Седьмой апостол
«І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека,
што сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і
кажа яму: “Ідзі за Мною”. І ён, устаўшы пайшоў
за Ім» (Мац 9:9).
Мацьвей, чалавек Галілеі горада Капернаума. Хто ён і што ёсьць тое месца, дзе мы ўпершыню, праз Сьвятое Пісаньне, убачылі апостала Мацьвея? Горад Капернаум, па сьведкам гісторыкаў, быў заснаваны прыкладна 2500 год таму і на пачатак служэньньня Ісуса Хрыста быў даволі вядомым. Праз Капернаум праходзіў гандлёвы шлях ад узьбярэжжа Сяродземнага мора да Сірыі і Малой Азіі. Тавары з Індыі дасягалі гэтым шляхам Рыма. Горад знаходзіўся на мяжы дзяржавы Ірада Анцыпы і таму ў Капернаўме знаходзілася мытня, дзе зьбіраліся падаткі на карысьць Рыма. Зазначым таксама і тое, што менавіта ў Капернауме прайшла вельмі значная частка служэньня Ісуса Хрыста, што пацьверджаецца, акрамя шматлікіх створаных цудаў, яшчэ і тым, што менавіта тут былі былі пакліканы да Збаўцы шэсьць апосталаў з дванаццаці: братоў Андрэя і Сымона (Пятра), братоў Яна і Якуба Зэбядэевых, а таксама братоў Мацьвея і Якуба Алфеевых. Трэба дадаць і тое, што Галілея мяжавала праз Галілейскае мора (і ня толькі) са значнай часткай тагачаснай Палестыны пад назваю Дзесяцігародзьдзе. Гэтая даволі значная па памерах тэрыторыя не знаходзілася пад уладаю нашчадкаў Ірада Вялікага, бо зьяўлялася аб’яднаньнем дзесяці грэцкіх гарадоў, якія вызначаліся самакіраваньнем. І з гэтага мы можам разумець, што грэцкая мова і культура мела значны ўплыў і на памежны з гэтай тэрыторыяй Капернаум.
Юдэі з нянавісьцю пераносілі сваю залежнасьць ад Рыма, і, безумоўна, з тым жа пачуцьцём адносіліся да любых падаткаў для цэзара. І таму можна ўявіць, як гебраі ставіліся да выканаўцаў сбору мыты для Рыма. Яны бачылі ў іх сродак чужаземнай паганскай улады. Разумеючы гэта, Рым выбіраў мытнікаў з мясцовых жыхароў, якія, дарэчы, вельмі добра разумелі мясцовыя асаблівасьці і магчымасьці і, нейкім чынам, «працавалі» таксама і на сябе. Рымскія ўлады, мяркуем, ведалі гэта, але, улічваючы раней сказанае, закрывалі на гэта свае ўладныя вочы. Па народным уяўленьням імя мытніка – гэта ўжо нешта адмоўнае і таму зносіны з мытнікамі лічыліся нечым брудным. І калі мытнікам прызначаўся гебрай, дык ён пачынаў быць у вачах мясцовых гебраяў асабліва пагарджаным, бо лічыўся здраднікам нацыянальнага і рэлігійнага пачуцьця. Дык вось, адным з такіх мытнікаў і быў Левій Мацьвей.
Апостал і эвангеліст Мацьвей (Левій Мацьвей) жыў у галілейскім горадзе Капернаум, займаючы пасаду мытніка. Мацьвей быў чалавекам адукаваным, ведаючы, акрамя гебрайскай, грэцкую мову і, як кажуць, адну з моваў індыйскіх, што мажліва і дало яму магчымасьць заняць пасаду мытніка Рыма. Чалавек гэты быў даволі багатым, бо меў значных памераў дом і, уключым фантазію, усё, што напаўняе дом дзеля заможнага і бясьпечнага жыцьця для сябе і сваёй сям’і. Што ж тычыцца сям’і, дык яна складалася з жонкі і чатырох дзяцей. Мацьвей паходзіў з сям’і Алфея, з якой, дарэчы, паходзіў яшчэ адзін апостал – Якуб. Так, той самы Якуб, які першым з апосталаў пацярпеў сьмяротным пакараньнем за веру ў Ісуса Хрыста. І вось назіраньне. Эвангеліст Марк кажа пра тое, як Ісус пералічыў тых дванаццаць, якіх паставіў каля Сябе на служэньне: «І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. І вызначыў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх абвяшчаць, і каб мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў: Сымона, і даў яму імя Пётр, і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць “Сыны грому”, і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта, і Юду Іскарыёта, які выдаў Яго.» (Мар 3:13-19).
