Христианский характер

ХРЫСЬЦІЯНСКІ ХАРАКТАР


«Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які
мае веды, умацоўвае сілу сваю. Таму з
разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры
многіх дарадцаў - выратаваньне» (Выс 24:5-6).

Бог жадае, каб усе мы ўзрасталі духоўна і настойліва фармавалі свой хрысьціянскі характар. Наогул, жыцьцё хрысьціяніна – гэта вялікі канфлікт паміж целам і духам. Гэта асабістая кожнадзённая вайна паміж пажадамі цела і жыцьцём у Ісусе Хрысьце. І таму Бог заклікае нас да мудрасьці, калі кажа: «Таму абдумана вядзі сваю вайну». Апостал Павал дае нам просты і мудры накірунак да перамогі ў гэтай вайне: «А я кажу: хадзіце паводле духа і пажаданьняў цела не спаўняйце. Бо цела жадае насупраць духу, а дух — насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі. Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам. А ўчынкі цела яўныя» (Гал 5:16-18). Павал паказвае нам ворага, з якім мы павінны штодзённа змагацца, як і вынікі ў выпадку перамогі гэтых ворагаў: «А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць, ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі, зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага» (Гал 5:19-21).

Дух і цела адзін адному супрацівяцца і таму нашае жыцьцё праходзіць у процідзеяньні цела і духа. Уявім сабе два лісты паперы. Адзін ліст мае чорны колер, а другі – белы. Усё тое, што наненсена на паперу чорным колерам – гэта дзеі цела, а папера белага колеру – гэта жыцьцё па духу. Кожны, хто прыходзіць да Ісуса Хрыста, не прачынаецца назаўтра з адным белым духоўным лістом, бо пачынаецца вайна паміж духам і целам. І калі ў працэсе хрысьціянскага жыцьця чорны колер ліста паступова губляе сваю чарнату і ўсё больш і больш сьвятлее, дык гэта азначае, што ідзе працэс асьвячэньня хрысьціяніна, як перамога хрысьціянскай духоўнасьці над дзеямі цела. Так у гэтай барацьбе выпрацоўваецца хрысьціянскі характар. А што ёсьць барацьба з целам, як не выпрабаваньне? Хрысьціянін заўсёды выпрабоўваецца, каб чалавек ўсё больш і больш напаўняўся Божым і каб ўсё меньш і меньш заставалася месца дзеям цела. Але што патрабуецца чалавеку, каб быць сьвятым? Апостал Пётр адказваючы на гэтае пытаньне кажа: «Як паслухмяныя дзеці, не прыпадабняйцеся ранейшым пажаданьням у няведаньні вашым, але, паводле прыкладу Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсім ладзе жыцьця, бо напісана: “Будзьце сьвятыя, бо Я – Сьвяты”» (1 Пят 1:14-16).

«Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзбройцеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць, каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае» (1 Пят 4:1-2). Адзначым у звароце апостала да нас словы «церпіць целам».

Цярпеньні – вось тое ключавое слова, якое будзе ісьці разам з намі ва ўвесь час барацьбы духа і цела. Калі мы прыходзім да Ісуса Хрыста і Духам Сьвятым вырашаем адмовіцца ад грэху, дык павінны падгатавацца да цярпеньняў нашага цела. Безумоўна тое, што некаторыя грахоўныя звычкі, якія мы мелі да пакаяньня, зьнікнуць адразу і назаўсёды. Напрыклад, да свайго навяртаньня, нехта лаяўся матам. І вось цуд. Пасьля навяртаньня ён нейкім цудоўным чынам пазбаўляецца гэтага. І ніякага цярпеньня, а толькі палёгка. Але далёка ня ўсё так проста з іншымі дзеямі цела. Ёсьць барацьба, бо немагчыма кінуць многія грахоўныя звычкі адразу і назаўсёды. Барацьба духа і цела. І гэта можа працягвацца даволі доўгі час, бо хрысьціянін прыходзіць да Ісуса Хрыста ў розным дарослым узросьце, калі ўжо сфармаваліся многія грахоўныя звычкі, якія паклалі аснову характара чалавека.

Але што ёсьць характар чалавека няверуючага? Каб высьвятліць гэтае пытаньне, зьвернемся да агульнаграмадскага вызначэньня гэтага пачуцьця, якое кіруе дзеяньнямі чалавека.

