Время веры
«І вось табе азнака: “Ежце ў гэты год тое, што
вырасла ад адпалага зерня, і на другі год – самароднае,
а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя
сады і ежце плады іх”» (4 Вал 19: 29).
Гэта словы Госпада да юдэйскага валадара Эзэкіі пад час аблогі Ерусаліму асірыйскім валадаром Сэнахірымам. Мы павінны разумець, што землі Юдэі былі ў значнай ступені спустошаны войскам Асірыі. Заставаўся толькі Ерусалім. Валадар Эзэкія, атрымаўшы ліст ад валадара Сэнахірыма, зьвярнуўся ў малітве да Госпада: «Прыхілі, Госпадзе вуха Тваё і пачуй. Разамкні, Госпадзе вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога! Праўда, о Госпадзе, валадары асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія, і пакідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, - таму і вынішчылі іх. І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін» (4 Вал 19:16-19).
У вельмі небясьпечнай сітуацыі апынуўся Ерусалім, але Бог мае на ўсё Свой план. Таму і кажа Бог Эзэкіі праз прарока Ісаю: «І ацалее ў доме юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе, бо з Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сыёна. Руплівасьць Госпада Саваофа зробіць гэта. Таму так кажа Госпад пра валадара асірыйскага: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супраць яго вала”» (4 Вал 19:30-32). Мы бачым словы Госпада пра рэшту Ерусаліму, якая адродзіцца праз нейкі гістарычны час. Бог не аддаў гэтую рэшту Сэнахірыму, бо не адбыўся той гістарычны час. Так, будзе спусташэньне Ерусаліму Бабілонам і будзе палон юдэяў на семдзесят гадоў. Але рэшта, пра якую і казаў Бог, захаваецца і адновіць спустошаны Ерусалім.
Спустошаны Ерусалім. Гэта нашая рэчаснасьць і ўсе тыя, хто ня ведае Бога жывога. Але ёсьць рэшта, якая пакліканая Госпадам, каб аднавіць спустошаную зямлю і запрасіць да сумеснай працы тых, хто вагаецца ці ня ведае Госпада. Спустошаная зямля – гэта спустошанае сэрца няверуючага чалавека, бо нявер’е і ёсьць спусташэньне. Бог гэта бачыць і таму дае нам накірунак да свабоды і збаўленьня: «Ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год – самароднае, а трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх» Хто ёсьць гэтая сучасная рэшта? Людзі пакліканыя Госпадам, хрысьціяне. Але кожны з пакліканых Госпадам, так ці інакш, праходзіць гэтыя самыя умоўныя гады стаўленьня, каб быць сапраўдным служыцелем Ісуса Хрыста. Разьбярэм жа складаючыя гэтага шляху.
Год першы: «Ежце ў гэты год тое, што вырасла ад адпалага зерня». Тое, што вырасла ад адпалага зерня – гэта не самое зерне, але веданьне пра гэта. Мы чуем пра неверагодна смачную ягаду. Мы жадаем паспытаць яе, але ніколі яе ня бачылі. І мы намагаемся адшукаць яе бо гэта нашае прагненьне. А хто шукае, той знаходзіць. На рынку ці ў краме, у сухім ці іншым выглядзе. Гэта першыя крокі чалавека, які паверыў і таму шукае дзейсныя плады працы Ісуса Хрыста.
А вось год другі: «Ежце самароднае». Тая ж па-сутнасьці сітуацыя, што і ў год першы. Але і крыху іншая, бо мы ўжо ня ідзем у краму за сушанай суніцаю, а ідзем туды, дзе яна расьце. У лес. Бо мы ўжо пацікавіліся: дзе, як і калі яна вырастае. Мы робім першыя самастойныя крокі ў нашай хрысьціянскай веры. Даволі няўпэўненыя і несамастойныя, але мы атрымліваем правільны накірунак нашае веры. Так, мы мала ведаем, мы саромемся сьведчыць пра Божае дзеяньне ў нашым жыцьці. Мы яшчэ даволі «сырыя» і нічога яшчэ сеяць ня здольныя, бо харчуемся духоўнай ежай ад іншых.
І вось трэці год: «Сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх». Эклізіяст кажа, што ёсьць свой час камяні раскідваць і свой час іх зьбіраць. Калі мы свае камяні раскідваем, дык гэта азначае, што мы шукаем ад іншых, а галоўнае ў слове Божым, адказы на свае пытаньні. Калі ж мы зьбіраем іх, дык гэта можа азначаць толькі тое, што мы пачынаем дзейсна служыць Госпаду, бо сталі сьвядомымі вернікамі Ісуса Хрыста.
Тры гады. Безумоўна тое, што гэта ўмоўная велічыня для нас. Але не для Бога, Які паказаў, што менавіта на трэці дзень створаная Ім зямля дала пэўны плод: «І сказаў Бог: “Хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі”. І сталася так. І утварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці» (Быц 1:11-13).
Зямля пачала прыносіць плод на трэці дзень Божага стварэньня. Гэта вельмі сымбалічна і таму тычыцца кожнага з нас. Але ці само сабой гэта прыходзіць да нас? Зусім не, бо калі Ісус Хрыстос кліча, мы павінны прагнуць Ягонае крыніцы: «У апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: “Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое” Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены» (Ян 7:37-39).
Вось яно. Веруючы чалавек атрымлівае Сьвятога Духа, каб з яго паліліся рэкі сьвятой вады. Гэта і ёсьць трэці год веры. Калі прывесьці сучасны прыклад першых двух гадоў веры, дык можна зьвярнуць увагу на працу аўтамабільнага акамулятара, які ад пачатку набывае энэргію і толькі потым аддае яе для руханьня аўто. Набыцьцё акамулятарам сваёй сілы – гэта і ёсьць тыя нашыя два гады ў Хрысьце. Але павінен настаць той час, калі наш унутраны акамулятар павінен пачаць аддаваць сваю набытую сілу па свайму прызначэньню – іншым людзям. Гэта і азначае тое, што з «чэрава пацякуць рэкі вады жывое». З нашага сэрца, нашага розуму і нашае душы.
