Непаслухмяны вулей
Аднойчы Міця Моцін дапамог свайму знаёмаму пчаляру Віктару Патапцаву выратаваць маленькае цікаўнае парася, якое выпадкова апынулася ў вадзе і амаль не загінула. За гэтую дапамогу Патапцаў падараваў заатэхніку Моціну новы вулей разам з пародзістымі пчоламі.
— Трымай, Міцька, гэты непаслухмяны вулей разам з яго жыхарамі! Гэтыя пчолы так любяць працаваць, што нават абрыдлі мне за апошні час, — жартаваў Віктар. — На самой жа справе — даволі міралюбівыя пчолкі, але ўсё залежыць ад іх настрою. Звычайна рана пачынаюць працаваць, а вось дадому вяртаюцца позна. Выдатна зімуюць у нашых краях. Але ж калі надвор’е дрэннае, носа з вулею не высунуць. Гэта так яны свае сілы эканомяць, чакаюць нектар з больш высокім узроўнем цукрыстасці. Дужа разумныя істоты! Але ведай, што пчолы законаў не чытаюць: зладзюг сярод іх таксама хапае. Сцібрыць лыжку мёда з адкрытых сотаў — справа асаблівай важнасці!
Міцька падзякаваў Віктару Патапцаву, і ў хуткім часе вулей заняў сваё месца пад касматай яблыняй.
На працягу першых сутак вулей не пакінула ніводная пчала. Гэта заўважылі птушаняты Шусь і Шась, якія сачылі за новым аб’ектам з самага ранку. Малым было вельмі цікава, што гэта за драўлянае цуда-юда з’явілася ў іх сядзібе.
Заскочыўшы на высокі пень, яны прыняліся падслухоўваць пчаліныя скаргі.
— Няхай новы гаспадар нават не марыць, што мы будзем здабываць пылок і нектар, пасля чаго вырабляць яму мёд! — тупнула нагой фанабэрыстая пчаліная матка. — Працуем толькі дзеля сябе!
Лётныя пчолкі першымі пагадзіліся з прапановай іх Каралевы. Пчолы-абаронцы і пчолы-будаўнікі таксама былі не супраць своеасаблівай забастоўкі.
— А я ўвогуле прапаную прынесці якіх-небудзь шкодных фарбавальнікаў ці іншых духмяных і не вельмі карысных адходаў з суседніх прадпрыемстваў, — выказала сваю думку адна з працоўных пчол.
— Не дадумайцеся да гэтага! — гнеўна адрэагавала адказная пчаліная матка. — Яшчэ не хапала паўтарыць гісторыю французскіх пчол з рознакаляровым мёдам, якія нацягалі фарбавальнікаў з завода кандытарскіх вырабаў!
Падлеткі прыняліся скакаць па сотах і забаўляцца. Карміліцы нават забыліся пра тое, што павінны былі перапрацоўваць пяргу і выкормліваць матку, трутней, лічынак и нованароджаных пчолак. Пакуль меліся запасы, пчолы памаленьку харчаваліся імі. Але калі соты апусцелі, а на пчаліны сабатаж ніхто нават не звярнуў увагі, сям’я паласатых бунтароў засумавала. Пчолы спадзяваліся, што былы гаспадар даведаецца пра тое, што яго выхаванцы затаілі крыўду на яго, пасля чаго хуценька прыедзе каб забраць дадому сваіх спецыялістаў на ўсе лапкі. Але Віктар Патапцаў, уласнік велізарнага пчальніка, амаль што адразу забыўся пра непаслухмяны свой вулей, які з усёй шчырасцю падарыў заатэхніку Моціну.
У хуткім часе Шусь і Шась пазнаёміліся з пчолкамі-падлеткамі, якія амаль што адразу заўважылі праз ляток цікаўных птушак і вылезлі на свежае паветра.
— Як ты мяркуеш, Шасік, чаму гэтыя пчолы сядзяць дома і не лятаюць на працу? — спытаў ціхенька ў сябра Шусь.
— Мабыць яны хворыя, — выказаў здагадку Шась. — Ці нават гультаяватыя.
Размову падслухалі пчолкі-падлеткі і пачали скардзіцца птушанятам на былога гаспадара, які абыякава развітаўся з працавітай пчалінай сям’ёй.
— Якія ж вы, пчолы, неразумныя, што абураецеся! — здзівіўся Шась. — Вы нават не ўяўляеце сабе, як вам пашанцавала з новым гаспадаром! Міцька наш — лепшы заатэхнік у гэтых мясцінах і дужа добры чалавек. І ў нашай сядзібе вельмі весела і цікава жыць.
— Але кожны павінен займацца сваёй справай і выконваць свае абавязкі. Мы, напрыклад, вучымся яшчэ ў школе, — шчыра дадаў Шусь.
Птушаняты разнеслі навіны пра непаслухмянцаў па ўсёй сядзібе.
У хуткім часе Міця з жонкай Аленай упрыгожылі пчаліную хатку, зрабілі яе больш утульнай і прывабнай. Пакрыўджаныя пчолкі ўзрадаваліся, што ў іх зараз такія ўважлівыя і клапатлівыя гаспадары будуць. У добрым настроі пчаліная матка арганізавала ўсю работу ў сваёй шматлікай сям’і.
Кожную раніцу галоўная пчала зычна давала ўсім загад прыступаць да сваіх абавязкаў. Працоўныя пчолы ляцелі збіраць пылок і нектар. Вартаўнікі сачылі за парадкам у вуллі. Маладыя выхавальнікі клапатліва прыглядвалі за лічынкамі. Разведчыкі адпраўляліся вывучаць новыя месцы цвіцення.
З таго часу вулей стаў паслухмяным, дзе кожны займаўся сваёй асабістай справай.
Свидетельство о публикации №225121800459