Характар (грэц. Carakthr) – псіхічная зьява, якая адрозьнівае асобу ці народ і праяўляючая сябе ў своеасаблівым, паступова складаючымся спосабе рэагаваньня на розныя патрабаваньні зьнешняга і ўнутранага сьвету. Характар фармуецца на ўсёй працягласьці жыцьця, як вобраз жыцьця, як вобраз думак, пачуцьцяў, імкненьняў і дзеяньняў у іх адзінстве. Склад характара – гэта жыцьцёвая накірованасьць чалавека на матэр’яльныя і духоўныя патрэбы, інтарэсы, упэўненасьць у чымсьці і гэтак далей.

Чалавек сьвету можа мець некалькі характараў, для розных жыцьцёвых сітуацыяў. Гэтую асаблівасьць чалавека называюць настроем: у адным настроі чалавек праяўляе адзін характар, у іншым настроі – іншы.

Аснову характара любога чалавека складаюць дынаміка, воля і звычкі. Дынаміка – гэта малюнак дзеяньняў у той той ці іншай, нават стрэсавай, сітуацыі. Як адрэагуе, напрыклад, чалавек у сітуацыі нападу? Запанікуе, пабяжыць ці пойдзе насустрач ворагу? У залежнасьці ад гэтага людзі вызначаюць характар як баязьлівы ці наадварот – сьмелы. Далей воля – гэта здольнасьць канцэнтраваць сілы, каб дасягаць пэўных мэтаў. Чалавек валявы – чалавек з характарам. І наадварот, чалавек бязвольны – чалавек безхарактарны. І ў рэшце, звычкі – гэта шаблоны паводзінаў, якія складаюцца з цягам часу жыцьця чалавека: «Пасееш звычку – пажнеш характар». Вядома, што характар чалавека выпрацоўваецца ад нараджэньня праз сям’ю, дзіцячы садок, школу, вуліцу і гэтак далей.

Сучасная псіхалогія, якая займаецца пытаньнямі характара чалавека, безумоўна атэістычная і працуе ў практычных межах сьвецкага жыцьця грамадзтва. Безумоўна тое, што ніякае грамадзтва не жадае, каб грамадзяне мелі дрэнны характар. Уявім сабе жыцьцё такога грамадзтва. І таму грамадзкія кіруючыя інстытуты даводзяць да сваіх грамадзянаў свае нормы маралі і грамадзкіх паводзінаў, якія прадугледжваюць і пакараньні за парушэньне гэтых грамадзкіх нормаў. Псіхолагі даволі дасканала вывучылі асаблівасьці і склад характара чалавека як і тое, якім чынам ён набываецца. Але галоўнае прызначэньне псіхалогіі ня ў тым, каб вывучыць фенамен характара чалавека, але ў тым, як дапамагчы зьмяніць характар чалавека да добрага. І тут пачынаецца самае цікавае. Псіхалогія мае ў сваім арсенале некалькі дзясяткаў розных парадаў, выконваючы якія, як быццам бы можна пазбавіцца ад тых звычак, якія вельмі пагаршаюць характар чалавека.

Парады, якія прапануюцца ўладальнікам дрэнных характараў у сваёй большасьці нядрэнныя, хаця сустракаюцца і вельмі спрэчныя. Напрыклад такая: «Чатайце кнігі. Гэта канцэнтраваная крыніца мудрасьці. Чым больш кніг вы прачытаеце, тым разумнейшымі становіцесь» І добра і ня вельмі, бо сярод сьвецкай літаратуры значная колькасьць такой, што яна здольная нават значна пагоршыць сітуацыю з характарам чалавека. Вельмі мала хто з сучасных псіхолагаў дасылае хворага характарам да кнігі мудрасьці і жыцьця – Бібліі, у якой як раз і знаходзяцца лекі ад хваробы пад назвай «характар».

Каб пазбавіцца ад некаторых адмоўных рысаў характара, сучасная псіхалогія вельмі часта заклікае да гордасьці чалавека (ці да самапавагі). І сапраўды, многім удаецца пераадоліць у сабе баязьлівасьць, распусту ці раздражняльнасьць, таму што яны прыходзяць да той думкі, што гэтыя заганы ніжэй за іхнюю чалавечую годнасьць. Д’ябал пляскае ў далоні, бо ён «добра» зрабіў сваю справу, калі даў вам магчымасьць крыху выправіцца коштам уціску гэтых заганаў гордасьцю чалавека. Гордасьць, як самая вялікае «дасягненьне» д’ябла, такім чынам не зьмяньшаецца, а наадварот мацнее. І гэта азначае, што характар чалавека ня столькі выправіўся, як набыў больш гордасьці і таму тут нельга казаць пра аздараўленьне характара чалавека.