Безумоўна і тое, што нехта атрымлівае асалоду ад Божай праўды і не аддае нічога свайму блізкаму. Гэта ня толькі пра матэр’яльнае, але і пра духоўнае. Мы не павінны толькі назапашваць Божую праўду, каб толькі самаўдасканальвацца і насіць гэта ў самім сабе. Акамулятар нікому не патрэбны, калі ён ня будзе аддаваць на іншую справу свой патэнцыял. Больш таго, так ці інакш, сам па сабе ён будзе слабнуць і губляць сваю сілу пакуль не памрэ. Ня будзе дадзена яму набыцьця сілы, калі ён ня будзе працаваць на карысьць іншых. Гэта няправільнае і безсэнсоўнае жыцьцё. Так кажа Бог.
Але ад акамулятара да чалавека. Чалавек у дзяцінстве любіць браць. З задавальненьнем і гэта нармальна. Як той акамулятар. Але калі дарослы чалавек толькі бярэ і нічога не аддае, дык ці нармальна гэта? Уявім сабе такога чалавека ў сваёй сям’і. Згадзімся мы з гэтым ці не? Здаецца, што не, калі толькі гэта не чалавек, што фізічна ня здольны рабіць гэта. Але гэта выключэньне, а мы пра правілы. Чалавек павінен аддаваць назапашанае ад Бога блізкаму свайму, бо недарма Ісус кажа людям у Нагорнай прапаведзі: «Вы – соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. Вы – сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе» (Мац 5:13-16). Мы соль зямлі і сьвятло сьвету. Соль дае смак жыцьця, а сьвятло разбурае цемру. Мы сьвятло, таму што ўспрымаем слова Божае, а таму і павінны асьвятляць гэтым словам нашае асяродзьдзе.
Ці проста гэта? Не, ня проста. Ці проста глядзець у запацелыя акуляры? Ці проста ехаць ноччу на аўто з вельмі забруджанымі фарамі? Што мы робім, каб пазбавіцца гэтага? Так, мы бярэм анучку ці анучу і выціраем шкло. Так і ў справе Божай, бо гэта інструкцыя на тое, каб выціраць нашае запацелае ці забруджанае сэрца Словам Божым. Адзінае для таго, каб у чысьціні сэрца спазнаваць Госпада і гэтым асьвятляць нашае асяродзьдзе, бо гэта ёсьць справа нашага трэцяга года веры.
Бог ёсьць любоў. Ён насычае Сваёй любоўю нас і таму мы павінны дзяліцца гэтай любоўю з іншымі людзьмі. Апостал Павал дае нам накірунак нашага дзеяньня: «Бо любоў Хрыстовая панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш ня дзеля, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос» (2 Кар 5:14-15). Чалавек прыйшоў у гэта сьвет не для таго, каб толькі есьці і спаць, а для таго, каб паеўшы і паспаўшы, мы выканалі сваё пакліканьне і сваё служэньне. І ў гэтым таксама ёсьць праява нашага трэцяга года веры.
Чаму мы ідзем у царкву? Сустрэцца з сябрамі і добра правесьці час, паслухаўшы харэзматычнага пастара? Можа і так, але так не павінна быць, бо мы павінны ісьці ў царкву, каб ня толькі, па-першае, праславіць нашага Госпада, але і, па-другое, пачуць Божую праўду пра самога сябе. Каб сумленьне нашае ўзрушылася і выказала ўсю праўду пра сябе, а значыць пра свае грахі. Мы прыходзім у царкву Ісуса Хрыста, каб агаліць сэрца сваё перад Ім і ўбачыць той шлях служэньня, які павінен быць у кожнага з нас. І гэта таксама ёсьць трэці год нашае веры. Але і першы і другі.
Ісус Хрыстос за тым і прыйшоў, каб ачысьціць нас і даць свабоду ад таго цяжару грэху, які ціснуў, а можа і зараз яшчэ цісьне на нас. Любоў Хрыста да нас – гэта даручэньне Госпада пра любоў да блізкага. Кожны чалавек павінен любіць блізкага, а гэта значыць кожнага чалавека ў сваім жыцьці. Любоў да блізкага – гэта Божае даручэньне да кожнага з нас. Гэта трэці год – фінішны год нашае веры. Але мы пачалі ад першага і таму вызначым вынікі гэтага.
Першы год – спажываем ад іншага, бо ня здольныя сеяць.
Другі год – вучымся сеяць.
Трэці год – час сеяць у сэрцы іншых людзей, як калісьці сеяў нехта і ў нас.
Зьвярнем жа увагу на тое, ці не спыніліся мы на нейкім з гэтых этапаў. І гэта вельмі важнае назіраньне, бо ад гэтага залежыць нашае ўзрастаньне ў веры і нашае служэньне Ісусу Хрысту на нашым умоўным трэцім годзе. Вось што сказаў пра гэта Ісус Хрыстос: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў. І сказаў вінаградару:"Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?» (Лук 13:6-7). Гэта вельмі сур’ёзнае папярэджаньне для кожнага з нас, бо кожны хрысьціянін не павінен быць той бясплоднай смакоўніцай, але павінен слухаць Слова Божае, сьведчыць пра Ісуса Хрыста і служыць Яму ўсімі сваімі магчымасьцямі. Амэн.
Свидетельство о публикации №225121901949