Правда

ПРАЎДА


«І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас,
поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго,
славу, як Адзінароднага ў Айца» (Ян 1:14).

Біблія – гэта пропаведзь праўды, бо чытаючы гэтае Божае пасланьне, мы бачым слова праўды. Кожная старонка гэтай сьвятой кнігі – гэта аповяд праўды ад стварэньня гэтага сьвету і да апошняга часу нашага жыцьця. Нехта з гэтым можа і не пагадзіцца, бо праўда, як катэгорыя Божая, большасьці людзей не даспадобы. Чаму так? Таму што кранае асабістае ўяўленьне праўды і няпраўды. Але як бы там не было, праўда ёсьць тое, што зыходзіць ад Бога. І іншага існаваць ня можа. Так кажа Біблія.

Апостал Ян – агульнавызначаны прапаведнік любові, бо вельмі шмат кажа пра гэта ў сваіх пасланьнях. Але трэба заўважыць і тое, што Ян ня меньш кажа і пра такую катэгорыю, як праўда. Ян падкрэсьлівае, што менавіта праўда – асноўная складаючая жыцьця чалавека, бо няма паўнавартаснага жыцьця бяз праўды: «І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8:32). Пагадзімся, што ня маючы праўды, мы ня маем паўнавартаснага жыцьця, а значыць і свабоды, бо адсутнасьць праўды – гэта залежнасьць ад грэху, які будзе трымаць нас у сваім палоне да таго часу, пакуль мы не зразумеем гэтага. І не адрачэмся перад Госпадам ад сваёй няпраўды, выбіраючы свой шлях у Ісусе Хрысьце, Які казаў ня толькі Тамашу, але і ўсім нам: «Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне» (Ян 14:6).

Стоячы перад Пілатам, Ісус казаў менавіта пра гэта – пра праўду, якая ёсьць у Ісусе Хрысьце: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб сьведчыць пра праўду. Усякі, хто з праўды, слухае голас Мой» (Ян 18:37). Безумоўна тое, што словы Ісуса кранулі сэрца Понці Пілата, бо ягонае пытаньне і ягоная рэагаваньне на словы Ісуса кажуць пра гэта: «Што ёсьць праўда?» І, сказаўшы гэта, ізноў выйшаў да Юдэяў і кажа ім: “Я аніякае віны ў Ім не знаходжу”» (Ян 18:38). Праўда Ісуса зачапіла сэрца Пілата, як чапляе сэрцы людзей і ў-ва ўсе далейшыя вякі.
Праўда зьмяняе жыцьцё чалавека, бо дае свабоду ад грэху і набліжае да Ісуса Хрыста. Мы бачым і чуем, як у сьвеце кажуць пра тое, што ў кожнага чалавека праўда свая. Але як могуць існаваць адначасова мільярды розных праўдаў? Ці магчыма гэта? І дзе тут праўда? А праўда як раз у тым, што праўда можа быць толькі ў адзіным варыянце, які зыходзіць ад Ісуса Хрыста. Дух Сьвяты навучыць нас гэтаму: «І Ён, прыйшоўшы, будзе дакараць сьвет у грэху, праведнасьці і судзе; у грэху, што ня вераць у Мяне; у праведнасьці, што Я да Айца Майго іду, і ўжо ня ўбачыце Мяне; а ў судзе, што князь сьвету гэтага асуджаны. Яшчэ шмат што маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце перанесьці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то будзе весьці вас да ўсякае праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці. Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць» (Ян 16:8-14). Так Ісус казаў вучням Сваім, так Ён кажа і ўсім нам. Усім, хто хоча знайсьці яе праз Ісуса Хрыста.