Псіхалогія прапануе пазбавіцца шкодных звычак, якія і фармуюць найбольш дрэнныя бакі характара чалавека. Цудоўна. Але як? Праявіць асабістую волю і характар, бо ўсё як быццам ў руках чалавека. Прапануецца вылячыць характар з дапамогаю таго ж самага характара. Як у класіка: «Збаўленьне ўтапаючага – справа рук самога утапаючага»

І вось, яшчэ адна вельмі слушная парада псіхолагаў, якая, па сваёй сутнасьці, адмаўляе спадзяваньне чалавека на свае асабістыя высілкі. Цытуем з артыкула «Як перамяніць свой характар» з разьдзела псіхалогіі сайта «Сьвет парадаў»: «Таксама добрыя вынікі ў перамяненьні свайго характара дае ўзор для перайманьня. Выбіраючы нейкі ўзор (ім можа быць як рэальная, так і прыдуманая асоба), вы пачынаеце раўняцца на яго. І запытваеце сябе, як бы ён учыніў на вашым месцы. Капіруючы пажаданую манеру паводзінаў, вы таксама будзеце выпрацоўваць у сабе правільныя звычкі і зьвядзеце да мінімальнага праявы адмоўных рысаў характара». Логіка псіхолагаў падказвае, што чым больш дасканалы ўзор для перайманьня, тым больш лепшыя вынікі можа атрымаць хворы дрэнным характарам чалавек. І вось, пытаньне псіхолагам: «Хто самы дасканалы Чалавек у гісторыі чалавецтва, Які, нават і ня меў ніякага грэху?» Вось вам Узор для перайманьня. Станоўчы вынік гарантаваны, бо Ісус Хрыстос і ёсьць Той Чалавек, Які можа выправіць нават і самы дрэнны характар.

Мы ўбачылі тое, што ёсьць характар чалавека, як ён фармуецца і што спробы палепшыць яго сваімі асабістымі сродкамі і высілкамі ня што іншае, як лоўкая гульня д’ябла, які робіць усё магчымае, каб не дапусьціць чалавека да той крыніцы, жывая вада якой толькі і здольная ператварыць характар чалавека сьвету ў той характар, які ад пачатку стварэньня сьвету быў прызначаны лепшаму Божаму стварэньню – чалавеку. І гэтая крыніца – Сын Божы Ісус Хрыстос.

Мы ўсе прыходзім да Яго ў вельмі разабраным стане характара. Гэта вельмі сумнае відовішча – наш дахрысьціянскі характар. Але наш вялікі Збаўца ўсё ведаючы пра нас, супакойвае нас і прапануе вялікую хрысьціянскую працу асьвячэньня, каб чорны ліст нашага сэрца з цягам часу ўсё болей і болей асьвятляўся і кожны з нас атрымаў новы і адзіны хрысьціянскі характар. Адзіны таму, што ў адрозьненьні ад няверуючага чалавека, хрысьціянін ня можа мець некалькі характараў, праява якіх залежыць ад тых ці іншых пачуцьцяў.

Хрысьціянскі характар – гэта вынік працы Сьвятога Духа, Які дадзены нам Ісусам Хрыстом для нястомнай і няспыннай працы па вынішчэньню ў чалавеку дзеяў цела, якія і аказваюць негатыўны ўплыў на наш характар. Але з той умоваю, што мы жадаем гэтага і шчыра выконваем тое, што прапануе нам рабіць Сьвяты Дух. Але, што чакае нас на гэтым шляху?

«Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я — цялесны, прададзены пад уладу грэху. Бо я не разумею, што раблю, бо не раблю тое, што хачу, але, што ненавіджу, тое раблю. А калі я раблю тое, што не хачу, згаджаюся з Законам, што ён — добры, і цяпер ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне. Бо ведаю, што не жыве ў-ва мне, гэта значыцца, у целе маім, добрае; бо жаданьне добрага ёсьць у-ва мне, але каб зрабіць добрае, таго не знаходжу. Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якога не хачу, раблю. А калі я раблю тое, што не хачу, ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне. Таму я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ёсьць у-ва мне благое. Бо паводле ўнутранага чалавека я захапляюся Законам Божым, а ў членах маіх бачу другі закон, які супрацівіцца закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грэху, які ёсьць у членах маіх. Гаротны я чалавек! Хто выбавіць мяне ад гэтага цела сьмерці? Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык таму я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону грэху» (Рым 7:14-25).

