і ніхто ня мог. Нават Ісус Хрыстос, будучы Чалавекам, узяў з Сабою на апошнюю малітву ў Гефсіманіі двух Сваіх вучняў. Іншая справа, што гэтая каманда ня здолела выканаць свае абавязкі, бо заснула ў адказны час размовы Ісуса з Айцом. Але ці не пазнаем мы і сябе сярод гэтых вучняў Хрыста, якія сьпяць пад час адказнага Божага даручэньня?

І вось першая сур’ёзная сутычка з ворагам Ізраіля, Амалікам. Вырашальная бітва, бо ад гэтага залежыў далейшы шлях да зямлі абяцанай. Не, ня проста так выбраў Бог Майсея, бо ведаў ягоныя магчымасьці і ягоную вернасьць у дадзеным яму служэньні: «І прыйшлі амалікіцяне і ваявалі з ізраільцянамі ў Руфідыме. Майсей сказаў Ісусу: “Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалікіцянамі. Заўтра я стану на вяршыне пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй”. І зрабіў Ісус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з амалікіцянамі, а Майсей і Аарон, і Ор узыйшлі на верх пагорка» (Вых 17:8-10). Заўважым тую акалічнасьць, што Майсей, тым ня меньш, не адзін узыйшоў на верх пагорка. З ім былі Аарон і Ор – памочнікі лідара. А як інакш, бо ці можна ўтрымацца на гэтай вышыні без дапамогі ў адзіноцтве, калі ад гэтага залежыць вынік бітвы з амалікіцянамі: «І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік; але рукі Майсеевыя ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да заходу сонца. І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом мяча» (Вых 17:11-13).
Зьвярнем увагу на тую акалічнасьць, што калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік. Чаму так? Унізе пагорка біліся два войскі, а перамогу ці паразу вызначалі рукі Майсея. Якая тут сувязь? Самая непасрэдная, бо па над усім гэтым быў Бог, Які, прымаючы хвалу паднятых рук Майсея, аддаваў перамогу Ізраілю. І наадварот. Але чаму б Госпаду проста ня вырашыць аддаць перамогу ў гэтай бітве Ізраілю? Без паднятых рук Майсея. Бог на то і паставіў Майсея, каб той, у цяжкай сваёй працы лідарскага служэньня, быў прымачом Божага сыгналу да перамогі над ворагам. Мы бачым перамогу паднятых рук Ізраіля над Амалікам. Але што гэта для нас, сучаснага выбранага народу Божага? Якую мудрасьць укладае ў нас Бог, калі мы чытаем гэтыя вершы Бібліі?

Калі мы ёсьць пакліканы і выбраны народ Божы, дык, як і народ Ізраіля, маем свайго Амаліка – ворага нашай веры. Ісус Хрыстос пакінуў нам Сваё Цела – Царкву, якая павінна быць лідарам у вялікай бітве за авалодваньне Валадарства Нябеснага і збаўленьня грэшнікаў для яго. Менавіта Царква не павінна апускаць свае рукі, каб грэх гэтага сьвету не адолеў яе. Але Царква ў агульным сэнсе – гэта шматлікая колькасьць памесных цэркваў, якія павінны таксама не апускаць рук Майсея. Гэта тое, што павінна быць, але гістарычны час і наогул бязбожнае асяродзьдзе гэтага сьвету пэўным чынам уплывае на размяшчэньне па вышыні рук той ці іншай царквы.
А зараз пра нас, пра хрысьціянскую супольнасьць, якая чытае Біблію і ведае пра першую, але вызначальную бітву Ізраіля з Амалікам. Як трымаем рукі мы, калі ідзе няспынная бітва праведнасьці з неправеднасьцю? Ніхто не заклікае стаяць, хадзіць, сядзець ці ляжаць з паднятымі рукамі заклікаючы Госпада да перамогі над нашым грэхам-Амалікам. Нашыя ўзьнятыя рукі – гэта духоўныя рукі і нашае сэрца, якія ў кожную хвіліну свайго жыцьця заўсёды павінны быць паднятымі да Госпада, каб, як і Майсей, прынесьці перамогу над сваім асабістым Амалікам.

Майсей стаяў на пагорку, узносячы свае рукі да Госпада. Цяжкая справа для чалавека і таму Бог дае лідару памочнікаў. Мы бачым, як Ааарон і Ор падцягнулі камень і пасадзілі на яго Майсея, каб ніжэй да іх былі ягоныя рукі і каб была магчымасьць падтрымліваць іх з двух бакоў. Бо стан рук Майсея – гэта стан самой бітвы. Гэта тычыцца і кожнага лідара хрысьціянскай супольнасьці, які, як і Майсей, павінен прынізіцца, каб даць паплечнікам магчымасьць узяць удзел у перамозе над Амалікам. Майсей ня мог у адзіноцтве дапамагчы перамозе Ізраіля, бо Сам Бог вырашыў так, што лідар, які палічыў, што здолее ўсё зрабіць сам, ніяк не ўтрымае паднятых рук для перамогі. Але перамога павінна быць і яна будзе, калі будзем стаяць перад Госпадам мы і нашыя блізкія, дамагаючы адзін адному ў гэтым служэньні. Так і будзе. Амэн.


Рецензии