Вопрос Крестителя

ПЫТАНЬНЕ ХРЫСЬЦІЦЕЛЯ


«Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста,
паслаў двух вучняў сваіх  сказаць Яму: “Ці Ты — Той,
Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?”» (Мац 11:2-3).

У той час, калі ўжо былі вызначаны Ісусам дванаццаць апосталаў і дадзена было ім даручэньне несьці Дабравесьце Валадарства, ацаляючы ўсякую хваробу і немач у людзях, Ян Хрысьціцель знаходзіўся ў цямніцы Ірада Анцыпы. Ян ведаў пра цуды, якія былі зьдзейсьненыя Ісусам Хрыстом, а таксама і пра тыя пропаведзі, якія прамаўляў Той, Хто быў хрышчаны ім – Янам. І вось, чуючы пра ўсё гэта, Ян накіроўвае двух вучняў сваіх да Ісуса з пытаньнем: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?». Вось дык пытаньне? Тым больш, што ставіць яго той, хто асабіста хрысьціў Ісуса Хрыста, бачачы Духа Божага і чуючы словы з нябёсаў: «І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго. І вось, голас з неба, які казаў: “Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне”» (Мац 3:16-17).

Седзячы ў цямніцы, Ян чуў пра справы Ісуса, але гэтыя чуткі выклікалі ў яго пэўнае расчараваньне. Ён чакаў, што Мэсія прынясе з Сабою агонь, як Ільля, які зьнішчыў прарокаў Ваала, каб вызваліць і ачысьціць Ізраіля. Магчыма і тое, што Ян чакаў таго дня, калі Ісус сустрэнецца з Ірадам, каб зьвергнуць яго і стаць Валадаром прыгнечанага народу. І менавіта гэта магло стаць тым момантам, калі Ісус вызваліць Яна з цямніцы і пасадзіць яго каля Сябе. Але Ісус дзейнічае неяк па іншаму. Ён зьбірае вакол Сябе мытнікаў і грэшнікаў, якіх гебраі лічылі ізгоямі грамадзтва і закона Торы. Вось дык справа. Няўжо прарокі памыляліся? Ці зьяўляецца Ісус Тым, Хто павінен прыйсьці? Гэтыя ўнутраныя пытаньні Яна і сфармавалі пытаньне Хрысьціцеля да Ісуса Хрыста: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?».

Вучні Яна Хрысьціцеля выконваюць загад настаўніка і перадаюць Ісусу Хрысту пытаньне ад Яна: «Хто Ён ёсьць на самой справе? Мэсія-Збаўца Ізраіля ці як?» Мы бачым непаразуменьне з боку Яна, які крыху раней казаў пра сябе і Ісуса наступнае: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае»   «Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні» (Мац 3:2; 11). Заўважым, што той, хто абвяшчаў Валадарства Нябеснае (не зямное Ізраіля) і будучае хрышчэньне Духам Сьвятым, будучы ў зьняволеньні, дапусьціў у сэрцы сваім сумненьне ў сутнасьці Таго, Каму ён пракладаў шлях і абвяшчаў пра гэта. Вялікае непаразуменьне. Ян ня можа зразумець, чаму ёсьць цуды ад Ісуса, а ён, чамусьці, не падпадае пад гэта і сядзіць у турме? Чаму вучні Ісуса, а сярод іх ёсьць фарысэі і нават мытнікі, ходзяць з Ім, прысутнічаюць пры розных цудах і слухаюць Яго? Чаму яны там, з Ісусам, а ён, тут у турме? Чаму Ісус, робячы цуды для іншых, не вызваляе яго ад Ірада Анцыпы?

