Волны Галилейские

СЬВЕДЧАНЬНЕ І ПРОПАВЕДЗЬ


«І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце
Дабравесьце ўсяму стварэньню. Хто будзе верыць
і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе
верыць, асуджаны будзе» (Мар 16:15-16).

Ісус Хрыстос загадаў вучням Сваім абвяшчаць усяму сьвету Сваё Дабравесьце, як магчымасьць веры, а значыць і выратаваньня ад сьмерці вечнай. Словы Ісуса тычацца кожнага, хто хрысьціўся ў Яго, каб несьці далей гэтую Вестку пра збаўленьне і жыцьцё вечнае. Разам з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Ісус загадаў нам сьведчыць пра Яго і прапаведаваць слова Божае. Сьведчыць і прапаведаваць. Гэта не адно і тое ж, бо сьведчаньне – гэта шчыры аповед пра тое, як Госпад удзельнічае ў жыцьці хрысьціяніна, а пропаведзь - гэта пасланьне, у якім асноваю мае быць слова Божае. Мэта адна, але розны падыход і рознае выкананьне. Хаця некаторыя сьведчаньні мала чым адрозьніваюцца ад пропаведзі, але ўсё ў славу Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Мы ня раз яшчэ будзем зьвяртацца да сьведчаньняў, але зараз зьвярнем увагу на пасланьне (пропаведзь) роднага брата Ісуса Хрыста Юды: «Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом: літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца! Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбаласьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым. Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца» (Юд 1-4). Юда напісаў сваё пасланьне прыкладна праз трыццаць шэсьць гадоў пасьля ўкрыжаваньня і сьмерці свайго брата Ісуса Хрыста. Пасланьне Юды – адно з самых невялікіх у Новым Запавеце, але яно ёсьць адно з самых важных у Бібліі, бо апісвае гісторыю адступніцтва ад самага пачатку і да канца. Юда кажа пра анёлаў, не захаваўшымі сваёй годнасьці. Мы бачым самаправеднага Каіна і разбэшчаных садамлянаў. Мы бачым бунтуючага Ізраіля, змусту зьдзірства Білеама і зацятасьці Караха: «Гора ім, бо яны пайшлі шляхам Каіна, паддаліся падману нагароды Білеама, і ва ўпартасьці загінулі, як Карах» (Юд 11).

Кажучы пра Юду, мы павінны ўзгадаць і ўсю сям’ю Ісуса Хрыста, якая была пад час Ягонага служэньня. Каб спазнаць гэта, зьвярнемся да Эвангельля паводле Марка: «І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго? Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся з Яго» (Мар 6:2-3). Мы налічваем, акрамя маці, чатырох братоў і яшчэ, як кажуць, дзьвух сясьцерак. Мы бачым з Новага Запавету, што ніхто з іх, пад час Ягонага служэньня, ня быў з Ім і не падтрымліваў Ягонага служэньня. Але Ягоная сьмерць і Ягонае ўваскрэсеньне зьмянілі гэтае стаўленьне да свайго роднага Ісуса. І як бывае ў грамадзтве, так ёсьць і сярод сям’і. Нехта проста сьведчыў пра свайго брата ці сына Ісуса, а што тычыцца Якуба і Юды, дык яны сталіся прапаведнікамі. Старэйшы Якуб, ня будучы пакліканым апосталам, узначаліў царкву Ерусаліма і стаяў на вельмі жорсткай пазіцыі юдаізма ў хрысьціянскай царкве. Мы ня ведаем дакладна пазіцыю ў гэтым пытаньні Юды, але можам толькі здагадвацца пра гэта, ведаючы, што ён ніколі не пакідаў межаў тагачаснай Юдэі.

Юда – брат Ісуса Хрыста. Просты чалавек, які піша пасланьне да хрысьціянаў, прад’яўлячы сябе братам Якуба і рабом Ісуса Хрыста. Юда не ганарыўся роднасьцю з Ісусам (як маглі б гэта рабіць многія з нас), бо праўда ў тым, што браты Ісуса, пры Ягоным жыцьці, ня верылі ў Яго. Але, хто паверыць, таму і адкрыецца праўда. Такім быў Юда, як і ягоны брат Якуб. Юда быў асьвечаны Хрыстом таксама, як Ён асьвячае ўсіх, хто паверыць у Яго як Збаўцу. Хто паверыць Ісусу Хрысту, той будзе збаўленым. Ня толькі ў будучым жыцьці, але і ў жыцьці штодзённым, у тым, што перашкаджае жыць у сёньняшнім дні. І ня толькі збаўляе, але і захоўвае чалавека на будучыя часы. Чалавек можа дапамагчы іншаму чалавеку выйсьці з нейкай сітуацыі, але ці можа ён захаваць гэта і ў будучым? Пытаньне. З Богам жа ўсё ня так, бо Ён захоўвае Сваіх асьвечаных дзяцей нават і да вечнасьці. Мы бачым, як любячыя бацьці захоўваюць сваіх малых дзяцей, але гэта ня можа працягвацца ўсё жыцьцё і дзеці, аднойчы, становяцца сам-насам з рознымі выклікамі гэтага сьвету. Наш жа дасканалы Айцец захоўвае Сваіх дзяцей Сваёй дасканалай любоўю ў-ва ўсе часы, нягледзячы на ўзрост чалавека.

Юда жадае ўсім міру і любові. А ці не жадаюць людзі, каб іх любілі? Так, жадаюць. І не заўсёды маюць тое, да чаго яны імкнуцца. Гэта чалавечае, але любоў Бога да нас нашмат шырэйшая. Больш таго, яна бясконцая. Чалавек можа сам не любіць, але ці знойдзем мы таго, хто не хацеў бы, каб любілі яго? Бог ведае гэта і таму любіць кожнае Сваё стварэньне. Сваёй дасканалай і сьвятой любоўю. Нават і ў тыя часы, калі ад нас адварочваюцца нават і самыя блізкія людзі. Божая любоў – гэта пропаведзь веры, а пропаведзь веры – гэта перадача веры наступным пакаленьням. А значыць і перадача разуменьня Божай любові да кожнага з нас. І збаўленьня, як выніку гэтай Божай любові.

Юда кажа пра збаўленьне. Не па закону, як раней (Бог кажа, што рабіць, а мы павінны старацца), а па веры. Як у Абрагама, які па веры пайшоў у невядомую краіну, вераю там жыў і вераю атрымаў абяцанага сына. Як, праз шмат гадоў і у Майсея, які вывеў народ Божы з Эгіпту праз Чэрмнае мора, як па сушы. Юда кажа пра веру ў тое, што мы можам уваскроснуць з нячыстага чалавека ў чыстага разам з Ісусам Хрыстом, бо адкрылася Божае дабраславеньне. У Ісусе Хрысьце. Бог хоча збавіць любога грэшніка, нават і самага апошняга. Ён жадае прабачыць нас праз Сына Свайго Ісуса Хрыста. Бог залічвае нам праведнасьць і сьвятасьць дзякуючы сьмерці Хрыста. Але Юда кажа нам і пра захаваньне збаўленьня: «А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым, захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.» (Юд 20-21). Юда кажа пра тое, што мы павінны захоўваць саміх сябе, але мы павінны разумець і тое, што самі сябе мы не ўратуем, бо здольны на гэта толькі з Божай дапамогаю.


Рецензии