Зазначым з гэтага семае месца Мацьвея ў пераліку апосталаў, якіх вызначыў Сам Бог (адкуль і назва гэтага артыкула). Мы ня будзем дасканала дасьледаваць тое, хто, і ў якім парадку, прыйшоў да Ісуса Хрыста, бо першы ў гэтым сьпісу Пётр, на самой справе, ня быў першы, а быў пазваны сваім братам Андрэем: «Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: “Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос”. І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: “Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень”» (Ян 1:40-42). Гэта, што тычыцца братоў Сымона (Пятра) і Андрэя, але як быць з братамі: Мацьвей і Якуб? Мацьвей сёмы, а Якуб дзявяты ў пераліку Ісуса Хрыста. Мы ня ведаем падрабязнасьцяў гэтага, але можам паставіць перад сабою некаторыя пытаньні. Хто першы з іх прыйшоў да Хрыста? У нас няма зьвестак гэтага, а таму мы можам калі не фантазаваць, дык разважаць.
Мацьвей працаваў у горадзе Капернаум мытнікам, маючы з гэтага і добры асабісты прыбытак, які даваў магчымасьць дабрабыту яму і ягонай сям’і. Ці разважаў ён пра праведнасьць сваіх заробкаў? Мяркуем што так, бо недарма яго паклікаў Ісус, Які бачыць сэрца кожнага чалавека. Бачыў Ён і сэрца Мацьвея, пагарджанага юдэямі, але схільнага да Хрыста. Безумоўна, што суайчыньнікі пагарджалі ім, бо мытнікі лічыліся здраднікамі на карысьць акупацыйнай імперыі Рыма. Безумоўна і тое, што Мацьвей быў грэшнікам, але ці былі лепшымі за яго фарысеі са сваёю ўяўнай праведнасьцю? І вось, Госпад паклікаў гэтага пагарджанага чалавека, бо бачыў вялікую карысьць у далейшым жыцьці мытніка Мацьвея: «І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім» (Лук 5:27-28).
«Ідзі за Мною». Ці ня так Ён зьвяртаецца да кожнага з нас? Што ж тычыцца мытніка Мацьвея, дык ён устаў і кінуўшы ўсё, пайшоў за Ім. Заўважым тое, што ён не занадта разважаў і калі Ісус паклікаў яго, ён, кінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Хрыстом. Больш таго, у радасьці ад гэтага, Мацьвей запрашае Ісуса Хрыста ў свой дом на адпачынак і пачастунак: «І зрабіў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і была шматлікая грамада мытнікаў і іншых, якія ўзьлягалі з імі.» (Лук 5:29). Уявім сабе гэтую карціну. Пагарджаныя людзьмі мытнікі, і іншыя з імі, сядзелі за адным сталом з праведным і сьвятым Госпадам Ісусам Хрыстом. Іншыя з імі. Ці ня ў гэтым ліку знаходзіўся брат Мацьвея Якуб і ці не пасьля гэтага Якуб пайшоў за Ісусам Хрыстом, стаўшыся Ягоным апосталам? Гэта, па сутнасьці, пра ўсіх нас, бо з якога асяродзьдзя мы прыходзім да Ісуса Хрыста? Ад асяродзьдзя мытніка Мацьвея, каб, як і ён, служыць Хрысту ўсім сваім далейшым жыцьцём і каб, як і ён, прыводзіць да Хрыста сваіх блізкіх. Як Андрэй Пятра і як Мацьвей Якуба.