Ці можна назваць Яна няўстойлівым ці нерашучым? Ніяк. Ён быў рашучым прапаведнікам, бо менавіта ён рашуча і адкрыта выступіў супраць Ірада, кажучы яму пра ягоныя амаральныя паводзіны. Але што ў выніку? Ірад цэлы і непакараны, а Ян сядзіць у вязьніцы таго, хто павінен быць пакараным за свае жыцьцёвыя дзеяньні. Як разумець тое, што Ян хрысьціў Ісуса, а вызваленьне ад Яго не атрымаў? Магчыма Ян мяркаваў, што ён мае пэўныя прывілеі на асаблівыя адносіны з боку Ісуса. На вольнае жыцьцё і, магчыма, на саўдзел у дзейнасьці Мэсіі. Але гэтага ня здарылася і таму вучні Яна прыйшлі да Ісуса з пытаньнем ад Яна. Але што Ісус?
«І, адказваючы, Ісус сказаў ім: “Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце: сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца. І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне» (Мац 11:4-6). Даволі кароткі, але вельмі зьмястоўны адказ. Ісус кажа Яну, што Ягоныя справы самі па сабе зьяўляюцца сьведчаньнем таго, Хто Ён ёсьць. Менавіта так і сказана ў Ісаі, а Ян гэтага ня мог ня ведаць: «Умацуйце аслабелыя рукі, і ўцьвердзіце калені дрыготкія. Скажыце нясьмелым душою: “Будзьце цьвёрдыя, ня бойцеся. Вось Бог ваш, прыйдзе помста, адплата Божая. Ён прыйдзе і збавіць вас. Тады адамкнуцца вочы сьляпых, і вушы глухіх расчыняцца. Тады кульгавы падхопіцца, як алень, і язык нямка засьпявае, бо праб’юцца воды ў пустыні і ў стэпе патокі» (Іс 35:3-6).

Ісус кажа таксама Янавым вучням пра тое, што нельга спакушацца імем Хрыста, бо Ісус, як і Ян, прыйшоў у гэты сьвет да канкрэтнае мэты і канкрэтнага служэньня. А спакушэньне Хрыстом, што азначае чаканьне нейкіх Божых цудаў адносна сваёй асобы за нейкія свае заслугі – гэта не ад Госпада. «У д’ябла ёсьць свае цуды» - так сказаў адзін вядомы прапаведнік. Кожны хрысьціянін мае ад Госпада асабістае служэньне, але гэта ніяк не азначае нейкі цудоўны дабрабыт і бязхмарнае жыцьцё. Гэта ня толькі пра тых, хто быў непасрэдна з Хрыстом, але і пра ўсіх тых, хто стаўся Ягоным вучнем. Гэта пра ўсіх тых, хто вызнаў Ісуса Хрыста сваім Госпадам і Збаўцай, каб атрымаць жыцьцё вечнае ў Божай прысутнасьці.

Мы памятаем, што Ісус пачаў прапаведаваць менавіта ў той час, калі Ян Хрысьціцель быў зьмешчаны ў цямніцу Ірада. Гэта супадзеньне ці законамернасьць? Напэўна што не, бо непасрэдна ад абвяшчэньня набліжэньня Валадарства Нябеснага мы пачулі ад Ісуса Хрыста, што Валадарства Нябеснае ўрываецца ў сьвет. І калі Ісус кажа пра закон і прарокаў, дык мы павінны разумець, што закон і прарокі адыйшлі на другі план таму, што ўжо зьдзейсьнілася тое, дзеля чаго яны былі ад нараджэньня пасьвячоныя на гэта. Яны былі вернымі ў служэньні Богу, а як быць з тымі, хто быў верным Госпаду ў іншыя вякі?

Ян, будучы ў зьняволеньні, даручыў сваё пытаньне да Ісуса Хрыста вучням. Ён даручыў гэта вучням сваім таму, што яны былі людзьмі даверу. Усе мы разумеем тое, што існуюць такія пытаньні, якія, па вызначэньню, ня прынята перадаваць праз кагосьці. Пытаньне Яна і было такім, але мы ведаем, што ён ня мог гэта зрабіць сам і таму ён давярае гэтае пытаньне вучням. Гэта вельмі важная інфармацыя для Царквы Ісуса Хрыста, каб у ёй, а гэта значыць сярод нас, былі надзейныя і верныя людзі, якім можна даручыць любую адказную справу ў служэньні Ісусу Хрысту. Ян Хрысьціцель меў такіх людзей, якія, дарэчы, сталіся вучнямі і нават апосталамі Ісуса Хрыста.