Кожны чалавек намагаецца праўды, а дакладней патрабуе праўду. Ці бачылі мы чалавека, нават і падманлівага, які не жадаў бы ў адносінах да сябе праўды і справядлівасьці? Хлусьлівы бацька ня хваліць за хлусьню свайго дзіця. Хлусьлівы начальнік не жадае, каб сярод яго падначаленых былі ашуканцы. Можна жыць у ілюзіі і падмане, але імкненьне да праўды, у той ці іншай ступені, існуе ў кожным з нас. І кожны з нас, у рэшце рэшт, павінен даць адказ пра гэтыя ілюзіі ці падман. Гэтым адказам ёсьць праўда пра грэх, які палоніць сэрцы людзей і адварочвае іх ад Госпада. Праўда пра грэх – гэта праўда пра недавер Богу, Які і ёсьць праўда. Складаецца дзіўная гісторыя. Мы імкнемся да праўды, мы шукаем яе, але ў той жа час не прымаем Таго, Хто ёсьць крыніцаю праўды. Чаму так? Таму што шукаем праўду ў чалавечых крыніцах, гледзячы розныя тэлесерыялы і захапляючыся знакамітымі псіхолагамі ці пісьменьнікамі, якія як раз і распавядуць нам, што праўда ў кожнага свая. Усё, кола замкнулася і ніякай праўды ў выніку мы не знайшлі. Ілюзія і падман засталіся і мы будзем працягваць гэтыя безсэнсоўныя пошукі праўды паміж сабою нявызначана доўгі час. І мы не разарвем гэтае кола пакуль ня ўздымем галаву і ня ўбачым Крыж Ісуса Хрыста, на якім і знаходзіцца прыбітая цвікамі крывацечная Праўда. Вось дзе ключ і выйсьце, бо як толькі мы ўбачым укрыжаванага за нас Хрыста, дык зразумеем, што кола ілюзій і падману разарвалася, а мы выйшлі на свабоду ад грэху ў праўдзе Ісуса Хрыста.

Чалавек хоча праўды, але сам, чамусьці, раз за разам спрабуе падмануць Бога. Калі мы паглядзім на маленькіх дзяцей, дык даволі выразна можам бачыць іхні маленькі падман у дачыненьні да сваіх бацькоў і наогул дарослых. Далей болей, бо па меры сталеньня чалавека падман павялічваецца да прафесійнага. І вось чалавек, па сутнасьці прафесійны падманшчык, намагаецца гэтак жа «прафесійна» падмануць Бога. Але ці магчыма гэта? Ды ніяк. А чалавек той, пры гэтым, прафесійна падманвае толькі самога сябе. Як і іншых, бо так заведзена ў сьвеце. З Богам ня так, бо Яго падмануць немагчыма, а розныя байкі пра сябе (ня ўбіў, ня ўкраў і таму я добры ў вачах Госпада) не працуюць і працаваць, па вызначэньню, ня могуць. Бог бачыць сэрца чалавека, дзе раскрываецца поўная карціна грэшнасьці чалавека і можна быць упэўненым у тым, што гэтая карціна не выклікала б ні ў кога ніякага захапленьня.
 
Кожны чалавек хоча выглядаць у сьвеце больш меньш станоўча (магчымы безумоўна і выключэньні) і таму ён імкнецца неяк адпавядаць гэтаму. У сьвеце ня хваляць чалавека за злое, але добра ставяцца на добрыя ўчынкі. І наогул, ніхто ня хваліцца грэхам. Безумоўна тое, што бываюць і выключэньні. Напрыклад фашызм, што і ёсьць тое самае выключэньне, бо паставіў сваю ідэялогію, як сьвята д’ябла. Камунізм, як сваяк фашызму, між тым грэхам не хваліўся і грашыў ня меньш за фашыстаў, але рабіў гэта больш схавана, чым гэта рабілі нацысты. Д’ябал у тыя часы пляскаў у далоні, калі бачыў вынікі сваёй працы ў адносінах да фашызму і камунізму. Дарэчы, пляскае ў далоні зараз і тым, хто хоча звароту да гэтага.
 
Праўда ў тым, што яна ад Госпада. Дух Сьвяты – гэта Дух праўды, бо менавіта так кажа Ісус Хрыстос: «Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне» (Ян 15:26). І Ён кажа пра тое, што хто ігнаруе Бога, той ня мае праўды. Праўда – гэта праведнасьць. Ісус Хрыстос ёсьць праведнасьць, а таму ўвасабляе правільнасьць гэтага жыцьця. Ісус усё ў Сваім жыцьці зрабіў правільна і таму Ён ёсьць прыкладам правільнага жыцьця. Ён верыў Айцу на ўсе сто адсоткаў. І калі мы шукаем правільнасьці і праўды, дык ёсьць толькі адзін шлях – шлях да Ісуса Хрыста. Ніякі іншы шлях, як і і ніякія іншыя рэлігіі, ня ёсьць шлях да Хрыста, а значыць і да праўды.
 