Але, ўвявім сабе вялікі шыкоўны дом і адпаведны пачастунак для шаноўных гасьцей. Мацьвей палічыў Ісуса найшаноўнейшым з тых, каго ён калісьці запрашаў у свой дом. Ён адчуў тое, што здаецца і было чаканым у сэрцы ягоным – ён убачыў шлях збаўленьня ад таго грэху, у якім ён знаходзіўся ад нараджэньня і да таго часу, калі ён сустрэў сам на сам Ісуса Хрыста. Цудоўнейшы момант у жыцьці кожнага чалавека – сустрэць Ісуса Хрыста, Які скажа: «Ідзі за Мною» і каб пайсьці за Ім, як Мацьвей Левій пайшоў, пакінуўшы ўсё, што трымала яго да гэтага грэшнага сьвету. Мацьвей ўзрадаваўся свайму пакліканьню і таму запрасіў Ісуса Хрыста ў свой дом. Але як паглядзеў на гэта сьвет у выглядзе тых жа фарысеяў: «І наракалі кніжнікі і фарысэі вучням Ягоным, кажучы: “Навошта вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі і грэшнікамі?”» (Лук 5:30). І сапраўды, шыкоўны стол, дэлікатэсныя пачастункі. Ці праведна ўсё гэта ад рымскага мытніка? За кошт каго накрываўся гэты стол? Але Ісус еў і піў за гэтым сталом разам з мытнікамі і грэшнікамі. Вучні Янавыя і фарысеі дзівіліся на гэта кажучы: «Навошта вы ясьце і пьяце з мытнікамі і грэшнікамі?». Як можа Той, Хто абвяшчае Сябе Сынам Бога сядзець за адным сталом з такімі людзьмі? Што на гэта адказаў Ісус? Вось што: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я прыйшоў клікаць да навяртаньня не праведных, але грэшных» (Лук 5:31-32). Вернемся ж непасрэдна да Мацьвея.
Мацьвёй кідае мытню і ідзе за Ісусам Хрыстом. Здраднік народа здраджвае і рымскаму цэзару. І ідзе за Госпадам. Як ставіцца да гэтага? Як да ўсеагульнага здрадніка ці як інакш? Пытаньне. Але як да гэтага ставіцца Ісус Хрыстос і што Яму спадабалася ў гэтай чалавечай асобе? Адукаваны чалавек і безумоўны грэшнік. Чалавек, які грашыў у сваім жыцьці, але які шукаў у сэрцы сваім выйсьце з гэтага. Госпад усё гэта добра бачыў і таму паклікаў Мацьвея да Сябе. Бог нічога дарэмна ня робіць і пакліканьне Мацьвея вызначала служэньне на карысьць Валадарства Божага, бо забягаючы наперад мы ведаем, што менавіта Мацьвей напісаў Эвангельле, якое было накірована да юдэяў. Бог даверыў яму і даручыў яму гэта. Ці быў Мацьвей патрыётам сваёй радзімы? Так, безумоўна быў, бо таму ён і пайшоў за Ісусам Хрыстом. І ці не таму, што імя Мацьвей азначае «дар Яхве»? Можа і так. Але галоўнае, што Ісус перамяніў сэрца Мацьвея, якое было да гэтага схільным ня толькі да грэшнага, але і для Божага. Схільнае да таго, каб ісьці за Госпадам і служыць Яму ўсім сваім розумам і здольнасьцямі, якія былі атрыманы ад Бога. Ісус паклікаў гэтага адукаванага гебрая, каб ён, апрача даручанага абвешчаньня Добрай весткі, выклаў на паперы для сучасьнікаў і будучых тое, што ён бачыў, чуў і зразумеў ад свайго служэньня і веры ў Ісуса Хрыста. І адукаваны Мацьвей зрабіў гэта, бо перамененае сэрца інакш ня можа. І гэта тычыцца кожнага з нас.
Мацьвей выкладае першае Эвангельле, як непасрэдны сьведка жыцьця і дзейнасьці Ісуса Хрыста. Адукаваны чалавек, добра ведаючы грэцкую мову, ён выклаў на паперу ня толькі тое, што ведаў асабіста, але і тое, што запісваў на грэцкай мове апостал Філіп. Значна і тое, што Мацьвей напісаў сваё Эвангельле на мове тагачаснай гебрайскай у адрозьненьні да іншых эвангелістаў, якія выклалі свае творы на грэцкай мове. Трэба азначыць і тое, што некаторыя дасьледчыкі аспрэчваюць факт напісаньня гэтага Эвангельля на гебрайскай мове, зьвяртаючы ўвагу на тое, што мы ня маем такога тэксту, а ёсьць агульнавядомы тэкст на грэцкай мове. Але безумоўная накірованасьць Эвангельля да гебраяў робіць лагічнай выкарыстаньне Мацьвеем гебрайскай мовы. Пакінем гэтыя навуковыя спрэчкі дасьледчыкам, мы ж вернемся да той вялікай бяседы, якую зладзіў Ісусу Хрысту мытнік Мацьвей.