Ісус прапануе Сваім вучням новае разуменьне Свайго замыслу. Ён тлумачыць ім, што ўся вялікая гісторыя Ізраіля, пачынаючы ад Абрагама, Майсея і прарокаў, была толькі падрыхтоўкай да таго, што адбываецца зараз. Праз Яна, які быў найвялікшым з прарокаў, але тым, калі любы чалавек, слухаючы Хрыста і ідучы за Ім, больш вялікі, чым Ян. Вяртаючыся ў наш час можна сказаць, што Ісус ніколі не навязваў і не навязвае Сябе ў якасьці Збаўцы. Людзі павінны зразумець гэта самі. Хто ёсьць Ісус, каб прыняць ці не прыняць Яго? Але, калі мы, хрысьціяне, будзем толькі называць сябе пасьлядоўнікамі Ісуса, гэта ня ўразіць людзей няверуючых. Лепшы спосаб даказаць гэта – пачаць вырашаць мноства цяжкіх духоўных праблемаў. Можа тады людзі, падобна Яну ў цямніцы, пачуючы пра вялікія дзеі Ісуса Хрыста, пачуюць і тыя адказы, якія ўвойдуць у сэрца кожнага з нас.

Вяртаючыся да пытаньня Яна, а найперш да адказу на гэтае пытаньне Ісусам, мы вызначылі для сябе тое, што сказаў наш Госпад: «Дабрашчасны той, хто не спакусіцца праз Мяне». Мы павінны засяродзіцца на гэтым, каб зразумець і ўпэўніцца ў тым, што азначае тое спакушэньне, пра якое кажа Сваім вучням Ісус. Прапануем для гэтага сфармуляваць тыя некалькі пытаньняў, якія, магчыма, былі ў сэрцы Яна Хрысьціцеля.

Ці тым шляхам я іду? Азначанае пытаньне тычыцца бадай што кожнага чалавека, а тым больш чалавека Яна, які, сідзячы ў вязьніцы Ірада, разважаў над гэтым пытаньнем вельмі і вельмі сур’ёзна, бо таму і паслаў сваіх вучняў да Ісуса Хрыста. Можна быць упэўненым у тым, што Ян, атрымаўшы адказ ад Ісуса, зразумеў тое, што Ён гэтым хацеў сказаць Свайму Хрысьціцелю. А праўда ў тым, што жыцьцёвы шлях Яна – падгатаваць шлях Госпаду. І ня больш, бо ўсё астатняе – гэта спакуса. У чым спакуса? У тым, што кожны з нас мае пэўнае служэньне ад Госпада, якое і павінен добра зрабіць. А калі мы пачынаем сумнявацца ў тым шляху, на які паставіў нас Бог і лічыць, што магчыма гэта ня так і ня тое, дык гэта і ёсьць спакуса. Тая спакуса, што ёсьць дзеяньне не ад Госпада, але ад д’ябла.

Чаму ў мяне праблемы? Кожны з нас можа планаваць адно, а атрымліваць зусім іншае. Мы маем тое, што маем, а ня тое, што нам пажадана. Хрысьціцель Ян – радыкальны веруючы сядзіць у вязьніцы, а іншыя ходзяць з Ісусам, ядуць і п’юць з Ім. Дзе ж тут справядлівасьць? Ці ня так думаў Ян, калі запытваў Ісуса праз вучняў: « Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?». Ісус адказаў ім пра спакусу і пра месца, якое займае служэньне Яна. А потым Ён абараняе Яна, як Свайго паплечніка, спасылаючыся на Стары Запавет: «Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”» (Мац 11:10). Ісус вельмі высока ставіць Свайго Хрысьціцеля, але, пры гэтым, не ідэялізуе Яна, калі кажа: «Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго» (Мац 11:11). Ісус кажа пра вялікага чалавека Яна, але ж чалавека, які здольны сумнявацца. І гэта тычыцца кожнага з нас, бо калі нехта ставіць перад сабою пытаньне пра свае праблемы і патрабуе ад Госпада іхняга вырашэньня, няхай яшчэ і яшчэ раз прачытае старонкі Новага Запавета, дзе дадзены зьвесткі пра жыцьцё і служэньне Яна Хрысьціцеля.