Апостал Павал вяртае нас да гэтага, ня вельмі прыемнага па свайму зьместу, слова – цярпеньні, бо шлях да сьвятога жыцьця – гэта праход праз цярпеньні. Калі церпіць нашае цела? Калі мы робім сьвятыя рэчы. І прыкладаў таму шмат. Калі мы молімся праз сілу, дык цела церпіць, бо па розным прычынам яно супрацівіцца і ня хоча гэтага. Калі мы прызвычаіліся да тэлевізійных праглядаў, дык як будзе адчуваць сябе цела, калі яго гэтага пазбавіць? Расказваюць пра тэлевізійную гульню з выбывыньнем, тэма якой была ступень ахвярнасьці чалавека ў выпадку пазбаўленьня яго на пэўны тэрмін інтэрнэту. З дзесяці чалавек да фіналу дайшлі толькі два, якія потым прызналіся, што яны да апошняга часу, ў розуме сваім, цярпелі гэтую страту. Пад час посту, цела таксама церпіць і просіць свайго. Прыкдадаў шмат і шмат. Але іншага не дадзена і мы, спадзяючыся на сілу Божую, тымі сродкамі, якія прапануе нам Бог, павінны праз цярпеньні цела фармаваць характар хрысьціяніна: «Як Боская моц Ягоная падаравала нам усё дзеля жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю, праз якія падараваныя нам найвялікшыя і каштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы супольнікамі Боскае прыроды, пазьбегнуўшы сапсутасьці ў пажаданьні, якое ў сьвеце, дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце — разуменьне, а ў разуменьні — стрыманасьць, а ў стрыманасьці — цярплівасьць, а ў цярплівасьці —пабожнасьць, а ў пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў. Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застанецеся бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста. Бо хто ня мае гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў» (2 Пят 1:3-9).

Апостал Пётр кажа нам пра тыя практыкі хрысьціянскага жыцьця, якія павінны фармаваць наш хрысьціянскі характар, каб стаць супольнікам Божае Прыроды. Мы павінны напрацоўваць звычкі хрысьціяніна і намагацца вялікага стараньня, бо Бог шукае, каб дабрачыннасьці нашага сэрца памнажаліся. Паступова, але стараньнем памнажаліся. Наогул, практыка хрысьціянскага жыцьця ня ёсьць нешта новае як дзеяньне. Калі мы з дзяцінства практыкуем шчодрасьць, дык калі прыдзецца каму-небудзь дапамагчы, мы рэагуем амаль што аўтаматычна. Хрысьціянскае жыцьцё ўдасканальвае ўсе добрыя практыкі ранейшага жыцьця і дае накірунак тым практыкам, якія працуюць на выхаваньне характара хрысьціяніна.

Усе мы чынім па характару. Калі ў нашай практыцы няма прабачэньня, дык мы маем характар непрабачэньня і нам вельмі цяжка каго-небудзь прабачыць. І каб гэта паправіць, трэба прымушаць сябе да прабачэньня, каб паступова звыкнуць да гэтага. Безумоўна, гэта немагчыма без малітвы пра дапамогу Духа Сьвятога, каб атрымаць навыкі прабачэньня і выпрацаваць характар прабачэньня.

Хрысьціянскія звычкі, якія старанна набываюцца чалавекам, вядуць да фармаваньня харктара хрысьціяніна. Але за хрысьціянскі характар трэба змагацца, запаўняючы свой розум і сэрца Госпадам. Як мага болей. І каб не атрымалася, як з тым чалавекам, з якога выйшаў нячысты дух: «Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць. Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым» (Мац 12:43-45). Ісус кажа нам, што калі наш розум ня будзе напоўнены Госпадам, дык яго запоўніць нячысты, ад чаго наступствы могуць вельмі і вельмі сумнымі.

Апостал Павал прапануе кожнаму з нас напаўняцца Духам Сьвятым: «І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам, гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым» (Эф 5:18-21). Павал не дарма кажа пра п’янства бяз меры, бо упівацца – гэта і ёсьць ужываньне віна бяз меры. Апостал як бы прапануе ўпівацца Духам Сьвятым – напаўняцца Ім бяз меры. І рабіць гэта кожны дзень, пачынаючы ранішняй малітвай. Звычка напаўняцца Духам Сьвятым дае такую моцную складаючаю хрысьціянскага характара, якая прыцягвае да сябе іншыя дабрачыннасьці хрысьціяніна.