Кожны чалавек імкнецца да лепшага жыцьця. Ці сустракаў хто-небудзь чалавека, хто сьвядома жадаў бы жыць дрэнна? Наўрад ці. Больш таго, кожны чалавек жадае таго, каб ягоныя дзеці і ўнукі жылі добра. І ніхто ня хоча адваротнага. Вось прыклад з сучаснага жыцьця. Усе ведаюць, што ў Амерыцы (маем на ўвазе ЗША) жыць нашмат лягчэй, чым у многіх іншых краінах сьвету. Ведаюць пра гэта і дыктатары, якія Амерыку, тым ня меньш, ня любяць, а нехта нават і ненавідзіць. Чаму? Таму што гэтая краіна, на сёняшні момант, адна з найбольш хрысьціянскіх ў сьвеце. Тыя, хто ганіць Амерыку сёньня, як мінімум бязбожнікі, якія адпрацоўваюць пастановы свайго начальніка – д’ябла. Безумоўна і тое, што нават і Амерыка паціху здае свае пазіцыі ў хрысьціянстве. А калі гэта крытычна адбудзецца, дык гэтая краіна будзе для іншых людзей проста нецікаваю. Хрысьціянства прыцягвае, бо дзе яго няма, там заўсёды непарадак.

Прыклад з сучаснасьці? Калі ласка. Паўднёвая і Паўночная Карэя. Так, аднойчы штучна падзеленая тэрыторыя, але што мы бачым сеньня ў жыцьці гэтых тэрыторыяў? Паўднёвая Карэя, на сёняшні дзень, – гэта хрысьціянская краіна, дзе пануе Божы Дух. Вынікі гэтага відавочныя, бо ўсе ведаюць якасьць паўднёвакарэйскіх аўто ці мабільных тэлефонаў. І ня толькі гэтага. А чым можа пахваліцца паўночны карэйскі брат? Голадам ці ваеннай пагрозаю ў дачыненьні да ЗША? Адзін эўрапейскі прапаведнік выклаў цікавыя касьмічныя фотаздымкі Карэі. Дык вось, ноччу Паўднёвая Карэя сьцілася няонавым сьвятлом крыжоў. Уся краіна. Паўночная ж Карээя – гэта адна суцэльная цёмная пляма. Чаму гэта так, няхай кожны вызначыць сам.

Апостал Ян кажа, што д’ябал (крыніца няпраўды) ужо пераможаны, бо дадзена нам праўда ў Ісусе Хрысьце. І хто верыць у Хрыста, той знаходзіцца на правільным баку свайго жыцьця, бо менавіта ў Ісусе ён знайшоў праўду, а таму і жыцьцё вечнае. Так кажа наш Госпад: «Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся. І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы» (Ян 17:9-11). Праўда ў Хрысьце і ёсьць тая адзіная праўда, што можа быць у гэтым сьвеце. І ніяк інакш.

Але, на жаль, чалавек любіць грэх, а значыці і няпраўду. Безумоўна тое, што такі чалавек загадзьдзя прайграе, бо знаходзіцца на баку пераможанага. Уваскросшы Ісус перамог д’ябла, а разам з ім сьмерць і грэх і таму Ён ёсьць пераможца. Грэх, які быў уведзены ў жыцьцё чалавека д’яблам, быў пераможаны бязгрэшнай сьмерцю і ўваскрасеньнем Ісуса Хрыста. Калі мы хочам пазбавіцца няпраўды, дык павінны ўзняць свой позірк на Крыж, на якім вісіць, прыбіты цьвікамі, Хрыстос за ўсіх нас і за нашую няпраўду. А калі мы хочам быць пераможцамі, дык і павінны быць на баку пераможцы – Ісуса Хрыста. Але гэта зусім ня проста быць на баку такога Пераможцы, бо трэба адмовіцца ад тых звычак і ўмоваў, якія панавалі ў процілеглым баку – баку д’ябла. Гэта цяжка, бо чалавек ня хоча проста так адмаўляцца ад грэху, да якога ён так прызвычаіўся. І бяз цяжкасьцяў чалавек ня можа, бо пераадоленьне цяжкасьцяў дае чалавеку пэўнае задавальненьне. Гэта ў сьвеце, але калі мы кажам пра ўдзел у нашым жыцьці Госпада, дык наколькі ж большае нашае задавальненьне пры пераадоленьні нашых праблемаў.

Шчасьлівы той, хто стаіць на баку праўды, а значыць на баку Бога. І наадварот. Няшчасьлівы той, хто стаіць на баку няпраўды, а значыць на баку д’ябла. Дык будзем жа маліцца ў праўдзе і за праўду. Каб яна была ў нас, у нашых блізкіх і ў нашай краіне. Каб мы любілі праўду і стаялі з ёй перад Богам. І з Богам. Амэн.


Рецензии