Спакусы пра іншага чалавека. Ян ведаў і чуў пра людзей, якія былі выбраныя Ісусам Хрыстом быць з Ім і служыць разам з Ім на карысьць Божага Валадарства. Ці не было спакусы ў Яна пазайздросьціць тым людзям у тым, што яны бліжэй за яго да Таго, Каму былі прызначаны тыя словы, якія чуў сам Ян?: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне» (Мац 3:17). Ян быў з Ісусам хрысьціўшы Яго, але потым іншыя людзі сталі бліжэйшымі за яго ў адносінах да Ісуса. Мы ведаем, што вучні Ісуса не былі дасканалымі людзьмі, што дае падставу для спакушэньня. Чым я хужэй за таго, хто абвяшчае сябе пасьвячоным Ісусу Хрысту? А калі мы бачым нейкую слабасьць такога чалавека, дык што мы здольныя зрабіць? Зразумець чалавечае ці адцурацца ад усяго добрага, што было раней? Так нельга, бо Ісус супраць гэтага: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае. Да каго прыраўняю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”» (Мац 11:15-17). Што гэтым хацеў сказаць Ісус? Толькі тое, што мы, часам, паводзім сябе як дзеці, якія даволі жорстка патрабуюць станоўчай рэакцыі на свае нейкія дзеяньні. Але ці павінна быць так? Мы павінны з павагаю ставіцца да любога чалавека, які, па чалавечай недасканаласьці і слабасьці, можа сказаць ці запытаць Ісуса Хрыста (гэтае пытаньне мы можам сустрэць асабіста) пра тыя ж сумненьні, якія былі ў пытаньні Яна. Калі мы прысутнічаем пры размове пра нейкага чалавека, дык трэба памятаць ня толькі пра наш погляд на дзеі гэтага нейкага канкрэтнага чалавека, але і пра погляд на гэта Бога, Які ведае значна больш нас. Бог ведае ўсё, а мы толькі нейкія эпізоды. Будзем жа памятаць пра гэта і зьвяртацца да Яго на кожным кроку свайго жыцьця.

Параўноўваючы нас з дзецьмі, Ісус моліцца за нас кажучы: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе. Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць» (Мац 11:25-27). Заўважым, што Айца можна спазнаць толькі праз Сына – Ісуса Хрыста. А Ісус хоча адкрыць гэта нам, неразумным дзецям. Не жыцьцёвым мудрацам, а тым, хто вызнаў свае грахі і схіліўся перад Крыжом Ісуса. Мы ня больш за Яна, а таму мы павінны трымацца Ісуса Хрыста, як Ён трымаўся Айца. Хто трымаецца за Хрыста, той ёсьць вучнем Яго. Якое цудоўнае адчуваньне сэрца чалавека, калі яно аб’ядноўваецца з сэрцам Ісуса Хрыста. Гэта як раз тое, што і планаваў Бог, калі паслаў Свайго Сына дзеля гэтага вялікага выніку.

Мы часта выракаемся кагосьці ці наракаем на нейкія абставіны, калі гэта нейкім чынам не адпавядае нашым уяўленьням ці вызнаньням праўды Божай. Выяўляецца тое чалавечае, а нават і Янава «Я» (таксама чалавечае), якое лепш ведае, што трэба рабіць і як сябе паводзіць. Так бывае ня толькі ў адносінах паміж людзьмі, але і ў адносінах да Бога, калі мы наракаем і намагаемся кіраваць Ім на сваю карысьць. Так не павінна быць, бо хто мы ёсьць перад Богам? Падзякаваць і праславіць Госпада – нават і тады, калі нам балюча і кепска. Мы павінны маліцца за тое, каб у радасьці і няшчасьці мы добра памяталі пра тое, што кожны з нас мае асабістае служэньне ад Госпада, а таму былі вернымі Яму настолькі, каб пытаньне Яна да Ісуса Хрыста, было Янавым пытаньнем, але ня нашым. Амэн.


Рецензии