Апостал Павал заклікае нас узрастаць у спазнаньні і досьвядзе, каб напаўняцца пладамі праведнасьці і любоўю Ісуса Хрыста, якая напаўняе нашыя сэрцы і прыводзіць наш характар у належны хрысьціянскі стан: «Бо Бог мне сьведка, як я прагну ўсіх вас сэрцам Ісуса Хрыста; і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні» (Філ 1:8-10). Павал заклікае нас маліцца адзін за аднога, каб быць дасканалымі і напаўняцца ўсім тым, што даспадобы Госпаду: «Вітае вас Эпафрас, які з вашых, слуга Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай» (Кал 4:12). Характар хрысьціяніна – гэта адчуваньне чалавека напоўненага радасьцю, мірам у веры і надзеяй: «А Бог надзеі няхай напоўніць вас усякай радасьцю і супакоем у веры, каб памножыць у вас надзею моцаю Духа Сьвятога. І я сам, браты мае, перакананы адносна вас, што і вы поўныя добрасьці, напоўненыя ўсякім веданьнем і можаце настаўляць адзін аднаго» (Рым 15:13-14).

Мы, будучы Хрыстовымі, жывём у сьвеце і зьяўляемся ўдзельнікамі грамадзкага жыцьця краіны. І ўсё, што адбываецца вакол нас не пакідае нас абыякавымі ў поглядзе на розныя працэсы грамадзкага жыцьця. І нам ня ўсё роўна, як паводзяць сябе людзі і з якім характарам яны жывуць. Здаровая асоба і добры характар – вялікае дабраславеньне. Мы разумеем тое, што грамадзтва, усімі даступнымі сродкамі – сродкамі выхаваньня, культуры, медыцыны, эканомікі і палітыкі – павінны ствараць грамадзкую супольнасьць, у якой бы, як мага большая колькасьць людзей вырастала добрымі. Але, нават адносна дастойныя людзі, якіх задавальняе іхнія маральныя якасьці і якія лічаць свой характар зусім нядрэнным, маюць вялікую патрэбу ў Ісусе Хрысьце, Які хоча пазбавіць нас галоўнага ідала нашага жыцьця – свайго асабістага «Я». Нашае «Я» вельмі любіць нашае цела і дазваляе яму радавацца таму, да чаго яно імкнецца. Але мы ведаем, што дзеі цела – гэта той чорны ліст нашага сэрца, які процістаіць беламу лісту нашага духа. І не пазбавіўшыся гэтага «Я», мы ня зможам чорны ліст ператварыць у сьветлы. Але самі па сабе мы ня здольныя паваліць гэтага ідала і таму прыйшоў да нас Хрыстос, каб збавіць нас ад гэтай залежнасьці і пачаць вялікую працу асьвячэньня і ператварэньня чорнага ліста ў белы.

Калі мы прыходзім да Ісуса Хрыста, мы павінны разумець, што Ён бачыць нашыя сэрцы і той характар, з якім мы прыйшлі да Яго. Ён хоча бачыць нас новымі людзьмі, а новы чалавек ня можа пакінуць сабе стары характар, бо калі гэта так, дык мы не Хрыстовыя. Стаць новым чалавекам у Ісусе Хрысьце – гэта значыць адмовіцца ад свайго «Я», каб Яго воля стала нашай волею і Яго характар – нашым характарам. Мы павінны разумець тое, што чым больш чалавек супрацівіцца Яму і намагаецца жыць сам па сабе, тым больш ён становяцца залежнымі ад дзеяў цела і таго характара, які абслугоўвае гэтыя дзеі.

Што хоча ад нас Бог і што цікавіць Яго ў нас? Ён хоча нашага асьвячэньня і дасканаласьці. І таму Яго цікавіць наш характар, з якім мы прыйшлі да Яго, каб ператварыць яго ў хрысьціянскі. Бог бачыць усё і ад Яго нічога не схаваеш. Аднаго чалавека запыталі: «Што ты скажаш, калі апынешся перад Богам?» На што гэты чалавек адказаў: «А я заўсёды перад Ім, у кожную хвіліну». Бог бачыць усё і таму трэба выпрацоўваць хрысьціянскі характар, каб дастойна выглядаць у Ягонай прысутнасьці. І бачачы гэта Ён дасьць нам яшчэ большыя дабраславеньні. Амэн.


Рецензии