Ісус сядзеў сярод мытнікаў і грэшнікаў. Мытнікаў і грэшнікаў. Мы не проста так падкрэсьліваем гэта, бо тое што ёсьць грэшнік, дык гэта зразумела. Але яшчэ ёсьць спалучэньне са словам мытнік. Даволі жорсткае спалучэньне, якое, дарэчы, дае нам уяўленьне ў якім асяродзьдзі выхоўваўся і жыў Мацьвей. Мацьвей разумеў сваю грэшнасьць, як бачыў і непрыхаваную нянавісьць з боку юдэяў за сваю мытную дзейнасьць. Безумоўна тое, што сэрца шукала выйсьце і яно адчула яго ў Ісусе Хрысьце. Не выклікае сумнёву і тое, што Мацьвёй ужо бачыў цуды Ісуса і чуў Ягоныя словы, якія, безумоўна, кранулі сэрца грэшніка і мытніка. Але хто ён, а хто праведны і сьвяты Ісус? І вось Ісус кліча яго да Сябе, у Сваю прысутнасьць. Натуральна, што радасьць гэтага пакліканьня і спадзьвігла Мацьвея мытніка запрасіць Ісуса ў свой дом да багатай і шматлюднай бяседы. Фарысеі незадаволена дзівіліся з гэтага, не разумеючы, што Сын Божы для таго і прыйшоў, каб даць выратаваньне нават і такім людзям, як мытнік Мацьвей.
Адказваючы фарысеям і вучням Яна Хрысьціцеля, Ісус кажа наступнае: «Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое»» (Мац 9:17). Ісус кажа гэтым, што ў прысутнасьці Госпада, маючы ад Яго пакліканьне, трэба кардынальна мяняць усё. І не фармальна, а прынцыпова па-новаму. Бог для таго і выбірае нас, каб з перамененым сэрцам, мы перамянялі і сваё асяродзьдзе. Дзеля гэтага мы і атрымліваем ад Госпада вялікія і шчодрыя дабраславеньні. Так Бог перамяніў Мацьвея, даўшы яму новае сэрца і новае жыцьцё. І ня толькі для яго самога, але і для іншых гебраяў, а ў першую чаргу для фарысеяў, гэтых адукаваных людзей, якія не заўважалі Мэсію нават і стоячы перад Ім. Мацьвей убачыў Хрыста і пайшоў за Ім. Кінуўшы ўсё: сваю ганебную працу, якая, між тым, прыносіла яму неблагія прыбыткі; маёмасьць; «вялікія бяседы» за чаркай і размовамі пра матэр’яльнае гэтага сьвету, а галоўнае – старое жыцьцё з усімі гэтымі атрыбутамі.
Ісус добра ведаў чаму Ён зьбірае такіх людзей, як Мацьвей (Левій), Ян, Павал (Саўл), ды і шмат каго яшчэ. Падрыхтаваныя і адукаваныя людзі, якія здольныя думаць і разважаць. Дарма што мытнікі і грэшнікі, фарысеі і Янавы вучні. Галоўнае тое, што яны былі неабыякавымі да свайго жыцьця ў сэнсе адносінаў да Госпада і Ягоных пастановаў. Так, Бог ведае каго паклікаць на служэньне. Ісус Хрыстос бачыў тое, гледзячы на Мацьвея, што ніхто лепш не прамовіць юдэям, як гэты мытнік і грэшнік Мацьвей. Ці быў Мацьвей чыстым і праведным? Не, ня быў, бо ягонае служэньне цэзару ніяк не раўнялася з праведнасьцю. Як ня быў праведным і той набытак, які даў яму багацьце, якое ён меў на момант сустрэчы з Ісусам Хрыстом. Але зьмянілася ўсё і ўсё тое што было сталася нічым, акрамя імкненьня сэрца Мацьвея да Госпада. Ісус ведаў, што рабіў, бо за Мацьвеем – чалавекам справы, які пражыў далейшае добрае і карыснае жыцьцё, - шмат і шмат тысячаў дзяржаўных служыцеляў і палітычных дзеячоў у наступных вяках, якія пачулі голас Ісуса: «Ідзі за Мною».
Ісус зьбіраў і зьбірае такіх людзей, кажучы: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё» (Мац 9:37-38). Словы Ісуса Хрыста кажуць пра тое, што вельмі і вельмі вялікая колькасьць людзей ня ведае Госпада, а гэта і ёсьць жніво, на якое патрабуюцца работнікі, каб несьці вестку пра Божае Валадарства і вечнае жыцьцё ў ім. Так было пад час Левія Мацьвея, так ёсьць і ў сучаснасьці. Усе мы Мацьвеі грэшнікі да свайго пакліканьня, але пасьля мы становімся работнікамі для вялікага Божага жніва. Бог уздымае нас з асяродзьдзя мытніка Мацьвея, каб мы, як і Мацьвей, сталі працаўнікамі для Госпада. Гэтым Бог дабраслаўляе нас і паказвае прыклад Мацьвея мытніка, кажучы кожнаму з нас: «Ідзі за Мною». Апостал Мацьвей, ад свайго пакліканьня, быў верным вучнем Хрыста і сваё новае жыцьцё ў чысьціні сэрца, а значыць і збаўленьне, ён атаясамляў з вераю ў Ісуса Хрыста, якой дастаткова ў перамене сэрца і перамене жыцьця.
У апошнім Сваім зямным слове да вучняў Ісус сказаў: «І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: “Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн.» (Мац 28:18-20). Мяркуем, што гэтыя словы Хрыста сталіся падмуркам перамененага і таму чыстага сэрца Мацьвея, каб ісьці ў сьвет, заклікаючы народы да збаўленьня і вечнага жыцьця ў Валадарстве Божым з Ісусам Хрыстом. Безумоўна і тое, што не адразу пасьля гэтых словаў Хрыста апосталы кінуліся выконваць загад свайго Госпада. Ня так проста, для большасьці людзей, кідаць свае хаты і ісьці ў іншыя народы прапаведаваць збаўленьне ў Ісусе Хрысте. Нават і таму, што гэты занятак вельмі і вельмі небясьпечны. Тым больш, што Ісус і казаў пра гэта: «Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё. І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго. І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх. І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў. А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мац 24:9-13). Нічога сабе перспектыва для вучняў Хрыста. Можа таму і не занадта сьпяшаліся апосталы выконваць даручэньне Ісуса Хрыста? Але палітычная сітуацыя ў краіне падштурхнула апосталаў да непасрэднага дзеяньня. Ці ня ў гэтым рука Божая?
Ганеньні на першых хрысьціянаў прымусілі апосталаў пакінуць Ерусалім. Асабіста Мацьвей пайшоў на поўнач, прапаведуючы Эвангельле і хрысьцячы веруючых. Македонія, Сірыя, Персія, Парфія, Мідыя, Егіпет і Эфіопія - гэта тыя месцы і тыя народы, дзе прапаведана Мацьвеем Эвангельле Ісуса Хрыста. Кажуць, што раней за Македонію ён пайшоў у Рым з караванам з Індыі, дзякуючы веданьню індыйскай мовы, дзе прабыў каля трох гадоў Мы ведаем, што адзінаццаць з дванаццаці апосталаў загінулі пакутніцкай сьмерцю. За выключэньнем апостала Яна. Што ж тычыцца сьмерці Мацьвея, дык тут існуюць некалькі версій. Адна з іх кажа пра тое, што апостал пакутніцкі памёр у фракійскім горадзе Лісімахіі, у выніку змовы варожа настроеных юдэяў з рымскімі жаўнерамі. Другая гісторыя, да якой схіляецца большасьць дасьледчыкаў, кажа пра тое, што апостал Мацьвей загінуў у Эфіопіі, дзе ён жыў у служэньні Ісусу Хрысту сярод мясцовага людаедскага племені. Але, як бы тое не было, важна тое, што гэты адроджаны мытнік загінуў пераможцай – з верай у збаўленьне, якую ён моцна засвоіў пад час зямнога жыцьця Настаўніка і Госпада Ісуса Хрыста.
Мацьвей не пісаў пра сябе нічога, за выключэньнем некалькі вершаў у сваім Эвангельлі, бо не лічыў гэта патрэбным. Ён лічыў больш патрэбным казаць пра Ісуса Хрыста, ад Якога зыходзіць збаўленьне і жыцьцё вечнае. Сваё жыцьцё і свае здольнасьці Мацьвей накіраваў менавіта на гэта. Гледзячы на жыцьцё і служэньне апостала Мацьвея, мы павінны маліцца за тых людзей, якія маюць здольнасьці ад Бога, каб тыя ўсталі кажны са «сваёй мытні» і адгукнуліся на заклік Ісуса Хрыста: «Устань і ідзі за Мною». І няхай кожны зробіць так, як гэта зрабіў мытнік Мацьвей, бо «жніва шмат, а работнікаў мала». Амэн.
Свидетельство о публикации №225121802055